Вячэрня ў Вялікім Посце

- . Апублікавана ў Часаслоў

Сьвятар, апрануўшы епітрахіль і стаўшы перад царскімі дзьвярамі, пачынае:

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы) 

На трысьвятым усе робяць тры малыя паклоны. Той, хто робіць малы паклон, перахрысьціўшыся, схіляецца рукой да зямлі або прынамсі ніжэй каленяў.

У нядзелю ўвечары паклоны пачынаюцца пасьля малітвы ўслаўленьня.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) 

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу. (Кожны раз - малы паклон).

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

Псалом 103

Блаславі, душа мая, Госпада: Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.

Ты апрануўся ў веліч і красу, ты ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом.

Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр, хорамы Твае над водамі паставіў.

Ты робіш з хмараў калясьніцу сабе, ходзіш на крылах ветру.

Ты чыніш вятры пасланцамі Тваімі і слугамі Тваімі – полымя агню.

Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе: не пахісьнецца павек вякоў.

Безданьню, быццам вопраткаю, пакрыў Ты яе: воды над гарамі сталі.

Ад пагрозы Тваёй яны ўзад падаліся, ад грому голасу Твайго задрыжэлі.

Горы ўзьняліся, даліны зышлі ў месцы, якія Ты ім назначыў.

Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці, каб не пакрыць зноў зямлю.

Ты пасылаеш крыніцы ў рэкі, што плывуць у далінах між гораў.

З іх п’юць усе зьвяры польныя, аслы дзікія ў іх смагу сваю гасяць.

Каля іх птушкі нябесныя жывуць: між скалаў чутны сьпеў іх.

З хорамаў Тваіх навадняеш горы: зямля поўніцца плодам твораў Тваіх.

Ты вырошчваеш траву для жывёлы, зельле на пажытак чалавеку, каб ён мог здабыць сабе ежу з зямлі:

Віно, што весяліць сэрца чалавека; аліву, што робіць твар сьветлым; хлеб, што сэрца чалавека ўмацоўвае.

Дрэвы нізінныя маюць удосталь соку – кедры лібанскія, што іх насадзіў.

Там птушкі маюць гнёзды свае, бусьлінае жыльлё ўзвышаецца над імі.

Горы высокія для дзікіх козаў, шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.

Ты стварыў месяц, каб паказваў поры; сонца знае час захаду свайго.

Пасылаеш цемру і надыходзіць ноч, падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.

Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы, просячы ў Бога спажывы сабе.

Як толькі сонца ўзыдзе, яны хаваюцца і кладуцца ў логавах сваіх.

Выходзіць чалавек да справаў сваіх і да работы сваёй да вечара.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе! Ты ўсё мудра стварыў: зямля поўная стварэньняў Тваіх.

Вось мора вялікае і прасторнае: у ім рухаецца безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.

Караблі плаваюць па ім, і кіт агромністы там, якога Ты стварыў на пацеху сабе.

Усе яны чакаюць ад Цябе, каб Ты даў ім спажыву ў свой час.

Ты ім даеш, і яны падбіраюць, расчыняеш руку Тваю, і яны поўняцца ўсякім дабром.

Калі ж Ты адвяртаеш твар Твой ад іх, яны трывожацца; адымаеш дух ад іх, і яны гібеюць, і ў пыл зноў вяртаюцца.

Пасылаеш Духа Твайго, і яны ажываюць, і Ты абнаўляеш твар зямлі.

Няхай слава Гасподняя трывае давеку, хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.

Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць, дакранецца да гораў, і яны дымяцца.

Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада, буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.

Няхай прыемнай Яму будзе песьня мая: я радуюся ў Госпадзе.

Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі і няхай ня будзе больш нягоднікаў.

Блаславі, душа мая, Госпада.

Сонца знае час захаду свайго; Ты пасылаеш цемру і надыходзіць ноч.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе: Ты ўсё мудра стварыў.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы з малымі паклонамі) 

Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар ціха кажа сьвяцільныя малітвы.

1. Госпадзе шчодры і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку, уваж малітву нашу і пачуй голас маленьня нашага, пакажы нам знак спагадлівасьці Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб мы маглі хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашы, каб нам баяцца імя Твайго сьвятога, бо Ты вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты сільны ў дабрыні і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць тых, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

2. Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі нас і ў гневе Тваім не карай нас, але ўчыні з намі згодна з Тваёй міласэрнасьцю, Лекару і Збавіцелю душ нашых. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы нашы, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўсе дні жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Бо Твая ёсьць дзяржава, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

3. Госпадзе Божа мой, будзь памятлівы нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, што клічуць імя сьвятое Тваё; і не пасаром нас у спадзяваньні Тваёй міласэрнасьці, але дай нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і зрабі нас дастойнымі любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ува ўсім волю Тваю. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і нястомных усхваленьнях славяць сьвятыя сілы, напоўні сэрцы нашы хвалою Тваёю, каб нам аддаваць пашану імю Твайму сьвятому; і дай нам у спадчыне ўдзел з усімі, што пакланяюцца Табе ў праўдзе і захоўваюць Твае прыказаньні. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да нас і сумуеш з прычыны нашае нягоднасьці; памятай пра міласьць і ласку Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам правесьці рэшту гэтага дня свабоднымі ад розных падкопаў нячыстага і, сілаю ўсесьвятога Твайго Духа, захавай наша жыцьцё ад усякіх напасьцяў. Міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

6. Божа вялікі і дзіўны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам Тваім кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ў Тваёй дабрыні ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства. Зьбярогшы нас у сёньняшні дзень ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю і ўзьвялічваць Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага. Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

7. Божа вялікі, усявышні, адзіны несьмяротны, што жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё, што існуе, мудра стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую хвіліну стаць перад Тваім абліччам і прыносіць Табе вячэрняе ўсхваленьне. Учыні, чалавекалюбны Ўладару, каб гэтая наша малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як адмысловую духмянасьць. Дай, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі мірнымі; апрані нас у зброю сьвятла, захавай нас ад страху начнога і ад усякай пагрозы, што крыецца ў цемры. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на адпачынак дзеля слабасьці нашай, быў вольным ад д’ябальскіх спакусаў. Так, Уладару, Падаўча ўсяго добрага, дай, каб мы і ўночы, лежачы на ложах нашых, з любоўю ўспаміналі Імя сьвятое Тваё; і, прасьветленыя ўспамінам запаветаў Тваіх, з радаснай душой усталі, каб славіць Тваю дабрыню, ахвяруючы міласэрнасьці Тваёй малітвы і просьбы за нашы правіны і за ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі Багародзіцы, наведай у спагадлівасьці Тваёй. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Мірная літанія

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За Богам сьцеражоны народ наш, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, Госпаду памолімся.

– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе вёскі, гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Калі чытаецца катызма (гл. Псалтыр), яна дзеліцца на тры часткі, або стаяньні, кожнае з якіх заканчваецца ўслаўленьнем: Слава... цяпер... Алілуя, алілуя, алілуя, слава Табе, Божа (тройчы), і малой літаніяй. Устаў чытаньня катызмаў>>>

Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, най­бла­сла­вё­ную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Першая літанія заканчваецца дакладна як вышэй, другая і трэцяя заканчваюцца воклікамі:

Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Бо Ты – Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Вячэрнія песьні (“Песьні пры запаленых сьвечках”)

Людзі сьпяваюць першыя вершы псалму 140, потым вершы іншых псалмаў, чаргуючы іх з адпаведнымі песьнямі дня (Посная трыёдзь) або сьвятога (Мінэя) (Царкоўны каляндар).

Псалом 140

Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне. Пачуй мяне, Госпадзе! Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. Пачуй мяне, Госпадзе.

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. Пачуй мяне, Госпадзе.

Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім і сьцеражы дзьверы губ маіх.

Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.

З людзямі, якія чыняць бясчынствы: хай не пакаштую прысмакаў іх.

Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.

Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,

Пачуюць, як лагодныя словы мае. Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.

Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.

Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, ад пасткі людзей нягодных.

Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, я ж адзін перайду бясьпечна.

Псалом 141

Голасна клічу Госпада, голасна да Госпада малюся.

Перад Ім сум мой выліваю, пра тугу маю Яму распавядаю:

Дух мой зьнемагае ўва мне, Ты ж ведаеш шляхі мае.

На дарозе, па якой іду, паставілі пастку на мяне.

Гляджу ўправа, углядаюся: няма нікога, хто б мне спагадаў;

Ня маю, куды ўцякаць: няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.

Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.

Будзь уважлівы да малітвы маёй, бо я вельмі няшчасны.

Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, бо яны мацнейшыя за мяне.

Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ўперамежку з вершамі псалмаў, пачынаючы ад наступнага:

(Пс 141) Вызваль з вязьніцы душу маю, каб мне дзякаваць імю Твайму.

Праведнікі вакол мяне чакаюць, калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.

Калі ёсьць 8 песьняў, іх пачынаюць сьпяваць тут:

(Пс 129) З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: Госпадзе, пачуй голас мой.

Хай вушы Твае будуць уважлівымі да голасу маленьня майго.

Калі ёсьць 6 песьняў, іх пачынаюць сьпяваць пасьля наступнага верша:

Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.

Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.

Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.

Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.

(Пс 116) Хваліце Госпада, усе народы; слаўце Яго, усе людзі.

Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі і вернасьць Гасподняя трывае давеку.

Як толькі кончыцца сьпеў:

Дыякан перад царскімі дзьвярыма (уголас): Мудрасьць, устаньце!

Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.

Пракімен

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.

Чытальнік чытае пракімен дня; людзі паўтараюць першы верш, як прысьпеў.

У дні вялікага Посту кожны дзень мае свае пракімены. 

На вячэрнях у Вялікі Пост пасьля пракімена бываюць Чытаньні са Сьвятога Пісаньня. Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: Мудрасьць і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: Слухайма ўважліва, пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць.

Малітва ўслаўленьня

Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў.

Блаславёны Ты, Уладару, дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня,

Табе слава належыцца, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу,

цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Пасьля малітвы ўсе робяць тры малыя паклоны.

Літанія просьбаў

Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашу Госпаду.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім.

– Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.

– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.

– Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.

– Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на страшным судзе Хрыстовым просім.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей)

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў.

(Уголас) Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Вершапесьні

Вершапесьні сьпяваюцца папераменна з выбранымі вершамі з псальмаў:

– Я ўзьнёс вочы мае да Цябе, што жывеш у небе: як вочы слуг узіраюцца на рукі гаспадароў сваіх, і як вочы служкі на рукі гаспадыні сваёй, так вочы нашыя ўзьнесеныя да Госпада Бога нашага, пакуль Ён зьмілуецца над намі.

– Зьмілуйся над намі, Госпадзе, зьмілуйся над намі, бо мы перапоўненыя зьнявагай; асабліва душа наша поўная насьмешак магутных і пагарды гордых.

Песьня Сямёна Богапрыймальніка

Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32)

Чытальнік:

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы) На трысьвятым усе робяць тры малыя паклоны.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) 

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Пасьля песьні Сямёна Богапрыймальніка і "Ойча наш"  парадак наступны:

Людзі: Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі Марыя, Госпад з Табою, блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых. (Зямны паклон)

Той, хто робіць зямны паклон, перахрысьціўшыся, становіцца на калені і схіляецца галавой да зямлі.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Хрысьціцелю Хрыстовы, усіх нас успамяні, каб нам вызваліцца ад беззаконьня нашага, бо табе дадзеная ласка маліцца за нас. (Зямны паклон)

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Маліцеся за нас, сьвятыя апосталы і ўсе сьвятыя, каб нам вызваліцца ад бедаў і суму, бо ў вас маем надзейных заступнікаў перад Богам. (Зямны паклон)

Пад Тваю міласэрнасьць прыбягаем, Багародзіца Дзева, малітваў нашых у час суму не адкінь, але ад бедаў вызвалі нас, адзіная Чыстая, адзіная Блаславёная.

Чытальнік: Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Слава... цяпер...

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Сьвятар: Нябесны Уладару, дай сілу верным людзям Тваім, веру ўмацуй, народы суцішы, даруй сьвету супакой, сьвятую царкву гэтую добра захавай; раней адышоўшых айцоў і братоў нашых у сялібах праведных пасялі і нас у пакаяньні прымі, бо Ты добры і Чалавекалюбец.

Малітва Ахрэма Сірына:

Госпадзе і Ўладару жыцьця майго, духа ленасьці, нуды, уладалюбства і марнаслоўя ня дай мне. (Зямны паклон) 

Духа чысьціні, пакоры, цярплівасьці і любові дай мне, слузе Твайму. (Зямны паклон)

Так, Госпадзе Ўладару! Дай мне бачыць мае правіны і не асуджаць брата майго, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін. (Зямны паклон)

У нядзелю ўвечары пасьля гэтага адбываецца водпуст ад слоў сьвятара: Слава Табе, Хрысьце Божа…

У іншыя дні:

Госпадзе, ачысьці мяне, грэшнага, і зьмілуйся нада мною (12 разоў з малымі паклонамі).

Госпадзе і Ўладару жыцьця майго... (уся малітва, з зямным паклонам у канцы).

Чытальнік: 

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы з малымі паклонамі)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Госпадзе,зьмілуйся. (12 разоў)

Сьвятар: Усесьвятая Тройца, адзінасутная дзяржава, непадзельнае валадарства, крыніца ўсяго добрага, спагадай і мне, грэшнаму, умацуй і настаў на розум сэрца маё і адымі ад мяне ўсё маё благоцьце, прасьвятлі мае думкі, каб мне заўжды славіць і хваліць у песьнях Цябе, і пакланяцца Табе і казаць: Адзін сьвяты, адзін Госпад Ісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амін.

Чытальнік: Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. (Тройчы з малымі паклонамі)

(Псалом 33). Увесь час бласлаўляць буду Госпада: * хвала Ягоная заўжды на вуснах маіх.

Госпадам будзе хваліцца душа мая: * хай пачуюць пакорныя і ўзрадуюцца.

Слаўце Госпада са мною: * будзем разам узьвялічваць Яго.

Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне* і адняў ад мяне ўсю тугу маю.

Гляньце на Яго і ўзрадуйцеся: * хай абліччы вашыя ня будуць пасаромленыя.

Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго* і ад усіх напасьцяў выбавіў яго.

Анёл Гасподні стаіць, быццам мур абаронны, * вакол тых, што баяцца Яго, і выбаўляе іх.

Пакаштуйце, і ўбачыце, як добры Госпад: * шчасьлівы той, хто да Яго прыбягае.

Бойцеся Бога, усе сьвятыя Яго, * бо тыя, што Яго баяцца, не зазнаюць бяды.

Багатыя зьбяднелі і церпяць голад; * тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць мець ні ў чым нястачы.

Хадзіце, дзеткі, паслухайце мяне: * страху Гасподняму навучу вас.

Хто той чалавек, што любіць жыцьцё* і што рады бачыць шчасьлівыя дні?

Устрымай язык твой ад злога* і вусны твае ад словаў крывадушных.

Ухіліся ад злога і чыні дабро: * шукай супакою і захоўвай яго.

Вочы Госпада зьвернутыя да праведных, * вушы Яго чуюць кліч іх.

Твар Госпада супраць тых, што чыняць благое, * каб вынішчыць іх памяць на зямлі.

Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх* і ад усіх бедаў выбавіў іх.

Блізкі Госпад да скрушлівых сэрцам, * прыгнечаных духам Ён выбаўляе.

Шмат бедаў у праведніка, * і ад усіх іх ратуе яго Госпад.

Ён сьцеражэ ўсе ягоныя косьці: * ніводная з іх ня скрышыцца.

Сьмерць грэшнікаў лютая; * грашаць тыя, што ненавідзяць праведніка.

Госпад вызваляе душы слугаў сваіх: * не зазнае кары той, хто на Яго спадзяецца.

(Псалом 144). Буду ўслаўляць Цябе, Божа мой, Уладару мой, * буду бласлаўляць імя Тваё вечна і на век вякоў.

Кожны дзень буду бласлаўляць Цябе* і славіць імя Тваё вечна і на век вякоў.

Вялікі Госпад і годны хвалы, * і няма межаў велічы Яго.

Пакаленьні за пакаленьнямі будуць славіць творы Твае,* магутнасьць Тваю абвяшчаць;

Будуць аб'яўляць веліч славы Тваёй, * аб цудах Тваіх расказваць;

Казаць пра страшную моц ўчынкаў Тваіх, * ведамай рабіць веліч Тваю;

Успомняць бязьмежнасьць дабрыні Тваёй, * у справядлівасьці Тваёй узрадуюцца.

Госпад ласкавы і міласэрны, * даўгацярплівы і багаты на ласку.

Госпад добры і спагадлівы* да ўсіх стварэньняў сваіх.

Хай усе творы Твае, Госпадзе, славяць Цябе, * і сьвятыя Твае хай бласлаўляюць Цябе.

Хай расказваюць аб хвале валадарства Твайго* і абвяшчаюць магутнасьць Тваю,

Каб яўнай стала сынам людзкім веліч Твая* і хвала Твайго пышнага валадарства.

Валадарства Тваё – валадарства ўсіх вякоў, * і панаваньне Тваё трывае праз усе пакаленьні.

Госпад верны ва ўсіх словах сваіх* і сьвяты ва ўсіх творах сваіх.

Госпад падтрымлівае тых, што падаюць,* і падымае прыгнечаных.

Вочы ўсіх да Цябе зьвяртаюцца з надзеяю,* і Ты даеш ім страву ў свой час,

Адчыняеш руку Тваю* і ўсё жывое сыціш.

Госпад справядлівы на ўсіх шляхох сваіх* і сьвяты ва ўсіх учынках сваіх.

Госпад блізкі да тых, што клічуць Яго* – да ўсіх, што клічуць Яго шчыра.

Ён спаўняе жаданьні тых, што баяцца Яго, * чуе кліч і выбаўляе іх.

Госпад ахоўвае ўсіх, што любяць Яго,* а грэшных загубіць.

Хай вусны мае абвяшчаюць хвалу Гасподнюю,* і ўсё жывое хай бласлаўляе імя сьвятое Яго.

Дыякан: Мудрасьць!

Людзі: Дастойна ёсьць сапраўды называць шчасьліваю цябе, Багародзіцу, вечна блаславёную і беззаганную Маці Бога нашага.

Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар:  робіць водпуст.

Людзі: Амін.

У нядзелю вечарам: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, заступніцтвам нябесных сілаў анельскіх, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, і сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога дня) і ўсіх сьвятых хай зьмілуецца над намі збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

У панядзелак вечарам: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятога, слаўнага прарока, прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў...

У аўторак і чацьвер вечарам: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа, малітвамі сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў...

У сераду вечарам: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворца, архібіскупа Мірлікійскага...

У пятніцу вечарам: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, сьвятых, слаўных і пераможных мучанікаў, сьвятых і баганосных айцоў нашых...

Людзі: Амін.

Каментары: