У Кангрэгацыі пачынаецца Год, прысвечаны лідарству ў служэнні місіі

Сёння ва ўсіх сферах грамадства часта гавораць пра крызіс лідарства і недахоп асоб, здольных стала весці за сабой групу, дапамагаючы ёй усвядоміць сваю місію і праяўляць усё лепшае ў сваім служэнні. Аднак калі мы глядзім на гісторыю — асабліва ў палітычным і эклезіяльным кантэкстах — мы бачым, што крызісы лідарства часта ўзнікаюць з-за страты даверу групы да сваіх кіраўнікоў. Некаторыя з тых, хто быў абраны супольнасцю для садзейнічання агульнаму дабру, паддаліся карупцыі і пачалі выкарыстоўваць уладу дзеля асабістай выгады. Карупцыя ўлады глыбока разбуральная, бо яна разрывае повязь даверу, якая падтрымлівае любы сапраўдны аўтарытэт.
Пасланне генеральнага настаяцеля з нагоды свята святога Клімента Марыі Гафбаўэра
Місіянеры надзеі па слядах Адкупіцеля
ГОД, ПРЫСВЕЧАНЫ ЛІДАРСТВУ Ў СЛУЖЭННІ МІСІІ
Весці, заахвочваць, клапаціцца і прыміраць:
Лідарства як братэрскае служэнне місіі Адкупіцеля
Тэксты для асабістай або супольнай медытацыі: Мдр 9:13–18; Эзэк 34:1–16; Пс 23; Мк 10:42–45; Ян 10:1–18; Ян 13:1–15; Ян 17:1–26; Лк 10:25–37; Лк 15:11–32; Дзеі 15:6–28; Рым 12:5–10; 1 Пт 5:2–5; 1 Кар 1:10–13; Канстытуцыі 91–144; Генеральныя статуты 086–0208; Пастырскае кіраўніцтва для настаяцеляў; Communicanda 2/2019.
Дарагія субраты і выхаванцы!
У гэты дзень, калі мы святкуем успамін святога Клімента Марыі Гафбаўэра (1751–1820), мы адкрываем Год, прысвечаны лідарству ў служэнні місіі. Пэўныя аспекты яго жыцця асвятляюць гэтае важнае служэнне па ажыўленні апостальскага жыцця рэдэмптарыстаў.
Гафбаўэр быў місіянерскім лідарам, які вызначаўся евангельскай адвагай, творчай вернасцю харызме рэдэмптарыстаў і глыбокім даверам да Божага дзеяння ў гісторыі. Ён жыў у палітычна і эклезіяльна нестабільных умовах, часта варожых да рэлігійнага жыцця, аднак накіроўваў місію, не спадзяючыся на інстытуцыянальныя гарантыі. Замест гэтага ён ставіў асобу ў цэнтр і прысвячаў сваю энергію духоўнаму фармаванню свецкіх вернікаў, моладзі і інтэлектуалаў.
Яго лідарства не навязвалася праз аўтарытэт пасады, але вынікала з сілы яго сведчання, паслядоўнасці яго жыцця і пастырскай блізкасці — якасцей, здольных нараджаць адзінства і адданасць. Нават перад тварам няўдач, выгнання і неразумення ён праяўляў надзвычайную здольнасць пачынаць усё спачатку, ператвараючы крызісы ў місіянерскія магчымасці. Такім чынам ён увасабляў службовае, трывалае і прарочае лідарства, якое заахвочвала Кангрэгацыю перасякаць культурныя і гістарычныя межы з надзеяй, смеласцю і дальнабачнасцю.
Як манахі, мы заўсёды, тым ці іншым чынам, пакліканы ажыццяўляць лідарства. Гэтае вымярэнне вынікае найперш з нашай здольнасці да наладжвання адносін. Лідарства не абавязкова звязана з афіцыйнай пасадай ці функцыяй, але са здольнасцю будаваць сувязі, умацоўваць давер і з эмпатыяй ісці побач з іншымі, накіроўваючы асобаў і супольнасці да супольнай мэты. Кожны раз, калі мы сустракаем людзей, слухаем іх, заахвочваем і дапамагаем ім распазнаваць, браць на сябе адказнасць, адкрываць сэнс свайго жыцця і годна жыць — як асабіста, так і ў супольнасці — мы ажыццяўляем форму лідарства, якая часта з’яўляецца ціхай і непрыкметнай, але пры гэтым глыбока перамяняльнай. Кожны субрат, разважаючы над уласным шляхам паклікання і місіі, можа распазнаць гэтае глыбокае вымярэнне лідарства, якое прысутнічае ў яго жыцці і служэнні іншым, асабліва найбольш бедным і пакінутым. З гэтай прычыны вельмі важна пастаянна чуваць, каб лідарства ніколі не выраджалася ў маніпуляцыю ці злоўжыванне ўладай, але заўсёды заставалася формай служэння, клопату і падтрымкі свабоды і годнасці кожнага чалавека.
Сёння ва ўсіх сферах грамадства часта гавораць пра крызіс лідарства і недахоп асоб, здольных стала весці за сабой групу, дапамагаючы ёй усвядоміць сваю місію і праяўляць усё лепшае ў сваім служэнні. Аднак калі мы глядзім на гісторыю — асабліва ў палітычным і эклезіяльным кантэкстах — мы бачым, што крызісы лідарства часта ўзнікаюць з-за страты даверу групы да сваіх кіраўнікоў. Некаторыя з тых, хто быў абраны супольнасцю для садзейнічання агульнаму дабру, паддаліся карупцыі і пачалі выкарыстоўваць уладу дзеля асабістай выгады. Карупцыя ўлады глыбока разбуральная, бо яна разрывае повязь даверу, якая падтрымлівае любы сапраўдны аўтарытэт. У сваю чаргу гэта вядзе да страты аўтарытэту, які разумеецца не як сіла навязваць сваю волю іншым, а як здольнасць аб’ядноўваць, весці дыялог і прапаноўваць ясны і пераканаўчы напрамак. Калі ўлада, давераная групай, пазбаўляецца вымярэння служэння, узнікае не сапраўдны аўтарытэт, а аўтарытарызм.
Для нас, рэдэмптарыстаў, лідарства — гэта не ажыццяўленне ўлады, а дынамічны аўтарытэт, заснаваны на адносінах, у служэнні місіі. Менавіта гэтая дынаміка надае асобе прызнаны аўтарытэт, каб яна ад імя супольнасці магла выконваць ускладзеную на яе адказнасць з пачуццём падсправаздачнасці і ў духу служэння. Лідар валодае асабістай харызмай і адначасова з’яўляецца захавальнікам інстытуцыйнай харызмы, ажыццяўляючы гэтую адказнасць з пастаяннай увагай да людзей, якія складаюць інстытуцыю і супольнасць. З гэтай перспектывы той, хто вядзе, пакліканы накіроўваць, заахвочваць, клапаціцца і прыміраць. Гэтыя якасці таксама з’яўляюцца важнымі крытэрыямі для супольнага распазнавання пры выбары тых, хто будзе намі кіраваць.
Весці не азначае аўтарытарна навязваць сябе, але надаваць кірунак і ініцыяваць працэсы. Гэта значыць нанова распальваць харызматычнае полымя супольнасці ў святле Евангелля, першапачатковай харызмы, Канстытуцый і Статутаў, ажыўляючы дар, які атрымаў кожны субрат (пар. 2 Цім 1, 6). Гэта прадугледжвае яснае кіраўніцтва, якое нараджаецца з уважлівага слухання на Генеральных і Правінцыяльных Капітулах, Сходах, Радах і іншых сінадальных органах, каб дапамагчы распазнаць далейшы шлях, захоўваць вернасць місіі і яе каштоўнасцям, а таксама кіраваць з адказнасцю, аўтарытэтам і ў духу служэння. Гэта лідарства, якое ажыццяўляецца з ясным бачаннем і вернасцю харызме, дазваляючы апостальскай супольнасці мэтанакіравана ісці наперад у еднасці і адзінстве. Яно таксама патрабуе ўмення чытаць знакі часу і распазнання, неабходнага для таго, каб паказваць шлях наперад, няспынна скіроўваючы позірк на Адкупіцеля і на самых бедных. Без такога кіраўніцтва супольнасць рызыкуе стаць раз’яднанай і страціць разуменне цэнтральнага значэння сваёй місіі.
Натхняць (анімаваць) — значыць даваць душу (ад лацінскага anima); гэта значыць нанова запальваць сэрца супольнасці, асабліва тады, калі яна знаходзіцца на ростанях гісторыі і місіі. «Ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе?» (Лк 24, 32). Такое лідарства становіцца крыніцай надзеі і новых сіл у часы стомленасці, ахоўваючы найглыбейшы сэнс пасвячэння і місіі. Яно абуджае ў супольнасці памяць пра адкупленне і ўдзячнае ўсведамленне атрыманага закліку. Заахвочваць таксама азначае далікатна кідаць выклік тым, хто ўпаў духам, дапамагаючы ім нанова адкрыць прыгажосць свайго паклікання і ўключыцца ў шчырае распазнаванне, са сталасцю прымаючы ўласную гісторыю. Лідар сапраўды заахвочвае тады, калі верыць у людзей, падтрымлівае творчыя працэсы абнаўлення апостальскага жыцця і стварае атмасферу даверу, у якой місіянерскі запал можа зноў заквітнець і прынесці плён.
Клапаціцца — гэта значыць праяўляць канкрэтную ўвагу да людзей, да іх радасцяў і, перш за ўсё, да іх ран. Гэта патрабуе глыбокага і евангельскага слухання, чуласці да чалавечай слабасці і братэрскай, падобнай да самараніна, прысутнасці ў штодзённым жыцці супольнасці (пар. Лк 10, 33–37). Размова ідзе не пра кантроль ці інфантылізацыю, а пра заахвочванне да супольнай адказнасці, дапамогу іншым сталець і ісці па жыцці свабодна і свядома. Падобна пастыру, гэта таксама азначае веданне таго, як паклікаць авечку назад у статак і як папярэдзіць яе, калі яна ў небяспецы — заўсёды з любоўю і ў праўдзе (пар. Лк 15, 4–7). Клапаціцца — гэта значыць прызнаваць, што місія здзяйсняецца праз людзей і што не можа быць ніякай апостальскай плённасці без чалавечага, духоўнага і супольнага клопату. Менавіта ў сэрцы, акружаным клопатам, мацнее пакліканне і квітнее місія.
Важна памятаць, што лідарства — гэта патрабавальнае служэнне, якое павінна адказваць на шырокі спектр чаканняў у супольнасці. За кожным актам кіравання стаяць рэальныя асобы, кожная з якіх мае сваю гісторыю жыцця, светапогляд, дары і здольнасці, але таксама і свае абмежаванні, радасці, смуткі і раны. Па гэтай прычыне мы павінны задаць фундаментальнае пытанне: хто клапоціцца пра пастыра? Супольнасць таксама паклікана клапаціцца пра тых, каму даверана адказнасць за натхненне і кіраванне. Вельмі важна, каб лідары адчувалі падтрымку праз братэрскую блізкасць, пастаянную малітву, шчырую адкрытасць і словы заахвочвання, асабліва калі яны прымаюць цяжкія рашэнні або перажываюць моманты асаблівага напружання. Клопат пра тых, хто служыць, сам па сабе з’яўляецца канкрэтным спосабам умацавання адзінства і супольнай адказнасці ў місіі.
Канфлікты і разрывы адносін — гэта частка чалавечага існавання; богапасвячанае жыццё не з’яўляецца выключэннем. Шлях да іх пераадолення — гэта прымірэнне. Прыміраць — значыць аднаўляць еднасць там, дзе яна была парушана, адбудоўваць сувязі, параненыя канфліктамі, неразуменнем або адчужанасцю. Гэта прадугледжвае сустрэчу з канфліктамі без іх адмаўлення, вырашэнне іх у праўдзе і любові, пераадоленне падзелаў, ацаленне асабістых і інстытуцыйных ран і аднаўленне даверу паміж субратамі. Гаворка ідзе пра будаўніцтва мастоў там, дзе калісьці стаялі сцены, пра заахвочванне да шчырага дыялогу і бесстаронняга слухання ўсіх бакоў, а таксама пра пераўтварэнне напружанасці ў магчымасці для супольнага росту. Гэта ўдзел у служэнні прымірэння, давераным нам Хрыстом (пар. 2 Кар 5, 18), якое вядзе асоб і супольнасці ад канфлікту да еднасці, ад крыўды да прабачэння, ад палярызацыі да адзінства. У гэтым кантэксце таксама важна, каб тыя, каму даверана лідарства, шанавалі таінства прымірэння як прывілеяваную прастору для ацалення ўласных ран. Пастыры таксама павінны клапаціцца пра саміх сябе.
Кожны субрат пэўным чынам удзельнічае ў ажыццяўленні кіравання ў Кангрэгацыі, як нагадвае нам Канстытуцыя 92: «Усе члены і супольнасці павінны, кожны са свайго боку, адыгрываць актыўную і адказную ролю ў кіраванні Кангрэгацыяй у розных яе частках, выкарыстоўваючы розныя інструменты кіравання, якімі яна забяспечана. Кожнаму даецца праява Духа дзеля агульнага даба (пар. 1 Кар 12, 7; пар. К. 72)». Адказнасць кладзецца не толькі на тых, хто займае кіруючыя пасады, але і на кожнага члена супольнасці ў сілу супольнай адказнасці, якая вынікае з нашага агульнага паклікання і паслухмянасці. Паслухмянасць, якая разумеецца ў сваім найглыбейшым сэнсе, — гэта не проста выкананне загадаў, а ўнутраная схільнасць да слухання, распазнавання і актыўнага супрацоўніцтва дзеля агульнага дабра. Без такой устаноўкі не можа быць ні сапраўднага аўтарытэту, ні праўдзівага адзінства.
Гэты Год, прысвечаны лідарству ў служэнні місіі, уключае ў сябе асабліва значны момант: працэс распазнання і абрання новых вышэйшых настаяцеляў і іх радаў. Выбары ў Кангрэгацыі павінны перажывацца як духоўны і эклезіяльны акт, а не проста як арганізацыйная працэдура: гэта час мудрасці, якую шукаюць і атрымліваюць (пар. Мдр 9), час уважлівага слухання Духа і супольнага распазнання дзеля большага дабра місіі (пар. Дзеі 15). Мы пакліканы выбіраць субратоў, якія ўвасабляюць логіку Ісуса: не панаваць, а служыць (пар. Мк 10), паводле стылю Добрага Пастыра, які ведае свой статак, кліча яго па імені, вядзе яго і абараняе, асабліва самых слабых (пар. Эзэк 34; Пс 23; Ян 10). Такім чынам, вырашальным крытэрыем з’яўляецца не моц улады, а аўтарытэт служэння. Гэта выяўляецца ў гатоўнасці «абмываць ногі» (пар. Ян 13), садзейнічаць адзінству і еднасці (пар. Ян 17; 1 Кар 1, 10–13) і ствараць супольнасць, у якой кожны дар знаходзіць сваё месца і пра кожнага субрата клапоцяцца з братэрскай любоўю (пар. Рым 12). У гэтым гарызонце найбольш бедныя і пакінутыя павінны заставацца ў цэнтры нашага распазнання. Яны — тое канкрэтнае «месца», дзе правяраецца сапраўднасць евангельскага лідарства (пар. Лк 10; 15). Выбіраць — значыць браць на сябе супольную адказнасць за абранне пастыраў-слуг, пакорных і чулых, якія клапоцяцца пра статак не дзеля ўласнай выгады, а велікадушна і сведчаннем свайго жыцця (пар. 1 Пят 5), накіроўваючы, заахвочваючы, апякуючыся і прыміраючы апостальскае жыццё Кангрэгацыі.
Я веру, што словы Папы Льва XIV да Генеральнага Капітула Легіянераў Хрыста могуць дапамагчы нам у нашым распазнанні: «Улада ў манаскім жыцці таксама служыць для ажыўлення супольнага жыцця, засяроджваючы яго на Хрысце і накіроўваючы да паўнаты жыцця ў Ім, пры гэтым пазбягаючы любых формаў кантролю, якія не паважаюць годнасць і свабоду асобы. Сярод фундаментальных абавязкаў законнага кіравання ёсць таксама садзейнічанне вернасці харызме. З гэтай мэтай неабходна ўмацоўваць стыль кіравання, які характарызуецца ўзаемным слуханнем, супольнай адказнасцю, празрыстасцю, братэрскай блізкасцю і супольным распазнаннем. Добрае кіраванне, замест таго, каб канцэнтраваць усё ў сабе, спрыяе субсідыярнасці і адказнаму ўдзелу ўсіх членаў супольнасці». (L’Osservatore Romano, італьянскае выданне, год CLXVI, № 41 [50,147], Ватыкан, 19 лютага 2026 г., с. 4.).
Няхай гэты час асабістага і супольнага распазнання праходзіць з глыбокай евангельскай свядомасцю. Падчас апошніх выбараў Генеральная рада з глыбокім смуткам была вымушана ўмяшацца ў шэсць выбарчых працэсаў з-за асабліва далікатных сітуацый, якія паранілі Евангелле, Канстытуцыі і Статуты, а таксама саму апостальскую супольнасць. Няхай заклік Ісуса да сваіх вучняў заўсёды адгукаецца ў нас: «Не так павінна быць сярод вас. Але хто хоча быць вялікім сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча быць першым сярод вас, няхай будзе слугою ўсіх» (Мк 10, 43–44). Каб суправаджаць гэты працэс распазнання, я рэкамендую прачытаць два лісты майго папярэдніка, біскупа Майкла Брэйля, адрасаваныя Кангрэгацыі і прысвечаныя распазнанню ў выбарчым працэсе ў нашым Інстытуце: «Выбары кіраўніцтва ў Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля» і «Сведкі Адкупіцеля: Салідарнасць дзеля місіі ў параненым свеце» (Рым, 14 мая 2014 г., свята св. Мацея, прат. № 0000 078/2014; Рым, 20 мая 2018 г., прат. № 0000 070/2018).
У сувязі з гэтым, пакуль мы як Кангрэгацыя рыхтуемся да гэтага значнага моманту, я запрашаю ўсіх прыняць удзел — індывідуальна або супольна — у сустрэчы з айцом Гарсіяй Парэдэсам, якая адбудзецца 26 сакавіка а 14:00 (па рымскім часе) на тэму: «На шляху да дальнабачнага, аднаўленчага і сінадальнага лідарства: саўдзельнікі Духа!» Было б вельмі дарэчы, каб нашы выхаванцы, асабліва тыя, хто знаходзіцца ў навіцыяце і на багаслоўскай падрыхтоўцы, прынялі ўдзел у гэтай сустрэчы ў межах магчымасці. Ужо з гэтага этапу яны пакліканы паглыбляць сваё евангельскае, сінадальнае і місіянерскае разуменне служэння ўлады ў Кангрэгацыі, бо менавіта яны будуць пастырамі заўтрашняга дня, прасякнутымі гэтым важным вымярэннем служэння.
Да гэтага ліста прыкладаецца «Малітоўны дапаможнік», які дапаможа нам належным чынам падрыхтавацца — як індывідуальна, так і ў супольнасці — да выбараў, а таксама да выбарчых Капітулаў і Сходаў. Вельмі важна, каб гэты значны момант у жыцці Кангрэгацыі пражываўся і падтрымліваўся ў святле Евангелля, з заклікам да Святога Духа і ў духу малітвы, паколькі ён уяўляе сабой сапраўднае місіянерскае служэнне Кангрэгацыі і Народу Божаму. Рэкамендуецца арганізаваць для гэтай мэты як мінімум адно малітоўнае чуванне або дзень духоўных практыкаванняў (рэкалекцый).
Дарагія субраты і выхаванцы! У гэты Год, прысвечаны лідарству ў служэнні місіі, мы хочам нанова пацвердзіць, што лідарства сярод нас можа разумецца толькі як братэрскае служэнне місіі Адкупіцеля. Гэта не ажыццяўленне ўлады, навязанай зверху, а евангельскі аўтарытэт, які вынікае з еднасці, умацоўваецца праз слуханне і выяўляецца ў велікадушнай самаахвярнасці. Тыя, хто пакліканы кіраваць у Кангрэгацыі, — гэта, перш за ўсё, субраты сярод субратоў, ахоўнікі харызмы і слугі супольнага распазнання. Яны пакліканы весці за сабой, не пануючы; заахвочваць з надзеяй, клапаціцца з пяшчотай і прыміраць з міласэрнасцю. Такім чынам аўтарытэт становіцца канкрэтнай пастырскай любоўю, якая спрыяе супольнай адказнасці, паважае годнасць і свабоду кожнага чалавека і ахоўвае цэнтральнае месца Хрыста, а таксама самых бедных і пакінутых. Толькі так наша лідарства будзе сапраўды евангельскім, сінадальным і місіянерскім — верным адлюстраваннем сэрца Адкупіцеля.
Давайце даручым гэты Год, прысвечаны лідарству ў служэнні місіі, заступніцтву Найсвяцейшай Дзеве Марыі, Маці Нястомнай Дапамогі, каб Яна навучыла нас весці з пакораю, заахвочваць з надзеяй, клапаціцца з пяшчотай і прыміраць з міласэрным сэрцам. Няхай адважнае сведчанне нашых святых — асабліва святога Клімента, чыю памяць мы святкуем, — а таксама сведчанне мучанікаў і блаславёных рэдэмптарыстаў, якія аддалі сваё жыццё за Евангелле ў творчай вернасці харызме, натхняе нас пражыць гэты час у велікодным духу, з місіянерскай гатоўнасцю і ў глыбокай братэрскай еднасці. Падтрыманыя іх прыкладам і заступніцтвам, навучымся выбіраць і ажыццяўляць уладу як сапраўднае служэнне Адкупіцелю і самым бедным і пакінутым, каб наша Кангрэгацыя і надалей была знакам надзеі і верным сведкам шчодрага адкуплення.
З братэрскім прывітаннем,
Айцец Ражэрыа Гомес, CSsR
Генеральны настаяцель
Каментары:
