Блаславёны Мікалай Чарнецкі (1884-1959)
ХХ стагоддзе - час нараджэння візантыйскай галіны Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў. Прыйшоўшы на ўкраінскія землі, бельгійскія рэдэмптарысты змаглі стаць часткай народа, змаглі ўліцца ў яго культуру, ментальнасць, і, што самае важнае, у яго ўсходнюю духоўнасць. Палаючы духам за Госпада сіл, яны вялі за сабой тых, якія чулі ў сваім сэрцы Хрыстоў голас: "Ідзіце і навучыце ўсе народы." (Мц. 28, 19). Сярод першых сыноў ўкраінскай зямлі, што вырашылі ісці і выконваць волю свайго Збавіцеля, быў вялікі муж святога жыцця - блаславёны біскуп Мікалай Чарнецкі.
Мікалай Чарнецкі нарадзіўся 14 снежні 1884 г. ў заходнеўкраінскім сяле Семакоўцы. Бацькі яго, Аляксандр і Параскева, былі простымі сялянамі, якія жылі і працавалі пры парафіі а. Каратніцкага, які апекаваўся іх шматдзетнай сям'ёй. Малы Мікалай рос у духоўнай атмасферы і быў старэйшым дзіцём у сям'і, дзе, акрамя яго, было яшчэ восем дзяцей. Пачатковую адукацыю і сярэднія класы скончыў у с. Тлумач і паступіў у гімназію св. Мікалая ў Станіславове (сёння Івана-Франкоўск). У гімназіі Мікалай вызначаўся вялікай пільнасцю і дабрынёй - Святы Дух дзейнічаў у той душы, якая заўсёды была адкрытая на Яго натхненне і Яму паслухмяная.
Не толькі высакароднасць характару Мікалая, але і яго глыбокае рэлігійнае жыццё заахвочвалі таварышаў да наследавання. Таварыш Мікалая Чарнецкага а. Афанасій Тымкіў так характарызуе яго з часоў сумеснай вучобы ў гімназіі: "Перш за ўсё вылучаўся пабожнасцю: шмат маліўся, часта хадзіў да споведзі і Св. Прычасця. Шмат чытаў рэлігійных кніг. Я ніколі не бачыў яго гнеўным - заўсёды быў лагодны ў словах і паводзінах. Нядзіўна, што мы, таварышы, яго паважалі і любілі. Ды не толькі таварышы, але таксама прафесары. Можна сказаць, што ён быў упрыгожваннем бурсы".
Пакліканне Чарнецкага да духоўнага стану выспявала ўжо ў юнацкім узросце. Неўзабаве ён заявіў пра сваё жаданне прысвяціць сябе Богу як святар і паступіў у духоўную семінарыю ў Станіславове. Пры падтрымцы біскупа Рыгора Хамішына (які таксама прылічаны да ліку блаславёных пакутнікаў і вызнаўцаў веры) у 1903 г. Мікалай едзе на вучобу ў Рым, дзе на працягу шасці гадоў вывучае філасофію і багаслоўе ва Ўкраінскай Калегіі. Падчас візіту ва Ўкраіну 2 кастрычніка 1909 г. Рыгор Хамішын высвеціў Мікалая ў святары. Пасля прыміцыі ён вяртаецца ў Рым, каб працягнуць навучанне. Скончыўшы сваю адукацыю ў Рыме, атрымаў ступень доктара багаслоўя.
Увосень 1910 г. Чарнецкі вяртаецца ў Станіславоў і становіцца прафесарам філасофіі і фундаментальнай дагматыкі. Адначасова выконвае функцыі духоўніка семінарыі, рупліва працуючы над асвячэннем сваім і давераных яго апецы душ. У семінарыі ён з'яўляецца ўзорам пакоры і аскезы, а таксама вялікай ахвярнай любові да семінарыстаў і выкладчыкаў.
Свае словы а. Мікалай змацоўваў прыкладам уласнага жыцця. Яго набожнасць прамаўляла гучней, чым усе парады ў разважанні, якія ён даваў семінарыстам кожны вечар. Таму нядзіўна, што ўсе лічылі яго "божым чалавекам". Дух малітвы і аскезы а. Мікалая ствараў у семінарыі атмасферу надпрыроднага жыцця. Як успамінае а. Афанасій Тымкіў, а. Чарнецкі вылучаўся глыбокай эўхарыстычнай пабожнасцю, "доўга рабіў падзяку пасля Прычасця, адбываў адарацыйныя гадзіны, жыў Найсвяцейшай Эўхарыстыяй".
Аднак сэрца а. Мікалая ірвалася да манаскага жыцця. У пачатку 1918 г. два манахі Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў а. Ёзаф Схрэйверс і а. Ёзаф Бала наведалі семінарыю. Чарнецкі раней ужо чуў пра рэдэмптарыстаў, але не меў магчымасці бліжэй з імі пазнаёміцца. Даведаўшыся пра харызму, ён вырашае ўступіць у гэтую Кагрэгацыю, якая толькі разгортвала сваю дзейнасць у Галічыне. Уладыка Хамішын з цяжкім сэрцам адпускаў а. Мікалая, кажучы: "Так лепшыя мяне пакідаюць!" У кастрычніку 1919 г. а. Чарнецкі ўступае ў навіцыят айцоў-рэдэмптарыстаў у Збоісках паблізу Львова, а праз год, 16 кастрычніка 1920 года, складае свае першыя манаскія абеты. А. Стэфан Бахталоўскі ўспамінае: "Новікаў было шмат. Усіх іх будаваў і падбадзёрваў сваім прыкладам а. Чарнецкі. Ён радасна выконваў усе абавязкі, нават такія, якія не меў абавязку выконваць. Усё тое выконваў цалкам прыродна, без найменшага следу самахвальства. Нічым не адрозніваўся ад іншых, хіба большай рэўнасцю і пакорай".
Імкнучыся працаваць для аб’яднання хрысціянаў і духоўна занядбаных людзей, у 1926 г. айцы-рэдэмптарысты Львоўскай правінцыі адкрываюць у горадзе Ковелі на Валыні свой місіянерскі цэнтр. Як дбайны місіянер, туды быў пасланы а. Чарнецкі. Неўзабаве ён здабыў вялікую павагу сярод мясцовых людзей, нават сярод праваслаўнага духавенства. Сваёй эрудыцыяй, а разам з гэтым прастатой прыцягваў да сябе народ, а праз сябе - да Хрыста і паўсюднай Царквы. Заўважыўшы руплівую працу Мікалая Чарнецкага, Папа Пій XI ў 1931 г. прызначыў яго біскупам і апостальскім візітатарам для каталікоў усходняга абраду Валыні і Палесся. На гэтых землях Чарнецкі працаваў амаль 14 гадоў як місіянер і біскуп.
У той час на Валыні з’явіўся Ордэн езуітаў візантыйскага абраду, які ўмацаваў становішча Уніі. Яны пасяліліся ў 1924 г. у Альбярціне непадалёк Слоніма ў Беларусі, дзе таксама абслугоўвалі парафію ў Сынкавічах. У 1931 г. езуіты заснавалі Папскую уніяцкую семінарыю ў г. Дубне (Украіна). Сфармаваўся місіянерскі апарат. Мікалай Чарнецкі з радасцю наведваў іхнія абіцелі. Як апостальскі візітатар ён ездзіў па ўсіх парафіях і калоніях, аб’язджаў станіцы на Валыні, Падляшшы, Холмшчыне, Палессі і Беларусі. Згодна волі Святога Айца, уладыка Мікалай стаў ардынарыем тэрыторыі ад сакальскай мяжы да Вільні і ад падляшскіх лясоў да савецкай мяжы. Гэта тэрыторыя, асвячаная жыццёвай дарогай св. Язафата. “Біскупства для беларусаў і ўкраінцаў у адной асобе”. Пакуль што гэта было няздзейсненым жаданнем Пія ХІ, у той час як Мікалай быў ціхім затворнікам у манаскай келіі, які абдымаў вызначаную яму зямлю сваёй малітвай.
У 1939 годзе падчас першай савецкай акупацыі рэдэмптарыстаў выгналі з Валыні, а разам з імі і ўладыку Мікалая. Таму ён быў вымушаны пасяліцца ў Львове, у манастыры на вуліцы Зіблікевіча (цяпер Івана Франка). Пасля аднаўлення дзейнасці Львоўскай Багаслоўскай Акадэміі ў 1941 годзе ўладыка Мікалай стаў адным з яе прафесараў: ён выкладаў некаторыя філасофскія дысцыпліны, псіхалогію і маральнае багаслоўе. Дзякуючы ўнутранаму спакою, трывалай і непахіснай веры ў Божы Провід, глыбокай пакоры і малітоўным духу, студэнты лічылі біскупа святым. Як яны самі сцвярджалі, Чарнецкі быў для іх лепшым узорам манаха і чалавека наогул.
Калі савецкія войскі другі раз занялі Галічыну ў 1944 г., пачаўся доўгі і цяжкі Крыжовы шлях уладыкі Чарнецкага. 11 красавіка 1945 года яго арыштавалі і трымалі ў турме НКУС, дзе жудасна над ім здзекаваліся. Пасля перавялі ў Кіеў, дзе трымалі цэлы год, пакуль справу разгледзелі ў судзе. Нарэшце абвясцілі прысуд: як "агенту Ватыкана" - 10 гадоў у зоне ўзмоцненага рэжыму. Спачатку ўладыку Чарнецкага разам з мітрапалітам Сляпым адправілі ў сібірскі гарадок Марыінская Кемераўскай вобласці, а пазней яго часта пераводзілі з адной зоны ў іншую.
За час свайго зняволення (ад арышту ў Львове ў красавіку 1945 года да вызвалення ў 1956 годзе) біскуп Чарнецкі адбыў 600 гадзін допытаў і катаванняў, пабываў у 30 розных турмах і лагерах. Нягледзячы на фізічныя і душэўныя пакуты, ўладыка заўсёды знаходзіў слова суцяшэння для сукамернікаў, духоўна падтрымліваў іх, кожнага ведаў па імені. Нядзіўна, што да Чарнецкага заўсёды цягнуліся няшчасныя, бо ў яго знаходзілі суцяшэнне.
Апошнія гады свайго зняволення Кір Мікалай правёў у турэмным шпіталі ў Мардовіі. У 1956 г. стан здароўя яго настолькі пагоршыўся, што лекары нават не пакідалі надзеі на выжыванне, яму ўжо нават пашылі вопратку, у якой хавалі вязняў. Лагернае кіраўніцтва лічыла яго безнадзейна хворым, таму вырашыла адправіць уладыку ў Львоў, каб ніхто не змог абвінаваціць савецкую ўладу ў смерці біскупа.
У 1956 годзе ўладыка Мікалай Чарнецкі вярнуўся ў Львоў. Сёстры міласэрнасці св. Вікенція Анісіма Рымык і Мікалая Пандрак, якія былі сведкамі яго вяртання, успамінаюць: "Нашы святары прывялі яго з вакзала да нас. Як увайшоў, настала маўчання. Страшна было глядзець: худы, скура і косці. Калі сёстры ўбачылі ўладыку такім знясіленым, вельмі благім, з палкай, яны расплакаліся. Праз хвіліну маўчання Чарнецкі звярнуўся да іх: "Дарагія дзеці, ня плачце, а хутчэй пойдзем у капліцу і разам праспяваем "Цябе Бога хвалім".
Уладыка тройчы хварэў на жаўтуху, было шмат іншых хваробаў, а таму адразу прыйшлося легчы ў бальніцу. Усе думалі, што Кір Мікалай ужо шмат не пражыве, але Госпад працягнуў яго жыццё, бо гэты духоўны бацька быў патрэбны Царкве. Праз некаторы час ўладыка ачуняў, што здавалася цудам. Кір Мікалай працягваў сваё апостальства малітвы і цярпення. У адасобленым пакоі, як у келлі, маліўся і чытаў. Тыя, хто наведваў яго, распавядалі, што часам бачылі ўладыку ў стане духоўнага захаплення. Нават калі быў цяжка хворы, прападобны Мікалай заставаўся верным сваёй місіі Добрага Пастыра: духоўна падтрымліваў сваіх субратоў, рыхтаваў кандыдатаў да святарства, высвеціў больш за дзесяць святароў.
Паляпшэнне стану здароўя не было доўгім. 2 красавіка 1959 года правялебны адышоў да свайго Госпада. Яго апошнімі словамі быў цёплы зварот да Маці Божай Нястомнай Дапамогі, да якой заўсёды меў вялікі сыноўні давер. Пахаванне Чарнецкага адбылося 4 красавіка 1959 г. Апісанне пахавання, якое захавалася ў архіве рэдэмптарыстаў, заканчваецца такімі словамі: "Мы думаем, што прыйдзе дзень, калі ён будзе кананізаваны, таму што ён быў сапраўды святым біскупам".
Улічваючы сведчанне праведнага жыцця светлай памяці Кір Мікалая Чарнецкага, у прыватнасці яго вынослівасць, мужнасць і вернасць Хрыстовай Царкве, выяўленыя ў часы пераследаванняў, у 1960 годзе быў распачаты працэс беатыфікацыі. 6 красавіка 2001 г. багаслоўская камісія пацвердзіла мучаніцтва Кір Мікалая Чарнецкага, а 24 красавіка 2001 года Святы Айцец Ян Павел II падпісаў дэкрэт аб беатыфікацыі біскупа Мікалая Чарнецкага як благаславёнага мучаніка за Хрыстовую Веру. Падчас святой Архірэйскай Літургіі 27 чэрвеня 2001 г. у Львове Святы Айцец Ян Павел II абвясціў Мікалая Чарнецкага блаславёным.
Каментары: