Мітрапаліт Язэп Велямін Руцкі

- . Апублікавана ў Святыя

Кіеўскі мітрапаліт Язэп Велямін Руцкі — адна з тых гістарычных постацяў, без вывучэння жыцця і спадчыны якіх немагчыма зразумець гісторыю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Прычым гаворка ідзе не толькі пра гісторыю перыяду яго жыцця — XVI-XVII стст., але і наступных стагоддзяў. Менавіта Руцкі заклаў трывалыя падмуркі будучага развіцця Царквы, якую яму было наканавана ўзначаліць, правёў шэраг рэформаў, якія задалі накірунак і тэмп гэтага развіцця, адчувальныя і важныя да нашых дзён.

Пра Язэпа Веляміна Руцкага, беатыфікацыйны працэс якога распачаў яшчэ ў 1937 годзе мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, расказвае навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Царквы УКУ Уладзімір Мароз.

Род Велямінаў-Корсакаў

Варта патлумачыць, што імя мітрапаліта — Язэп, прозвішча — Велямін, а Руцкі — мянушка, атрыманая ад родавага маёнтка Рута Наваградскага павета Вялікага Княства Літоўскага (цяперашняя Гродзенская вобласць Рэспублікі Беларусь). Веляміны жылі там ужо ў канцы Х стагоддзя, былі вернікамі Кіеўскай мітраполіі.

Нарадзіўся будучы кіраўнік Уніяцкай Царквы ў 1574 ці 1575 г. як першынец Фелікса і Багумілы, гэта значыць, у гэтым ці наступным годзе выпадае 450-годдзе з дня яго нараджэння. Маці паходзіла з роду Корсакаў. Пры хрышчэнні атрымаў імя Іван, меў братоў Хрыстафора і Андрэя і сясцёр Анастасію і Ганну. Яго бацькі былі ўжо кальвіністамі і так выхоўвалі сваіх дзяцей.

Каталіцтва: лацінскі і грэцкі абрады

Вучыўся Іван у Вільні, потым - у Празе. Там у 1592 г. ён пакідае кальвінізм і становіцца католікам лацінскага абраду. Даведаўшыся пра гэта, родныя перастаюць даваць студэнту сродкі на пражыванне і вучобу. Але ён знаходзіць падтрымку ў езуітаў, вучыцца ў Вюрцбургскім універсітэце, а з 1599 года - у Папскай Грэцкай калегіі. Яе студэнты абяцалі захоўваць візантыйскі абрад, але Руцкі, перайшоўшы ў лацінскі, не хацеў гэтага рабіць.

Прычынай быў крызіс Кіеўскай мітраполіі, яе занядбанасць. Як пісаў Рафал Корсак, навярнуцца ў абрад продкаў юнака абавязаў папа Клімент VIII па просьбе езуіта Якуба Боксы.

Як бачым, гісторыя абвяргае міфы пра тое, што папа і езуіты думалі толькі пра тое, як усіх перавесці ў лацінскі абрад. Сапраўды, ёсць дзесяткі афіцыйных распараджэнняў і заклікаў папаў берагчы абрад Кіеўскай Царквы, але няма ніводнага ад тых, хто звыкся вінаваціць Рым у празелітызме. Цікавая з'ява, праўда?

Іпацій Пацей, свячанні і ідэі абнаўлення Царквы

У 1603 годзе Іван Руцкі пакідае Рым і вяртаецца ў родавы маёнтак, каб завалодаць ім у якасці законнага спадчынніка. У тым жа годзе пачынае выкладаць у Віленскай духоўнай семінарыі, якую заснаваў мітрапаліт Іпацій Пацей. Але мітрапаліт насцярожана ставіцца да Івана Руцкага і адкладвае яго святарскае пасвячэнне.

У 1605 г. Руцкі піша трактат «Выклад аднаго русіна пра выпраўленне ладу ў грэцкім абрадзе», у якім разважае, як пераадолець крызіс у Царкве. «Нашае ліха паходзіць з дзвюх прычын, — піша ён, — з недахопу ведаў нашых старэйшых і з браку дасканаласці і святасці жыцця».

У сярэдзіне 1606 г. мітрапаліт Іпацій ужо настолькі давяраў Івану, што даручыў яму здзейсніць ад яго імя візіт ad limina ў Рым. У Рыме Руцкі таксама прадставіў і сваю праграму абнаўлення царкоўнага жыцця.

Базылянскі ордэн і чын для Царквы

Вярнуўшыся на Радзіму, Руцкі ў 1607 г. уступае ў віленскі базылянскі манастыр Святой Тройцы, прыняўшы манаскае імя Язэп. Манаскія зарокі склаў 1 студзеня 1608 года, у свята святога Васіля Вялікага. У 1609 годзе ён стаў архімандрытам віленскага манастыра. У 1611—1614 гадах ён — тытулярны біскуп Галіцкі і каад'ютар мітрапаліта. У 1614–1637 гадах — Кіеўскі мітрапаліт. Мітрапаліт Язэп таксама быў адміністратарам епархій: Холмскай — у 1626–1630 гг., Уладзімірскай і Берасцейскай — у 1631–1632 гг. У 1617–1626 гадах ён ужо - протаархімандрыт базылянаў. І гэта - невысокі хударлявы чалавек, пра якога трапна сказаў польскі гісторык і багаслоў Тадэвуш Жыхевіч: “Гэта быў чалавек Божы, сумленны, добразычлівы і такі добры, што хоць да раны прыкладай. Але на супрацьвагу (тут дадам — да мажнага Язафата Кунцэвіча) ён быў далікатны і такі сухенькі, што, калі апранаў цяжкія царкоўныя рызы, людзям здавалася, што доўга давядзецца шукаць яго ў тых пышных шатах”.

«Стоўп Царквы» і «атлант Уніі». Коратка аб праграме дзейнасці Руцкага

Беларускі даследчык гісторыі Уніяцкай Царквы Дзяніс Лісейчыкаў вылучае ў ёй тры складнікі: стварэнне базылянскага ордэна, місіянерская дзейнасць, у прыватнасці ў Маскве, і стварэнне Кіеўскага патрыярхата.

Стойкасць Руцкага, Кунцэвіча, іншых іерархаў, духавенства і вернікаў выратавала Уніяцкую Царкву тады, калі свецкія ўлады пагадзіліся яе скасаваць на патрабаванні праціўнікаў Берасцейскай уніі. Нездарма яшчэ пры жыцці Язэпа Папа Урбан VII называў яго «стаўпом Царквы», «атлантам Уніі», «Атанасіем Русі». Хаця тут мы маем паказальнае сведчанне таго, што ўлады Рэчы Паспалітай не заўсёды падтрымлівалі унію, як пра гэта пісалі яе праціўнікі.

Рэформа манаства

Сілы выстаяць Язэп Руцкі і Язафат Кунцэвіч знаходзілі ў спадчыне ўсходняга манаства як ядра Царквы, спалучаючы духоўнасць заканадаўцы манаства - святога Васіля Вялікага, з арганізацыйным досведам заходніх манаскіх ордэнаў.

Руцкі пісаў: «Калі мы хочам мець добрых біскупаў, трэба падбаць пра добрых манахаў».

Адпаведныя намаганні выліліся ў стварэнне аб'яднанага Базылянскага ордэна - тады Кангрэгацыі Найсвятой Тройцы.

Дбаючы аб гарманічным развіцці манаства, мітрапаліт на аснове правілаў святога Васіля ўпарадкаваў манаскія правілы і ў 1621 годзе прадставіў іх. У 1624 г. Апостальская Сталіца зацвердзіла Кангрэгацыю, і Руцкі стаў яе першым кіраўніком.

Пры мітрапаліце адбыліся шэсць манаскіх капітулаў. На пачатку рэформа гуртавала 5 манастыроў, у 1637 годзе — ужо 36.

Перамовы з Масквой

Што да місіі ў Маскве, то ў лістападзе 1605 г. Руцкі ездзіў туды, але палітычныя працэсы і настроі мясцовых элітаў не спрыялі поспеху. Аднак якраз Маскоўскі патрыярх Ігнацій прыхільна паставіўся да гэтых ініцыятыў. Калі ён пасля зняволення быў вымушаны пакінуць Маскоўскае царства, ён знайшоў прытулак у Язэпа. Тут Ігнацій адкрыта стаў уніятам.

Уніяцкая Царква ў Рэчы Паспалітай

Мітрапаліту Язэпу Веляміну Руцкаму давялося разіваць Царкву ў складаных умовах. Ён ахвотна візітаваў парафіі, але падвяргаўся нападам — часам нават кідалі ў яго камяні. А яшчэ распаўсюджвалі інфармацыю, што для яго забойства былі нанятыя 70 забойцаў. Аднак гэта яго не спыняла. На сойме ён казаў: «У каталіцкай дзяржаве і пад каталіцкім каралём ёсць пагроза нашаму жыццю, таму што мы - католікі».

Што небяспека была рэальнай, паказала забойства полацкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча ў 1623 годзе. Убачыўшы, да чаго дайшло, многія гарачыя галовы тады астылі. Але ў 1625 г. папскі нунцый у дакладзе ў Рым пісаў: «Як у Рыме габрэяў, так тут трактуюць палякі Унію».

Але Унія выстаяла, бо была не палітычнай кан'юнктурай, а жаданнем увасобіць еднасць Царквы. Часам мы здзіўляемся, як тая ці іншая канфесія шукае, напрыклад, «валадарства нябеснага» на зямлі, але чамусьці не хочам бачыць такога ж вялікага запалу веры ў Кіеўскай уніяцкай мітраполіі XVI-XVII стст., называючы яго толькі "палітыкай".

Унія - гэта еднасць

Пасля забойства Язафата Кунцэвіча мітрапаліт Язэп Велямін Руцкі распачаў яго беатыфікацыйны працэс.

У 1627 г. кіраўнік Уніяцкай Царквы прыняў да яе былога праціўніка, ганіцеля Язафата - архібіскупа Мялеція Сматрыцкага. Адбылося гэта ў Дзерманскім манастыры на Валыні, які быў уніяцкім. Руцкі прыняў Сматрыцкага, хаця ў сваіх папярэдніх творах той люта палемізаваў з ім.

Адной з вялікіх ідэй, увасабленню якой мітрапаліт Язэп прысвяціў шмат працы, было стварэнне Кіеўскага патрыярхата, які прымірыў бы і аб'яднаў падзеленую Кіеўскую мітраполію. На гэтым полі ён вёў дыялог з Кіеўскім праваслаўным мітрапалітам Пятром Магілам.

На жаль, абодвум вялікім мужам не ўдалося рэалізаваць задуманае. Адбылося гэта не з-за рэлігіі, а з-за палітыкі: занадта шмат меркантыльных сіл перашкаджала згодзе. Мы, людзі ХХІ стагоддзя, павінны б нарэшце зрабіць з гэтага адпаведныя высновы, бо так было і тады — той, хто найбольш крычаў пра веру, той часта думаў пра пасады і грошы.

Запавет мітрапаліта Язэпа Руцкага

У 1637 годзе Язэп Велямін Руцкі склаў запавет у Дзерманскім манастыры.

У ім гучаць заклікі да караля - апекавацца Царквою, да духавенства і вернікаў — берагчы адзін аднаго.

Да біскупаў ён піша толькі адну рэч: «Прашу маіх дастойных паноў і айцоў, сабіскупаў Русі, а менавіта - каб праз любоў да Хрыста заставаліся ў згодзе паміж сабой і мітрапалітам».

Што датычыцца епархіяльнага духавенства, то ў запавеце чытаем: «Каб пільнавалі таго, што адносіцца да абавязкаў іх служэння, за сабою і за сваёй паствай, і каб збавілі сябе і даручаныя ім душы».

У перыяд хваляванняў Рэфармацыі і Контррэфармацыі, распаўсюджвання спецыфічных вучэнняў, якія межавалі з ерассю або і былі такімі, паказальны зварот мітрапаліта — просьба да вернікаў: «Тых, хто мае ўладу ў руках, — як шляхту, так і мяшчан - прашу, каб у духоўных справах ішлі за провадам сваіх пастыраў. Такі бо парадак устанавіў Бог».

Выкраданне цела святога

Мітрапаліт памёр 5 лютага ў Дзерманскім манастыры.

Яго наступнікам іерархі абралі біскупа Пінскага Рафала Корсака, сваяка Руцкага, які рос пры мітрапаліце, бо рана страціў бацькоў.

Увесну таго ж года цела Язэпа Руцкага перавезлі ў Вільню. Было агульнае перакананне ў святасці гэтага кіраўніка Уніяцкай Царквы. Ведалі пра гэта і маскавіты. Таму, заняўшы Вільню ў 1655 годзе, адступаючы, яны выкралі цела, каб пазбавіць Царкву мошчаў патэнцыйнага блаславёнага і святога.

У 1937 г., з нагоды трохсотгоддзя смерці мітрапаліта Язэпа адбыліся знамянальныя ўрачыстасці ў Львове, Пярэмышлі і іншых гарадах. Тады мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі выступіў з ініцыятывай пачаць беатыфікацыйны працэс.

Каментары: