Апостальскі нунцый узначаліў парафіяльнае святкаванне

Аўтар: а.Зміцер - .

Храмавае свята адсвяткавала парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. З нагоды ўрачыстасці 21 чэрвеня 2014 г. Святую Літургію ўзначаліў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджароцці. Разам з ім саслужылі архімандрыт Сяргей Гаек, апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі, і іншыя святары.

У сваім пастырскім слове арцыбіскуп Клаўдыё выказаў радасць ад сваёй прысутнасці ў грэка-каталіцкай супольнасці. Звярнуўшы ўвагу на Багародзіцу, якую сёння парафіяне ўшаноўвалі ў яе іконе Маці Божай Нястомнай Дапамогі, арцыбіскуп заўважыў, што мы ўшаноўваем яе не на троне славы, а ля падножжа Крыжа яе Сына, дзе Ісус аддае яе свайму вучню Яну за маці. Ад пачатку хрысціяне разглядалі Багародзіцу як сімвал Царквы, і, стоячы каля Крыжа, яна ўчыняе акт даверы Хрысту, што памірае дзеля збаўлення ўсіх. Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што, падобна да Багародзіцы, Грэка-Каталіцкая Царква таксама на працягу гісторыі чэрпае сілы, гледзячы на Хрыстовы Крыж. Гэтыя сілы патрэбныя для спаўнення Божай волі, якая жадае ад людзей еднасці, міру і згоды.

Пасля Літургіі і малітвы перад іконай Маці Божай Нястомнай Дапамогі парафіянаў і гасцей свята прывітаў сваімі спевамі каталіцкі гурт “Laudans”. Святкаванні завершыліся супольнай агапай на падвор’і парафіяльнага цэнтру.

 

Каментары: