Гісторыя іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі

Аўтар: а.Зміцер - .

1. Купец, які выкраў Найсвяцейшую Дзеву

01Сярэднявечная легенда апавядае пра нейкага купца, які скраў цудоўны абраз у адной з цэркваў вострава Крыт. Купец схаваў ікону сярод сваіх рэчаў і сеў на карабель, які плыў на Захад. Божы Провід і апека Найсвяцейшай Багародзіцы захавалі судна ў раптоўным шторме, і яно шчасліва дабралася ў порт прызначэння. Праз год купец разам з выкрадзенай іконай апынуўся ў Рыме.

Цяжка захварэўшы, ён быў вымушаны шукаць прытулку ў доме свайго сябра, а ў гадзіну смерці адкрыў яму таямніцу сваёй іконы і папрасіў, каб той змясціў яе ў якой-небудзь царкве. Сябар купца абяцаў выканаць гэтае пажаданне, але з-за таго, што яго жонка не хацела расставацца з такім цудоўным абразом, ён памёр, так і не выканаўшы абяцанне. Аднак Маці Божая з’явілася яго дачцэ, шасцігадовай дзяўчынцы, і пажадала, каб ікону Маці Божай Нястомнай Дапамогі змясцілі ў прысвечанай св. апосталу Мацвею царкве, якая стаяла паміж базылікамі Санта-Марыя-Маджорэ і св. Яна на Латэранскім узгорку.

Згодна з паданнем, дзяўчынка пераказала просьбу Дзевы сваёй маме, і тая, «доўга сумняваючыся і ўпарцячыся, усё ж 27 сакавіка 1499 года аддала ікону манахам, якія служылі ў царкве св. Мацвея Апостала». У гэтым храме ікона шанавалася на працягу наступных 300 гадоў. Так пачаўся другі этап яе гісторыі, а набажэнства ў гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі стала распаўсюджвацца па ўсім Рыме.

2. Тры стагоддзі гісторыі ў царкве св. Мацвея

02Царква св. Мацвея была невялікая, але валодала нейкім асаблівым скарбам, які прывабліваў мноства вернікаў - іконай Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

З 1739 года царква і прылеглы манастыр былі давераны клопатам ірландскіх манахаў-аўгустынцаў, якія былі несправядліва выгнаныя з уласнай краіны і заснавалі ў Рыме сваю семінарыю. Так маладыя студэнты, рыхтуючыся да святарства, апостальства і мучаніцтва, знайшлі прытулак і спакой пад покрывам Нястомнай Дапамогі.

У 1798 годзе да Рыма дакацілася вайна і прынесла з сабой амаль поўнае разбурэнне царквы і манастыра. Некаторыя аўгустынцы заставаліся ў ім яшчэ некалькі гадоў, але потым былі вымушаныя разысціся: адны вярнуліся ў Ірландыю, іншыя з'ехалі ў створаныя ў Амерыцы новыя місіянерскія дамы. А большасць з іх у гэты час перабраліся ў суседні манастыр. У 1819 годзе яны прынялі пад сваю апеку пабудаваную над Тыбрам царкву Санта-Марыя-ін-Пастэрула. Туды яны ўзялі з сабой ікону Багародзіцы з царквы св. Мацвея. Але паколькі ў новапрынятай царкве шанаваўся абраз Божай Маці Міласэрнай, гэтую ікону яны размясцілі ва ўнутранай капліцы манастыра, дзе яна і знаходзілася, закінутая і забытая ўсімі, за выключэннем брата Аўгустына Арсэцці, маладога манаха, які перад тым служыў у царкве св. Мацвея. Так пачаўся трэці этап у гісторыі іконы: этап забыцця.

3. Стары манах і малады міністрант

Праходзілі гады, і здавалася, што ікона, выратаваная ад апусташэння вайны, якая разбурыла храм св. Мацвея, не зможа выратавацца ад забыцця. Адзін малады міністрант, Мікеле Маркі, які часта наведваў царкву Санта-Марыя-ін-Пастэрула, пасябраваў з братам Аўгустынам. Праз гады, стаўшы святаром, ён пісаў: “У 1850-1851 гадах гэты добры брат (да таго часу ўжо амаль зусім сляпы) часта з настальгіяй і ў духу глыбокай таямнічасці прамаўляў такія словы:

04"Ты павінен ведаць, дарагі Мікеле, што абраз Дзевы з царквы св. Мацвея - гэта той, што наверсе, у капліцы. Не забывай пра гэта ... Зразумеў? Гэта цудатворны абраз!» Пра дастаслаўны абраз «Дзевы з царквы св. Мацвея», называным таксама «Нястомнай Дапамогай», я магу сказаць, што гэта той самы абраз, які я з дзяцінства і да самага ўступлення ў Кангрэгацыю рэдэмптарыстаў увесь час бачыў над алтаром манастырскай капліцы аўгустынцаў ірландскай правінцыі ў Санта-Марыя-ін-Пастэрула (...), без усялякага ўшанавання, без упрыгожванняў, без хоць нейкі лампады, якая асвятляла б яго (...); ён заставаўся там, пакрыты пылам і цалкам закінуты. Шмат разоў я прыслугоўваў там на Імшы і прыглядаўся да абраза з вялікай пашанай”.

Брат Аўгустын памёр ў 1853 годзе ва ўзросце 86 гадоў, так і не ажыццявіўшы свайго імкнення: каб Дзева Нястомнай Дапамогі зноў была усеагульна шанаваная. Яго малітва і бязмежнае спадзяванне на Марыю, здавалася, заставаліся без адказу.

4. Адшуканне іконы

У студзені 1855 года рэдэмптарысты, якія да таго часу распаўсюдзілі сваю прысутнасць на Заходнюю Еўропу і Паўночную Амерыку, набылі ў Рыме рэзідэнцыю пад назвай «Віла Казерта», каб пераўтварыць яе ў галоўны дом сваёй місіянерскай кангрэгацыі.

На тэрыторыі гэтага маёнтка як раз знаходзіліся руіны царквы св. Мацвея. Не ведаючы пра гэта, рэдэмптарысты купілі ўчастак на Латэране паміж базілікамі Санта-Марыя-Маджорэ і св. Яна, які за шмат гадоў да гэтага быў абраны Найсвяцейшай Маці для свайго санктуарыя.

Тут пачалося будаўніцтва царквы, прысвечанай св. Альфонсу Лігуоры, заснавальніку Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў. Ужо 24 снежня таго ж года група юнакоў пачала тут свой навіцыят. Адным з іх быў Мікеле Маркі. Рэдэмптарысты цікавіліся гісторыяй свайго новага валодання і ўзрадаваліся, калі 7 лютага 1863 года езуіцкі прапаведнік а. Франчэска Блозі згадаў пра «зніклую ікону з царквы св. Мацвея на Віа Мерулана, шанаваную пад імем Дзевы са св. Мацвея або Нястомнай Дапамогі».

Іншым разам летапісец рэдэмптарысцкай супольнасці св. Альфонса, «шукаючы звесткі ў кнігах аўтараў, якія расказвалі пра рымскія помнікі хрысціянскай даўніны, натрапіў на некаторыя звесткі, якія тычыліся царквы св. Мацвея». Па некаторых дадзеных, у гэтай царкве (якая стаяла менавіта там, дзе размяшчаўся манастырскі сад) знаходзілася старажытная ікона Маці Божай, аточаная «вялікім шанаваннем і вядомая шматлікімі цудамі». Таму летапісец, «распавёўшы пра гэтае адкрыццё сваім субратам, прыступіў да пошукаў цудатворнай іконы. Тады ж згаданы айцец Маркі прыгадаў тое, што чуў некалі ад брата Аўгустына Арсэцці, і прызнаўся субратам, што бачыў гэтую ікону шмат разоў і добра ведае, дзе яна знаходзіцца».

5. Перадача іконы рэдэмптарыстам

03Успаміны а. Маркі выклікалі вялікую цікавасць рэдэмптарыстаў, і яны захацелі пазнаёміцца з іконай бліжэй і мець яе ў сваёй царкве. Генеральны настаяцель а. Мікалай Маурон падаў Папу Пію IX петыцыю, у якой прасіў змясціць ікону Нястомнай Дапамогі ў царкве рэдэмптарыстаў, пабудаванай на Віа-Мерулана паміж базілікамі Санта-Марыя-Маджорэ і св. Яна на Латэране, непадалёк ад таго месца, дзе некалі ўзвышалася царква св. Мацвея. Папа выказаў сваю згоду і на звароце петыцыі напісаў:

«11 снежня 1865 г. Няхай кардынал прэфект Прапаганды паведаміць настаяцелю супольнасці Санта-Марыя-ін-Пастэрула, што мы жадаем, каб ікона Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пра якую гаворыцца ў гэтай петыцыі, была зноў змешчана паміж базілікай св. Яна на Латэране і базілікай Маці Божай Вялікай; рэдэмптарысты ж, са свайго боку, абавязваюцца даць настаяцелю наўзамен іншы, раўнацэнны, абраз».

Згодна з паданнем, пры гэтым папа Пій IX сказаў: «Зрабіце так, каб гэтую ікону ведалі ва ўсім свеце». У студзені 1866 года ў царкву Санта-Марыя-ін-Пастэрула адправіўся а. Мікеле Маркі (які меў, як гістарычны сведка, пачэснае права), каб узяць у аўгустынцаў ікону. Затым польскі жывапісец Леапольд Навотны адрэстаўраваў ікону і 26 красавіка 1866 года яна была зноў выстаўлена на ўсеагульнае ўшанаванне ў царкве св. Альфонса.

Так пачаўся чацвёрты этап гісторыі іконы: яе распаўсюджванне па ўсім свеце.

6. Апошняе абнаўленне іконы

mbnpУ кастрычніку 1990 года ікону знялі з алтара, каб зрабіць новыя фотаздымкі, пра якія прасілі з усіх канцоў свету. Пры гэтым былі заўважаныя значныя пашкоджанні дошкі і фарбы, выкліканыя забруджаннем навакольнага асяроддзя і тэмпературнымі ваганнямі, а таксама памылкамі ў папярэдніх абнаўленнях. Генеральная рада Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў пастанавіла скарыстацца паслугамі Музеяў Ватыкана, каб правесці поўную рэстаўрацыю іконы, якая з-за рассыхання дошак і дзейнасці мікраарганізмаў была блізкая да поўная знішчэння.

Першая частка працы заключалася ў радыёграфічных даследаваннях: рэфлектаграфія ў інфрачырвоных промнях, якасны і колькасны аналіз выявы, экстрактаграфія, здымкі ў інфрачырвоных і ультрафіялетавых промнях. У выніку аналізу (у асаблівасці радыёвугляродным метадам) было вызначана, што ўзрост дошак іконы вельмі вялікі (паміж 1325 і 1480 гадамі).

Другі этап аднаўлення заключаўся ў непасрэднай працы над іконай: запаўненне расколін і чарвяточын у дрэве, расчыстка і дапаўненне фарбавага пласта, умацаванне канструкцыі і г. д. Пры гэтым імкнуліся як мага менш умешвацца ў структуру іконы, разумеючы, што любая рэстаўрацыя, як і хірургічнае ўмяшанне, наносіць пэўны ўрон. Аналіз фарбаў дазволіў вызначыць час стварэння выявы - не раней XVII стагоддзя. Гэта тлумачыць, чаму на іконе сінтэтычна злучаюцца ўсходнія і заходнія элементы, у прыватнасці на тварах.

Каментары: