Святы Альфонс Лігуоры (1696 - 1787)

Альфонс Марыя дэ Лігуоры нарадзіўся 27 верасня 1696 г. у мястэчку Марыянэлі недалёка ад Неапаля. Ён быў першым дзіцём досыць вялікай арыстакратычнай сям'і. Хлопец быў інтэлектуальна вельмі адораным: у 16-гадовым узросце атрымаў двайны дактарат з грамадзянскага і кананічнага права і стаў адным з самых вядомых адвакатаў Неапаля. Быў у яго і вялікі мастацкі талент: Альфонс быў паэтам, музыкам, архітэктарам і жывапісцам. Аднак нечакана прайграўшы адну справу і расчараваўшыся ва ўсёй прававой сістэме, ён убачыў свет такім, якім ён ёсць, і вырашыў карэнным чынам змяніць свой лад жыцця.

Стаўшы святаром у 1726 годзе, Альфонс вырашыў прысвяціць сваё служэнне нізам неапальскага грамадства - людзям, якія апынуліся на ўзбочыне як сацыяльнага, так і царкоўнага жыцця. Менавіта дзеля іх ён арганізаваў так званыя "вячэрнія капліцы". У 1732 г. Альфонс далучыў да евангелізацыі сярод найбольш занядбаных людзей групу сьвятароў - так з'явілася Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля.

Акрамя кіраўніцтва Кангрэгацыі, Альфонс цэлых трынаццаць гадоў плённа служыў Царквы як біскуп. 1 жніўня 1787 г. Альфонс Марыя дэ Лігуоры памёр ва ўзросце 91 года.

Быў кананізаваны ў 1839 г., у 1871 г. быў вызнаны Настаўнікам Царквы, а ў 1950 г. - святым апекуном спаведнікоў і маралістаў.

Святы Герард Маеля (1726-1755)

Герард Маеля нарадзіўся ў 1726 годзе ў Мура-Лукана, маленькім мястэчку на поўдні Італіі. Яго маці Бенядэта паказала яму вялікую любоў Бога, любоў, якой няма межаў. Ён адчуваў сябе шчаслівым, знаходзячыся побач з Богам.

Калі Герарду было дванаццаць гадоў, памёр яго бацька. З таго часу ён быў вымушаны зарабляць на жыццё сям'і. Герард стаў вучнем мясцовага краўца, падапечны якога часта запалохваў і біў хлопца. Пасля чатырох гадоў навучання Герард мог бы стварыць уласную майстэрню, але пайшоў на службу да мясцовага біскупа Лацэдонія, хаця сябры адмаўлялі яго ад гэтага намеру.

Святы Клімент Гафбауэр (1751-1820)

Клімент Марыя Гафбауэр нарадзіўся 26 снежня 1751 года ў Тасавіцах (Маравія). Пры хрышчэнні ён атрымаў імя Ян. Ён быў наймалодшым з дванаццаці дзяцей у сям'і Паўла Гафбауэра (Дворака) і Марыі Штэер. Смерць бацькі ў 1757 г. паставіла сям'ю ў вельмі цяжкае становішча, і ў свае юныя гады Ян не мог атрымаць належнай адукацыі. Ён стаў прыслужнікам пры манастыры ў Бруку, дзе навучыўся рамяству пекара. Нягледзячы на ўсё, Ян знаходзіў час і для вучобы, не пакідаючы надзеі стаць святаром.

Некаторы час ён жыў як пустэльнік спачатку ў Аўстрыі, а ў 1782 годзе, з дазволу тывольскага біскупа - у капліцы Квінтыёла паблізу Тывалі. Менавіта тады Ян змяніў імя на Клімента.

Блаславёны Пётр Дондэрс (1809-1887)

Пётр Дондэрс нарадзіўся 27 кастрычніка 1809 г. у Тылбургу, Нідэрланды, у сям'і Арнольда Дондэрса і Петранелы ван дэн Брэкель. Паколькі пара была беднай, яны не маглі даць сынам добрую адукацыю. Абодва хлопчыкі павінны былі працаваць, каб пракарміць сям'ю. І ўсё ж яшчэ з маладых гадоў Пётр трымаў мару стаць святаром. З дапамогай святароў сваёй парафіі яму, нарэшце, удалося пачаць навучанне ў ніжэйшай семінарыі ва ўзросце дваццаці двух гадоў. Яго высвецілі на святара 5 чэрвеня 1841 года.

Падчас навучання багаслоўю настаяцелі семінарыі накіравалі Пятра Дондэрса на працу ў місіях дацкай калоніі Сурынам. Ён прыбыў у сталіцу калоніі Парамарыба 16 верасня 1842 г. і адразу ж прысвяціў сябе душпастырскай працы, якую не пакінуў да смерці. Сярод яго першых абавязкаў былі рэгулярныя наведванні плантацый, размешчаных уздоўж рэк калоніі. Там ён прапаведаваў і ўдзяляў Святыя Таінствы, галоўным чынам для рабоў. Лісты Пятра Дондэрса поўныя абурэння жорсткім абыходжаннем з афрыканцамі, якія былі вымушаны цяжка працаваць на плантацыях.

Блаславёны Францішак Ксаверый Зелас (1819-1867)

Францішак Ксаверый Зелас нарадзіўся 11 студзеня 1819 г. у Фюсэне (Баварыя, Германія) у сям'і Манга Зеласа і Франчэскі, якая нарадзілася Шарцэнбах, у якіх было яшчэ 11 іншых дзяцей. У той жа дзень ён быў ахрышчаны ў парафіяльнай царкве св. Магна, дзе яго бацька, пачынаючы з 1830 г., выконваў функцыі царкоўнай прыслугі, а да гэтага гандляваў тканінамі.

У 1831 г. Францыск скончыў школу і, выявіўшы жаданне стаць святаром, пры падтрымцы свайго параха перайшоў у гімназію інстытута св. Эцьена ў Аўгсбургу. Працягнуў сваё навучанне ў Мюнхенскім універсітэце (Баварыя), дзе два гады вывучаў філасофію. Пасля пачаў вывучаць тэалогію, каб падрыхтавацца да паступлення ў семінарыю, куды быў прыняты 19 верасня 1842 года.

Блаславёны Каспар Штангасінгер (1871-1899)

Каспар Штангасінгер нарадзіўся ў 1871 г. у Берхтэсгадэне (Berсhtesgaden) на поўдні Германіі. У сям'і Штангасінгера было шаснаццаць дзяцей, Каспар быў другім. Яго бацька, якога ўсе паважалі, быў фермерам і ўладальнікам каменнага кар'ера.

З дзіцячых гадоў Каспар хацеў і прыкладаў усе намаганні, каб стаць святаром. У дзяцінстве ён маліўся за сваё святарскае пакліканне, часта "прапаведаваў" кароткія пропаведзі сваім братам і сёстрам, а таксама праводзіў працэсіі да каплічкі ў гарах, якая знаходзілася непадалёк ад іх дома.

Калі Каспару споўнілася дзесяць гадоў, ён адправіўся ў Фрайзінг (Freising), каб працягнуць вучобу, якая была для яго вельмі складанай. Таму бацька казаў яму, што калі ён не здасць экзамены, то будзе павінен пакінуць школу. Маючы моцнае жаданне, вялікую пасвяту і адданасць малітве, Каспар пастаянна рабіў поспехі. Падчас канікул вакол яго часта збіралася група хлопцаў, якіх ён заахвочваў весці хрысціянскае жыццё, ствараў з іх супольнасць і быў іх лідэрам. Гэтыя групы кожны дзень хадзілі на Святую Літургію, часта здзяйснялі розныя падарожжы і паломніцтвы. Аднойчы падчас паходу ў горы, рызыкуючы жыццём, Каспар выратаваў жыццё аднаго з хлопцаў.

Блаславёны Мікалай Чарнецкі (1884-1959)

ХХ стагоддзе - час нараджэння візантыйскай галіны Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў. Прыйшоўшы на ўкраінскія землі, бельгійскія рэдэмптарысты змаглі стаць часткай народа, змаглі ўліцца ў яго культуру, ментальнасць, і, што самае важнае, у яго ўсходнюю духоўнасць. Палаючы духам за Госпада сіл, яны вялі за сабой тых, якія чулі ў сваім сэрцы Хрыстоў голас: "Ідзіце і навучыце ўсе народы." (Мц. 28, 19). Сярод першых сыноў ўкраінскай зямлі, што вырашылі ісці і выконваць волю свайго Збавіцеля, быў вялікі муж святога жыцця - блаславёны біскуп Мікалай Чарнецкі.

Мікалай Чарнецкі нарадзіўся 14 снежні 1884 г. ў заходнеўкраінскім сяле Семакоўцы. Бацькі яго, Аляксандр і Параскева, былі простымі сялянамі, якія жылі і працавалі пры парафіі а. Каратніцкага, які апекаваўся іх шматдзетнай сям'ёй. Малы Мікалай рос у духоўнай атмасферы і быў старэйшым дзіцём у сям'і, дзе, акрамя яго, было яшчэ восем дзяцей. Пачатковую адукацыю і сярэднія класы скончыў у с. Тлумач і паступіў у гімназію св. Мікалая ў Станіславове (сёння Івана-Франкоўск). У гімназіі Мікалай вызначаўся вялікай пільнасцю і дабрынёй - Святы Дух дзейнічаў у той душы, якая заўсёды была адкрытая на Яго натхненне і Яму паслухмяная.

Блаславёны Васіль Велічкоўскі (1903-1973)

Васіль Велічкоўскі нарадзіўся 1 чэрвеня 1903 г. у горадзе Станіславове (цяпер Івана-Франкоўск) у сям'і святара, радавод якой даходзіў запарожскіх казакоў. Бацька, Уладзімір Велічкоўскі, быў святаром у вёсцы Шупарці (цяперашняя Цярнопальская вобласць); маці - дачка а. Мікалая Тэадаровіча і Харытыны з Анішкевічаў. Род Велічкоўскіх з боку бацькі быў святарскім ужо больш за 300 гадоў, а паходзіў з Усходняй Украіны, з сяла Вялічкаў.

Ва ўзросце васьмі гадоў Васіль пачаў хадзіць у пачатковую школу ў вёсцы Прабіжная, дзе правучыўся тры гады. Пасля заканчэння школы бацькі аддалі Васіля на навучанне ў Інстытут св. Язафата айцоў-базылянаў. Тут адбылася важная падзея: падчас місій маці прысвяціла свайго сына Васілька пад Пакроў Найсвятой Багародзіцы. Да шостага класу Васіль пайшоў у вёсцы Гарадзінцы. Там яго застала Першая сусветная вайна, там у 1918 годзе ён уступіў у рады Сечавых Стральцоў.

Блаславёныя іспанскія мучанікі

13 кастрычніка 2013 года ў горадзе Тарагона, Іспанія, адбылася беатыфікацыя шасці іспанскіх мучанікаў рэдэмптарыстаў: а. Хаўера Гарастэрацы Хаўнарэны і пяці яго субратоў. 20 снежня 2012 г. Папа Бенядыкт XVI падпісаў дэкрэт аб іх мучаніцтве. Свята беатыфікацыі вялікай групы больш за 500 іспанскіх мучанікаў правёў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах святых і дэлегат Папы Францішка.

Новыя блаславёныя рэдэмптарысты належалі да супольнасці св. Піліпа ў горадзе Квенка ў Іспаніі. Загінулі мучаніцкай смерцю ў часе іспанскай грамадзянскай вайны, якая доўжылася ад ліпені 1936 года да красавіка 1939 г. Сярод іх пяць святароў і адзін брат: а. Хаўер Гарастэрацу Хаўнарэна (1877-1936), а. Сірыяк Аляртэ Перэс дэ Мендыгурэн (1893-1936), а. Міхал Гані Арыс (1902-1936), а. Юліян Поза Руіс дэ Саманіега (1903-1936), а. Пётр Рамэра Эспеха (1871-1938) і брат Вікторыян Кальва Лазана (1896-1936).