Рахунак сумлення для дарослых
Ойча, стаю перад Табою, прагну ў Тваёй прысутнасці несці адказнасць за сваё жыццё. Хачу стаць у праўдзе, не хачу нічога хаваць ані перад Табою, ані перад сабою. Я хачу паглядзець у твар Твайго Сына, Які з’яўляецца для мяне Дарогай, Праўдай і Жыццём, хачу, каб Яго словы адкрылі для мяне маю няпраўду. Дай мне святло Твайго Духа, каб Ён адарыў мяне ласкаю пакаяння, і я рашуча адвярнуўся б ад здзейсненага мною зла, якое дапусціў, але пакорліва, у прастаце, прызнаў свае грахі перад Царквою; каб я выправіў усё, што з Тваёй дапамогай магу выправіць. Узмацні маю надзею, каб была нязломнаю мая рашучасць выправіцца. І правядзі мяне, Ойча, да Сябе, каб я праслаўляў Цябе на вякі вякоў. Амін.
БОГ - НАШ СТВАРАЛЬНІК І АЙЦЕЦ
Грахом з'яўляецца:
Нежаданне бачыць у Богу Айца, Які любіць нас; не давяраць Яму, застаючыся ў адчаі ці ў саманадзейнасці. Ствараць сабе вобраз Бога, не прымаючы да ўвагі вучэнне Хрыста, якое перадаецца Царквой.
Успрымаць Бога і рэлігію як другарадную і малаважную справу ў сваім жыцці.
Будаваць жыццё без Бога ці супраць Яго.
Адмаўляць праўды веры або грэбаваць імі.
Не выдзяляць часу для рэгулярнай малітвы; маліцца няўважліва, у спешцы, без культуры слова і паставы.
Не выконваць дадзеныя Богу абяцанні або прырачэнні.
Адрачыся ад веры ў Бога вусна, пісьмова ці ўчынкам. Саромецца сваёй веры або прыналежнасці да Царквы.
Прымаць удзел у атэістычных або антыцаркоўных арганізацыях; выступаць супраць веры або рэлігіі.
Верыць забабонным прыкметам, гараскопам, амулетам; пакланяцца ідалам, звяртацца да магіі, варажбы або іншых акультных практык.
Спакушаць Бога словам ці ўчынкам, адкідаючы Яго міласэрнасць і ўсемагутнасць.
Уваходзіць у храм у непрыстойнай або адкрытай вопратцы. Паводзіць сябе ў храме непрыстойна, перашкаджаць іншым у малітве, са здзекам ставіцца да таінстваў або іншых літургічных дзеянняў; абыходзіцца непачціва з асобамі, рэчамі ці месцамі, прысвечанымі Богу.
Не iмкнуцца да паглыблення сваіх рэлігійных ведаў, ігнаруючы Святое Пісанне, пропаведзі, рэлігійныя сустрэчы, часопісы, кнігі, царкоўныя дакументы.
Не развіваць сваё духоўнае жыццё, застаючыся пагружаным у засмучэнне, фармалізм або руціну. Быць абыякавым да стану сваёй душы, не прыслухоўваючыся да голасу свайго сумлення.
Блюзнерыць. Непаважліва або абразлівым чынам вымаўляць імя Госпада Бога, Ісуса Хрыста, Святога Духа, Найсвяцейшай Дзевы Марыі і святых.
Даваць ілжывую клятву.
У нядзелі і абавязковыя святы без сур'ёзнай прычыны не ўдзельнічаць у Святой Літургіі і не ўстрымлівацца ад такой працы і такіх спраў, якія перашкаджаюць належнаму шанаванню Бога, радасці, уласцівай Дню Гасподняму, і дастойнаму адпачынку духу і цела.
Навязваць іншым без сур'ёзнай патрэбы тое, што магло б перашкодзіць ім у захаванні Дня Гасподняга.
«Любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Мц 22,39)
СЯМ’Я
БАЦЬКОЎСКІ АБАВЯЗАК
Грахом з'яўляецца:
Не даглядаць належным чынам за нованароджаным дзіцём.
Не клапаціцца аб нармальным фізічным і духоўным развіцці дзіцяці; не вучыць дзяцей самаахвярнасці, разумнаму суджэнню, валоданню сабой, салідарнасці.
Не клапаціцца аб рэлігійным і маральным выхаванні дзяцей - словам і прыкладам; не вучыць іх малітве, выкананню Закона Божага. Не далучаць іх да жыцця Царквы праз таінствы хросту, Прычасця, споведзі і праз удзел у богаслужэннях, асабліва нядзельных і святочных.
Не ствараць у доме атмасферы ўзаемнай турботы, павагі, любові, бяспекі.
Не знаходзіць часу для дзяцей і не надаваць ім патрэбнай увагі.
Даваць дзецям дрэнны прыклад.
Не цікавіцца ў падлеткавы перыяд рэлігійным жыццём сваіх дзяцей, іх школьнымі справамі, колам іх сяброў, тым, як праводзяць свой вольны час, што чытаюць, глядзяць, чым займаюцца.
Быць суровым у патрабаваннях і пакараннях або быць бязвольным і паблажлівым да іх памылковых думак або ліхіх учынкаў, не прымаючы ў патрэбны час педагагічных рашэнняў.
Праклінаць дзяцей, звяртацца да іх з нягоднымі або абразлівымі словамі.
Не паважаць індывідуальнасць, асобу дзіцяці, не ўлічваць яго тэмперамент, здольнасці, пазітыўныя і негатыўныя рысы характару.
Прымушаць дзяцей да выбару прафесіі або абрання сужонка; прымушаць або перашкаджаць пры выбары духоўнага спосабу жыцця - святарства ці манаства.
Раіць ім развод або аборт; прымушаць іх да гэтага.
АБАВЯЗКІ ДЗЯЦЕЙ
Грахом з'яўляецца:
Быць няўдзячным да бацькоў, не паважаць іх.
У перыяд пражывання ў бацькоўскім доме, асабліва перад дасягненнем паўналецця, ставіцца да бацькоў з непаслухмянасцю.
Падманваць бацькоў, падымаць на іх руку, праклінаць іх ці зневажаць словам, жэстам ці ўчынкам.
Не аказваць бацькам маральную і матэрыяльную падтрымку ў гады іх старасці, падчас хваробы, адзіноты або нягод.
Самавольна прысвойваць сабе ці выманьваць падманам для сваёй асабістай карысці сямейную маёмасць без уліку патрэбаў астатніх членаў сям'і.
ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ
АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯНСКАЙ УЛАДЫ
Грахом з'яўляецца:
Не ўспрымаць ажыццяўленне ўлады як служэнне.
Загадваць або ўсталёўваць тое, што несумяшчальнае з чалавечай годнасцю і супярэчыць маральным законам.
Устанаўліваць правілы, якія выклікаюць супрацьпастаўленне асабістых інтарэсаў інтарэсам грамадскім.
Не паважаць асноўныя правы чалавека.
Ажыццяўляючы сваю ўладу, не служыць справе справядлівасці; не спрыяць агульнаму дабру і дабру канкрэтнага чалавека; не паважаць правы кожнага - сям'і, дзяцей, пажылых людзей, бедных, інвалідаў.
Злоўжываць сваім становішчам або перавышаць свае службовыя паўнамоцтвы.
АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯН
Грахом з'яўляецца:
Не рабіць свой унёсак у грамадскае дабро адпаведна сваім здольнасцям і магчымасцям.
Непадпарадкаванне законным уладам.
Пазбягаць выплаты падаткаў, не выкарыстоўваць свае выбарчыя правы, адмаўляць у абароне айчыны.
ПАВАГА ДА ЛЮДСКОГА ЖЫЦЦЯ
Грахом з'яўляецца:
Непасрэднае і наўмыснае забойства.
Бяздзейнасць з намерам ускосна выклікаць смерць чалавека.
Падвяргаць сябе або іншых смяротнай рызыцы без дастаткова важкай на тое прычыны, як і адмаўляць у дапамозе чалавеку, які знаходзіцца ў небяспецы.
Скончыць жыццё самагубствам.
Аборт - свядомае і наўмыснае забойства ненароджанага дзіцяці. Саўдзельнічаць у аборце - лекар, персанал, які дапамагае яму. Раіць аборт, згаджацца з ім ці прымушаць да яго.
Вырабляць людскія эмбрыёны, прызначаныя для выкарыстання як біялагічны матэрыял, якім можна свабодна распараджацца. Непаважлівыя маніпуляцыі з генетычным або храмасомным матэрыялам чалавека.
Эўтаназія - свядомае і наўмыснае забойства інваліда, хворага, пажылога ці паміраючага чалавека, каб такім чынам спыніць яго пакуты.
Не прызнаваць права чалавека на жыццё ад моманту зачацця да яго натуральнай смерці.
Спакушэнне - дзеянне або бяздзейнасць, якое вядзе іншага да здзяйснення граху.
Не клапаціцца разважліва пра сваё здароўе.
Усё ахвяраваць дзеля культу цела, ператвараць у куміры фізічную дасканаласць і спартыўныя дасягненні.
Злоўжываць ежай, алкаголем, тытунём, лекамі. У стане ап'янення або з-за празмернага захаплення хуткасцю ставіць пад пагрозу бяспеку іншых і сваю ўласную.
Ужыванне, нелегальная вытворчасць, кантрабанда і распаўсюджванне наркотыкаў.
Выкраданне і ўзяцце закладнікаў, тэрарызм, катаванні.
Свядомая і наўмысная ампутацыя, калечанне або стэрылізацыя нявінных людзей па-за медыцынскімі прадпісаннямі выключна тэрапеўтычнага характару.
Непаважлівае абыходжанне з целамі памерлых. Апаганьванне магіл. Крэмацыя - калі яна з'яўляецца выразам адмаўлення веры ва ўваскрашэнне цела.
Гнеў - жаданне помсты; жаданне забіць ці цяжка раніць іншага чалавека.
Свядомая нянавісць - жаданне блізкаму зла або сур'ёзнай бяды.
Адмова ў прабачэнні, нежаданне прымірыцца.
Гаварыць з людзьмі з фанабэрыстасцю, абражаць іх крыўднымі словамі, ігнараваць іх саміх або іх інтарэсы. Выкарыстоўваць нецэнзурныя словы, жэсты.
Злоўжываць даверам, дабрынёй або гасціннасцю іншых.
Не выкарыстанне даступных магчымасцяў, каб пазбегнуць вайны або забойства агрэсара.
Нелегальная вытворчасць, гандаль і распаўсюджванне зброі.
ЦНАТЛІВАСЦЬ
Грахом з'яўляецца:
Не прызнаваць аднолькавую годнасць мужчынскага і жаночага полу. Не прымаць сваю сэксуальную ідэнтычнасць.
Ставіцца з пагардай да цнатлівасці, дзявоцтва, цэлібату.
Даваць нагоду да спакусы нясціплым адзеннем, паводзінамі.
Звабліваць непаўналетніх.
Пажадлівасць - неўпарадкаванае жаданне або празмернасць эратычных задавальненняў. Імкнуцца да сэксуальнага задавальнення дзеля яго самога, па-за мэтай працягу роду і сужонскага яднання. Не ўтаймоўваць пажадлівыя пачуцці і ўяўленні; не адмаўляцца ад патурання нячыстым думкам або поглядам; не пазбягаць абставінаў, якія вядуць да парушэння цнатлівасці.
Мастурбацыя - свядомае ўзбуджэнне палавых органаў з мэтай атрымання эратычнай асалоды.
Блуд - плоцкая сувязь паміж свабоднымі мужчынам і жанчынай па-за шлюбным саюзам. Патрабаваць ці прапаноўваць сэксуальны акт як «доказ любові».
Парнаграфія - выняцце сэксуальнага акту, рэальнага або сімуляванага, з інтымнасці партнёраў з мэтай выставіць наўмысна іх на паказ іншым.
Прастытуцыя - дастаўленне эратычнага задавальнення за грошы.
Згвалтаванне - гвалтоўнае ўварванне ў сэксуальную інтымнасць чалавека.
Гомасэксуальныя адносіны паміж мужчынамі ці жанчынамі, якія адчуваюць сэксуальную цягу, выключную або пераважную, да асобаў аднаго з імі полу.
СУЖЭНСКАЯ ЛЮБОЎ
Грахом з'яўляецца:
Павярхоўна і легкадумна рыхтавацца да заключэння шлюбу.
Спроба заключыць шлюб, наўмысна ўтойваючы перад іншым сур'ёзныя факты, якія маглі б паўплываць на свабодную згоду або перашкодзіць сапраўднасці шлюбу: небяспечныя хваробы, бясплоднасць, прымус, юрыдычныя перашкоды і да т.п.
Жыць толькі ў грамадзянскім шлюбе, без царкоўнага вянчання.
Зневажаць сужонка фізічна або маральна. Паводзіць сябе эгаістычна.
Паводзіць сябе безадказна ў фінансавых пытаннях.
Выкарыстоўваць ці згаджацца з выкарыстаннем такіх дзеянняў або кантрацэптыўных сродкаў, мэтай якіх з'яўляецца зрабіць немагчымым зачацце.
Выкарыстанне сродкаў з абартыўным дзеяннем.
Непаважліва ставіцца да шматдзетнасці.
Без прычыны адмаўляцца ад інтымнага жыцця.
Пералюб - шлюбная нявернасць, здрада, калі чалавек, які знаходзіцца ў шлюбе, уступае ў палавыя адносіны не са сваім сужонкам.
Развод - самаўпэўненая спроба скасавання пагаднення, свабодна заключанага мужам і жонкай, якія абавязаліся жыць разам да самай смерці. (У пэўных выпадках дапускаецца раздзяленне мужа і жонкі пры захаванні ў сіле шлюбнага саюза).
Палігамія - шматжонства.
Кровазмяшэння (інцэст) - інтымныя адносіны паміж сваякамі.
«Свабодны саюз» - сужыццё мужчыны і жанчыны без заключэння шлюбу. Адмова ад шлюбу або нежаданне звязваць сябе доўгатрывалымі абавязкамі. Імітацыя шлюбнага жыцця «на пробу».
ЭКАНОМІКА І ЎЛАСНАСЦЬ
Грахом з'яўляецца:
Крадзеж - незаконнае прысваенне чужой уласнасці супраць разумнай волі яе гаспадара. Свядома не аддаваць пазычаныя ці знойдзеныя рэчы. Падманваць у гандлі. Плаціць занадта нізкі заробак; не выплачваць або затрымліваць заробак. Павышаць цэны, спекулюючы на недасведчанасці або няшчасцях іншых.
Карупцыя, якая змяняе дзеянні тых, хто павінен прымаць рашэнне згодна праву - прымаць ці прапаноўваць хабары.
Прысваенне і асабістае карыстанне сацыяльнай ўласнасцю прадпрыемства. Дрэнна выкананая праца. Падатковае махлярства. Нявыплата органам сацыяльнага страхавання ўстаноўленых законнай уладай адлічэнняў. Незаконнае пазбаўленне працоўнага месца. Падробка чэкаў і рахункаў.
Надмернае расходаванне грашовых сродкаў. Безгаспадарлівасць. Свядомае нанясенне шкоды прыватнай або грамадскай уласнасці. Павялічваючы прыбытак, не прымаць пад увагу карысць людзей. Карыстацца транспартнымі сродкамі без куплі квітка.
Невыкананне абяцанняў. Невыкананне ўмоў кантракта.
Адмова ў кампенсацыі за здзейсненую несправядлівасць - непакрыццё ўрону або невяртанне скрадзенага.
Азартныя гульні (гульня ў карты, казіно і да т.п.) - калі яны пазбаўляюць чалавека таго, што яму неабходна для задавальнення патрэбаў сваіх ці іншых, напр. сваёй сям'і. Несумленны заклад ці шулерства.
Паняволенне людзей. Гандаль людзьмі.
Нядбайна ставіцца да навакольнага асяроддзя і прыроды, наносячы шкоду экалогіі.
Жорстка ставіцца да жывёлаў. Марнаваць на іх сродкі, якія павінны былі б, перш за ўсё, палягчаць людскія пакуты. Ставіцца да жывёлаў з пачуццямі, прызначанымі толькі для людзей.
Не прыходзіць на дапамогу бліжняму ў яго цялесных патрэбах (накарміць галодных, прытуліць бяздомных, апрануць абадраных, наведаць хворых і зняволеных, пахаваць памерлых) і ў духоўных патрэбах (вучыць, раіць, суцяшаць, падтрымліваць, дараваць і праяўляць цярпенне).
Прагнасць - жаданне без меры прысвойваць зямныя даброты. Карысталюбства - празмерная цяга да багацця і магутнасці, якую яно дае.
Зайздрасць - засмучэнне, якое ўзнікае пры поглядзе на чужое дабро, і празмернае жаданне авалодаць ім.
ПАВАГА ДА ПРАЎДЫ
Грахом з'яўляецца:
Хлусня - гаварыць няпраўду з мэтай падману.
Ілжэсведчанне - гаварыць перад судом словы, якія не адпавядаюць праўдзе. Парушэнне клятвы - даваць ілжэсведчанне пад прысягай.
Непавага да рэпутацыі бліжняга. Неабгрунтаванае суджэнне - прызнаваць (хоць бы і моўчкі) без сур'ёзных на тое падстаў маральны недахоп бліжняга як такі, што сапраўды мае месца.
Абгавор - без аб'ектыўнай прычыны паведамляць людзям, якія нічога пра тое не ведаюць, пра недахопы і правіны іншых.
Паклёп - ілжывымі сцвярджэннямі наносіць шкоду рэпутацыі іншых, даючы нагоду для няправільнага пра іх суджэння.
Ліслівасць і дагаджальніцтва - словы або ўчынкі, якія падтрымліваюць ці ўмацоўваюць іншых у мудрагельстве іхніх дзеянняў і заганнасці іх паводзінаў.
Самахвальства.
Іронія - прыніжэнне рэпутацыі іншага пасродкам недабразычлівай насмешкі над яго паводзінамі.
Не паважаць веравызнанне іншых людзей.
Непакрыццё маральнай шкоды, нанесенай рэпутацыі і гонару чалавека.
Парушэнне таямніцы споведзі (таямніца споведзі не можа быць парушана ні ў якім разе. Абавязвае як святара, так і любога чалавека, які падслухаў споведзь). Падслухоўваць споведзь.
Парушэнне прафесійнай таямніцы, акрамя выключных выпадкаў, калі захаванне таямніцы пагражае небяспечнымі наступствамі, якіх можна пазбегнуць, толькі адкрыўшы праўду.
Абнародаванне канфідэнцыйнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іншым.
Адкрываць чужую карэспандэнцыю.
Непаважлівае ўмяшанне СМІ ў асабістыя справы прыватных асоб.
Перадача інфармацыі пры дапамозе СМІ: непраўдзівай, няпоўнай (пры незахаванні патрабаванняў справядлівасці і міласэрнасці), сабранай з парушэннем маральных законаў, законных правоў і годнасці чалавека.
ЦАРКВА
Грахом з'яўляецца:
На працягу года ні разу не прымаць таінстваў споведзі і Эўхарыстыі.
Не захоўваць прадпісаныя Царквой пасты і дні ўстрымання ад мясной ежы.
Не аказваць падтрымку Царкве ў яе матэрыяльных патрэбах - па меры сваіх магчымасцяў.
Адмовіцца ад сваёй прыналежнасці да Каталіцкай Царквы.
Грэбаваць хрысціянскімі каштоўнасцямі і традыцыяй Царквы.
Не цікавіцца жыццём сваёй парафіяльнай супольнасці.
АСАБІСТЫЯ ЯКАСЦІ
Грахом з'яўляецца:
Прапускаць магчымасці рабіць дабро.
Не карыстацца сваімі здольнасцямі і талентамі для свайго дабра або дабра іншых. Ленавацца выконваць свае абавязкі або выконваць іх нядобрасумленна.
Нежаданне ставіць перад сабой патрэбныя мэты і імкнуцца да іх выканання.
Дарэмна марнаваць вольны час.
Думаць толькі пра сябе, быць эгаістам.
ПАРАДАК СПОВЕДЗІ
Слава Ісусу Хрысту! (прывітанне)
Апошні раз на споведзі быў (была) …
Прызначаную пакуту выканаў (выканала). (Калі не выканана, то чаму?)
За гэты час зрабіў (зрабіла) наступныя грахі: (пералічы ўсе грахі, якія бачыш за сабой пасля праведзенага рахунку сумлення, а таксама тыя, якія, магчыма, не былі названыя на папярэдніх споведзях свядома ці праз забыццё).
Пасля вызнання грахоў святар дасць духоўныя настаўленні і прызначыць пакуту – пэўную малітву або пабожнае дзеянне, якое трэба выканаць чым хутчэй, або прынамсі да наступнай споведзі.
Калі святар чытае малітву разграшэння, можна ў думках, узбудзіўшы жаль за свае грахі, паўтараць малітву Ісусаву: Госпадзе, Ісусе Хрысце, Сыне Божы, змілуйся нада мною, грэшным.
Каментары: