Святы Альфонс Лігуоры (1696 - 1787)

- . Апублікавана ў Святыя і блаславёныя

Альфонс Марыя дэ Лігуоры нарадзіўся 27 верасня 1696 г. у мястэчку Марыянэлі недалёка ад Неапаля. Ён быў першым дзіцём досыць вялікай арыстакратычнай сям'і. Хлопец быў інтэлектуальна вельмі адораным: у 16-гадовым узросце атрымаў двайны дактарат з грамадзянскага і кананічнага права і стаў адным з самых вядомых адвакатаў Неапаля. Быў у яго і вялікі мастацкі талент: Альфонс быў паэтам, музыкам, архітэктарам і жывапісцам. Аднак нечакана прайграўшы адну справу і расчараваўшыся ва ўсёй прававой сістэме, ён убачыў свет такім, якім ён ёсць, і вырашыў карэнным чынам змяніць свой лад жыцця.

Стаўшы святаром у 1726 годзе, Альфонс вырашыў прысвяціць сваё служэнне нізам неапальскага грамадства - людзям, якія апынуліся на ўзбочыне як сацыяльнага, так і царкоўнага жыцця. Менавіта дзеля іх ён арганізаваў так званыя "вячэрнія капліцы". У 1732 г. Альфонс далучыў да евангелізацыі сярод найбольш занядбаных людзей групу сьвятароў - так з'явілася Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля.

Акрамя кіраўніцтва Кангрэгацыі, Альфонс цэлых трынаццаць гадоў плённа служыў Царквы як біскуп. 1 жніўня 1787 г. Альфонс Марыя дэ Лігуоры памёр ва ўзросце 91 года.

Быў кананізаваны ў 1839 г., у 1871 г. быў вызнаны Настаўнікам Царквы, а ў 1950 г. - святым апекуном спаведнікоў і маралістаў.

Сям'я Лігуоры

Alfonsiana001Лігуоры жылі ў Неапалі. Дон Джузэпа, камандор каралеўскага флота, быў чалавекам моцнага характару і глыбокай набожнасці. Яго жонка Ганна Каваллеры, маці Альфонса, была вядомая сваёй дабрынёй і лагоднасцю. Як гэта звычайна бывае, бацькі марылі пра будучыню сваіх дзяцей, і пра Альфонса гэтыя мары былі асабліва амбіцыйнымі. Як старэйшы сын, ён быў спадчыннікам маёнтка, і таму бацькі асабліва ім займаліся. Альфонс вучыўся дома пад наглядам лепшых настаўнікаў, нямала высілкаў было прыкладзена і для развіцця яго мастацкіх талентаў. Альфонс таксама аддана шанаваў Святыя Тайны і Маці Божую, быў членам араторыю св. Піліпа Неры.

Ва ўзросце 16 гадоў Альфонс атрымаў двайны дактарат па праву, а ў 18 гадоў стаў практыкуючым адвакатам. За восем гадоў ён не прайграў ніводнай справы. Усё ішло выдатна, менавіта так, як пра гэта марыў бацька Альфонса: суды былі для юнака яго жыццём, а ён - гонарам і дзівам судоў. Але аднойчы ён узяўся за маёмасную справу паміж двума графамі, дзе мова ішла аб вялікай суме грошай, і з прычыны карумпаванасці суда прайграў гэтую справу. Усе мары Альфонса маментальна развеяліся. Тры дні ён сядзеў, замкнуўшыся ў сваім пакоі, зноў і зноў з горыччу успамінаючы ход злашчаснай справы. Увесь гэты час Альфонс нічога не еў, не звяртаў увагу нават на занепакоенасць маці. Гэтыя тры дні ўнеслі ў яго жыццё вялікую перамену. Нарэшце, выйшаўшы са свайго пакоя, Альфонс усклікнуў: "Свет! Цяпер я цябе пазнаў! Бывайце, суды! Больш вы мяне не ўбачыце!"

Alfonsiana006Яшчэ раней, калі Альфонс дапамагаў хворым у шпіталі невылечных, Госпад клікаў яго да новага апасталату. Цяпер, прыняўшы канчатковае рашэнне, Альфонс пайшоў у царкву Маці Божай Выкупу Нявольнікаў і склаў на алтар сваю шпагу - знак прыналежнасці да дваранства. Бацьку Альфонс сказаў: "Суды - пройдзены этап майго жыцця". Нягледзячы на ўгаворы бацькі, юнак вырашыў стаць святаром, і 21 снежня 1726 г. быў высвечаны на святара. Альфонс стаў адным з прыкладна дзесяці тысяч неапалітанскіх святароў - але святаром асаблівым, святаром, які меў асаблівую мэту.

Альфонс яшчэ ад сваіх юных гадоў выяўляў асаблівы клопат пра матэрыяльна і духоўна бедных людзей. Ён быў чальцом некалькіх таварыстваў, якія займаліся такімі людзьмі. Напрыклад, адно з таварыстваў, да якога належаў Альфонс, ставіла сваёй мэтай падзяліцца верай з асуджанымі на смерць: чальцы таварыства не толькі наведвалі смяротнікаў ў зняволенні, але і суправаджалі іх да месца пакарання смерцю і арганізоўвалі пахаванне. Як член брацтва Дактароў Альфонс займаўся хворымі ў шпіталі невылечных. Але асаблівую ўвагу ён звяртаў на прадстаўнікоў нізоў грамадства - так званых "лазароні" - людзей вуліцы, якія жылі з жабрацтва. Каб знайсці шлях да іх душаў, Альфонс арганізаваў "вячэрнія капліцы", якія ўвайшлі ў гісторыю як адно з вялікіх пастаральных пачынанняў XVIII стагоддзя. Альфонс марыў таксама аб місіі ў нехрысціянскіх краінах: ён паступіў у Кітайскую калегію, якая рыхтавала місіянераў для Кітая. Праўда, гэтая мара так і не ажыццявілася, але жаданне працаваць у замежных місіях засталося ў яго на ўсё жыццё.

Альфонс знаходзіць сваё сапраўднае пакліканне

Alfonsiana012Пасля некалькіх гадоў напружанай апостальскай працы Альфонс захварэў, і лекар загадаў яму адпачыць. У 1732 г. Альфонс разам з некалькімі сябрамі едзе адпачыць у Санта Марыя дэі Монці, добрае месца непадалёк ад Скалі. Там жылі бедныя і грубыя людзі, далёкія ад грамадства і Царквы. Альфонс здолеў ўсталяваць кантакт з некаторымі з іх і пачаў евангелізаваць: адпачынак ператварыўся ў яшчэ адну місію. Біскуп Скалі прапанаваў Альфонсу прапаведаваць у мясцовай катэдральнай царкве. Сёстры з манастыра, размешчанага паблізу, таксама прасілі Альфонса падзяліцца з імі хлебам Божага Слова. Альфонс павінен быў вяртацца ў Неапаль, таму што яго "адпачынак" скончыўся, але вяртаўся ён зусім новым чалавекам. У гарах яго чакалі аблудныя авечкі. З імі Альфонс пакінуў сваё сэрца і ўвесь час думаў, хто ж стане для іх добрым пастырам. Убачыўшы патрэбу гэтых людзей, Альфонс цяпер толькі маліў Бога дапамагчы ім.

Новы заклік ад Бога

У Скале сястры Марыі Чалесце Крастарозе было адкрыццё, згодна з якім Альфонс павінен быў сабраць вакол сябе групу місіянераў, каб разам прапаведаваць Слова Божае. Альфонс доўга вагаўся, лічыць адкрыццё сапраўдным ці толькі ілюзіяй. Яго духоўны кіраўнік наогул раіў не звяртаць на гэта занадта шмат увагі і працягваць сваю звычайную працу, таму Альфонс разам з некалькімі таварышамі зноў адправіўся праводзіць місіі.

Аднак па вяртанні ў Неапаль адбылася вялікая змена. Цяпер духоўны кіраўнік не вагаючыся сказаў: "Гэта Божы знак!" Альфонс звяртаўся па параду і да іншых вучоных i разумных людзей, але ўсе яны ў адзін голас казалі: "Павінен ісці!" Таму, ахвяраваўшы жыццём у Неапалі для Хрыста, Альфонс вырашыў правесці астатак сваіх дзён сярод бедных пастухоў. Гэта было нялёгка: шмат сяброў і сваякоў выступалі супраць яго намеру. Неапаль не хацеў адпускаць Альфонса, бо ён быў сапраўды незаменным у евангелізацыі бедных. "Хіба бедных не хапае ў Неапалі?" І ўсё ж Альфонс не паддаўся на ўгаворы і ажыццявіў свой ​​намер.

Бывай, Неапаль!

stemmacolor12 лістапад 1732 года Альфонс кінуў усё і пайшоў за Божым заклікам. Верхам на асле, у суправаджэнні двух таварышаў ён пакінуў горад, сяброў, мары пра славу і поспех. “Дух Госпада нада Мною; таму Мяне намасьціў, каб вясціў Евангелле ўбогім" (Лк. 4, 18).

Прыбыўшы ў Скаля, Альфонс адразу пачаў рэкалекцыі, сустрэчы, малітвы і гутаркі. Місія хутка развівалася, і 9 лістапада 1732 г. было афіцыйна арганізавана новая місіянерская супольнасць - Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля. На гербе Кангрэгацыі - тры гары, крыж, сімвалы Пакутаў Госпада, літары І і М (Ісус і Марыя), а ўнізе надпіс: "Copiosa apud Eum Redemptio" ("Шчодрае адкупленне ў Яго").

Евангелізацыя бедных

Alfonsiana007Новая евангелізацыйная група? Але навошта? Бо ў Неапалі і так шмат розных кангрэгацый! Над гэтымі пытаннямі не раз думаў і сам Альфонс. І заўсёды былі людзі, якія заставаліся па-за ўвагай, бо былі ўбогія, неадукаваныя, якія не ведалі нічога, акрамя сваіх козаў і авечак. Гэта былі людзі, праца з якімі - ахвяра, а ўзнагарода за працу - толькі клопаты і выдаткі. Кангрэгацыя, што сабралася ў імя Найсвяцейшага Адкупіцеля, была як раз для такіх людзей перш за ўсё таму, што яго члены былі заўсёды побач з пакінутымі, больш за тое - жылі сярод іх. Жыллё місіянераў было размешчанае не ў цэнтры Неапалю, а як мага бліжэй да трушчобаў, каб місіянеры маглі ў любы час прыйсці да бедных людзей, а людзі - ўдзельнічаць у жыцці місіянерскай супольнасці. Людзі маглі ісці ў царкве місіянераў, наведваць іх дома, разам з імі адбываць духоўныя практыкаванні. Супольнасць сама стала часткай бесперапыннай місіі. Так рэдэмптарысты бралі прыклад з Хрыста, Які прыйшоў, каб жыць сярод нас.

Сімвал супярэчнасці

Альфонс стаў сімвалам супярэчнасці перш за ўсё для тагачаснай Царквы, якая пакінула беднякоў з сельскай мясцовасці на волю лёсу. Выступаў ён і супраць рыгарыстычнай ментальнасці, якая рабіла акцэнт на пакаранні за грахі: Альфонс перанёс галоўную ўвагу на любоў і прабачэнне. "Бог любіць нас" - вось матыў ўсяго жыцця Альфонса. Божая любоў, якая выяўляецца ў Божай міласэрнасці ў адносінах да нас, чакае адказу: адчуваючы любоў Бога да нас, мы самі імкнемся любіць Яго. Асаблівай праявай міласэрнай любові Божай ёсць таінства споведзі. Усё жыццё Альфонса стала нібы адлюстраваннем гэтай таямніцы: ён умеў выслухоўваць, як сябар - адкрыта і з любоўю. Па яго ўласных словах, спавядальнік павінен быць "поўным любові і салодкім, як мёд". Нездарма ў 1950 годзе Папа Пій XII абвясціў Альфонса патронам маральных багасловаў і спаведнікоў, а галоўная місія Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў і дагэтуль полягяе ў абвяшчэнні вяршэнства любові і міласэрнасці.

Вялікі пісьменнік

Alfonsiana027Альфонс быў сапраўдным майстрам пяра: ён пакінуў пасля сябе больш за 100 кніг. У яго часы сярод святароў панаваў маральны рыгарызм, і многія з іх трактавалі рэлігію як нешта элітарнае, дзе недапушчальныя характэрныя для простага народа пачуцці і праявы адданасці. Альфонс і тут ішоў супраць плыні: ён спрабаваў паказаць, якім ёсць Бог. Менавіта таму ён пісаў пераважна кнігі для простых людзей. Для святароў Альфонс стварыў падручнік маральнай тэалогіі, дзе ўвёў новы падыход да маралі - маральнасць любові і міласэрнасці.

У сваёй кнізе "Слава Марыі" Альфонс распавядае пра дабрыню Божай Маці. Сярод яго вядомых кніг таксама "Практыка любові да Бога" і "Наведванне Святых Тайнаў". Шмат пісаў ён і пра таямніцы ўцелаўлення, пакутаў і смерці Хрыста. Альфонс пісаў кнігі для ўсіх: як для манахаў, так і свецкіх, але больш намаганняў ён засяродзіў на тэме евангелізацыі ўбогіх, бо менавіта служэнню ім Альфонс прысвяціў усё сваё жыццё. Яго творы ў вялікай ступені фармавалі ўсё тагачаснае рэлігійнае мысленне. У вобласці рэлігійнай літаратуры Альфонс лічыцца лепшым італьянскім аўтарам XVIII ст.

Біскуп-рэфарматар

Alfonsiana037У 1762 г. Альфонс стаў біскупам, яму было тады 66 гадоў. Хоць ён і спрабаваў адмовіцца ад біскупства, спасылаючыся на слабое здароўе, папскі нунцый быў непахітны: "Альфонс Лігуоры можа кіраваць дыяцэзіяй са свайго кабінета лепшы за многіх маладых здаровых біскупаў". За 13 гадоў, што Альфонс быў біскупам дыяцэзіі св. Агаты Гоцкай, ён выявіў незвычайную працаздольнасць: аднавіў семінарыю, арганізаваў місіі па ўсёй епархіі, правёў перападрыхтоўку святароў, і, што самае важнае, звярнуў увагу на ўбогіх і заклікаў сваіх вернікаў стаць на іх абарону.

У 1775 г. Альфонс спыніў біскупскую працу і вярнуўся да сваёй Кангрэгацыі, дзе працягваў сваю дзейнасць духоўнага настаўніка і пісьменніка, увесь вольны час аддаючы гарачай малітве. Апоўдні 1 жніўня 1787 г. Альфонс памёр у атачэнні сваіх субратоў. Ён адышоў, але застаўся плод яго вялікай працы для Бога - Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля, якая тады налічвала 183 члены.

Паслядоўнікі Альфонса

Alfonsiana048Пасля смерці Альфонса яго мара жыла ў сэрцах яго паслядоўнікаў. Рэдэмптарысты распаўсюдзіліся па ўсім свеце, перш за ўсё дзякуючы св. Кліменту Марыі Гофбауэру - першаму неітальянцу, які ўступіў у Кангрэгацыю. Праз рэдэмптарыстаў Адкупіцель улівае новае жыццё і новую надзею ў сэрцы тых людзей, якія значаць найменш для гэтага свету, якія "найбольш пакінутыя". Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля - гэта месца, дзе праходзіць вечная місія Хрыста: "Я пасланы абвяшчаць Евангелле ўбогім".

Дзе мы цяпер? Амаль у васьмідзесяці краінах. Мы - людзі з рознымі мовамі і культурамі, але нешта нас аб'ядноўвае: гэта - евангелізацыя духоўна пакінутых людзей.

Каментары: