Малебен у часе народнай бяды

- . Апублікавана ў Малебны

Дыякан: Блаславі, ойча!

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

(Псалом 37). Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.

Бо стрэлы Твае працялі мяне, і рука Твая на мяне лягла.

Няма здаровага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма супакою касьцям маім з прычыны грэху майго.

Бо правіны мае перавысілі галаву маю, як цяжкае бярэмя, прыгнятаюць мяне бяз меры.

Тхнуць, загніўшы, раны мае з прычыны маёй неразумнасьці.

Прыніжаны, я сагнуўся вельмі, увесь дзень сумны хаджу.

Паясьніца мая поўная жару, і няма здаровага месца на целе маім.

Аслаб я, разьбіты звыш меры, і стогне сэрца маё.

Госпадзе, перад Табою ўсе мае жаданьні, і ўздыханьні мае ня скрытыя.

Сэрца маё трапеча, сіла пакінула мяне, і няма больш сьвятла ў вачох маіх.

Бо кажу: "Няхай ня цешацца, калі мая нага спатыкнецца, няхай не вывышаюцца нада мною".

Сябры мае і прыяцелі староняцца маёй хваробы, і сваякі мае трымаюцца здалёку.

Паставілі сеці на мяне, пасягаючы на жыцьцё маё; тыя, што жадаюць мне зла, абмяркоўваюць ліхое ўвесь час.

Я ж, быццам глухі, ня чую і, быццам нямы, не адчыняю вуснаў маіх.

На Цябе, Госпадзе, спадзяюся: Ты, Госпадзе Божа мой, выслухаеш мяне.

Я вось-вось ужо падаю, і боль мой заўсёды са мною.

Прызнаюся да віны маёй і сумую з прычыны граху майго.

А тыя, што без прычыны працівяцца мне, растуць у сілу: многа тых, што без падставы ненавідзяць мяне,

Тых, што злом плоцяць за дабро, якія супраць мяне за тое, што я пра дабро дбаю.

Не пакідай мяне, Госпадзе Божа мой, не аддаляйся ад мяне.

Пасьпяшы на дапамогу мне, Госпадзе мой, збаўленьне маё!

(Псалом 90). Ты, што жывеш пад апекаю Ўсявышняга і ў ценю Ўсемагутнага прабываеш,

Скажаш Госпаду: Ты – маё прыстанішча, мая абарона, Бог мой, і на Цябе спадзяюся.

Ён выбавіць цябе ад сецяў лаўца і ад наглай загубы.

Ён пакрые цябе пёрамі сваімі і пад крыламі Яго ты знойдзеш прытулак.

Не збаішся жахаў начных, ні стралы, што ляціць удзень;

Ні страху, што крыецца поцемкам; ні мору, што ў поўдзень пустошыць.

І хоць бы тысячы палі побач з табою, і дзесяткі тысяч па правай руцэ тваёй,

Цябе нішто не кране, бо вернасьць Яго – твой шчыт і панцыр.

Ты толькі глянеш навокал, і ўбачыш адплату грэшнікам.

Бо ты сказаў: Госпад мая абарона, – і Ўсявышняга выбраў сваім прыстанкам.

Ніякая бяда не сустрэне цябе, і пошасьць не наблізіцца да жыльля твайго.

Ён загадае анёлам сваім, каб сьцераглі цябе, куды б ты не ішоў.

На руках сваіх панясуць цябе, каб не спатыкнуцца аб камень назе тваёй.

На аспіда і вужа наступіш і патопчаш льва і зьмяю.

"Таму, што ён палюбіў Мяне, Я выбаўлю яго і абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.

Будзе клікаць Мяне, і Я адгукнуся яму; буду з ім у дзень суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго.

Доўгім жыцьцём напоўню яго і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё".

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа ... Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.

– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– Каб Госпад не прыгадаў правінаў грэшных і нягодных слугаў сваіх, але ў міласэрнасьці сваёй ачысьціў грахі нашыя, і адвёў ад нас свой справядлівы гнеў, памолімся.

– Каб Госпад у суворасьці сваёй не судзіў нас і ў гневе сваім не караў нас, але каб прыгадаў, што мы – цела, сёньня ходзім, а заўтра нас няма, і каб зьбярог ад сьмерці душы нашыя, памолімся.

– Каб Госпад не судзіўся са слугамі сваімі, і не зважаў на нашыя беззаконьні, але каб ачысьціў нас і ў міласэрнасьці сваёй пашкадаваў і збавіў нас, грэшных, памолімся.

– Каб Госпад успомніў усе даброты свае, якія Ён яўляў адвеку, а грахоў маладосьці нашай і несьвядомасьці не ўспамянуў, і каб зьмілаваўся над намі, памолімся.

– Каб Госпад пачуў голас малітваў нашых, і каб адвярнуў ад нас сьмяротную небясьпеку, якая нас напаткала, памолімся.

– Каб Госпад хутка выхапіў нас з сецяў сьмяротных і ацаліў нашыя немачы, памолімся.

– Каб Госпад у міласэрнасьці сваёй прадоўжыў слугам сваім час жыцьця, а ня сьсек іх перадчасна, як тую няплодную смакоўніцу, але каб з любоўю акапаў і напаіў расою сваёй міласэрнасьці ў чаканьні пладоў пакаяньня, памолімся.

– Каб Госпад узьняў нас ад варотаў сьмерці і адмяніў справядлівае пакарньне, для нас прыгатаванае, каб нам ня згінуць, але навярнуцца і жыць, памолімся.

– Каб Госпад пачуў малітву нашую, і прыняў яе ласкава, і не адвярнуўся ад сьлёзаў нашых: але каб даў нам палёгку перад тым, як нам адысьці назаўсёды, памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.

Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. (Так пасьля наступных вершаў)

Дыякан: Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго на ўсе вякі.

– Акружылі мяне з усіх бакоў, але імем Гасподнім я супрацівіўся ім.

– Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада.

– Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: ад Бога гэта і дзіўнае ў нашых вачох.

Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.

(Тон 2). Божа, прыгадай даброты Твае, і ня гневайся на нас, бо мы пыл і попел, сёньня жывем, а заўтра нас няма. Не асудзі нас у справядлівым абурэньні Тваім, каб нам ня згінуць зусім, але пашкадуй душы нашыя, бо Ты адзіны міласэрны.

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Заступніца шчырая, Маці Госпада найвышэйшага, малі за ўсіх нас Сына Твайго, Хрыста Бога нашага, каб усе мы, якія прыбягаем пад Тваё магутнае покрыва, атрымалі збаўленьне. Заступіся, Уладарка, за нас, якія, згінаючыся пад напасьцямі, бедамі, і хваробамі, і многімі цяжкімі грахамі, стаім перад Табою і молімся з пакорнаю душою, скрухаю сардэчнаю і сьлязьмі перад чыстым Тваім вобразам, бо мы ўсклалі ўсю надзею на Цябе. Выбаў нас ад усіх няшчасьцяў, дай нам усё, што карыснае для нас, і збаў нас усіх, Багародзіца, бо Ты – Боскае покрыва для слугаў Тваіх.

Чытальнік: Псалом 50.

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці* і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.

Асабліва абмый мяне з віны маёй* і ад грахоў маіх ачысьці мяне.

Бо беззаконьне маё я знаю* і грэх мой заўжды перада мною.

Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. * Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.

Вось я быў зачаты ў беззаконьні, * і ў граху нарадзіла мяне мая маці.

Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, * паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.

Акрапі мяне гісопам, і буду чысты, * абмый мяне, і стану бялейшы за сьнег.

Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: * хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.

Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў* і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.

Сэрца чыстае ствары ва мне, Божа, * і дух правы абнаві ў нутры маім.

Не адкінь мяне ад Твайго аблічча* і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня* і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці.

Буду навучаць грэшнікаў шляхоў Тваіх, * і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.

Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня: * хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.

Адчыні мае вусны, Госпадзе, * і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.

Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: * на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.

Ахвяра Богу - дух скрушлівы: * сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.

Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: * хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.

Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні: * тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

КАНОН

(Тон 8)

Песьня 1. Ірмас. Фараона з калясьніцамі Майсей разьбіў цудатворным жэзлам, ударыўшы ім накрыж мора, якое расступілася, і выбавіў Ізраіля, што пехатою ўцякаў, сьпяваючы песьню Богу.

Усемагутная непаздзельная, адзінапасадная і адзінасільная трысьветлая хвала, Ойча недасяжны, Сыне і Духу Сьвяты, ад страшных бедаў слугаў Тваіх ратуй, каб нам Цябе з удзячнасьцю славіць.

Бура грахоўная кінула мяне ў глыбіню немачы, і хваробы, быццам хвалі, пакрываюць мяне, няшчаснага. Адзінасільная Ўлада, Тройца Сьвятая, зьмілуйся і збаў мяне, бо гіну.

Слава...: Ад граху, які аблытаў мяне, вызвалі мяне, Тройца непазьдзельная, расою міласэрнасьці пагасі жар маіх недамаганьняў і дай здароўе, каб я ўславіў Цябе.

Цяпер...: Ты, Усячыстая, што мела ва ўлоньні Збаўцу,Творцу і Госпада, які ўзяў на сябе нашыя немачы, малі Яго, каб Ён выбавіў слугаў Тваіх ад страшных няшчасьцяў, Адзіная памочніца ўсіх людзей.

Песьня 3. Ірмас. Хрысьце, што спачатку неба розумам заснаваў і зямлю над водамі ўсталяваў, умацуй мяне на камені запаветаў Тваіх, бо ніхто не сьвяты, апроч Цябе, адзіны Чалавекалюбча.

Нябесныя духі, анельскія хоры, пасады і пачаткі, сілы і ўлады моляць Цябе, добрага Збаўцу: ад згубных немачаў вызваль слугаў Тваіх.

Яві веліч чалавекалюбства Твайго, Уладару, і збаў ад немачаў і хворасьцяў слугаў Тваіх, адзіны даўгацярплівы.

Слава...: Божыя слугі, нябесныя духі, анёлы і арханёлы, маліце Госпада, каб Ён адняў ад нас немачы, жаль суняў, і ад сьмяротнай небясьпекі выратаваў.

Цяпер...: Бездань дабрыні, Сын Твой Госпад Хрыстос, явіў Цябе, Дзева беззаганная, як крыніцу ўсіх дабротаў і ацаленьняў. Дык вызвалі ад немачаў слугаў Тваіх, што гінуць.

Выбаў ад бедаў слугаў Тваіх, Шматлітасьцівы, бо мы ўсе шчыра да Цябе прыбягаем, як да міласэрнага Збаўцы і Ўладара ўсіх, у Тройцы праслаўленага Бога.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, сусьветнага біскупа... Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага... і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

– Яшчэ молімся за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня, за ўсіх братоў і сёстраў нашых, і за ўсіх прававерных хрысьціянаў.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сядальная песьня (тон 2). Не адкінь, Уладару, людзей Тваіх, што зграшылі, і не адымі ад нас міласьцяў і дабротаў Тваіх, але, як Бездань дабрыні і Мора міласэрнасьці, прымі малітвы нашыя і выбаў нас ад бяды і няшчасьцяў, што нас апанавалі, Адзіны спагадлівы.

Песьня 4. Ірмас. Ты маё ўмацаваньне, Госпадзе, Ты мая сіла, Ты мой Бог, Ты мая радасьць! Не пакінуўшы ўлоньня Айца, Ты наведаў нашае ўбоства. Дзеля гэтага разам з прарокам Авакумам клічу: "Слава сіле Тваёй, Чалавекалюбча!"

Цень сьмерці ахутаў нас, і мы наблізіліся да брамы пякельнае. Яві міласэрнасьць Тваю, Збавіцелю, адзіны здольны нас узьняць, збаў тых, што з непахіснай вераю пяюць: "Слава сіле Тваёй, Чалавекалюбча!"

Хрыстовыя прыяцелі, сьведкі і прапаведнікі, слаўныя апосталы і лекары душаў, вы атрымалі дар ацаленьняў. Адымеце ад нас няшчасьці, якія агарнулі нас, і прасеце за нас Уладара Ісуса, Збаўцу і Госпада.

Слава...: Бура грахоўная нас агарнула, хвалі немачаў нас заліваюць, і мы топімся ў іх, сум і гора ахінулі нас: вашымі малітвамі дапамажыце нам, апосталы Гасподнія.

Цяпер...: Ад вялікіх няшчасьцяў і немачаў уцякаем пад дзяржаўнае покрыва Тваё, Дзева Чыстая. Яві дабрыню Тваю, Уладарка, і выбаў нас усіх ад мору, немачаў і хворасьцяў.

Песьня 5. Ірмас. Чаму, незаходнае Сьвятло, адкінуў Ты мяне ад Твару Твайго? Цемра варожая пакрыла мяне, няшчаснага. Але Ты навярні мяне і да сьвятла запаветаў Тваіх накіруй шлях мой, малюся.

Сьвятыя прарокі, што мёдацечнымі малітвамі сваімі высушылі мора спакусаў, перамяніце горыч нашых згубных немачаў і няшчасьцяў на слодыч Боскае дабрыні.

Мы, усемагутны Госпадзе, былі параненыя стрэламі немачаў, і на нас спачыла рука Твая. Малітвамі сьвятых мучанікаў Тваіх, як добры Бог, усьцеш усіх нас Тваёй міласэрнасьцю.

Слава...: Ты, Госпадзе, некалі загадам сваім памерлага сына ўдавы вярнуў да жыцьця. Выбаў цяпер слугаў Тваіх ад вялікіх бедаў, і ажыві нас, бо Ты адзіны добры і Чалавекалюбец.

Цяпер...: У ночы жыцьця засьпела нас бура няшчасьцяў, і змрок пакрыў нас. Усячыстая Дзева, дай нам прахалоду, прасьвятлі нас і накіруй да непрамінальнага Сьвятла.

Песьня 6. Ірмас. Ачысьці мяне, Збавіцелю, бо шматлікія беззаконьні мае, і з глыбіні зла ўздымі мяне, малюся! Цябе клічу, пачуй мяне, Божа збаўленьня майго!

Ляжу немачны ў бяздоньні, і хвалі напасьцяў пакрываюць мяне. Уладару Госпадзе, працягні мне руку дапамогі і збаў мяне.

Ты ўзьняў некалі расслабленага з ложа цярпеньняў і сваім Боскім загадам ацаліў яго. Цяпер ад цяжкіх немачаў да здароўя вярні мяне, Шматміласэрны.

Слава...: Хоры прарокаў, апосталаў і пакутнікаў моляць Цябе сёньня, адзіны Міласэрны, за людзей Тваіх. Дык, Добры Госпадзе, будзь ласкавы да нас усіх.

Цяпер...: Марыя, чыстая скарбніца дзявоцтва, ачысьці нас ад бедаў і суму і, скаваных немачамі, ацалі, каб мы з вераю славілі Цябе.

Выбаў ад бедаў слугаў Тваіх, Шматлітасьцівы, бо мы ўсе шчыра да Цябе прыбягаем, як да міласэрнага Збаўцы і Ўладара ўсіх, у Тройцы праслаўленага Бога.

Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Кандак (тон 6). Немачы агарнулі нас, цень сьмяротны пакрыў нас, і як воск ад агню, так нашыя дні таюць ад аблічча гневу Твайго, Госпадзе. Але Ты пакажы міласьць людзям Тваім і пашкадуй іх, каб, застаўшыся жывымі, у каяньні славілі Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік (пракімен). Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.

Верш. Бо стрэлы Твае працялі мяне, і рука Твая на мяне лягла.

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік: Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Габрэяў.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Чытальнік: Браты, каго Бог любіць, таго карае, б'е кожнага, каго прымае за сына. Дык калі церпіце пакараньне, Бог паступае з вамі як з сынамі. Бо ці ёсьць сын якога бы айцец не караў? Калі вы без пакараньня – а яно для ўсіх агульнае, – дык вы не сыны, а незаконна народжаныя. Зрэшты, калі мы паважалі і шанавалі айцоў нашых паводле цела, хоць яны нас і каралі, дык ці ж ня больш мы павінны быць паслухмяымі Айцу душаў, каб жыць? Тыя каралі нас як уважалі, на кароткі час. А Той робіць гэта для нашага дабра, каб нас зрабіць удзельнікамі сваёй сьвятасьці. Кожнае пакараньне адразу не здаецца радасным, але сумным, але пасьля прыносіць тым, што яго зазналі, мірны плод праведнасьці. Дзеля гэтага выпрастуйце вашыя апалыя рукі і саслаблыя калені. Хай ногі вашыя пракладаюць простыя шляхі, каб кульгавы не зблудзіў, але быў аздароўлены. (12:6-13)

Сьвятар: Мір табе, чытальнік.

Чытальнік: І твайму духу. Алілуя, алілуя, алілуя.

Верш 1. Боль сьмяротны мяне апанаваў, і гібельныя патокі напалохалі мяне.

Верш 2. Путы пякельныя мяне аблыталі, і сеці сьмяротныя ахапілі мяне. (Пс 17)

Дыякан: І каб быць нам дастойнымі слухаць сьвятое Евангельле, Госпада Бога молім.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць сьвятое Евангельле.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Сьвятар: Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі.

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Сьвятар: У той час увайшоў Ісус у дом Сымона. Цешча ж Сымонава была ў моцнай гарачцы; і прасілі Яго за яе. Ён, стаўшы над ёю, забараніў гарачцы, і пакінула яе. І яна зараз устала і паслугоўвала ім. Калі ж сонца заходзіла, усе, хто меў хворых на розныя немачы, прыводзілі іх да Яго. Ён ускладаў на кожнага з іх рукі і ацаляў іх. Выходзілі таксама з многіх нячыстыя духі, усклікачы: "Ты Сын Божы!". Але Ён забараняў ім і не даваў гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос. Калі ж настаў дзень, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца; а народ шукаў Яго, і, прыйшоўшы да Яго, затрымліваў Яго, каб не адыходзіў ад іх. Але Ён сказаў ім: "І іншым местам Я павінен абвяшчаць Добрую Вестку пра Валадарства Божае, бо на тое Я быў пасланы". І навучаў у школах Юдэйскіх. (4:38-44)

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Песьня 7. Ірмас. Боскім зыходам агонь суняўся ў Бабілёне, і юнакі ў печы, быццам на зялёным лузе, весела скакалі і пяялі: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Гарыць печ немачаў маіх і паліць мяне нясьцерпным згубным полымем. Пашлі, Збавіцелю, расу міласэрнасьці Тваёй і дай прахалоду, каб мне пяяць: Блаславёны Бог айцоў нашых.

Прарокі, апосталы, і грамады мучанікаў, боскія настаўнікі, малітвамі вашымі суніміце боль немачаў нашых і прасіце ацаленьня тым, што пяюць: Блаславёны Бог айцоў нашых.

Слава...: Госпадзе, што некалі ўзьняў Лазара словам сваім, сёньня ўздымі нас, быццам з магілы, ад лютай немачы, і ажыві нас, каб нам пяяць з ўдзячнасьцю: Блаславёны Бог айцоў нашых.

Цяпер...: Шчодрая Маці Ўсяшчодрага, пакажы шчодрасьць Тваю і збаў людзей, якія шукаюць спагады Тваёй і пяюць: Блаславёны Бог айцоў нашых.

Песьня 8. Ірмас. Люты мучыцель хальдэйскі распаліў у сем разоў печ для набожных юнакоў, але, ўбачыўшы, як яны былі збаўленыя Вышэйшаю сілай, усклікнуў Творцу і Збавіцелю: "Юнакі, блаславіце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!"

Стогнем у болях, і з пасьцелі нашай хваробы і згубных немачаў узносім вочы сэрцаў нашых да Цябе, Чалавекалюбча, і просім ацаленьня. Наведай і ўзьнімі нас, Збавіцелю, каб нам пяяць: Юнакі, блаславіце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!

Ты, што апрануўся ў нашу немач і захацеў упадобніцца людзям, малітвамі сьвятых Тваіх збаў нас, уздымі з магілы роспачы, каб нам сьпяваць: Юнакі, блаславіце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!

Слава...: Творца ўсяго, падаўца ацаленьняў, бездань дабрыні і спагадлівасьці, наведай, Даўгацярплівы, нас і збаў ад згубных немачаў людзей Тваіх, і ажыві іх, каб ім сьпяваць: Юнакі, блаславіце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!

Цяпер...: Магутная памочніца і нязьменная заступніца, надзея зьнявераных, Усебеззаганная, наведай хворых слугаў Тваіх, аблягчы цяжар іхніх немачаў, адгані згубную хворасьць і збаў іх, Багародзіца Дзева.

Песьня 9. Ірмас. Неба жахнулася, усе канцы зямлі дзіву даліся: Бог зьявіўся людзям у целе, і ўлоньне Тваё сталася больш прасторным за нябёсы. Дзеля гэтага Цябе, Багародзіца, хоры анёлаў і людзей узьвялічваюць.

Вялікія цуды, якім няма ліку, учыніў Ты, Несьмяротны, слугам Тваім. Яві, міласэрны Божа, літасьць Тваю і вызвалі нас ад немачаў, што трымаюць нас, малітвамі Маці Твае і пакутнікаў Тваіх.

Анёлаў, арханёлаў, прарокаў, апосталаў, мучанікаў, сьвятых айцоў, і сьвятамучанікаў Тваіх малітвамі, плач слугаў Тваіх сунімі і ў радасьць перамяні, ацалі немачы, аблягчы цярпеньні і дай нам здароўе.

Слава...: Молім Цябе, Госпадзе, багаты на міласэрнасьць лекару душаў і целаў, спыні цярпеньні нашыя, хворасьці адымі і вызвалі ад суму і жалю, і як Добры і адзіны Дабрачынца, збаў нас, якія ў веры Цябе ўзьвялічваем.

Цяпер...: Ты, што нарадзіла добрага і міласэрнага Ўладара, Творцу і Госпада, Багародзіца Дзева, пакажы і цяпер Тваю заўсёдную дабрыню і выбаў нас ад страшнай немачы, што нішчаць.душы нашыя, і дай здароўе, каб нам няспынна ўзьвялічваць Цябе.

Дастойна ёсьць сапраўды называць шчасьліваю Цябе, Багародзіцу, вечна блаславёную і беззаганную Маці Бога нашага. Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Чытальнік: Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

І далей пяюць наступныя песьні:

(Тон 6). Зжалься над намі, Госпадзе, зжалься над намі: ня могучы даць ніякага адказу, мы, грэшныя, вось гэтую малітву Табе, Уладару нашаму, прыносім: Зжалься над намі.

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу 

Госпадзе, зжалься над намі, бо на Цябе спадзяемся: ня гневайся на нас вельмі і ня будзь памятлівы нашых бясчынставў, але глянь міласьціва на нас і выбаў нас ад ворагаў нашых, бо Ты Бог наш і мы, людзі Твае і творы рук Тваіх, імя Тваё клічам.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Зьмілаваньня дзьверы адчыні нам, блаславёная Багародзіца: хай мы, якія спадзяемся на Цябе, ня згінем, але выбавімся Табою ад бедаў, бо Ты збаўленьне роду хрысьціянскага.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, сусьветнага біскупа ... Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

– Зграшылі мы і ўчынілі беззаконьні, і таму праведны Твой гнеў нас засьпеў, Госпадзе Божа наш, і цень сьмерці ахінуў нас; але ў немачах нашых клічам Цябе, Бога нашага, і пакорна просім: пашкадуй людзей Тваіх, і не загубі нас зусім. Молімся Табе: пачуй нас і зьмілуйся.

– Не аддай сьмерці слугаў Тваіх, Госпадзе, Уладару жыцьця і сьмерці, але сунімі Твой гнеў, бо дні нашыя, быццам дым, зьнікаюць, моц наша пакінула нас, і мы гінем у грахох нашых. Са сьлязамі каяньня молімся Табе: пачуй нас і зьмілуйся.

– Успомні, Госпадзе, што мы – цела, сёньня мы тут, а заўтра нас ня будзе, і адвярні міласьціва гнеў Твой справядлівы, сунімі боль наш, загаі рану, якая губіць нас. Бо ня мёртвыя будуць хваліць Цябе, і ня тыя, што ў апраметнай, але мы, жывыя, хвалім Цябе і з болем сэрца і стогнамі молімся Табе: пачуй нас і зьмілуйся.

– Не прыгадай беззаконьняў людзей Тваіх, і не судзіся са слугамі Тваімі, і не адвярніся ад іх у гневе Тваім. Калі будзеш памятаць нашыя бясчынствы, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? Мы ж пыл і попел, нішто перад Табою. Але ў дабрыні і чалавекалюбстве Тваім зьмілуйся над намі, не загубі нас з нашымі беззаконьнямі, молімся Табе: пачуй нас і зьмілуйся.

– Ты, Божа, Уладару жывых і памёрлых, не жадаеш сьмерці грэшніка, але хочаш, каб ён навярнуўся да Цябе, Крыніца жыцьця, і жыў. Дык у гневе Тваім не загубі нас, вартых сьмерці паводле Твайго справядлівага суду. Молімся Табе са сьлязьмі і з сэрцам, поўным горычы: пачуй нас і зьмілуйся.

– Глянь, Госпадзе, на няшчасьці, якія абрынуліся на слугаў Тваіх, і яві заўсёдную міласьць Тваю, каб нам ня згінуць. У каяньні вызнаем Цябе і, як некалі Давід, клічам: Зграшылі мы і сталіся нягоднымі Тваёй міласэрнасьці; але Ты, у дабрыні Тваёй і спагадлівасьці, яві нам Тваю ранейшую ласку, і пашкадуй людзей Тваіх, авечак статку Твайго. Молімся Табе: пачуй нас і зьмілуйся!

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Сьвятар: Выслухай нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх, што жывуць на зямлі, і тых, што далёка на моры, і будзь спагадлівы да нас, грэшных, і зьмілуйся над намі. Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Яшчэ і яшчэ, пакорна ўкленчыўшы, Госпаду памолімся.

Сьвятар: Госпадзе Божа наш, глянь ласкава з вышыні жыльля сьвятога Твайго на нас, грэшных і нягодных слугаў Тваіх, што беззаконьнямі сваімі ўгнявілі Тваю дабрыню, і цяпер молімся Табе. Не судзіся са слугамі Тваімі, але адхілі Твой страшны гнеў праведны ад нас, сунімі грозныя напасьці, пашкадуй бедных і няшчасных слугаў Тваіх, і не аддай сьмерці душы нашыя. У каяньні, са скрушлівым сэрцам і са сьлязьмі прыпадаем да Цябе, міласэрнага, спагадлівага і добарага Бога нашага.

Бо Ты Бог, які мілуе і збаўляе нас, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Мудрасьць.

Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў, і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыватворчага крыжа, малітвамі сьвятога ... (імя сьвятога дня і патрона царквы), і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.

Каментары: