Блаславёны Мятод Дамінік Трчка

- . Апублікавана ў Святыя і блаславёныя

Дамінік нарадзіўся 6 ліпеня 1886 г. у Фрыдлянце ў Маравіі (цяпер Чэхія). Ён быў сёмым, самым малодшым, дзіцём у сям'і Францішкі Штэрбовай і Тамаша Трчкі. Атрымаў добрае хрысціянскае выхаванне. У 1899 г. ва ўзросце 53 гадоў ад раку памерла маці Дамініка.

У 1902 г. Дамінік паступіў у ювенат, які належаў да рэдэмптарыстаў Пражскай правінцыі. Першыя манаскія зарокі склаў 25 жніўня 1904 г. Пасля заканчэння навучання ў семінарыі быў пасвечаны на святара 17 ліпеня 1910 г. З першых гадоў святарства актыўна працаваў як місіянер у Празе, Пілжні і Брне. У час Першай сусветнай вайны апекаваўся бежанцамі пры царкве Маці Божай на Святой Гары каля Прагі. Хроніка манастыра на Святой Гары апавядае нам пра служэнне а. Дамініка сярод выхадцаў з Харватыі, Славеніі і Закарпацця. Для іх як місіянер служыў, катэхізаваў і дапамагаў матэрыяльна. Сілы да такой працы чэрпаў з малітвы перад цудатворнай фігурай Маці Божай, якой быў вялікім прыхільнікам.

У гэты час ён фармаваўся як чалавек, хрысціянін і святар. Яшчэ з часу навучання прагнуў працаваць сярод кола ўсходніх хрысціян, жадаючы ісці следам за славянскімі апосталамі Кірылам і Мятодам. Студэнты-рэдэмптарысты ў 1906 г. заснавалі Супольнасць для навяртання і яднання славян у Каталіцкай Царкве. Дамінік далучыўся да гэтай працы. Унійныя кангрэсы ў Велеградзе ўмацавалі памкненні студэнцкага гуртка. Ідэалы Кірыла і Мятода яшчэ больш сталі рэалізоўвацца ў Пражскай правінцыі пасля таго, як бельгійскія рэдэмптарысты пачалі працу сярод грэка-католікаў у Канадзе, а пазней і ва Украіне. У 1919 г. протаігумен Пражскай правінцыі даслаў а. Дамініка разам з а. Станіславам Някулам у Львоў. З дапамогай новіка Мікалая Чарнецкага вывучыў украінскую і царкоўнаславянскую мовы, візантыйскую Літургію. Менавіта тады прыняў усходні абрад і імя Мятод. На працягу 2 гадоў прамаўляў парафіяльныя місіі ў Галічыне.

У 1921 г. протаігумен даручыў а. Мятоду новую працу: душпастырства сярод людзей усходняга абраду ва ўсходняй Славакіі і на Закарпацці. У тым жа годзе была ўтворана ў Стропкаве (Славакія) першая супольнасць рэдэмптарыстаў двух абрадаў: лацінскага і візантыйскага, дзе з 1924 г. а. Мятод быў прызначаны настаяцелем. Ад самых пачаткаў праводзіў місіі сярод грэка-католікаў у парафіях трох епархій: Прэшава, Ужгарада і Крыжаваса. Абвяшчаючы Слова Божае, засноўваў брацтвы Маці Божай Нястомнай Дапамогі і Ружанца. З 1926 г. у Стропкаве знаходзіўся таксама навіцыят для грэка-католікаў.

У 1931 г. а. Трчка прызначаны ігуменам манастыра ў Міхайлоўцах. Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся шматлікія парафіяльныя місіі. А. Мятод быў вельмі вядомы сярод вернікаў і духавенства, пра што сведчыць той факт, што пасля смерці біскупа Ужгарада Аляксандра Стойкі а. Трчка быў адным з кандыдатаў на яго пераемніка. У сакавіку 1935 г. Кангрэгацыя па справах Усходніх Цэркваў прызначыла яго апостальскім візітатарам сясцёр-базылянак у Прэшаве і Ужгарадзе. Ад 1936 да 1942 г. айцец выконваў абавязкі настаяцеля ў Міхайлоўцах. Дзякуючы яго старанням, манастыр рэдэмптарыстаў стаў сапраўднай цвярдыняй духоўнага жыцця таго рэгіёну. Будучы настаяцелем, спрычыніўся да пабудовы храма Святога Духа, супрацоўнічаў пры заснаванні манастыра сясцёр Служэбніц у Міхайлоўцах. Прагнуў таксама пабудаваць рэкалекцыйны дом і яшчэ адзін манастыр на Закарпацці. Хоць не быў здольны ехаць на місіі, аднак заўсёды клапаціўся пра бедных, менавіта таму жадаў заснаваць месца, якое б дапамагала такім людзям.

У час Другой сусветнай вайны рэдэмптарысты зазнавалі вялікія цяжкасці і праблемы са славацкай уладай. Адной з прычын было тое, што многія айцы мелі чэшскае грамадзянства і лічыліся ворагамі. Часта а. Мятода выклікалі на допыты, закідаючы яму "ўкраінізацыю" або "чэхізацыю" славакаў. Пасля заканчэння тэрміну протаігумена а. Трчка жадаў паехаць ва Украіну, але не атрымаў дазволу ад свецкай улады. У той час часта мяняў месца побыту, дапамагаючы пробашчам, рознымі спосабамі стараўся дапамагаць тым, хто ў патрэбе.

Пасля заканчэння вайны была задума стварыць віцэ-правінцыю візантыйскага абраду ў Славакіі. Ліквідацыя камуністамі Львоўскай правінцыі рэдэмптарыстаў яшчэ больш узмацніла гэту патрэбу. У снежні 1945 г. віцэ-правінцыя Міхайлоўцы была кананічна прызнаная, а 23 сакавіка 1946 г. яе першым віцэ-протаігуменам стаў а. Мятод Дамінік Трчка. Пад яго кіраўніцтвам рэдэмптарысты візантыйскага абраду вярнуліся ў Стропкаў, дзе пабудавалі царкву свв. Кірыла і Мятода і навіцыят у Сабінаве. Адкрыццё гэтага манастыра апраўдала даўнія надзеі і памкненні выхоўваць новыя пакаленні рэдэмптарыстаў. Запланавана таксама заснаваць Ювенат. У той самы час маладая супольнасць рупліва развівала апостальскую працу, абвяшчаючы місіі. Аднак усё гэта было скасавана з прыходам да ўлады камуністаў. Пачаўся пераслед Царквы. У 1949 г. віцэ-правінцыя спыніла сваё існаванне, а ў ноч з 13 на 14 красавіка 1950 г. усе манастыры былі захоплены міліцыяй. А. Трчка быў арыштаваны і дастаўлены ў манастыр у Падалінцы, дзе ўжо было шмат манахаў з Чэхаславакіі. Яго часта выклікалі на допыты ў Прэшаў, закідаючы ўдзел у антыдзяржаўных пастырскіх ліставаннях з грэка-каталіцкім біскупам Гойдычам. 21 красавіка 1952 г. у Браціславе адбылося пасяджэнне суда, дзе а. Мятоду прызначылі 12 гадоў зняволення за шпіянаж і здраду дзяржаве. Сувязні сведчаць, што падчас працэсу а. Мятод зносіў усё спакойна і мудра, беручы на сябе ўсю адказнасць за віцэ-правінцыю з думкай пра выратаванне іншых сабратоў.

На пачатку зняволення а. Трчка знаходзіўся ў Іляве, а потым у Міраве (да 1958 г.). Доўгія гады турмаў не скарылі яго. Заўсёды спадзяваўся на Госпада, давяраў Яго волі, памятаючы, што Бог, дапускаючы пакуты, дае сілы іх перанесці. Калі меў магчымасць, то служыў Літургію. Некалькі разоў прасіў пра амністыю, але заўсёды атрымліваў адмоўны адказ, паколькі яго лічылі небяспечным фанатыкам з-за рэлігійных перакананняў.

У красавіку 1958 г. а. Мятода перавялі ў строгую турму ў Леапольдаве. Ён быў змешчаны ў камеры разам з 18-ю іншымі святарамі, сярод якіх 5 было цяжка хворых. Напярэдадні свята Божага Нараджэння ён ціхенька праспяваў калядку, якую пачуў ахоўнік і данёс уладзе. За гэта а. Мятод атрымаў тыдзень карцэра – у камеры на бетоне толькі на ноч можна было атрымаць якое-небудзь покрыва, а ежу – раз на два дні. А. Трчка атрымаў вялікую тэмпературу і захварэў на запаленне лёгкіх. Сувязень-доктар патрабаваў перанесці хворага ў бальніцу, але ўлада перавяла а. Мятода толькі ў ізалятар, дзе падлога была драўлянай і можна было карыстацца двума покрывамі. Але гэта не дапамагло, здароўе кожны раз пагаршалася, і 23 сакавіка 1959 г. а. Мятод памёр.

Доктар Антоній Неўвірт засведчыў, што аглядаючы а. Мятода не пачуў ад яго ніякага наракання ці гневу, а наадварот – прабачлівасць і лагоднасць. Цела а. Трчкі пахавалі на турэмных могілках у Леапольдаве. Сваякі спрабавалі перавезці цела ў яго родную мясцовасць, аднак улада не дазволіла гэтага.

У 1968 г., з адраджэннем Грэка-Каталіцкай Царквы ў Славакіі, сабраты перанеслі астанкі а. Трчкі на могілкі ў Міхайлоўцах. Перанясенне цела і пакладанне ў грабніцу рэдэмптарыстаў адбылося з вялікай маніфестацыяй веры і выразам жывой памяці пра яго гераічную смерць. Шмат вернікаў і святароў прыйшло развітацца з вядомым місіянерам, які панёс мучаніцкую смерць за Хрыста і Царкву. Сённяшні свет мае патрэбу ў большай колькасці сведкаў жывой веры, чым настаўнікаў. А. Мятод з'яўляецца слушным прыкладам веры, сведчаннем свайго жыцця і мучаніцкай смерці.

24 красавіка 2001 г. Паўсюдная Царква ў прысутнасці Папы Яна Паўла II прызнала мучаніцтва за веру а. Мятода Дамініка Трчкі. У нядзелю, 4 лістапада 2001 г., Свяцейшы Айцец Ян Павел II абвясціў а. Трчку блаславёным як мучаніка за веру і Грэка-Каталіцкую Царкву ў Славакіі.

Каментары: