Вялікая Вячэрня на нядзелю, 25 ліпеня (увечары 24 ліпеня)

- . Апублікавана ў Часаслоў

Сьвятар, апрануўшы эпітрахіль і стаўшы перад райскімі дзьвярыма, пачынае: 

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава Айца і Сына, і Сьвятога Духа цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

Пасьля гэтага чытальнік пачынае чытаць уступны псалом 103. Падчас чытаньня сьвятар моліцца сьвяцільныя малітвы (гл. пасьля псалма). 

Псалом 103

Блаславі, душа мая, Госпада:* Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.

Ты апрануўся ў веліч і красу,* Ты ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом.

Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр,* хорамы Твае над водамі паставіў.

Ты робіш з хмараў калясьніцу сабе,* ходзіш на крылах ветру.

Ты чыніш вятры пасланцамі Тваімі * і слугамі Тваімі – полымя агню.

Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе:* не пахісьнецца павек вякоў.

Безданьню, быццам вопраткаю, пакрыў Ты яе:* воды над гарамі сталі.

Ад пагрозы Тваёй яны ўзад падаліся,* ад грому голасу Твайго задрыжэлі.

Горы ўзьняліся, даліны зышлі ў месцы,якія Ты ім назначыў.

Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці,* каб не пакрыць зноў зямлю.

Ты пасылаеш крыніцы ў рэкі,* што плывуць у далінах між гораў.

З іх п’юць усе зьвяры польныя,* аслы дзікія ў іх смагу сваю гасяць.

Каля іх птушкі нябесныя жывуць:* між скалаў чутны сьпеў іх.

З хорамаў Тваіх навадняеш горы:* зямля поўніцца плодам твораў Тваіх.

Ты вырошчваеш траву для жывёлы,* зельле на пажытак чалавеку, каб ён мог здабыць сабе ежу з зямлі:

Віно, што весяліць сэрца чалавека; аліву, што робіць твар сьветлым;* хлеб, што сэрца чалавека ўмацоўвае.

Дрэвы нізінныя маюць удосталь соку * – кедры лібанскія, што іх насадзіў.

Там птушкі маюць гнёзды свае,* бусьлінае жыльлё ўзвышаецца над імі.

Горы высокія для дзікіх козаў,* шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.

Ты стварыў месяц, каб паказваў поры;сонца знае час захаду свайго.

Пасылаеш цемру і надыходзіць ноч,* падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.

Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы,* просячы ў Бога спажывы сабе.

Як толькі сонца ўзыдзе, яны хаваюцца і кладуцца ў логавах сваіх.

Выходзіць чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе!Ты ўсё мудра стварыў: зямля поўная стварэньняў Тваіх.

Вось мора вялікае і прасторнае:* у ім рухаецца безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.

Караблі плаваюць па ім, і кіт агромністы там,* якога Ты стварыў на пацеху сабе.

Усе яны чакаюць ад Цябе,каб Ты даў ім спажыву ў свой час.

Ты ім даеш, і яны падбіраюць,* расчыняеш руку Тваю, і яны поўняцца ўсякім дабром.

Калі ж Ты адвяртаеш твар Твой ад іх, яны трывожацца;* адымаеш дух ад іх, і яны гібеюць, і ў пыл зноў вяртаюцца.

Пасылаеш Духа Твайго, і яны ажываюць,* і Ты абнаўляеш твар зямлі.

Няхай слава Гасподняя трывае давеку,* хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.

Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць,* дакранецца да гораў, і яны дымяцца.

Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада,* буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.

Няхай прыемнай Яму будзе песьня мая:* я радуюся ў Госпадзе.

Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў.

Блаславі, душа мая, Госпада.

Сонца знае час захаду свайго;* Ты пасылаеш цемру і надыходзіць ноч.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе:* Ты ўсё мудра стварыў.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Сьвяцільныя малітвы 

Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы.

1. Госпадзе шчодры і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку, уваж малітву нашу і пачуй голас маленьня нашага, пакажы нам знак спагадлівасьці Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб мы маглі хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашы, каб нам баяцца імя Твайго сьвятога, бо Ты вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты сільны ў дабрыні і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць тых, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

2. Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі нас і ў гневе Тваім не карай нас, але ўчыні з намі згодна з Тваёй міласэрнасьцю, Лекару і Збавіцелю душ нашых. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы нашы, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўсе дні жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Бо Твая ёсьць дзяржава, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

3. Госпадзе Божа мой, будзь памятлівы нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, што клічуць імя сьвятое Тваё; і не пасаром нас у спадзяваньні Тваёй міласэрнасьці, але дай нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і зрабі нас дастойнымі любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ува ўсім волю Тваю. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і нястомных усхваленьнях славяць сьвятыя сілы, напоўні сэрцы нашы хвалою Тваёю, каб нам аддаваць пашану імю Твайму сьвятому; і дай нам у спадчыне ўдзел з усімі, што пакланяюцца Табе ў праўдзе і захоўваюць Твае прыказаньні. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4*. (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да нас і сумуеш з прычыны нашае нягоднасьці; памятай пра міласьць і ласку Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам правесьці рэшту гэтага дня свабоднымі ад розных падкопаў нячыстага і, сілаю ўсесьвятога Твайго Духа, захавай наша жыцьцё ад усякіх напасьцяў. Міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

6. Божа вялікі і дзіўны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам Тваім кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ў Тваёй дабрыні ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства. Зьбярогшы нас у сёньняшні дзень ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю і ўзьвялічваць Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага. Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

7. Божа вялікі, усявышні, адзіны несьмяротны, што жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё, што існуе, мудра стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую хвіліну стаць перад Тваім абліччам і прыносіць Табе вячэрняе ўсхваленьне. Учыні, чалавекалюбны Ўладару, каб гэтая наша малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як адмысловую духмянасьць. Дай, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі мірнымі; апрані нас у зброю сьвятла, захавай нас ад страху начнога і ад усякай пагрозы, што крыецца ў цемры. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на адпачынак дзеля слабасьці нашай, быў вольным ад д’ябальскіх спакусаў. Так, Уладару, Падаўча ўсяго добрага, дай, каб мы і ўночы, лежачы на ложах нашых, з любоўю ўспаміналі Імя сьвятое Тваё; і, прасьветленыя ўспамінам запаветаў Тваіх, з радаснай душой усталі, каб славіць Тваю дабрыню, ахвяруючы міласэрнасьці Тваёй малітвы і просьбы за нашы правіны і за ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі Багародзіцы, наведай у спагадлівасьці Тваёй. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Літанія супакою 

Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць літанію супакою.

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся.

За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя)  Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

За Богам сьцеражоную краіну нашую, за ўлады і войскі яе Госпаду памолімся.

За наш народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе вёскі, гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, смутку і недастатку Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе. 

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Чытаньне Псалтыра 

У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:

Шчасьлівы той, * хто на раду да нязбожных ня ходзіць. Алілуя, алілуя, алілуя.

Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.

Служыце Госпаду са страхам, * слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.

Шчасьлівыя ўсе, * што на Яго спадзяюцца. Алілуя, алілуя, алілуя.

Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.

У Госпада збаўленьне ёсьць, * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Малая літанія 

Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, най­бла­сла­вё­ную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Госпадзе, я клікаў Цябе...” 

Людзі сьпяваюць першыя два вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву. 

Псалом 140

Госпадзе, я клікаў Цябе: выслухай мяне. * Выслухай мяне, Госпадзе! * Будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. * Выслухай мяне, Госпадзе!

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. * Выслухай мяне, Госпадзе! 

Наступныя вершы аж да “Выведзі з вязьніцы” звычайна чытаюцца:

Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім * і сьцеражы дзьверы губ маіх.

Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, * каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.

З людзямі, якія чыняць бясчынствы: * хай не пакаштую прысмакаў іх.

Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: * алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.

Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. * Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,

Пачуюць, як лагодныя словы мае. * Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.

Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; * да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.

Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі людзей нягодных.

Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, * я ж адзін перайду бясьпечна.

Псалом 141

Голасна клічу Госпада, * голасна да Госпада малюся.

Перад Ім сум мой выліваю, * пра тугу маю Яму распавядаю:

Дух мой зьнемагае ўва мне, * Ты ж ведаеш шляхі мае.

На дарозе, па якой іду, * паставілі пастку на мяне.

Гляджу ўправа, углядаюся: * няма нікога, хто б мне спагадаў;

Ня маю, куды ўцякаць: * няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.

Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: * Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.

Будзь уважлівы да малітвы маёй, * бо я вельмі няшчасны.

Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, * бо яны мацнейшыя за мяне.

Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага:

Выведзі з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.

(Тон 8) Вячэрнюю песьню і духоўную службу прыносім Табе, Хрысьце, бо Ты ў дабрыні Тваёй дараваў нам зьмілаваньне ўваскрасеньнем.

Праведнікі вакол мяне чакаюць, * калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.

Госпадзе, Госпадзе, не адкінь нас ад твару Твайго, але ў дабрыні Тваёй даруй нам зьмілаваньне ўваскрасеньнем.

Пс 129. З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой!

Радуйся, Сыёне сьвяты, маці ўсіх цэркваў, Божае жытло, бо ты першы атрымаў адпушчэньне грахоў уваскрасеньнем.

Хай вушы Твае будуць уважлівымі * да голасу маленьня майго. 

Слова, народжанае спрадвеку ад Бога Айца, у апошні час прыняло цела ад Тое, што мужа ня знала, і, сьмерць пацярпеўшы на крыжы, выбавіла памёрлага раней чалавека ўваскрасеньнем сваім.

Калі 6 песьняў – тады ад наступнага:

Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? * Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.

(Тон 4) Зьбярогшы дасканала збавенныя законы, і паслужыўшы беззаганна Богу, ты, Ганна, сталася дастойнаю быць маці Найчыстае Дзевы, якая нарадзіла ў целе Хрыста. З ёю разам славім цябе і з радасным сэрцам сьвяткуем тваё сьвятое ўсьпеньне.

Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: * душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.

Нарадзіўшы Палату Жыцьця, ты, Багамудрая Ганна, пераставілася да нятленнага жыцьця, далучыўшыся да хораў праведнікаў, што цешацца поўняю Боскай радасьці. Дзеля гэтага сёньня набожна сьвяткуем тваё, вечнапамятная, усьпеньне і з вераю славім цябе.

Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, * больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.

Нарадзіўшы Браму нябесную, ты, Багамудрая Ганна, у славе ўвайшла да нябеснай сялібы, і цешышся ў асалоду Божай славаю: малітвамі тваімі зрабі і нас дастойнымі яе, адганяючы цемру пажаданьняў і туман лютых бедаў разьвяваючы.

Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.

(Тон 1) Дзіўны цуд! Сёньня настала сьветлая ўрачыстасьць, сонечны дзень, радасьць усяму сьвету – пачэснае і пахвалы годнае ўсьпеньне блаславёнае Ганны, ад якое нарадзілася Маці Жыцьця, духоўная Скарбніца, што зьмясьціла ў сабе незьмяшчальнае Слова, Вызваленьне ад суму, Хадайніца радасьці, якая дае ўсім багацьце зьмілаваня.

Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі.

Слаўны цуд! Тая, што нарадзіла Крыніцу жыцьця, Адзіную чыстую і блаславёную сярод жанчынаў, Ганна блаславёная, сёньня пераходзіць ад жыцьця дачаснага да вечнага, будучы ўзятай ад зямлі на неба, каб там прабываць у радасьці разам з анёлаў хорамі. I мы сьвяткуем сёньня радасна яе ўрачыстасьць.

Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі * і вернасьць Гасподняя трывае давеку.

Сёньня сьветлая ўрачыстасьць настала для ўсіх верных, бо мы, натхнёныя Божым Духам, сьвяткуем тваё, пахвалы годная Ганна, пачэснае ўсьпеньне; прыйшла да нас ласка аздараўленьняў, што адганяе злых духаў і прасьвятляе розум сьвятлом усіх, хто з вераю славіць тваё слаўнае перастаўленьне.

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу 

(Тон 8). Ад няплоднай пары, сьвятых Якіма і Ганны, вырасла сьвятая галінка, Бязьвіная Багародзіца, ад якое зазьзяла сьвету Збаўленьне – Хрыстос Бог. Пераставіўшыся да нябесных сялібаў, вы разам з вашай дачкою, Найсьвятою Дзевай Марыяй, і з анёламі радуецеся і моліцеся за ўвесь сьвет. Дзеля гэтага і мы славім вас у песьнях і просім шчыра: "Стаўшыся прабацькамі Хрыстовымі дзеля Багародзіцы, маліцеся за душы нашы".

 Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дагматык. Уладар нябесны дзеля любові да людзей на зямлі зьявіўся і з людзямі пажыў. Ён прыняў цела ад Чыстае Дзевы і, выйшаўшы з Ейнага ўлоньня, стаўся чалавекам. Ён Сын адзіны, двайны прыродаю, але не асобаю. Дзеля гэтага мы праўдзіва прапаведуем і вызнаем Хрыста Бога нашага як дасканалага Бога і дасканалага чалавека. Малі Яго, Дзева Маці, даць зьмілаваньне душам нашым.

Уваход 

Падчас сьпяваньня “ Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фэлон, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма:

Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся.

Сьвятар (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.

Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Дыякан: Амін. 

Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас:

Дыякан: Мудрасьць, устаньце!

На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.

Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.

Пракімен 

У суботу вечарам (Пс 92:1,5), тон 6.

Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу. 

Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся. 

Верш 2. Ён умацаваў сусьвет, * што не пахісьнецца. 

Верш 3. Дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць, * на доўгія дні.

Літанія ўзмоцненага маленьня

Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі дзьвярыма, узносіць літанію. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць літанію, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя.

Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя) і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашую, за ўлады і войскі яе.

Яшчэ молімся за наш народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх айцоў і братоў нашых, што раней адышлі, і якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.

Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.

Сьвятар: Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Малітва ўслаўленьня

Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар * захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, * і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, * бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне Тваіх запаветаў.

Блаславёны Ты, Уладару, * дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, * прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: * не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, * Табе слава належыцца,

Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, * цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Літанія просьбаў

Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашую Госпаду.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душаў і целаў нашых у Госпада просім.

Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.

Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.

Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.

Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў. 

(Уголас) Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. 

Вершапесьні 

(Тон 8). Ты ўзышоў на крыж, Ісусе, зышоўшы з нябёсаў; Ты прыйшоў на сьмерць, Жыцьцё несьмяротнае. Для тых, што ў цемры, Ты стаўся праўдзівым сьвятлом; для тых, што ўпалі, Ты ўваскрасеньне і прасьвятленьне. Збавіцелю наш, слава Табе!

Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

Усхвалім у песьнях Хрыста, які ўваскрос з мёртвых. Прыняўшы душу і цела, Ён разлучыў іх падчас пакутаў. Ён зыйшоў сваёй пачэснай душой у пекла і паланіў яго, і ў магіле ня ўбачыла тленнасьці сьвятое цела Збаўцы душаў нашых.

Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

У псалмах і песьнях славім Тваё, Хрысьце, уваскрасеньне з мёртвых, якім Ты вызваліў нас ад пякельных мукаў і, як Бог, дараваў нам вечнае жыцьцё і багацьце Твайго зьмілаваньня.

Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Уладару ўсіх недасяжны, Творча неба і зямлі, Ты, на крыжы пацярпеўшы, мяне ад мукаў вызваліў; пахаваны, Ты ўваскрос у славе і ўсемагутнай рукою Адама ўваскрасіў. Слава Твайму трохдзённаму ўваскрасеньню, якім Ты дараваў нам вечнае жыцьцё і ачышчэньне грахоў, адзіны Чалавекалюбча!

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу

Прыйдзіце, верныя, у песьнях уславім Багамудрую Ганну, якая нарадзіла Чыстую Дзеву – Гару Божую, і сёньня адышла да нябесных сялібаў. Усклікнем ёй усе: "Блаславёнае ўлоньне тваё, якое насіла тую, што зьмясьціла ў сабе Сьвятло сьвету; блаславёныя грудзі твае, што кармілі тую, якая ўзрасьціла Хрыста – спажыву нашага жыцьця. Малі Яго выбавіць нас ад усякага суму і варожых напасьцяў і збавіць душы нашы".

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Багародзічны. Чыстая Дзева, што Бога ў целе невыказна зачала, Маці Бога ўсявышняга, прымі маленьні слуг Тваіх, Усячыстая, дай ачышчэньне ад правінаў і, выслухаўшы малітвы слугаў Тваіх, маліся за збаўленьне душаў нашых.

І адразу песьня Сімяона Богапрыемцы:

Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32).

Чытальнік:  Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава Айца і Сына, і Сьвятога Духа цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. 

І сьпяваюць адпушчальныя трапары:

(Тон 8). Уваскросны. Ты зышоў з вышыні, Міласэрны, пахаваньне прыняў трохдзённае, каб нас вызваліць ад цярпеньняў. Жыцьцё нашае і ўваскрасеньне, Госпадзе, слава Табе!

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

(Тон 4). Ты, Ганна багамудрая, насіла ва ўлоньні тваім Усячыстую Маці Божую, якая нарадзіла Жыцьцё; дзеля гэтага ты сёньня ў славе перайшла да нябеснага жыльля, атрымаўшы ў спадчыне ўдзел з усімі, якія вечна прабываюць у радасьці, просячы адпушчэньня грахоў для тых, што з любоўю шануюць цябе, вечна блаславёная.

Дыякан: Мудрасьць!

Людзі: Блаславі!

Сьвятар: Блаславёны Існы – Хрыстос Бог наш – на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціянаў на век вякоў.

Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея нашая, слава Табе.

Людзі: Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы). Блаславі.

Сьвятар: робіць водпуст.

Хрыстос, праўдзівы Бог наш, Які ўваскрос з мёртвых, малітвамі ўсячыстае Свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён – добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.

Каментары: