Вялікая Вячэрня ў 6-ю нядзелю па Сьв. Тройцы і сьв. прарока Ільлі, 20 ліпеня (тон 5)
Сьвятар, апрануўшы епітрахіль і стаўшы перад райскімі дзьвярыма, пачынае:
Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Слава табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава Айца і Сына, і Сьвятога Духа цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
Пасьля гэтага чытальнік пачынае чытаць уступны псалом 103. Падчас чытаньня сьвятар моліцца сьвяцільныя малітвы (гл. пасьля псалма).
Псалом 103
Блаславі, душа мая, Госпада:* Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.
Ты апрануўся ў веліч і красу,* Ты ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом.
Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр,* хорамы Твае над водамі паставіў.
Ты робіш з хмараў калясьніцу сабе,* ходзіш на крылах ветру.
Ты чыніш вятры пасланцамі Тваімі * і слугамі Тваімі – полымя агню.
Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе:* не пахісьнецца павек вякоў.
Безданьню, быццам вопраткаю, пакрыў Ты яе:* воды над гарамі сталі.
Ад пагрозы Тваёй яны ўзад падаліся,* ад грому голасу Твайго задрыжэлі.
Горы ўзьняліся, даліны зышлі ў месцы,* якія Ты ім назначыў.
Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці,* каб не пакрыць зноў зямлю.
Ты пасылаеш крыніцы ў рэкі,* што плывуць у далінах між гораў.
З іх п’юць усе зьвяры польныя,* аслы дзікія ў іх смагу сваю гасяць.
Каля іх птушкі нябесныя жывуць:* між скалаў чутны сьпеў іх.
З хорамаў Тваіх навадняеш горы:* зямля поўніцца плодам твораў Тваіх.
Ты вырошчваеш траву для жывёлы,* зельле на пажытак чалавеку, каб ён мог здабыць сабе ежу з зямлі:
Віно, што весяліць сэрца чалавека; аліву, што робіць твар сьветлым;* хлеб, што сэрца чалавека ўмацоўвае.
Дрэвы нізінныя маюць удосталь соку * – кедры лібанскія, што іх насадзіў.
Там птушкі маюць гнёзды свае,* бусьлінае жыльлё ўзвышаецца над імі.
Горы высокія для дзікіх козаў,* шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.
Ты стварыў месяц, каб паказваў поры;* сонца знае час захаду свайго.
Пасылаеш цемру і надыходзіць ноч,* падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.
Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы,* просячы ў Бога спажывы сабе.
Як толькі сонца ўзыдзе, яны хаваюцца * і кладуцца ў логавах сваіх.
Выходзіць чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара.
Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе!* Ты ўсё мудра стварыў: зямля поўная стварэньняў Тваіх.
Вось мора вялікае і прасторнае:* у ім рухаецца безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.
Караблі плаваюць па ім, і кіт агромністы там,* якога Ты стварыў на пацеху сабе.
Усе яны чакаюць ад Цябе,* каб Ты даў ім спажыву ў свой час.
Ты ім даеш, і яны падбіраюць,* расчыняеш руку Тваю, і яны поўняцца ўсякім дабром.
Калі ж Ты адвяртаеш твар Твой ад іх, яны трывожацца;* адымаеш дух ад іх, і яны гібеюць, і ў пыл зноў вяртаюцца.
Пасылаеш Духа Твайго, і яны ажываюць,* і Ты абнаўляеш твар зямлі.
Няхай слава Гасподняя трывае давеку,* хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.
Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць,* дакранецца да гораў, і яны дымяцца.
Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада,* буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.
Няхай прыемнай Яму будзе песьня мая:* я радуюся ў Госпадзе.
Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў.
Блаславі, душа мая, Госпада.
Сонца знае час захаду свайго;* Ты пасылаеш цемру і надыходзіць ноч.
Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе:* Ты ўсё мудра стварыў.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).
Сьвяцільныя малітвы (чытае сьвятар)
Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы.
1. Госпадзе шчодры і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку, уваж малітву нашу і пачуй голас маленьня нашага, пакажы нам знак спагадлівасьці Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб мы маглі хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашы, каб нам баяцца імя Твайго сьвятога, бо Ты вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты сільны ў дабрыні і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць тых, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
2. Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі нас і ў гневе Тваім не карай нас, але ўчыні з намі згодна з Тваёй міласэрнасьцю, Лекару і Збавіцелю душ нашых. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы нашы, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўсе дні жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Бо Твая ёсьць дзяржава, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
3. Госпадзе Божа мой, будзь памятлівы нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, што клічуць імя сьвятое Тваё; і не пасаром нас у спадзяваньні Тваёй міласэрнасьці, але дай нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і зрабі нас дастойнымі любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ува ўсім волю Тваю. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і нястомных усхваленьнях славяць сьвятыя сілы, напоўні сэрцы нашы хвалою Тваёю, каб нам аддаваць пашану імю Твайму сьвятому; і дай нам у спадчыне ўдзел з усімі, што пакланяюцца Табе ў праўдзе і захоўваюць Твае прыказаньні. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
4*. (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да нас і сумуеш з прычыны нашае нягоднасьці; памятай пра міласьць і ласку Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам правесьці рэшту гэтага дня свабоднымі ад розных падкопаў нячыстага і, сілаю ўсесьвятога Твайго Духа, захавай наша жыцьцё ад усякіх напасьцяў. Міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
6. Божа вялікі і дзіўны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам Тваім кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ў Тваёй дабрыні ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства. Зьбярогшы нас у сёньняшні дзень ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю і ўзьвялічваць Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага. Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
7. Божа вялікі, усявышні, адзіны несьмяротны, што жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё, што існуе, мудра стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую хвіліну стаць перад Тваім абліччам і прыносіць Табе вячэрняе ўсхваленьне. Учыні, чалавекалюбны Ўладару, каб гэтая наша малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як адмысловую духмянасьць. Дай, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі мірнымі; апрані нас у зброю сьвятла, захавай нас ад страху начнога і ад усякай пагрозы, што крыецца ў цемры. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на адпачынак дзеля слабасьці нашай, быў вольным ад д’ябальскіх спакусаў. Так, Уладару, Падаўча ўсяго добрага, дай, каб мы і ўночы, лежачы на ложах нашых, з любоўю ўспаміналі Імя сьвятое Тваё; і, прасьветленыя ўспамінам запаветаў Тваіх, з радаснай душой усталі, каб славіць Тваю дабрыню, ахвяруючы міласэрнасьці Тваёй малітвы і просьбы за нашы правіны і за ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі Багародзіцы, наведай у спагадлівасьці Тваёй. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Екценьня супакою
Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць екценьню супакою.
Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся.
– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.
– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.
– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.
– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе вёскі, гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.
– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.
– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.
– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку Госпаду памолімся.
– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Чытаньне Псалтыра
У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:
Шчасьлівы той, * хто на раду да нязбожных ня ходзіць. Алілуя, алілуя, алілуя.
Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.
Служыце Госпаду са страхам, * слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.
Шчасьлівыя ўсе, * што спадзяюцца на Яго. Алілуя, алілуя, алілуя.
Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.
У Госпада збаўленьне ёсьць, * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу,* цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.
Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).
Малая екценьня
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
"Госпадзе, Цябе клічу...”
Людзі стоячы сьпяваюць першыя вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву.
Псалом 140
Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне. * Пачуй мяне, Госпадзе! * Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; * будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. * Пачуй мяне, Госпадзе!
Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. * Пачуй мяне, Госпадзе!
Наступныя вершы аж да “Вызваль з вязьніцы” звычайна чытаюцца:
Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім * і сьцеражы дзьверы губ маіх.
Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, * каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.
З людзямі, якія чыняць бясчынствы: * хай не пакаштую прысмакаў іх.
Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: * алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.
Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. * Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,
Пачуюць, як лагодныя словы мае. * Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.
Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; * да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.
Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі людзей нягодных.
Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, * я ж адзін перайду бясьпечна.
Псалом 141
Голасна клічу Госпада, * голасна да Госпада малюся.
Перад Ім сум мой выліваю, * пра тугу маю Яму распавядаю:
Дух мой зьнемагае ўва мне, * Ты ж ведаеш шляхі мае.
На дарозе, па якой іду, * паставілі пастку на мяне.
Гляджу ўправа, углядаюся: * няма нікога, хто б мне спагадаў;
Ня маю, куды ўцякаць: * няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.
Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: * Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.
Будзь уважлівы да малітвы маёй, * бо я вельмі няшчасны.
Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, * бо яны мацнейшыя за мяне.
Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага:
Вызваль з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.
(Тон 5). Актоіх. Пачэсным крыжом Тваім, Хрысьце, Ты д'ябла пасароміў, і ўваскрасеньнем Тваім джала сьмерці прытупіў, і выбавіў нас ад варотаў сьмерці. Слава Табе, Адзінародны!
Праведнікі вакол мяне чакаюць, * калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.
Той, хто дае ўваскрасеньне роду людзкому, быў ведзены на ахвяру, быццам ягнё. Уладары пякельныя сумеліся, і адчыніліся вароты плачу, бо ўвайшоў Уладар славы Хрыстос, сказаўшы вязьням: "Выходзьце!" і тым, што ў цемры: "Хадзіце да сьвятла!"
Пс 129. З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой!
Вялікі цуд! Творца нябачнага бачна пацярпеў дзеля чалавекалюбства і ўваскрос як несьмяротны. Дык прыйдзіце, усе народы, і пакланіцеся Яму, бо праз Ягоную міласэрнасьць мы выбавіліся ад маны і навучыліся ўзьвялічваць у трох асобах адзінага Бога.
Хай вушы Твае будуць уважлівымі * да голасу маленьня майго.
Вячэрняе пакланеньне прыносім Табе, несьмяротнаму Сьвятлу, што ў апошнія дні ў целе, быццам у люстры, зазьзяў на ўвесь сьвет і, зыйшоўшы да пекла, разьвеяў цемру, што панавала там, і паказаў усім людзям сьвятло ўваскрасеньня. Сьветладаўча Госпадзе, слава Табе!
Калі 6 песьняў – тады ад наступнага:
Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? * Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.
(Тон 1). Мінэя. Госпадзе міласэрны, Ты на вогненнай калясьніцы ўзьняў Ільлю Тэсьбіцяніна. Малітвамі ягонымі збаў нас, якія з вераю славім Цябе і ўрачыста спраўляем ягоную сьвятую і збавенную памяць.
Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: * душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.
Не ў землятрусе, а ў лагодным подыху ветру ўбачыў ты, Багавідча Ільля, прыйсьце Божае, якое цябе калісь прасьвятліла. Сеўшы на калясьніцу, ты, боганатхнёны прароча, у дзівосны спосаб быў узьняты на неба.
Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, * больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.
Ты, мудры Ільля, палаючы Божай руплівасьцю, выгубіў нязбожных паганскіх сьвятароў, словам тваім устрымаў дождж з неба на зямлю, і Елісея напоўніў падвойнаю ласкаю Божаю, аддаўшы яму свой плашч.
Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.
(Тон 2). Два сьветачы зазьзялі на ўвесь сьвет, Ільля і Елісей. Першы з іх словам сваім зачыніў дождж з неба, выкрыў крывадушнасьць цара і на калясьніцы ўзьнёсься на неба. Другі аздаравіў бясплодныя воды і, атрымаўшы падвойную ласку, разьдзяліў воды Ярданскія. Цяпер абодва яны прабываюць з анёламі і моляцца за збаўленьне душ нашых.
Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі.
Быццам моцным ветрам ты, Ільля Тэсьбіцянін, быў узьняты на вогненнай калясьніцы да неба; Бог даў табе палымяную ласку цудаў і ўчыніў цябе нятленным, ня даўшы табе бачыць сьмерці, пакуль не прадкажаш канца ўсім. Дык прыйдзі цяпер, даючы нам перасьцярогу тваімі навучаньнямі.
Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі * і вернасьць Гасподняя трывае давеку.
Сьветач нязгасны царкоўны, распалены боскай руплівасьцю, Ільля прароча, ты зачыніў дождж з неба, і быў кормлены воранам, выкрыў крывадушнасьць цара і ілжывых прарокаў умярцьвіў; ты загадаў агню зыйсьці з неба і забіў двух нязбожных начальнікаў; накарміў удосталь удаву аліваю і малою жменяю мукі, і сына яе малітваю ўваскрасіў; на вадзе ты запаліў агонь, і Ярдан, быццам па сушы, перайшоў; і, ўзьнёсшыся на вогненнай калясьніцы да неба, даў Елісею падвойную ласку. Маліся безустанку Богу за збаўленьне душ нашых.
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу (сьпяваецца стоячы да канца пракімена)
(Тон 6). Мінэя. Прыйдзіце, верныя, каб, сабраўшыся ў сьвятыні пачэсных прарокаў, засьпяваць стройную песьню на славу Хрыста Бога нашага, Які праславіў іх; радасна ў вясельлі ўсклікнем: Радуйся, зямны анёле, і чалавеча нябесны, Ільля знамяніты; радуйся, пачэсны Елісею, што атрымаў ад Бога падвойную ласку. Радуйцеся, добрыя заступнікі, абаронцы і лекары душ і целаў Хрысталюбных людзей. Ад усякай напасьці варожай і непрыхільных абставін, і ад усіх бедаў выбаўце тых, што з вераю спраўляюць урачыста памяць вашу.
цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
(Тон 5). Дагматык. У Чырвоным моры вобраз Дзевы Маці быў нам некалі дадзены. Там Майсей ваду разьдзяліў – тут Габрыэль цуду паслужыў; тады Ізраіль перайшоў глыбіні марскія, быццам сушу, – цяпер Дзева нарадзіла бяз семя Хрыста; мора пасьля пераходу Ізраіля стала зноў непраходным – Бязьвінная, нарадзіўшы Эмануэля, засталася Дзеваю. Божа спрадвечны, што зьявіўся дзеля нас у целе як чалавек, зьмілуйся над намі!
Уваход
Падчас сьпяваньня “ Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фелонь, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма:
Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся.
Сьвятар (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.
Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Дыякан: Амін.
Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас:
Дыякан: Мудрасьць, устаньце!
На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.
Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.
Дыякан: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.
Пракімен
У суботу вечарам (Пс 92:1,5), тон 6.
Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу.
Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся.
Верш 2. Ён умацаваў сусьвет, * што не зварухнецца.
Верш 3. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, * праз усе дні.
Пасьля пракімена - чытаньні са Сьвятога Пісаньня (парэміі). Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “ Мудрасьць”, - і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “ Будзьма ўважлівыя”, - пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак са Сьвятога Пісаньня (парэмію). Калі чытаюцца ўрыўкі са Старога Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца. Калі чытанні з Новага Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца пасьля чытаньняў.
Чытаньне Трэцяй кнігі Царстваў
Было слова Гасподняе да прарока Ільлі Тэсьбіцяніна, і той сказаў Ахабу: "Як жывы Госпад Бог сіл, Бог Ізраіля, якому служу, ня будзе у гэтыя гады ні расы ні дажджу, аж пакуль я не скажу". I Госпад прамовіў да Ільлі, кажучы: "Ідзі адсюль на ўсход, і затрымайся каля ручая Кэрыт, што перад Ярданам, і будзе вада ў ручаі, якую будзеш піць, і воранам загадаю карміць цябе там". Ільля пайшоў і зрабіў, як загадаў яму Госпад, і затрымаўся ля ручая Кэрыт перад Ярданам; і вораны прынасілі яму хлеб раніцай і мяса вечарам, і ён піў ваду з ручая. Але пасьля нейкага часу ручай высах, бо не было дажджу на зямлі. I Госпад сказаў Ільлі: "Устань і ідзі ў Сарэпту Сыдонскую, і заставайся там, бо я загадаў адной жанчыне ўдаве карміць цябе". I, устаўшы, пайшоў ён у Сарэпту Сыдонскую. Калі ён падыходзіў да брамы гораду, нейкая ўдава зьбірала там сабе дровы; дык ён паклікаў яе і сказаў: "Дай, прашу цябе, крыху вады ў кубку, каб мне напіцца". Яна пайшла, каб прынесьці, я ён клікнуў ёй усьлед: "Прынясі і кусок хлеба ў руцэ тваёй, каб мне зьесьці". Жанчына ж адказала: "Як жыве Госпад Бог мой, няма ў мяне больш печыва, а толькі жменя мукі ў посудзе і крыху алівы ў гляку: і вось я назьбіраю дроваў і пайду падрыхтаваць мне і сыну майму страву, каб нам пад'есьці, а пасьля памерці". Ільля ж кажа ёй: "Ня бойся, але ідзі і не рабі так, як ты казала, але сьпячы перш маленькі праснак і прынясі мне: сабе ж і дзеткам тваім зробіш пазьней. Бо Госпад Бог Ізраіля кажа: Посуд з мукою ня будзе пустым, і гляк з аліваю не апарожніцца пакуль Госпад не пашле дождж на зямлю". Жанчына пайшла і зрабіла, як сказаў ёй Ільля, і дала яму, і еў ён, і яна і сын яе. I так было кожны дзень: посуд з мукою не апусьцеў і гляк з аліваю не апаражніўся, згодна з абяцаньнем, якое даў Госпад цераз Ільлю. Хутка пасьля здарылася, што захварэў сын гэтай жанчыны, гападыні дому, і хвароба яго была так цяжкая, што ён перастаў дыхаць. Тады сказала яна Ільлі: "Што ты, чалавеча Божы, хочаш ад мяне? Ці ты прыйшоў на тое, каб прыпомніць мне маю віну і ўмарыць сына майго?" I кажа Ільля жанчыне: "Дай мне сына твайго". Тады ўзяў ён яго ад яе і, занёсшы ў сьвятліцу, дзе сам прабываў, палажыў на сваім ложку. I ўсклінуў Ільля да Госпада, кажучы: "Гора мне, Госпадзе Божа мой! Ці Ты нават на ўдаву, у якое я жыву, наводзіш няшчасьце і дапушчаеш сьмерць сына яе?" I дыхнуў на дзіця тройчы і зноў усклікнуў да Госпада, кажучы: "Госпадзе Божа мой! Прашу Цябе, хай душа гэтага дзіцяці вернецца да яго!" I Госпад пачуў голас Ільлі, і душа дзіцяці вярнулася да яго, і яно ажыла. Тады Ільля ўзяў дзіця, вынес са сьвятліцы гэтага дому і аддаў маці. I кажа ёй Ільля: "Глядзі, сын твой жывы". I кажа жанына Ільлі: "Цяпер ведаю, што ты сапраўды чалавек Божы, і вуснамі тваімі гаворыць Госпад". (17:1 -23)
Чытаньне Трэцяй кнігі Царстваў
У трэці год панаваньня Ахаба Госпад сказаў Ільлі: "Ідзі і пакажыся Ахабу, бо Я пушчу дождж на зямлю". Ахаб, убачыўшы Ільлю, сказаў: "Гэта ты, што зьдзекуешся над Ізраілем". Але Ільля адказаў: "Не я зьдзекуюся над Ізраілем, але ты і дом айца твайго, бо вы пакінулі Госпада Бога свайго, і пайшлі на службу паганскім ідалам. Дык цяпер дай загад, каб увесь Ізраіль сабраўся каля мяне на гары Кармэльскай, а таксама трыста пяцьдзесят прарокаў Бааля і чатырыста мерзкіх прарокаў, сталаўнікоў Езабэлі". I Ахаб даў загад усім ізраільцянам, як сказаў Ільля, і сабраў усіх прарокаў на гару Кармэльскую, і прывёў іх да Ільлі. I сказаў Ільля ім: "Як доўга будзеце кульгаць на абедзьве нагі? Калі Госпад ёсьць сапраўдным Богам, дык пакланяйцеся Яму, калі ж Бааль, то яму служыце!" На гэта не адказалі яму ні словам. Тады Ільля зноў сказаў людзям: "З прарокаў Госпада застаўся я адзін, а прарокаў Бааля тут трыста пяцьдзесят, і прарокаў мерзкіх чатырыста". I сказаў зноў Ільля: "Дайце мне двух цялят. Хай яны выбяруць сабе адно цяля, заб'юць яго і паложаць на дровы, але агня хай не раскладаюць. Я таксама заб'ю адно цяля, палажу яго на дровы і таксама агня не запалю. Тады вы будзеце клікаць вашага бога, а пасьля я буду клікаць самога Госпада Бога майго: і Бог, які выслухае і адкажа агнём, той – сапраўдны Бог". I адказалі ўсе людзі: "Добрую думку даў Ільля, хай будзе так". Тады Ільля сказаў прарокам мерзкім: "Выбірайце вы першыя, бо вас больш. Тады клічце вашага бога, але агня не раскладайце". Яны ўзялі цяля і забілі яго, а пасьля клікалі Бааля ад раніцы да паўдня, крычачы: "Бааль, выслухай нас!" Але не было ні голасу, ні адказу. Тады пачалі біць паклоны перад ахвярнікам, які яны прыгатавалі. Настаў поўдзень, і Ільля пачаў насьміхацца з іх, кажучы: "Крычыце мацней, бо можа бог ваш не чуе: магчыма ён размаўляе, або заняты, або выбіраецца ў дарогу? А можа ён сьпіць, дык няхай прачнецца!" Тады яны пачалі крычаць яшчэ мацней і, паводле звычаю свайго, калечыць сябе нажамі і бічавацца аж да крыві. I прарочылі яны, аж пакуль прыйшоў вечар і настаў час ахвяры вячэрняй, а ўсё не было адказу. Тады Ільля сказаў прарокам: "Адступіцеся цяпер, і я прынясу маю ахвяру". I яны адступіліся і замоўклі. Ільля сказаў людзям: "Падыдзіце да мяне". І ўсе людзі падышлі да яго. I ўзяў Ільля дванаццаць каменяў, паводле ліку пакаленьняў сыноў Ізраіля, якому Госпад сказаў: "Імя тваё будзе Ізраіль". I паклаў камяні ў імя Госпада, і направіў развалены ахвярнік, і выкапаў вакол ахвярніка роў, у якім можна было пасеяць дзьве меры насеньня. Потым палажыў дровы і, забіўшы цяля, палажыў яго на дровах і загадаў: "Напоўніце чатыры збаны вадою і вылійце яе на дровы і ў роў". Так яны і зрабілі. Тады ён зноў загадаў: "Паўтарыце тое самае!" I яны паўтарылі. I зноў загадаў: "Яшчэ трэці раз!" Яны зрабілі тое самае трэці раз, так што вада абліла ўвесь ахвярнік і напоўніла роў. I ўсклікнуў Ільля да неба, кажучы: "Госпадзе Божа Абрагама, Ісаака і Якуба! Выслухай мяне, Госпадзе! Выслухай мяне агнём! Хай сёньня станецца вядомым, што Ты адзіны Госпад Бог Ізраіля, а я, слуга Твой, на Твой загад усё гэта ўчыніў. І навярні сэрцы людзей гэтых да Цябе". I вось агонь зышоў з неба ад Госпада, і спаліў цэласпальныя ахвяры і дровы і камяні, а балота і ваду, што была ў рове, высушыў. Усе людзі, бачыўшы гэта, палі тварам ніц, і сказалі: "Сапраўды Госпад Бог зьяўляецца Богам праўдзівым!" Ільля ж загадаў ім: "Хапайце прарокаў Бааля! Няхай ніхто з іх не застанецца!" I адразу схапілі іх. I Ільля завёў іх да ручая Кішон і там іх пазабіваў. Тады Ільля сказаў Ахабу: "Чую шум дажджу, сядзь на калясьніцу тваю і едзь, каб дождж цябе не застаў". I ўзышоў Ільля на Кармэльскую гару, і пахіліўся да зямлі, утуліўшы твар між каленаў, і памаліўся да Госпада. I вось неба пацямнела ад хмараў і ветру і пайшоў лівень. I заплакаў Ахаб і пайшоў да Іезрааля. I рука Гасподняя была на Ільлі, і ён падперазаўшы паясьніцу сваю, пайшоў перад Ахабам да Іезрааля. Калі Ахаб расказаў жонцы сваёй Іезабэлі усё, што ўчыніў Ільля і як ён мячом пазабіваў прарокаў, яна паслала пасланца да Ільлі, каб сказаць: "Заўтра я зраблю з жыцьцём тваім так, як ты зрабіў з жыцьцём кожнага з іх". Пачуўшы гэта Ільля спалохаўся і, ратуючыся ўцечкаю, прыйшоў у Баршэбу, што ў зямлі Юдэйскай. Там ён пакінуў слугу свайго, а сам пайшоў на дзень дарогі ў пустыню. Прыйшоўшы, сеў пад ядлаўцом і, жадаючы сьмерці, казаў: "Ужо вялікі час, Госпадзе! Вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за маіх продкаў". Пасьля лёг і заснуў. I вось анёл, штурхнуўшы яго, сказаў: "Устань, еш!" Ільля глянуў і ўбачыў ля галавы праснак і збан вады. Тады, устаўшы, ён пад'еў і выпіў, і лёг зноў. Анёл вярнуўся і другі раз, штурхнуўшы яго, сказаў: "Устань і еш, бо цябе чакае вялікая дарога". Дык, устаўшы, зьеў і выпіў. Тады, падмацаваны ежаю, ён ішоў сорак дзён і сорак начэй аж да сьвятой гары Гарэб. Там увайшоў у пячору адпачыць. I Госпад прамовіў да яго, кажучы: "Выйдзі і стань ля гары перад Госпадам!" I вось Госпад прайшоў міма. Быў вялізны вецер, што развальваў горы і крышыў скалы, але Госпад ня быў у ветры. Пасьля ветру – землятрус: Госпад ня быў у землятрусе. Пасьля землятрусу прыйшоў агонь: Госпад ня быў у агні. А пасьля гэтага агню – подых лагоднага ветрыку. Калі Ільля пачуў яго, ён выйшаў і стаў пры ўваходзе пячоры, засланіўшы твар плашчом. Тады Госпад сказаў яму: "Ідзі назад у пустыню Дамаскаву і памаж Елісея, сына Шафата, на прарока на тваё месца!" (18:1,17-19:16)
Чытаньне Трэцяй і Чацьвертай кнігаў Царстваў
У той час Ільля пайшоў і знайшоў Елісея, сына Шафата, які араў валамі. Падышоўшы да яго, Ільля накінуў на яго свой плашч. I Елісей пакінуў валы і пайшоў усьлед за Ільлёю і служыў яму. І вось Ільля быў узяты Госпадам у ветры на неба, а сталася гэта такім чынам. Ільля і Елісей ішлі да Галгалы. I сказаў Ільля Елісею: "Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне да Ярдану". Але Елісей адказаў: "Як жывы Госпад, і жывая душа мая, не пакіну цябе". I пайшлі абодвы яны далей і сталі ля Ярдану, а пяцьдзесят мужоў, вучняў прароцкіх, прыйшлі і сталі насупраць здалёку. I ўзяў Ільля плашч свой, скруціў яго і ударыў ім ваду, якая разьдзялілася на два бакі. I яны прайшлі па сухім дне. I калі яны прайшлі, Ільля сказаў Елісею: "Прасі, што мне зрабіць перад тым, чым буду ўзяты ад цябе". Елісей адказаў: "Хай дух, што ў табе, будзе падвойным ува мне". Кажа Ільля: "Цяжкай рэчы просіш; калі ўбачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, тваё жаданьне споўніцца". Калі яны так ішлі і размаўлялі, вось зьявілася вогненная калясьніца з вогненнымі канямі, і разлучыла іх. I Ільля ў ветры вялікім узьнёсься да неба. А Елісей глядзеў і крычаў: "Ойча! Ойча! Вось калясьніца Ізраіля і ягоныя ездакі!" I ўжо больш ня бачыў яго. I Елісей, узяўшы вопратку сваю, разадраў яе і ўзяў плашч Ільлі, што ўпаў згары. Вярнуўшыся, Елісей стаў на беразе Ярдану і, ўзяўшы плашч Ільлі, што ўпаў згары, ударыў ім ваду, але яна не разьдзялілася. Тады крыкнуў ён: "Дзе ж гэта Госпад Бог Ільлі, дзе Ён?" I ўдарыў ваду другі раз, і яма расступілася, і ён перайшоў па сухім дне. (3 Цар. 19:19-21; 4 Цар. 2:1,6-14)
Екценьня ўзмоцненага маленьня
Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі дзьвярыма, узносіць екценьню. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць екценьню, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя.
Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), (за пачэсных айцоў нашых архімандрыта … (імя), протаігумена … (імя), ігумена … (імя)), за братоў нашых сьвятароў, дыяканаў і манахаў і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.
– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.
– Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх раней адышоўшых айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.
– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.
Сьвятар: Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Малітва ўслаўленьня (сьпяваецца стоячы)
Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар * захавацца нам без граху.
Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, * і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.
Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, * бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне Тваіх запаветаў.
Блаславёны Ты, Уладару, * дай мне зразумець Твае запаветы.
Блаславёны Ты, Сьвяты, * прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.
Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: * не пагардзі творамі рук Тваіх.
Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, * Табе слава належыцца,
Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, * цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Екценьня просьбаў
Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашую Госпаду.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.
Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім.
– Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.
– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.
– Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.
– Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў.
(Уголас) Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Вершапесьні
(Тон 5). Актоіх. Цябе, Збавіцелю Хрысьце, што аб'явіўся ў целе, не адлучыўшыся ад неба, песьнямі звонкімі ўзьвялічваем, бо Ты крыж і сьмерць пацярпеў за род наш, і як чалавекалюбны Госпад разбурыў браму пякельную і на трэці дзень уваскрос, даючы збаўленьне душам нашым.
Верш: Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу.* Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.
З прабітага боку Твайго, Хрысьце, Ты выліў струмені жыцьця і збаўленьня ўсім і, пацярпеўшы цялесную сьмерць, дараваў несьмяротнасьць нам; пасяліўшыся ў магіле, Ты як Бог вызваліў нас і ўваскрасіў з сабою. Дзеля гэтага славім Цябе і ўсклікаем: "Чалавекалюбча Госпадзе, слава Табе!"
Верш: Ён умацаваў сусьвет,* што не зварухнецца.
Дзіўнае Тваё, Госпадзе, укрыжаваньне і зыход да пекла: паланіўшы яго і вызваліўшы вязьняў, што былі там, Ты як Бог рай адчыніў, каб узяць іх туды з сабою. Дзеля гэтага і нам, якія славім трохдзённае ўваскрасеньне Тваё, адзіны Міласэрны, даруй адпушчэньне грахоў і дазволь стацца жыхарамі раю.
Верш: Дому Твайму належыцца сьвятасьць,* Госпадзе, праз усе дні.
Чалавекалюбны Госпадзе, Які дзеля нас пацярпеў і на трэці дзень уваскрос, аздараві нашыя цялесныя слабасьці, вызвалі ад цяжкіх правінаў і збаў нас!
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу
(Тон 6). Мінэя. Прароча і прапаведніча прыйсьця Хрыстовага, ты заўжды прабываеш ля пасаду Велічы і, служачы на вышынях, заступаешся за ўсіх у патрэбе і, ўсюды праслаўлены, сусьвет бласлаўляеш. Прасі ачышчэньня душам нашым.
цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
(Тон 6). Багародзіцы. Тварэц і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад Хрыстос, выйшаўшы з улоньня твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў. Дзеля гэтага табе, Бязьвінная, як Маці Божай і Дзеве разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем "Радуйся!" Радуйся, Уладарка, Заступніца, Абарона і Збаўленьне душ нашых.
Песьня Сімяона Богапрыймальніка (сьпяваецца стоячы)
Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32).
Чытальнік: Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава Айца і Сына, і Сьвятога Духа цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Адпушчальныя трапары
(Тон 5). Уваскросны. Слова, спрадвечнае з Айцом і Духам,* ад Дзевы народжанае для збаўленьня нашага,* усхвалім, верныя, і паклонімся Яму.* Бо Ён захацеў дабравольна целам узысьці на крыж * і сьмерць пацярпець,* і ўваскрасіць памерлых * слаўным уваскрасеньнем сваім.
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу
(Тон 4). Мінэя . Анёл у целе, прарокаў аснова, другі прадвесьнік прыйсьця Хрыстовага, Ільля слаўны, з вышыні паслаў Елісею падвойную ласку немачы адганяць і пракажоных ачышчаць, і тым, што шануюць яго, шле аздараўленьні.
цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
(Тон 4). Багародзічны. Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, Табою, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў Сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
Вялікі водпуст
Дыякан: Мудрасьць!
Людзі: Блаславі!
Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціянаў на век вякоў.
Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.
Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея нашая, слава Табе.
Людзі: Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы). Блаславі.
Сьвятар: робіць водпуст.
Хрыстос, праўдзівы Бог наш, Які ўваскрос з мёртвых, малітвамі ўсячыстае Свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятога прарока Ільлі, сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, сьвятога сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу, праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён – добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін.
Каментары: