Вячэрня Нядзелі ўсіх сьвятых

- . Апублікавана ў Часаслоў

Сьвятар, узяўшы эпітрахіль і фелон, адчыняе райскія дзьверы. Дыякан кадзіць, а сьвятар стаіць перад прастолам. Пасьля каджэньня дыякан выходзіць, становіцца перад райскімі дзьвярыма:  Устаньце! 

Сьвятар:  Слава сьвятой і адзінасутнай, і жыватворчай, і неразьдзельнай Тройцы спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік:  Амін. Прыйдзіце, паклонімся… (гл. далей)

Сьвятар зачыняе райскія дзьверы, скідае з сябе фелон і выходзіць у эпітрахілі перад райскімі дзьвярыма. Чытальнік пачынае чытаць уступны псалом 103. Падчас чытаньня сьвятар моліцца сьвяцільныя малітвы (гл. пасьля псалма).

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага. 

Псалом 103

Блаславі, душа мая, Госпада:* Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.

Ты апрануўся ў веліч і красу,* Ты ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом.

Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр,* хорамы Твае над водамі паставіў.

Ты робіш з хмараў калясьніцу сабе,* ходзіш на крылах ветру.

Ты чыніш вятры пасланцамі Тваімі * і слугамі Тваімі – полымя агню.

Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе:* не пахісьнецца павек вякоў.

Безданьню, быццам вопраткаю, пакрыў Ты яе:* воды над гарамі сталі.

Ад пагрозы Тваёй яны ўзад падаліся,* ад грому голасу Твайго задрыжэлі.

Горы ўзьняліся, даліны зышлі ў месцы,якія Ты ім назначыў.

Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці,* каб не пакрыць зноў зямлю.

Ты пасылаеш крыніцы ў рэкі,* што плывуць у далінах між гораў.

З іх п’юць усе зьвяры польныя,* аслы дзікія ў іх смагу сваю гасяць.

Каля іх птушкі нябесныя жывуць:* між скалаў чутны сьпеў іх.

З хорамаў Тваіх навадняеш горы:* зямля поўніцца плодам твораў Тваіх.

Ты вырошчваеш траву для жывёлы,* зельле на пажытак чалавеку, каб ён мог здабыць сабе ежу з зямлі:

Віно, што весяліць сэрца чалавека; аліву, што робіць твар сьветлым;* хлеб, што сэрца чалавека ўмацоўвае.

Дрэвы нізінныя маюць удосталь соку * – кедры лібанскія, што іх насадзіў.

Там птушкі маюць гнёзды свае,* бусьлінае жыльлё ўзвышаецца над імі.

Горы высокія для дзікіх козаў,* шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.

Ты стварыў месяц, каб паказваў поры;сонца знае час захаду свайго.

Пасылаеш цемру і надыходзіць ноч,* падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.

Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы,* просячы ў Бога спажывы сабе.

Як толькі сонца ўзыдзе, яны хаваюцца і кладуцца ў логавах сваіх.

Выходзіць чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе!Ты ўсё мудра стварыў: зямля поўная стварэньняў Тваіх.

Вось мора вялікае і прасторнае:* у ім рухаецца безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.

Караблі плаваюць па ім, і кіт агромністы там,* якога Ты стварыў на пацеху сабе.

Усе яны чакаюць ад Цябе,каб Ты даў ім спажыву ў свой час.

Ты ім даеш, і яны падбіраюць,* расчыняеш руку Тваю, і яны поўняцца ўсякім дабром.

Калі ж Ты адвяртаеш твар Твой ад іх, яны трывожацца;* адымаеш дух ад іх, і яны гібеюць, і ў пыл зноў вяртаюцца.

Пасылаеш Духа Твайго, і яны ажываюць,* і Ты абнаўляеш твар зямлі.

Няхай слава Гасподняя трывае давеку,* хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.

Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць,* дакранецца да гораў, і яны дымяцца.

Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада,* буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.

Няхай прыемнай Яму будзе песьня мая:* я радуюся ў Госпадзе.

Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў.

Блаславі, душа мая, Госпада.

Сонца знае час захаду свайго;* Ты пасылаеш цемру і надыходзіць ноч.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе:* Ты ўсё мудра стварыў.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Сьвяцільныя малітвы 

Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы.

1. Госпадзе шчодры і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку, уваж малітву нашу і пачуй голас маленьня нашага, пакажы нам знак спагадлівасьці Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб мы маглі хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашы, каб нам баяцца імя Твайго сьвятога, бо Ты вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты сільны ў дабрыні і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць тых, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

2. Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі нас і ў гневе Тваім не карай нас, але ўчыні з намі згодна з Тваёй міласэрнасьцю, Лекару і Збавіцелю душ нашых. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы нашы, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўсе дні жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Бо Твая ёсьць дзяржава, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

3. Госпадзе Божа мой, будзь памятлівы нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, што клічуць імя сьвятое Тваё; і не пасаром нас у спадзяваньні Тваёй міласэрнасьці, але дай нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і зрабі нас дастойнымі любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ува ўсім волю Тваю. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і нястомных усхваленьнях славяць сьвятыя сілы, напоўні сэрцы нашы хвалою Тваёю, каб нам аддаваць пашану імю Твайму сьвятому; і дай нам у спадчыне ўдзел з усімі, што пакланяюцца Табе ў праўдзе і захоўваюць Твае прыказаньні. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4*. (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да нас і сумуеш з прычыны нашае нягоднасьці; памятай пра міласьць і ласку Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам правесьці рэшту гэтага дня свабоднымі ад розных падкопаў нячыстага і, сілаю ўсесьвятога Твайго Духа, захавай наша жыцьцё ад усякіх напасьцяў. Міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

6. Божа вялікі і дзіўны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам Тваім кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ў Тваёй дабрыні ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства. Зьбярогшы нас у сёньняшні дзень ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю і ўзьвялічваць Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага. Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

7. Божа вялікі, усявышні, адзіны несьмяротны, што жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё, што існуе, мудра стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую хвіліну стаць перад Тваім абліччам і прыносіць Табе вячэрняе ўсхваленьне. Учыні, чалавекалюбны Ўладару, каб гэтая наша малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як адмысловую духмянасьць. Дай, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі мірнымі; апрані нас у зброю сьвятла, захавай нас ад страху начнога і ад усякай пагрозы, што крыецца ў цемры. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на адпачынак дзеля слабасьці нашай, быў вольным ад д’ябальскіх спакусаў. Так, Уладару, Падаўча ўсяго добрага, дай, каб мы і ўночы, лежачы на ложах нашых, з любоўю ўспаміналі Імя сьвятое Тваё; і, прасьветленыя ўспамінам запаветаў Тваіх, з радаснай душой усталі, каб славіць Тваю дабрыню, ахвяруючы міласэрнасьці Тваёй малітвы і просьбы за нашы правіны і за ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі Багародзіцы, наведай у спагадлівасьці Тваёй. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Літанія супакою 

Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць літанію супакою.

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся.

За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя)  Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

За Богам сьцеражоную краіну нашую, за ўлады і войскі яе Госпаду памолімся.

За наш народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе вёскі, гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, смутку і недастатку Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе. 

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Чытаньне Псалтыра 

У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:

Шчасьлівы той, * хто на раду да нязбожных ня ходзіць. Алілуя, алілуя, алілуя.

Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.

Служыце Госпаду са страхам, * слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.

Шчасьлівыя ўсе, * што на Яго спадзяюцца. Алілуя, алілуя, алілуя.

Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.

У Госпада збаўленьне ёсьць, * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Малая літанія 

Дыякан:  Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі:  Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан:  Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі:  Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан:  Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, най­бла­сла­вё­ную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі:  Табе, Госпадзе.

Сьвятар:  Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі:  Амін.

Госпадзе, я клікаў Цябе...” 

Людзі сьпяваюць першыя два вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву. 

Псалом 140

Госпадзе, я клікаў Цябе: выслухай мяне. * Выслухай мяне, Госпадзе! * Будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. * Выслухай мяне, Госпадзе!

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. * Выслухай мяне, Госпадзе! 

Наступныя вершы аж да “Выведзі з вязьніцы” звычайна чытаюцца:

Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім * і сьцеражы дзьверы губ маіх.

Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, * каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.

З людзямі, якія чыняць бясчынствы: * хай не пакаштую прысмакаў іх.

Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: * алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.

Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. * Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,

Пачуюць, як лагодныя словы мае. * Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.

Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; * да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.

Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі людзей нягодных.

Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, * я ж адзін перайду бясьпечна.

Псалом 141

Голасна клічу Госпада, * голасна да Госпада малюся.

Перад Ім сум мой выліваю, * пра тугу маю Яму распавядаю:

Дух мой зьнемагае ўва мне, * Ты ж ведаеш шляхі мае.

На дарозе, па якой іду, * паставілі пастку на мяне.

Гляджу ўправа, углядаюся: * няма нікога, хто б мне спагадаў;

Ня маю, куды ўцякаць: * няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.

Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: * Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.

Будзь уважлівы да малітвы маёй, * бо я вельмі няшчасны.

Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, * бо яны мацнейшыя за мяне.

Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага:

Выведзі з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.

(Тон 8) Вячэрнюю песьню і духоўную службу прыносім Табе, Хрысьце, бо Ты ў дабрыні Тваёй дараваў нам зьмілаваньне ўваскрасеньнем.

Праведнікі вакол мяне чакаюць, * калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.

Госпадзе, Госпадзе, не адкінь нас ад твару Твайго, але ў дабрыні Тваёй даруй нам зьмілаваньне ўваскрасеньнем.

Калі 8 песьняў – тады ад наступнага:

Пс 129. З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой!

Радуйся, Сыёне сьвяты, маці ўсіх цэркваў, Божае жытло, бо ты першы атрымаў адпушчэньне грахоў уваскрасеньнем.

Хай вушы Твае будуць уважлівымі * да голасу маленьня майго. 

Слова, народжанае спрадвеку ад Бога Айца, у апошні час прыняло цела ад Тое, што мужа ня знала, і, сьмерць пацярпеўшы на крыжы, выбавіла памёрлага раней чалавека ўваскрасеньнем сваім.

Калі 6 песьняў – тады ад наступнага:

Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? * Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.

Славім Тваё, Хрысьце, уваскрасеньне з мёртвых, якім Ты вызваліў Адамавы род ад пякельных мукаў і як Бог дараваў сьвету вечнае жыцьцё і багацьце Твайго зьмілаваньня.

Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: * душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.

Слава Табе, Хрысьце Спасе, Сыне Божы адзінародны, што быў прыбіты да крыжа і ўваскрос на трэці дзень!

Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, * больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.

(Тон 6). Духоўныя вестуны, вучні Збавіцеля, праз веру сталіся прыладамі Духа і разышліся па ўсёй зямлі, сеючы прапаведаваньне богапрымнае і праведнае. Сваімі намаганьнямі і ласкаю яны прарасьцілі мноствы мучанікаў, якія ў розных цярпеньнях – чвартаваньні, ранах і агні, – сталіся пераймальнікамі збавенных мукаў і цяпер няспынна моляцца за душы нашыя.

Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.

Агорнутыя полымем Гасподняе любові, пачэсныя Хрыстовыя мучанікі не збаяліся агню і, загарэўшыся, быццам Боскія вугалі, папалілі быльлё падступнай дзёрзкасьці і загарадзілі пашчы зьвяроў набожнай малітваю. Прыняўшы сьмяротны прысуд, яны пасеклі варожыя сілы і струменямі крыві сваёй напаілі Царкву і прасьвятлілі яе вераю.

Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі.

Мучанікі ўсяслаўныя змагаліся са зьвярамі, прымалі сьмерць ад мяча, капцюроў і агню; іх душылі, прабівалі і секлі на часткі. Яны мужна перанесьлі ўсё ў прадбачаньні будучай узнагароды, нятленных вянцоў і славы, і сёньня няспынна моляцца Хрысту за душы нашыя.

Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі * і вернасьць Гасподняя трывае давеку.

Апосталаў, мучанікаў і багамудрых сьвятароў, пачэсных жанчынаў сьвятую грамаду, што ва ўсіх краінах цярпелі верна, сьвятымі песьнямі сёньня належна ўсхвалім. Бо ў іх зьядналася нябеснае з зямным, і за свае мукі ласкаю Хрыстоваю яны атрымалі бясстраснасьць. Сёньня, быццам ясныя зоркі, яны прасьвятляюць нас і моляцца за душы нашыя.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу,

(Тон 6). Боскія хоры мучанікаў, аснова Царквы, спаўненьне Евангельля! Вы на справе зьдзейсьнілі навучаньне Збавіцеля. Вашым намаганьнем вароты пякельныя, што расчыніліся, каб праглынуць Царкву, былі зачыненыя зноў; праліцьцём вашай крыві вы высушылі ідальскія ахвярапрынашэньні. Вашая ахвяра нарадзіла паўсюдную Царкву; вы задзівілі анёлаў, і цяпер як пераможцы стаіце перад Богам. Маліце Яго за душы нашыя.

 Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

 (Тон 8). Дагматык. Уладар нябесны дзеля любові да людзей на зямлі зьявіўся і з людзямі пажыў. Ён прыняў цела ад Чыстае Дзевы і, выйшаўшы з Ейнага ўлоньня, стаўся чалавекам. Ён Сын адзіны, двайны прыродаю, але не асобаю. Дзеля гэтага мы праўдзіва прапаведуем і вызнаем Хрыста Бога нашага як дасканалага Бога і дасканалага чалавека. Малі Яго, Дзева Маці, даць зьмілаваньне душам нашым.

Уваход 

Падчас сьпяваньня “ Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фэлон, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма:

Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся.

Сьвятар (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.

Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Дыякан: Амін. 

Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас:

Дыякан: Мудрасьць, устаньце!

На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.

Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.

Пракімен 

У суботу вечарам (Пс 92:1,5), тон 6.

Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу. 

Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся. 

Верш 2. Ён умацаваў сусьвет, * што не пахісьнецца. 

Верш 3. Дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць, * на доўгія дні.

Пасьля пракімена - чытаньні са Сьвятога Пісаньня (парэміі). Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “ Мудрасьць”, - і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “ Будзьма ўважлівыя”, - пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак са Сьвятога Пісаньня (парэмію). Калі чытаюцца ўрыўкі са Старога Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца. Калі чытанні з Новага Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца пасьля чытаньняў.

Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "Хай зьбяруцца разам усе народы, і хай зыдуцца ўсе начальнікі іх. Хто з іх можа абвясьціць гэта, расказаць, што было ад пачатку? Хай прывядуць сьведкаў сваіх для апраўданьня, каб іх маглі пачуць і сказаць: Сапраўды гэта так. Вы – Мае сьведкі, кажа Госпад, – і слугі Мае, якіх Я выбраў, каб усе пазналі і паверылі Мне, і зразумелі, што толькі Я адзін ёсьць. Ніякага бога ня было перада Мною, і пасьля Мяне ня будзе. Я – Госпад, толькі Я ёсьць, і апрача Мяне няма іншага Збаўцы. Гэта Я абвясьціў, выбавіў і прадказаў, а не нехта іншы сярод вас. Вы Мне сьведкі, што Я Госпад Бог ваш. Спрадвеку Я ёсьць, і ніхто з рук Маіх не ўцячэ. Хто можа адмяніць тое, што Я ўчыніў?" Так кажа Госпад, Збаўца ваш, Сьвяты Ізраіля. (43:9-14)

Чытаньне кнігі Мудрасьці

Душы праведных у руцэ Бога, і пакута не кране іх. Вачам неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх выпрабаваў і знайшоў годнымі Сябе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне, і прыняў іх, як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе Ўладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх. (3:1-10)

Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнікі вечна жыць будуць, і іхняя ўзнагарода ў Госпада, і Ўсявышні будзе клапаціцца аб іх. Дзеля гэтага атрымаюць карону славы і вянец красы з рукі Госпада. Ён іх пакрые правай рукой сваёю, і будзе ахоўваць іх плячом сваім. За зброю возьме раўнівую любоў сваю, і ўзброіць стварэньне на пакараньне ворагаў. Апранецца ў панцыр справядлівасьці, і шоламам ягоным будзе суд бесстаронні. За шчыт непераможны возьме сабе сьвятасьць, і навострыць, быццам меч, гнеў суровы. І разам з Ім увесь сьвет пойдзе на бой супраць бяздумных. Палятуць з хмараў стрэлы маланак, паімчацца да мэты, быццам з нацягнутага луку; і прашчы будуць шпурляць град гневу. Воды марскія ўзбурацца супраць іх, і рэкі затопяць іх бязьлітасна. Уздымецца супраць іх дух Магутнасьці і, быццам бура, іх паразьвявае. Так беззаконьне спустошыць зямлю, а нікчэмнасьць разбурыць пасады моцных. Дык слухайце, уладары, і разумейце! Навучыцеся, судзьдзі ўсіх канцоў зямлі! Зважайце, начальнікі многіх, што хваліцеся вялікім лікам вашых падданых! Ад Госпада дадзеная вам улада, і сіла – ад Усявышняга. (5:15-6:3)

Літанія ўзмоцненага маленьня

Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі дзьвярыма, узносіць літанію. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць літанію, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя.

Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя)  Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя) і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашую, за ўлады і войскі яе.

Яшчэ молімся за наш народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх айцоў і братоў нашых, што раней адышлі, і якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.

Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.

Сьвятар: Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Малітва ўслаўленьня

Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар * захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, * і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, * бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне Тваіх запаветаў.

Блаславёны Ты, Уладару, * дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, * прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: * не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, * Табе слава належыцца,

Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, * цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Літанія просьбаў

Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашую Госпаду.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душаў і целаў нашых у Госпада просім.

Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.

Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.

Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.

Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў. 

(Уголас) Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. 

Ліцьця і блаславеньне хлябоў

Пасьля воклічу " Хай будзе ўлада валадарства..." людзі пачынаюць сьпяваць ліційныя песьні; адчыняюцца райскія дзьверы, сьвятар (ці сьвятары) і дыякан ідуць у прытвор; дыякан кадзіць царкву і людзей.

(Тон 1). У еднасьці веры будзем сьвяткаваць памяць усіх, што спрадвеку знайшлі ласку ў Бога. Успомнім пачэсных патрыярхаў, прарокаў, апосталаў Хрыстовых, мучанікаў і посьнікаў, якія няспынна моляцца за ўвесь сьвет і збаўленьне душаў нашых.

Хадзіце, верныя, усхвалім у псалмах і песьнях духоўных слаўную памяць усіх сьвятых: Збавіцелевага Хрысьціцеля, апосталаў, прарокаў і мучанікаў, біскупаў, настаўнікаў царкоўных, посьнікаў і блаславёных, і ўвесь хор сьвятых жанчынаў. Аддаючы пашану ім, аднадушна ўсклікнем: "Усядобры Хрысьце Божа наш, малітвамі іх дай супакой Царкве Тваёй і перамогу над усімі нягодамі, і душам нашым веліч зьмілаваньня".

Хадзіце, будзем сьвяткаваць у радасьці Сьвятога Духа памяць сьвятых, бо вось прыйшло іхняе сьвята, і напаўняе нас Боскімі дарамі. З чыстым сумленьнем усклікнем радасна і запяём у іхні гонар: "Радуйцеся, усе прарокі, якія прадказалі прыйсьце Хрыста і прадбачылі ясна, што мела стацца. Радуйцеся, апосталы Гасподнія, рыбакі, што сецямі вашымі ловіце ўвесь сусьвет. Радуйцеся, хоры мучанікаў, сабраныя з усяго сьвету і зьяднаныя ў вызнаньні веры, за якую вы пацярпелі і атрымалі вянцы перамогі. Радуйцеся, сьвятыя айцы, што высілкамі сваімі ўтаймавалі пажаданьні цялесныя. Вы былі ўзьнесеныя ў духу на крылах Божай любові да неба, дзе атрымалі вечныя даброты разам са сьвятымі анёламі. Дзеля гэтага, прарокі, апосталы, і мучанікі, маліце Таго, хто вянчаў вас у небе, каб Ён захаваў ад нападаў ворага ўсіх, што з вераю і любоўю спраўляюць вашую памяць.

Слава...

(Тон 5). Хадзіце, верныя, пасьпяшым на радаснае сьвята, бо вось прыгатаванае для нас духоўнае застольле. Таемная чаша напоўненая салодкім напіткам – дабрадзейнасцямі мучанікаў, якія прынесьлі сябе ў ахвяру Богу, аддаўшы свае целы на раны і мучэньні. Яны сталіся ўдзельнікамі цярпеньняў Хрыстовых і атрымалі за гэта вянцы перамогі. Зрабі нас, Госпадзе, годнымі быць пераймальнікамі іхніх дабрадзейнасьцяў.

Цяпер...

Ты, усячыстая Дзева – хорам і брама, палац і пасад Уладара. Праз Цябе Збаўца мой, Госпад Хрыстос, Сонца праведнасьці, зазьзяў у цемры, жадаючы прасьвятліць тых, каго Ён стварыў сваёю рукою на вобраз свой. Дзеля гэтага, Усяслаўная, маючы матчыную сьмеласьць у Яго, малі Яго няспынна за збаўленьне душ нашых.

Калі скончыцца сьпеў, дыякан пачынае літанію:

Дыякан: Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, наведай сьвет Твой міласьцю і дабротамі, узьнясі рог хрысьціянаў праваслаўных і спашлі на нас Твае багатыя міласьці малітвамі ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам пачэсных нябесных сілаў анёльскіх; пачэснага, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў (альбо: сьвятога апостала і евангеліста … (імя) і іншых сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў); між сьвятымі айцоў нашых і сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, архібіскупа Мірлікійскага; сьвятых і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятых слаўных і пераможных мучанікаў; і сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога патрона царквы); і сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых; просім Цябе, шматміласьцівы Госпадзе, пачуй нас, грэшных, якія молімся Табе, і зьмілуйся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў).

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя)  Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя) і за ўсіх у Хрысьце братоў і сёстраў нашых; і за ўсялякую душу хрысьціянскую, прыгнечаную і сумную, што патрабуе Божае міласьці і дапамогі; за захаваньне ў бясьпечнасьці гэтага горада (гэтай вёскі) і ўсіх яго (яе) жыхароў; за мір і лад на ўсім сьвеце; за добры стан сьвятых Божых Цэркваў; за збаўленьне і дапамогу айцом і братом нашым, якія з руплівасьцю і страхам Божым служаць і працуюць; за адсутных і тых, што знаходзяцца тут; за ацаленьне зьнямоглых; за супакой, палёгку, блаславёную памяць і адпушчэньне грахоў айцоў і братоў нашых і ўсіх праваслаўных хрысьціянаў, якія раней адышлі і спачываюць тут і на кожным іншым месцы; за вызваленьне зьняволеных; за братоў нашых на службе; і за ўсіх, што служылі і служаць у гэтай сьвятой царкве. Скажам усе разам:

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў).

Дыякан : Яшчэ молімся за богам сьцеражоны народ наш, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, каб добры і міласэрны Бог захаваў яе свабоднай і ў супакоі; даў умацавацца ў нашым народзе духу справядлівасьці, згоды, братняй любові і шчырай пабожнасьці, каб ён, прасьветлены ласкаю, разам з іншымі народамі сьвету заўсёды славіў і выхваляў Ягонае пачэснае і велічнае імя. Скажам усе разам:

Людзі Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы)

Дыякан: Яшчэ молімся, каб гэтаму гораду (або гэтай вёсцы) і гэтай сьвятой царкве, і ўсялякаму гораду і краіне захавацца ад голаду, пошасьці, землятрусу, паводкі, агню, мяча, нападу ворагаў і братабойчай вайны; і каб добры і чалавекалюбны Бог наш быў міласьцівы і спагадлівы да нас, адхіліў ад нас усялякі гнеў, што нам пагражае, вызваліў нас ад пагражаючай нам справядлівай кары Сваёй і зьмілаваўся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы).

Дыякан: Яшчэ молімся, каб Госпад Бог пачуў голас маленьня нас, грэшных, і зьмілаваўся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы).

Сьвятар: Пачуй нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх канцоў зямлі, і тых, што далёка на моры, будзь спагадлівы, Уладару, да грахоў нашых, і зьмілуйся над намі. Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Уладару шматміласьцівы, Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, малітвамі ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анёльскіх; пачэснага, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў (альбо: сьвятога апостала і евангеліста … (імя) і іншых сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў); між сьвятымі айцоў нашых і сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, архібіскупа Мірлікійскага; сьвятых і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; і сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога патрона царквы); і сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых – учыні прыемнай Табе малітву нашую, даруй нам адпушчэньне правінаў нашых, пакрый нас покрывам крылаў Тваіх, адгані ад нас усялякага ворага і супраціўніка, уціхамір нашае жыцьцё, Госпадзе, зьмілуйся над намі і над усім сьветам Тваім, і збаў душы нашыя, бо Ты – Добры і Чалавекалюбца.

Людзі: Амін. 

І сьпяваюць вершапесьні. У гэты час усе клірыкі пераходзяць у сярэдзіну храма.  

Вершапесьні   

(Тон 8). Ты ўзышоў на крыж, Ісусе, зышоўшы з нябёсаў; Ты прыйшоў на сьмерць, Жыцьцё несьмяротнае. Для тых, што ў цемры, Ты стаўся праўдзівым сьвятлом; для тых, што ўпалі, Ты ўваскрасеньне і прасьвятленьне. Збавіцелю наш, слава Табе!

Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

Усхвалім у песьнях Хрыста, які ўваскрос з мёртвых. Прыняўшы душу і цела, Ён разлучыў іх падчас пакутаў. Ён зыйшоў сваёй пачэснай душой у пекла і паланіў яго, і ў магіле ня ўбачыла тленнасьці сьвятое цела Збаўцы душаў нашых.

Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

У псалмах і песьнях славім Тваё, Хрысьце, уваскрасеньне з мёртвых, якім Ты вызваліў нас ад пякельных мукаў і, як Бог, дараваў нам вечнае жыцьцё і багацьце Твайго зьмілаваньня.

Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Уладару ўсіх недасяжны, Творча неба і зямлі, Ты, на крыжы пацярпеўшы, мяне ад мукаў вызваліў; пахаваны, Ты ўваскрос у славе і ўсемагутнай рукою Адама ўваскрасіў. Слава Твайму трохдзённаму ўваскрасеньню, якім Ты дараваў нам вечнае жыцьцё і ачышчэньне грахоў, адзіны Чалавекалюбча!

Слава...

(Тон 6). Прыйдзіце, верныя, суладным хорам сёньня будзем урачыста адзначаць сьветлую і слаўную памяць усіх сьвятых. Усклікнем усе: радуйцеся, слаўныя прарокі і апосталы, мучанікі і сьвятаначальнікі, уся грамада блаславёных і праведнікаў; радуйцеся, хоры сьвятых жанчынаў! Маліце Хрыста за супакой на ўсім сьвеце, за перамогу Царквы над усімі нягодамі, і за зьмілаваньне душаў нашых.

Цяпер...

 Творца і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад Ісус Хрыстос, выйшаўшы з улоньня Твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў. Дзеля гэтага Табе, Бязьвінная, як Маці Божай і Дзеве, разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем: "Радуйся!" Радуйся, Уладарка, заступніца, абарона і збаўленьне душаў нашых.

І адразу песьня Сімяона Богапрыемцы:

Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32).

Чытальнік:  Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. 

І сьпяваюць адпушчальныя трапары:

Трапар Багародзіцы. Багародзіца Дзева, радуйся. (Двойчы)

Трапар усім сьвятым (тон 4). Быццам у пурпуру і кужаль, Царква Твая аздобілася крывёю тых, што ва ўсім сьвеце былі сьведкамі Табе, Хрысьце Божа, і праз іх моліць Цябе: Даброты Твае людзям Тваім зышлі, даруй супакой усяму сьвету, і душам нашым багацьце Твайго зьмілаваньня.

У гэты час дыякан тройчы кадзіць вакол стала пасярод царквы, на якім прыгатаваныя да асьвячэньня пяць хлябоў, пшаніца і дзьве пасудзіны з віном і алеем, і ў канцы – сьвятара. Сьвятар, узяўшы адзін хлеб, робіць ім знак крыжа над іншымі хлябамі і голасна гаворыць наступную малітву. Калі ж кажа « Сам блаславі...», праваю рукою ўказвае на прыгатаваныя хлябы, пшаніцу, віно і алей.

Дыякан (стаўшы перад сталом, уголас): Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, які блаславіў пяць хлябоў і пяць тысяч насыціў, Сам блаславі і гэтыя хлябы, пшаніцу, віно, і алей, і памнож іх у горадзе гэтым (або: вёсцы гэтай) і ва ўсім сьвеце Тваім; і ўсіх верных, якія спажываюць іх, асьвяці. Бо Ты, Хрысьце Божа наш, Той, хто бласлаўляе і асьвячае ўсё, і Табе ўзносім славу, разам з беспачатным Тваім Айцом і з Усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. (Тройчы).

Людзі сьпяваюць (альбо чытае чытальнік) Псалом 33:2-11:

Увесь час бласлаўляць буду Госпада: * хвала Яго заўжды на вуснах маіх.

Госпадам будзе хваліцца душа мая: * хай пачуюць лагодныя і ўзрадуюцца.

Узьвялічвайце Госпада са мною, * і будзем разам узносіць імя Яго.

Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, * і ад усіх бедаў выратаваў мяне.

Прыступіце да Яго і прасьвятліцеся, * і твары вашыя ня будуць пасаромленыя.

Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго, * і ад усіх бедаў выбавіў яго.

Анёл Гасподні стане вакол тых, што баяцца Яго, * і выратуе іх.

Пакаштуйце і ўбачыце, што Госпад добры: * шчасьлівы чалавек, які на Яго спадзяецца.

Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Яго, * бо тыя, што Яго баяцца, ня церпяць нястачы.

Багатыя зьбяднелі і згаладаліся, * а тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць пазбаўленыя ніякага дабра.

Сьвятар: Блаславеньне Гасподняе хай будзе на вас, ласкаю Яго і чалавекалюбствам на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. (Бласлаўляе людзей).

Людзі: Амін. 

Калі служыцца ўсяночнае чуваньне, тады тут можна пачынаць ютрань (ад шасьці псалмоў). Калі не, тады:

Дыякан: Мудрасьць!

Людзі: Блаславі!

Сьвятар: Блаславёны Існы – Хрыстос Бог наш – на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціянаў на век вякоў.

Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея нашая, слава Табе.

Людзі: Слава... цяпер... Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы). Блаславі.

Сьвятар: робіць водпуст.

Хрыстос, праўдзівы Бог наш, Які ўваскрос з мёртвых, малітвамі ўсячыстае Свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў і сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога патрона царквы); і сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён – добры і Чалавекалюбца.

Людзі: Амін.

Каментары: