Хрысціянства і магія

Аўтар: а.Зміцер - .

Ва ўсе часы гісторыі чалавецтва мы сутыкаемся з наяўнасцю ў кожнай культуры, кожным грамадстве пэўнай часткі людзей, якія дэкларуюць наяўнасць у іх некаторых звышнатуральных здольнасцей і магчымасці кіраваць сіламі прыроды. Гэта мы можам назіраць таксама ў біблейскіх тэкстах як Старога, так і Новага Запавету (напр., Вых. 7, 11; Іс. 47, 12; Дан. 2,2; Дз. 8, 9; 16, 16). Магія, чарадзейства і вяшчунства былі шырока пашыранымі сярод суседніх Ізраілю язычніцкіх народаў. Таму ўжо ў Старым Запавеце часта гучыць Божы наказ, які забараняе Божаму люду звяртанне да магічных практык: “Не звяртайцеся да закліначоў мёртвых, і да чарадзеяў не хадзіце, і не даводзьце сябе да апаганьвання імі. Я Госпад, Бог ваш” (Ляв. 19, 31), “і калі якая душа павернецца да закліначоў мёртвых і да чарадзеяў, каб аблудна хадзіць па слядах іхніх, дык Я павярну аблічча Маё на тую душу і знішчу яе з народу яе” (Ляв. 20,6), “не павінен быць у цябе той, хто праводзіць сына свайго альбо дачку сваю праз агонь, ні вяшчун, ні варажбіт, ні чарнакніжнік, ні чарадзей, ні змуснік, які заклінае духаў, ні чараўнік, які апытвае нябожчыкаў; бо агідны прад Госпадам кожны, хто робіць гэта, і якраз за гэтыя мярзоты Госпад, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго; будзь беспахібны прад Госпадам, Богам тваім” (Друг. 18, 10-13).

З тэкстаў Святога Пісання стае таксама зразумелым, у чым палягае зло чарадзейства і вяшчунства. Прарок Ісая прама ўказвае, што магічныя практыкі выступаюць альтэрнатываю веры ў Бога: “І калі скажуць вам: звярніцеся да заклінальнікаў духаў памерлых і да чарадзеяў, да шаптуноў і нутрамоўцаў, - тады адказвайце: ці не павінен народ звяртацца да свайго Бога?” (Іс. 8, 19). Апостал Павел ставіць чарадзейства ў адзін шэраг з іншымі “ўчынкамі цела”, сярод якіх таксама пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства, ідаласлужэнне, варожасць, свары, зайздрасць, гнеў, звады, раздоры, ерасі (Гал. 5, 19-20). Чарадзейства, падобна як і названыя “ўчынкі цела”, зводзіць чалавека ад праўды і святла, укідвае ў вір забабонаў і цемнату розуму. З гэтай прычыны апостал звяртаецца да верных: “Вось аб гэтым кажу і сведчу ў Госпадзе, каб вы ўжо не хадзілі так, як пагане, што ходзяць ў марнасці розуму свайго, маючы цмяныя думкі, аддаленыя ад жыцця Божага дзеля няведання, трываючага ў іх праз асляпленне іхняга сэрца” (Эф. 4, 17-18).

Айцец Царквы св. Васіль Вялікі на гэты конт таксама піша: “Тыя, што прыляпіліся да ідалаў, слухаюцца сноў і чарадзейства дэманаў і самі пагарджаюць праўдай, і нам раяць шукаць падобнага, бо гэтая аблуда робіцца дэманамі, якія ў снах атачаюць чалавека нейкімі летуценнямі, або падаюць параду, як пазбавіцца ад цялеснай немачы, або абвяшчаюць будучыню. А дэманы могуць прадугледжваць падобныя рэчы: датычна цялесных немачаў - таму, што лепш за нас пранікаюць ва ўласцівасці рэчаў; датычна ж будучыні прадказваюць, што ўжо здзейснілася; але паколькі гэта нам яшчэ невядома, то абвяшчаюць нам пра гэта, як пра будучыню”. Як бачым, св. Васіль Вялікі атаесамляе чарадзейства з дзеяннем дэманаў, што пацвярджаецца прыкладамі са Святога Пісання. Так, у Філіпах ап. Павел выганяе з дзяўчыны духа, каторы варажыў, пасля чаго яна губляе свой “дар” (Дз. 16, 16-19).

Падобным чынам у сучасным свеце мы часта можам пачуць сведчанне пра варожак, адкуль яны атрымалі свой “дар”. Як правіла, “дар” перадае перад смерцю камусьці з жывых той, хто яго мае. На самай жа справе мы маем справу з дэманам, які дзейнічае праз чалавека, так, як гэта было ў выпадку з дзяўчынай, з якой ап. Павел выгнаў духа. Менавіта таму Катэхізіс Каталіцкай Царквы выразна сцвярджае: “Любое ўжыванне магіі або чарадзейства, з дапамогай якіх спрабуюць прыручыць акультныя сілы, каб карыстацца імі і валодаць звышнатуральнай уладай над бліжнім - нават для таго, каб даць яму здароўе, - сур'ёзна супярэчыць рэлігійнай дабрадзейнасці. Такога роду практыка тым больш заганная ў тым выпадку, калі да яе звяртаюцца з намерам пашкодзіць каму-небудзь ці калі гаворка ідзе пра ўмяшанне дэманаў” (ККЦ 2117).

Часта людзі, шукаючы хуткага шчасця, жадаючы атрымаць усё і адразу, свядома ці несвядома звяртаюцца да такога роду “памочнікаў”. У лепшым выпадку яны патрапляюць на шарлатанаў, якія, карыстаючыся людской цікаўнасцю і даверлівасцю, проста зарабляюць сабе на жыццё. Іншая справа, калі сустрэча адбываецца з чалавекам, які мае ў сабе духа. Трэба быць свядомым, што ніколі д’ябал не дае нічога за так, і ніколі тое, што ён дае, не прывядзе чалавека да шчасця. Св. Васіль Вялікі раіць шукальнікам лёгкага шчасця ці хуткага вырашэння праблемаў: “Выконвай загаданае законам Божым і чакай насалоды з дабра. Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе Госпад, Бог твой, каб падоўжыліся дні твае, і каб добра было табе на той зямлі, якую Госпад, Бог твой, дае табе (Друг. 5, 16). Хочаш дабра? Выконвай загаданае. Не пытайся празарліўца пра здароўе, але прымі лекара, які прапаноўвае для здароўя сродкі, якія ёсць у тваёй уладзе. Чаму навучышся ў іншага? Ні адзін вяшчун не дае неўміручасці, ні адзін не ўзводзіць на неба, ні адзін не паставіць цябе перад Суддзёю без страху”.

Разам з тым, кожны чалавек у штодзённым жыцці можа звесці да мінімуму ўздзеянне сатаны на сябе і іншых. Вялікую духоўную карысць прыносіць рэгулярнае практыкаванне з верай і пабожнасцю царкоўных сакрамэнтаў, асабліва споведзі, ўдзел у набажэнствах і прыняцце Эўхарыстыі, жыццё паводле Евангелля, чытанне Святога Пісання, духоўная фармацыя ў супольнасці (парафіі), кожная пакорлівая малітва з даверам і хадайніцкая малітва за бліжніх, сакрамэнталіі і блаславенні, якія дапамагаюць у духоўнай барацьбе. Д’ябал не можа пашкодзіць чалавеку, які жыве з Богам, які прымае ў сябе Хрыста ў Эўхарыстыі, таму што “вы, дзеткі, ад Бога і перамаглі іх, бо вялікшы Той, Хто ў вас, ад таго, хто ў свеце” (1 Ян. 4, 4). Чалавеку, які пацярпеў ад чарадзейства, трэба звярнуцца да Бога і пачаць хрысціянскае жыццё.

а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст

Каментары: