Рахунак сумлення для дзяцей
Духу Святы, Духу святла і праўды, які пранікаеш у глыбіні чалавечых сэрцаў, перад Табою няма нічога ані скрытага, ані таемнага. Прыйдзі і асвяці мой розум, каб я мог успомніць усе свае грахі і пазнаць іх зло. Напоўні маё сэрца скрухаю, каб я шчыра шкадаваў за ўчыненыя грахі. Умацуй маю волю, каб я рашуча пастанавіў больш не грашыць. Амін.
Пытанні для рахунку сумлення
Прапануем зрабіць рахунак сумлення, разважаючы над дзесяццю Божымі запаведзямі і адказваючы на наступныя пытанні.
1. Не май іншых багоў, апроч Мяне.
Ці люблю я Госпада Бога ўсім сэрцам?
Ці не забываюся і не лянуюся маліцца раніцай і вечарам?
Ці дзякую за ўсё Богу?
Ці не саромеюся сваёй веры перад іншымі?
Ці не разлічваю празмерна на свае сілы?
Ці не ганаруся празмерна сваімі поспехамі і дасягненнямі?
Ці ахвотна прабачаю іншым?
Ці хадзіў на заняткі па рэлігіі? Ці не прапускаў іх?
2. Не ўжывай Імя Госпада Бога твайго дарэмна.
Ці не вымаўляў я імені Бога ў жартах або ў злосці?
Ці шанаваў імёны святых, святыя рэчы і выявы?
Ці не насміхаўся са святых рэчаў?
Ці не перашкаджаў маліцца іншым?
Ці не прасіў у Бога зла для іншага чалавека?
Ці добра рыхтаваўся да споведзі?
3. Памятай дзень святы святкаваць.
Ці ўдзельнічаў я ў нядзелю і прадпісаныя святы ў Святой Літургіі?
Ці памятаю, што нядзеля і рэлігійныя святы гэта час, які ў першую чаргу павінен быць прысвечаны Госпаду Богу, а не іншым заняткам?
Як я адзначаў кожную нядзелю і рэлігійныя святы?
4. Шануй бацьку свайго і маці сваю.
Ці шанаваў я бацькоў і ці слухаўся іх?
Ці не грубіў бацькам?
Ці выконваў просьбы бацькоў?
Ці дапамагаў бацькам?
Ці добра паводзіў сябе ў адносінах да старэйшых: бабулі і дзядулі, да выхавацеляў і настаўнікаў?
Ці не крыўдзіў брата ці сястрычку? Ці заўсёды даваў ім добры прыклад?
Ці выконваў у сям'і пасільныя мне абавязкі?
5. Не забівай.
Ці шаную я жыццё кожнага стварэння?
Ці шаную здароўе сваё і іншых людзей?
Ці беражліва адношуся да прыроды?
Ці не біўся? Ці не вырашаў спрэчак пры дапамозе сілы?
Ці не помсціў і ці не трымаю ў сэрцы злосці на іншага чалавека?
Ці не гуляў у небяспечныя для здароўя гульні?
Ці захоўваў правілы дарожнага руху?
Ці не праводзіў шмат часу за камп'ютарам, тэлефонам або перад тэлевізарам?
Ці не спрабаваў курыць цыгарэты, піць алкагольныя напоі?
6. Не чужалож.
Ці шаную я сваё цела і цела іншага чалавека?
Ці не даваў камусьці дрэннага прыкладу бессаромнымі паводзінамі?
Ці не глядзеў непрыстойных фільмаў, малюнкаў, часопісаў і кніг?
Ці заўсёды меў чыстыя думкі і словы?
Ці паводзіў сябе сціпла і стрымана, ці прыстойна апранаўся?
7. Не крадзі.
Ці не ўзяў я чагосьці, што не належала мне?
Ці не карыстаўся чужымі рэчамі без дазволу?
Ці не браў таго, што бацькі браць не дазваляюць?
Ці не псаваў пазычаных рэчаў і ці своечасова вяртаў іх гаспадарам?
Ці не нішчыў рэчаў агульнага карыстання на вуліцы і ў школе?
Ці не чытаў чужых лістоў?
Ці не спісваў?
Ці не марнаваў свайго і чужога часу?
Ці не ездзіў у грамадскім транспарце без квітка на праезд?
Ці вяртаў знойдзеныя рэчы?
8. Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго.
Ці заўсёды я казаў праўду?
Ці заўсёды добра казаў пра сваіх бліжніх?
Ці не быў несправядлівым у адносінах да іншых?
Ці не казаў брыдкіх словаў?
Ці не даносіў на іншых?
Ці выконваў тое, што абяцаў?
Ці не выдаваў чужых таямніцаў?
Ці прызнаваўся ў сваіх памылках?
9. Не пажадай жонкі бліжняга свайго.
Ці паважаю я аднолькава і дзяўчынак, і хлопчыкаў?
Пытанне для дзяўчынак: ці не дражніла хлопцаў?
Пытанне для хлопчыкаў: ці не насміхаўся з дзяўчат, ці не крыўдзіў іх?
Ці заўсёды я жадаю дабра іншым людзям?
Ці не ўзвышаю сябе над іншымі?
Ці не імкнуся камандаваць іншымі людзьмі?
10. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму.
Ці не жадаў я рэчаў, якія маюць або атрымліваюць іншыя асобы?
Ці не зайздрошчу?
Ці не злуюся, калі бачу, што любяць і хваляць яшчэ кагосьці, акрамя мяне?
Ці не бываю эгаістам, які думае толькі пра сябе?
Ці не патрабую ад бацькоў, каб увесь час куплялі мне прысмакі, цацкі і новыя рэчы?
Ці не падзяляю людзей на багатых і бедных?
Ці не карыслівы я ў выбары сяброў?
Ці не бываю няўдзячным?
Зрабіўшы рахунак сумлення, ты бачыш, што пакрыўдзіў сваімі дрэннымі ўчынкамі Бога і бліжніх - тых, хто цябе любіць. Цяпер, шкадуючы за свае грахі, паабяцай Госпаду Богу, што пастараешся стаць лепшым, і папрасі Яго дапамагчы табе ў гэтым.
Акт жалю
О мой Божа, усім сэрцам шкадую за мае грахі. Таксама вельмі моцна шкадую за тое, што сваімі грахамі я пакрыўдзіў Цябе, бясконца добрага і годнага таго, каб любіць Цябе больш за ўсё. Пастанаўляю ўжо больш не абражаць Цябе і з Тваёю святою дапамогаю пазбягаць усіх грахоў і абставінаў, якія вядуць да граху. Міласэрны Ойча, прабач мне маю няўдзячнасць!
Пастанаўленне больш не грашыць
Шчыра абяцаю выправіцца і не рабіць больш грахоў, асабліва цяжкіх. Дапамажы мне, Божа, сваёю ласкаю, каб я ўсё больш любіў Цябе. Амін.
Каментары: