Пропаведзь на Нядзелю пра Закхея

- . Апублікавана ў Пропаведзі

Евангелле паводле Лукі 19, 1-10

Цэнтрам чытанага сёння ўрыўку Евангелля з’яўляецца апошняе выказванне: «Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшым». Дзеясловы «шукаць» і «прапасці» знаходзяцца ў аснове дзеяў і місіі Ісуса. «Шукаць» — гэта дзеяслоў збаўлення, які адносіцца да стаўлення Бога да чалавека, якога Ён сфармаваў у сваіх руках і пальцах Стварыцеля. «Прапасці» — супрацьлегласць збаўленню, гэта дзеяслоў поўнай паразы чалавека і адмовы вярнуцца ў рукі і пальцы Бога, Творцы і Айца. Менавіта ў сцэне навяртання Закхея гэтая місія Ісуса выяўляецца ва ўсёй паўнаце. Перш за ўсё таму, што кантэкст апісаных падзей здаецца сучаснікам далёкім ад усялякай магчымасці адкуплення і збаўлення. Ерыхон - памежны горад і сядзіба падатковых чыноўнікаў. Яго жыхары пастаянна кантактуюць з купцамі і язычнікамі, што не дазваляе ім выконваць патрабаванні да здзяйснення культу (яны «нячыстыя», кажучы мовай Бібліі).

Закхей з'яўляецца адным з падатковых чыноўнікаў (так званых зборшчыкаў падаткаў, або мытнікаў), а таксама багаты, і гэтыя дзве ўмовы ставяць яго ў найбольш ненавісную катэгорыю грэшнікаў і тых, хто не адчувае патрэбы ў Богу, таму што яны задаволеныя сваім багаццем. Аднак з прыходам Ісуса адбываецца немагчымае. Ён разбурае той кантэкст, які аддзяляе чыстае ад нячыстага, праведніка ад грэшніка, збаўленне ад пагібелі. Ісус, Які прыходзіць у Ерыхон (горад-сімвал пакарання Бога, Які разбурыў яго гукам труб у часы Ісуса Навіна, калі Ізраіль уваходзіў у зямлю абяцаную, гл. Іс. Нав. 6), есць з грэшнікамі (як Закхей), становіцца іх сябрам і збаўляе, седзячы з імі за сталом, гэта бачны знак таго, што Бог прапануе збаўленне ўсім. Місія Ісуса ў поўнай меры выяўляецца таксама ў тым, што Закхей увасабляе ідэал вернасці слову Ісуса, прымаючы яго і навяртаючыся да яго. У Евангеллі паводле Лукі гэтая прыхільнасць выражаецца некалькімі простымі, але значнымі словамі («сёння», «хутчэй», «паспешліва», «з радасцю»), якія мы сустракаем у сцэне з Закхеем. «Сёння» азначае момант збаўлення, які таксама становіцца рэальнасцю ў жыцці Закхея. Хутчэй» (або «паспешліва») азначае месіянскі поспех, вырашальны момант, які нельга прапусціць. «З радасцю» паказвае на плён збаўлення, які напаўняе ўсю сутнасць чалавека. Узорам такой прыхільнасці ў Евангеллі паводле Лукі з’яўляецца Марыя, а побач з ёю – і гэты факт нас здзіўляе, парушаючы нашы чалавечыя стэрэатыпы – становяцца таксама грэшнікі, мытнікі (як Закхей), пастухі з Бэтлеему.

Навяртанне Закхея — гэта змена ментальнасці, зваротны кірунак руху (згодна з двума значэннямі грэцкага тэрміна навяртання). Сапраўды, пасля сустрэчы з Ісусам ён па-новаму ставіцца да сваёй маёмасці і бліжніх («палову маёмасці сваёй раздам убогім, а калі каго пакрыўдзіў, аддам у чатыры разы больш»; Закон гаварыў, што калі мытнік навяртаўся, ён павінен быў раздаць дваццаць працэнтаў сваёй маёмасці ўбогім). Такая ёсць навізна Евангелля ў свеце, які здаецца далёкім ад Бога і замкнёным ва ўласнай дастатковасці, але які Ісус набліжае нанова да Бога і адкрывае на Яго збаўленне.

а. Прыма Гіроні

1 І, прыбыўшы ў Ерыхон, Ісус праходзіў праз горад.
2 І вось, чалавек імем Захэй, ён быў начальнікам мытнікаў і чалавекам багатым.
3 Ён шукаў пабачыць Ісуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, бо быў малога росту.
4 Дык, забегшы наперад, узлез на дрэва сікаморы, каб убачыць Яго, бо там меў Ён праходзіць.
5 І, калі Ісус прыйшоў на тое месца, глянуўшы ўверх убачыў яго ды сказаў: «Захэй, злазь хутчэй, бо сёння належыць мне быць у тваім доме».
6 Дык ён злез паспешна і прыняў Яго з радасцю.
7 І ўсе, як убачылі гэта, пачалі наракаць, кажучы: «Да грэшніка пайшоў у госці».
8 Захэй жа, стоячы, сказаў Госпаду: «Госпадзе, вось, палову маёмасці сваёй раздам убогім, а калі каго пакрыўдзіў, аддам у чатыры разы больш».
9 Гаворыць яму Ісус: «Сёння сталася гэтаму дому збаўленне, бо і ён ёсць сын Абрагама.
10 Бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшым».

Каментары: