Вячэрня штодзённая
Сьвятар, апрануўшы епітрахіль і стаўшы перад царскімі дзьвярамі, пачынае:
Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
Псалом 103
Блаславі, душа мая, Госпада: Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.
Ты апрануўся ў веліч і красу, ты ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом.
Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр, хорамы Твае над водамі паставіў.
Ты робіш з хмараў калясьніцу сабе, ходзіш на крылах ветру.
Ты чыніш вятры пасланцамі Тваімі і слугамі Тваімі – полымя агню.
Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе: не пахісьнецца павек вякоў.
Безданьню, быццам вопраткаю, пакрыў Ты яе: воды над гарамі сталі.
Ад пагрозы Тваёй яны ўзад падаліся, ад грому голасу Твайго задрыжэлі.
Горы ўзьняліся, даліны зышлі ў месцы, якія Ты ім назначыў.
Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці, каб не пакрыць зноў зямлю.
Ты пасылаеш крыніцы ў рэкі, што плывуць у далінах між гораў.
З іх п’юць усе зьвяры польныя, аслы дзікія ў іх смагу сваю гасяць.
Каля іх птушкі нябесныя жывуць: між скалаў чутны сьпеў іх.
З хорамаў Тваіх навадняеш горы: зямля поўніцца плодам твораў Тваіх.
Ты вырошчваеш траву для жывёлы, зельле на пажытак чалавеку, каб ён мог здабыць сабе ежу з зямлі:
Віно, што весяліць сэрца чалавека; аліву, што робіць твар сьветлым; хлеб, што сэрца чалавека ўмацоўвае.
Дрэвы нізінныя маюць удосталь соку – кедры лібанскія, што іх насадзіў.
Там птушкі маюць гнёзды свае, бусьлінае жыльлё ўзвышаецца над імі.
Горы высокія для дзікіх козаў, шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.
Ты стварыў месяц, каб паказваў поры; сонца знае час захаду свайго.
Пасылаеш цемру і надыходзіць ноч, падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.
Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы, просячы ў Бога спажывы сабе.
Як толькі сонца ўзыдзе, яны хаваюцца і кладуцца ў логавах сваіх.
Выходзіць чалавек да справаў сваіх і да работы сваёй да вечара.
Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе! Ты ўсё мудра стварыў: зямля поўная стварэньняў Тваіх.
Вось мора вялікае і прасторнае: у ім рухаецца безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.
Караблі плаваюць па ім, і кіт агромністы там, якога Ты стварыў на пацеху сабе.
Усе яны чакаюць ад Цябе, каб Ты даў ім спажыву ў свой час.
Ты ім даеш, і яны падбіраюць, расчыняеш руку Тваю, і яны поўняцца ўсякім дабром.
Калі ж Ты адвяртаеш твар Твой ад іх, яны трывожацца; адымаеш дух ад іх, і яны гібеюць, і ў пыл зноў вяртаюцца.
Пасылаеш Духа Твайго, і яны ажываюць, і Ты абнаўляеш твар зямлі.
Няхай слава Гасподняя трывае давеку, хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.
Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць, дакранецца да гораў, і яны дымяцца.
Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада, буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.
Няхай прыемнай Яму будзе песьня мая: я радуюся ў Госпадзе.
Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі і няхай ня будзе больш нягоднікаў.
Блаславі, душа мая, Госпада.
Сонца знае час захаду свайго; Ты пасылаеш цемру і надыходзіць ноч.
Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе: Ты ўсё мудра стварыў.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы)
Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар ціха кажа сьвяцільныя малітвы.
1. Госпадзе шчодры і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку, уваж малітву нашу і пачуй голас маленьня нашага, пакажы нам знак спагадлівасьці Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб мы маглі хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашы, каб нам баяцца імя Твайго сьвятога, бо Ты вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты сільны ў дабрыні і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць тых, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
2. Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі нас і ў гневе Тваім не карай нас, але ўчыні з намі згодна з Тваёй міласэрнасьцю, Лекару і Збавіцелю душ нашых. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы нашы, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўсе дні жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Бо Твая ёсьць дзяржава, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
3. Госпадзе Божа мой, будзь памятлівы нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, што клічуць імя сьвятое Тваё; і не пасаром нас у спадзяваньні Тваёй міласэрнасьці, але дай нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і зрабі нас дастойнымі любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ува ўсім волю Тваю. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і нястомных усхваленьнях славяць сьвятыя сілы, напоўні сэрцы нашы хвалою Тваёю, каб нам аддаваць пашану імю Твайму сьвятому; і дай нам у спадчыне ўдзел з усімі, што пакланяюцца Табе ў праўдзе і захоўваюць Твае прыказаньні. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да нас і сумуеш з прычыны нашае нягоднасьці; памятай пра міласьць і ласку Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам правесьці рэшту гэтага дня свабоднымі ад розных падкопаў нячыстага і, сілаю ўсесьвятога Твайго Духа, захавай наша жыцьцё ад усякіх напасьцяў. Міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
6. Божа вялікі і дзіўны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам Тваім кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ў Тваёй дабрыні ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства. Зьбярогшы нас у сёньняшні дзень ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю і ўзьвялічваць Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага. Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
7. Божа вялікі, усявышні, адзіны несьмяротны, што жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё, што існуе, мудра стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую хвіліну стаць перад Тваім абліччам і прыносіць Табе вячэрняе ўсхваленьне. Учыні, чалавекалюбны Ўладару, каб гэтая наша малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як адмысловую духмянасьць. Дай, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі мірнымі; апрані нас у зброю сьвятла, захавай нас ад страху начнога і ад усякай пагрозы, што крыецца ў цемры. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на адпачынак дзеля слабасьці нашай, быў вольным ад д’ябальскіх спакусаў. Так, Уладару, Падаўча ўсяго добрага, дай, каб мы і ўночы, лежачы на ложах нашых, з любоўю ўспаміналі Імя сьвятое Тваё; і, прасьветленыя ўспамінам запаветаў Тваіх, з радаснай душой усталі, каб славіць Тваю дабрыню, ахвяруючы міласэрнасьці Тваёй малітвы і просьбы за нашы правіны і за ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі Багародзіцы, наведай у спагадлівасьці Тваёй. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Мірная літанія
Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)
Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.
– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.
– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
– За Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.
– За Богам сьцеражоны народ наш, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, Госпаду памолімся.
– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе вёскі, гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.
– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.
– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.
– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку Госпаду памолімся.
– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Чытаньне Псалтыра
На гэтым месцы бывае чытаньне Псалтыра (катызмы). (гл. Псалтыр) Устаў чытаньня катызмаў>>>
Малая літанія (бярэцца толькі разам з катызмаю)
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Калі чытаецца катызма, яна дзеліцца на тры часткі, або стаяньні, кожнае з якіх заканчваецца ўслаўленьнем: Слава... цяпер... Алілуя, алілуя, алілуя, слава Табе, Божа (тройчы), і малой літаніяй. Першая літанія пададзеная вышэй, другая і трэцяя заканчваюцца воклікамі:
Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Бо Ты – Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Вячэрнія песьні (“Песьні пры запаленых сьвечках”)
Людзі сьпяваюць першыя вершы псалму 140, потым вершы іншых псалмаў, чаргуючы іх з адпаведнымі песьнямі дня (гл. тут) або сьвятога ці пасьвяцьця (гл. тут), або Трыёдзі (гл. тут). (літургічны каляндар)
Псалом 140
Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне. Пачуй мяне, Госпадзе! Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. Пачуй мяне, Госпадзе.
Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. Пачуй мяне, Госпадзе.
Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім і сьцеражы дзьверы губ маіх.
Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.
З людзямі, якія чыняць бясчынствы: хай не пакаштую прысмакаў іх.
Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.
Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,
Пачуюць, як лагодныя словы мае. Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.
Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.
Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, ад пасткі людзей нягодных.
Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, я ж адзін перайду бясьпечна.
Псалом 141
Голасна клічу Госпада, голасна да Госпада малюся.
Перад Ім сум мой выліваю, пра тугу маю Яму распавядаю:
Дух мой зьнемагае ўва мне, Ты ж ведаеш шляхі мае.
На дарозе, па якой іду, паставілі пастку на мяне.
Гляджу ўправа, углядаюся: няма нікога, хто б мне спагадаў;
Ня маю, куды ўцякаць: няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.
Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.
Будзь уважлівы да малітвы маёй, бо я вельмі няшчасны.
Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, бо яны мацнейшыя за мяне.
Вызваль з вязьніцы душу маю, каб мне дзякаваць імю Твайму.
Праведнікі вакол мяне чакаюць, калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.
(Пс 129) З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: Госпадзе, пачуй голас мой.
Хай вушы Твае будуць уважлівымі да голасу маленьня майго.
Калі ёсьць 6 песьняў, іх пачынаюць сьпяваць пасьля наступнага верша:
Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.
Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.
Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.
Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.
(Пс 116) Хваліце Госпада, усе народы; слаўце Яго, усе людзі.
Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі і вернасьць Гасподняя трывае давеку.
Сьвятло лагоднае
Падчас сьпяваньня “Слава... цяпер...” дыякан (сьвятар) становіцца перад царскімі дзьвярыма.
Як толькі кончыцца сьпеў:
Дыякан (уголас): Мудрасьць, устаньце!
Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.
На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.
Пракімен
Дыякан: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.
Чытальнік чытае пракімен дня; людзі паўтараюць першы верш, як прысьпеў.
За выняткам некаторых дзён і пастоў, звычайна гаворацца наступныя пракімены:
У нядзелю вечарам (Пс 133:1): Вось блаславіце Госпада, усе слугі Гасподнія.
Верш. Усе вы, што стаіце ў сьвятыні Гасподняй, на панадворку дому Бога нашага.
У панядзелак вечарам (Пс 4:2): Госпад пачуе мяне, калі буду клікаць Яго.
Верш. Калі паклічу Цябе, пачуй мяне, Божа, што справядлівасьць мне чыніш.
У аўторак вечарам (Пс 22:6,1): Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, будзе са мною праз усе дні жыцьця майго.
Верш. Госпад – мой пастыр, і ні ў чым ня буду мець нястачы: на месцы пажыўным Ён пасяліў мяне.
У сераду вечарам (Пс 53:3,4): Божа, дзеля імя Твайго збаў мяне і сілаю Тваёю абарані мяне.
Верш. Божа, пачуй малітву маю, будзь уважлівы да слоў вуснаў маіх.
У чацьвер вечарам (Пс 120:2,1): Дапамога мая ад Госпада, які стварыў неба і зямлю.
Верш. Я ўзьняў вочы мае да гораў, адкуль мае прыйсьці дапамога мая.
У пятніцу вечарам (Пс 58:10-11,2): Ты мой заступнік, Божа, і міласэрнасьць Твая заўжды са мною.
Верш. Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, Божа, абарані ад тых, што паўстаюць на мяне.
Малітва ўслаўленьня
Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху.
Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.
Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў.
Блаславёны Ты, Уладару, дай мне зразумець Твае запаветы.
Блаславёны Ты, Сьвяты, прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.
Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: не пагардзі творамі рук Тваіх.
Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня,
Табе слава належыцца, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу,
цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Літанія просьбаў
Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашу Госпаду.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.
Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў)
Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім.
– Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.
– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.
– Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.
– Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на страшным судзе Хрыстовым просім.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей)
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў.
(Уголас) Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Вершапесьні
Вершапесьні мяняюцца ў залежнасьці ад дня (гл. Актоіх) і сьвята (гл. Мінэю або Трыёдзь) і сьпяваюцца папераменна з выбранымі вершамі з псальмаў. На штодзённай вячэрні сьпяваюцца наступныя вершы:
– Я ўзьнёс вочы мае да Цябе, што жывеш у небе: як вочы слуг узіраюцца на рукі гаспадароў сваіх, і як вочы служкі на рукі гаспадыні сваёй, так вочы нашыя ўзьнесеныя да Госпада Бога нашага, пакуль Ён зьмілуецца над намі.
– Зьмілуйся над намі, Госпадзе, зьмілуйся над намі, бо мы перапоўненыя зьнявагай; асабліва душа наша поўная насьмешак магутных і пагарды гордых.
Песьня Сямёна Богапрыймальніка
Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32)
Чытальнік: Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Адпушчальныя трапары і багародзічныя.
Літанія ўзмоцненага маленьня
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)
Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага … (імя), (за найпачэсьнейшых айцоў нашых архімандрыта … (імя), протаігумена … (імя), за братоў нашых сьвятароў, дыяканаў і манахаў, і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.
– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоны народ наш, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны.
– Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх раней адышоўшых айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.
– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.
Сьвятар: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сярэдні водпуст
Дыякан: Мудрасьць!
Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.
Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.
У нядзелю вечарам: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, заступніцтвам нябесных сілаў анельскіх, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў і сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога дня) і ўсіх сьвятых хай зьмілуецца над намі збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
У панядзелак вечарам: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятога, слаўнага прарока, прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў...
У аўторак і чацьвер вечарам: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа, малітвамі сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў...
У сераду вечарам: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворца, архібіскупа Мірлікійскага...
Людзі: Амін.
Вялікі водпуст (у пятніцу ўвечары)
Дыякан: Мудрасьць!
Людзі: Ойча, блаславі!
Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціянаў на век вякоў.
Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.
Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.
Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.
Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, сьвятых, слаўных і пераможных мучанікаў, сьвятых і баганосных айцоў нашых...
Людзі: Амін.
*Падчас Вячэрні верныя стаяць:
1. Падчас каджэньня.
2. Ад пачатку Вячэрні да 103 пс.
3. Падчас сьпяваньня першых двух вершаў "Госпадзе, Цябе клічу".
4. Ад "Слава... Цяпер..." напрыканцы "Госпадзе, Цябе клічу" да канца Малітвы ўслаўленьня.
5. Ад Песьні Сямёна Богапрыймальніка да канца Вячэрні.
ТРАПАРЫ І КАНДАКІ АГУЛЬНЫЯ СЬВЯТЫМ
Устаў на трапары
Выпадкі | Трапары |
Сьвяты звыйчайны ў буднія дні |
Трапар сьвятому Слава... Цяпер... Багародзічны |
Перадсьвяцьце ў буднія дні |
Трапар сьвятому Слава... Цяпер... Трапар перадсьвяцьця |
Пасьвяцьце і сьвяты звычайны ў буднія дні |
Трапар сьвятому Слава... Цяпер... Трапар сьвята |
Трапары ў перадсьвяцьці і пасьлясьвяцьці гл. Мінэю або Трыёдзь.
Прароку
Трапар (тон 2). Прарока Твайго ..., Госпадзе, памяць спраўляючы, праз яго молім Цябе: збаў душы нашыя.
Кандак (тон 4). Прасьветленае духам чыстае сэрца тваё сталася ўмяшчальніцаю сьветлага прароцтва, і ты бачыў тое, што мелася здарыцца ў далёкай будучыні, быццам сёньня. Дзеля гэтага шануем цябе, слаўны і блаславёны прарок ....
Апосталу або апосталам
Трапар (тон 3). Апостале сьвяты ... (або: Апосталы сьвятыя), малі (маліце) міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.
Кандак апостала (тон 4). Быццам ясную зорку, Царква, прасьветленая зьзяньнем цудаў тваіх, прыдбала цябе, апостале .... Дзеля гэтага ўсклікаем да Хрыста: Збаў, Міласьцівы, тых, што шануюць памяць апостала Твайго.
Кандак апосталаў (тон 3). Вы, мудрыя, былі галінкамі вінаграднай лазы Хрыстовай і прынесьлі дабрадзейныя гронкі, што сочаць нам віно збаўленьня; мы ж радасна п'ем яго і сьвяткуем пачэсную вашую памяць. Вучні Гасподнія, маліцеся, каб нам атрымаць зьмілаваньне і адпушчэньне грахоў.
Сьвятаначальніку
Трапар (тон 4). Правілам веры і прыкладам лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці ты быў на справе для статку твайго. Дзеля гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю, здабыў багацьці ўбогасьцю. Ойча сьвятаначальніку..., малі Хрыста Бога, каб Ён збавіў душы нашы.
Кандак (тон 2). Боскі гром, труба духоўная, веры насаджальнік і зьнішчальнік ерасяў, Тройцы ўгоднік, вялікі сьвятаначальнік ..., прабываючы разам з анёламі, моліцца безустанку за ўсіх нас.
Сьвятаначальнікам
Трапар (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі паводле Тваёй заўсёднай лагоднасьці: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.
Кандак (тон 8). Як дабрадзейнасьці настаўнікаў і сьвятаначальнікаў красу, Царква славіць у песьнях вас, непераможныя: падавайце настаўленьне ў дабрадзейнасці і вызваленне ад спакусаў усім, што з любоўю шануюць вас.
Настаўніку царкоўнаму і вызнаўцу
Трапар (тон 8). Правай веры настаўніку, набожнасьці прыклад і чысьціні, сьветач сусьветны, Богам натхнёная біскупаў (або: сьвятароў, манахаў) аздоба, ... мудры: навукаю тваёю ты ўсіх прасьвятліў, жалейка духоўная. Малі Хрыста Бога за збаўленьне душаў нашых.
Кандак (тон 2). Здаволіўшыся ўстрыманасьцю, ты прыспаў жаданьні цялесныя і, узросшы ў веры, расьцьвіў быццам райскае дрэва жыцьця, ... ойча наш.
Посьніку/аскету, манаху і пустэльніку
Трапар (тон 8). У табе, ойча, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшоў усьлед за Хрыстом і на справе навучаў не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвяты ..., дух твой.
Іншы трапар (тон 8). Струменямі сьлёз тваіх пустыню бясплодную ты ўрадліваю зрабіў і стогнамі душы плады высілкаў у сто разоў памножыў, і быў для ўсіх сьветачам, зьзяючы цудамі, ... ойча наш. Малі Хрыста Бога збавіць душы нашы.
Іншы трапар (тон 1). Пустыні жыхаром, анёлам у целе і цудатворцам быў ты, баганосны ойча наш ...; пастом, нядрэмнасьцю і малітваю нябесныя дараваньні прыняўшы, аздараўляеш нядужых і душы тых, што з вераю прыходзяць да цябе. Слава Таму, хто даў табе сілу; слава Таму, хто ўславіў цябе; слава Таму, хто праз цябе дае ўсім аздараўленьні.
Кандак (тон 2). Узброіўшыся чысьцінёю душэўнаю і ўзяўшы няспынную малітву як кап'ё, ты перамог усе цажкасьці, ... ойча наш. Маліся безустанна за ўсіх нас.
Посьнікам, манахам і пустэльнікам
Трапар (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі паводле Тваёй заўсёднай лагоднасьці: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.
Кандак (тон 2). Прайшоўшы безьліч хваляў, быццам сушу, бесьцялесных ворагаў струменямі сьлёз патапілі вы, сьвятыя і багамудрыя айцы і, атрымаўшы дар цудаў, моліцеся безупынна за ўсіх нас.
Мучаніку
Трапар (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, ..., у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага; маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашы.
Кандак (тон 2). Ты, мучаніку ..., быў сьветлаю і нязманліваю зоркаю, што промнямі сваімі абвясьціла сьвету Сонца-Хрыста; і цяпер, перамогшы ўсе спакусы, молішся няспынна за ўсіх нас.
Мучанікам
Трапар (тон 4). Мучанікі Твае Госпадзе, у цярпеньнях вянцы нятленныя атрымалі ад Цябе, Бога нашага; маючы сілу Тваю, яны перамаглі мучыцеляў і зьнішчылі дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі іх збаў душы нашы.
Іншы трапар (тон 1). Сьвятых Тваіх цярпеньнямі, якія яны дзеля Цябе перанесьлі, зьмілуйся над намі і аздараві немачы нашы, молімся Табе, Госпадзе Чалавекалюбча.
Кандак (тон 2). Ясныя сьветачы, мучанікі боскія, вы прасьвятляеце ўсё стварэньне зьзяньнем цудаў вашых, аздараўляючы немачы і цемру адганяючы, і молячыся безупынку Хрысту Богу за ўсіх нас.
Сьвятамучаніку
Трапар (тон 4). Як пераймальнік жыцьця апосталаў і намесьнік на іхнім пасадзе, высілкамі тваімі ты, боганатхнёны, узьняўся да богасузіраньня. Дзеля гэтага слова праўды верна прапаведуючы, за веру да крыві пацярпеў ты, сьвятамучаніку .... Малі Хрыста Бога збавіць душы нашы.
Кандак (тон 4). Пажыўшы набожна, як сьвятаначальнік і прайшоўшы шлях мучаніцтва, ты, багамудры, патушыў ідальскія ахвяры і быў абаронцам статку твайго. Дзеля гэтага шануем цябе і з глыбіні душы клічам: ад бедаў выбаўляй нас заўжды малітвамі тваімі, ... ойча наш.
Сьвятамучанікам
Трапар (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі паводле Тваёй заўсёднай лагоднасьці: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.
Кандак (тон 3). Зышоўшыся сёньня, славім у песьнях вас, сьвятамучанікі, што быццам промні нязгаснага сонца духоўнага прасьвятлілі тых, што прабывалі ў цемры неразуменьня, і клікалі ўсіх да вышыні набожнасьці. Дзеля гэтага клічам: Радуйцеся, сьвятыя айцы, што пралілі кроў за Хрыста.
Прыпадобнамучаніку
Трапар (тон 8). У табе, ойча, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшоў усьлед за Хрыстом і на справе навучаў не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвяты ..., дух твой.
Кандак (тон 2). Як набожнага і дасьведчанага посьніка, пачэснага дабравольнага пакутніка і прыкладнага пустыні жыхара, што ўтаймаваў пажаданьні свае, ... вечнахвальнага ў песьнях уславім.
Прыпадобнамучанікам
Трапар (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі паводле Тваёй заўсёднай лагоднасьці: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.
Кандак (тон 2). Прайшоўшы безьліч хваляў, быццам сушу, бесьцялесных ворагаў струменямі сьлёз патапілі вы, сьвятыя і багамудрыя мучанікі і, атрымаўшы дар цудаў, моліцеся няспына за ўсіх нас.
Мучаніцы
Трапар (тон 4). Ягнё Тваё, Ісусе, ..., кліча моцным голасам: Цябе, Жаніх мой, люблю і, Цябе шукаючы, мукі перанашу і расьпінаюся з Табою, і пахаваньне прымаю ў хрышчэньні Тваім, і цярплю за Цябе, каб панаваць з Табою, і паміраю за Цябе, каб з Табою жыць. Ты ж прымі мяне, як ахвяру чыстую, што з любоўю прыносіцца Табе. Малітвамі яе, Міласэрны, збаў душы нашыя.
Кандак (тон 2). Спраўляючы пачэсную памяць тваю, мучаніца ..., мы верныя суцяшэньне душэўнае атрымліваем і голасна клічам: Малі Хрыста безупынна за ўсіх нас.
Іншы кандак (тон 4). Боская памяць твая, ..., быццам сонца, зазьзяла на ўвесь сьвет на сьведчаньне пра жыцьцё тваё: перамогшы ўстрыманасьцю цялесныя спакусы, ты заручылася з Хрыстом крывёю мучэньняў, і цяпер ад усіх бедаў ратуеш тых, што славяць цябе, усклікаючы: Радуйся, маці сьвятая.
Мучаніцам
Трапар (тон 1). Авечкі духоўныя, вы, прайшоўшы жыцьцёвы шлях і захаваўшы веру, прыйшлі праз мучэньні да Ягняці і Пастыра Хрыста. Дзеля гэтага сёньня з радаснай душою спраўляем вашу пачэсную памяць, ўзьвялічваючы Госпада.
Кандак (тон 4). Мучаніцаў Хрыстовых памяць сьвяткуючы, выбаўленьня ад усякага суму з вераю просім і ўсклікаем: "З намі Бог, які праславіў іх, як захацеў".
Сьвятой жанчыне
Трапар (тон 8). У табе, маці, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшла ўсьлед за Хрыстом і на справе навучала не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвятая ..., дух твой.
Кандак (тон 2). Дзеля любові да Госпада, ты, сьвятая, адмовілася ад жаданьня спакойнага жыцьця і, пастом і малітваю прасьвятліўшы душу тваю, перамагла ўсе спакусы, і цяпер зьнішчаеш малітвамі тваімі падкопы ворага.
Сьвятым жанчынам
Трапар (тон 2). Заручыўшыся з вашым адзіным жаданым Жаніхом і адкінуўшы часовы зямны саюз, узмужнеўшы ў дабрадзейных подзьвігах, вы ўзышлі на вышыню нятленнасьці, поўныя духоўнай красы і багацьця, і сталіся ўзорам і прыкладам жыцьця для ўсіх. Маліцеся цяпер няспынна за нас, якія з любоўю спраўляем вашую памяць.
Кандак (тон 2). Утаймаваўшы вашыя целы пастом і молячыся няспынна і старанна да Тварца, каб атрымаць дасканалае прабачэньне грахоў, вы ўдастоіліся Боскага адпушчэньня і валадарства нябеснага. Цяпер маліце Хрыста Бога за ўсіх нас.
Бескарысьлівым лекарам і цудатворцам
Трапар (тон 8). Сьвятыя і бескарысьлівыя лекары ... і ..., аздаравіце немачы нашыя: дарам атрымалі, дарам і давайце.
Іншы трапар (тон 5). Цуды сьвятых мучанікаў Тваіх ... і ..., Ты, Госпадзе, дараваў нам, як непахісную сьцяну: малітвамі іх захавай у бясьпечнасьці людзей Тваіх, даруючы ім супакой, бо Ты адзіны добры і Чалавекалюбец.
Кандак (тон 2). Атрымаўшы дар ацаленьняў, вы, слаўныя лекары і цудатворцы, вяртаеце здароўе тым, што ў патрэбе. Прыйдзіце і абярніце ў нішто намеры ворага, і аздаравіце сьвет цудамі вашымі.
Тон 1
У нядзелю вечарам: Усё стварэньне цешыца, убачыўшы цуд над цудамі, які зьдзейсьніўся ў Табе, Поўная ласкі: Ты зачала бяз семя і нарадзіла Таго, на каго анельскія хоры ўзірацца ня сьмеюць. Малі Яго за душы нашыя.
У панядзелак і сераду вечарам: Поўная ласкі Багародзіца, Ты, не апёкшыся, зачала Боскі Агонь, і нарадзіла бяз семя Крыніцу жыцьця — Госпада. Збаўляй тых, што ўзьвялічваюць Цябе.
У аўторак і чацьвер вечарам: Маючы Цябе, Усячыстая, сваёй заступніцай і вызваленыя Тваімі малітвамі ад цяжкіх бедаў, крыжом Сына Твайго ахоўваныя, Цябе, як належыць, пабожна ўзьвялічваем.
У пятніцу вечарам: Як толькі пачуўся голас Габрыеля, які казаў Табе, Дзева: "Радуйся!", Уладар усіх узяў цела ад Цябе, сьвятая Скарбніца, як прадказаў праведны Давід. Ты сталася больш прасторнай за неба, бо насіла ў сабе Тварца ўсяго. Слава Таму, хто пасяліўся ў Табе; слава Таму, хто выйшаў з Цябе; слава Таму, хто вызваліў нас нараджэньнем сваім".
Тон 2
У нядзелю вечарам: Крыніца міласэрнасьці, Багародзіца, зрабі нас годнымі спагады Твае: глянь міласьціва на людзей, што зграшылі, і пакажы, як заўсёды, сілу Тваю, бо мы, на цябе спадзеючыся, "Радуйся!" усклікаем Табе, як некалі Габрыель, анёлаў начальнік.
У панядзелак і сераду вечарам: Дзякуючы Табе, Багародзіца Дзева, мы сталіся саўдзельнікамі Боскай існасьці, бо Ты нарадзіла нам Бога ў целе. Дзеля гэтага мы Цябе, як належыць, з пашанаю ўзьвялічваем.
У аўторак і чацьвер вечарам: Ты годная ўсякай хвалы, Багародзіца Дзева, мы славім Цябе: крыжом Сына Твайго пекла зруйнаванае было, сьмерць зьніштожаная, мы, памёрлыя, усталі і жыцьця ўдастоіліся, рай атрымалі — ранейшую асалоду. Дзеля гэтага, дзякуючы, славім Яго, як усяўладнага Хрыста Бога нашага і адзінага міласэрнага.
У пятніцу вечарам: Вышэй за розум ўсяслаўныя тайны Твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, Ты несумненна сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.
Тон 3
У нядзелю вечарам: Красе дзявоцтва і сьветлай чысьціні Тваёй Багародзіца, Габрыель зьдзівіўся і ўсклікнуў: "Якую дастойную пахвалу прынясу Табе, як Цябе назаву? Ня ведаю і жахаюся і, як мне было загадана, клічу: "Радуйся, Поўная ласкі!"
У панядзелак вечарам: Прыстанішча і сіла наша, Багародзіца, моцная памочніца сьвету ўсяму! Малітвамі Тваімі захавай слугаў Тваіх ад усякіх бедаў, адзіная Блаславёная.
У аўторак і чацьвер вечарам: Мы прыдбалі сабе жэзл сілы — крыж Сына Твайго, Багародзіца, і перамагаем ім варожае зухвальства, з любоўю ўзьвялічваючы Цябе.
У сераду вечарам: Прарокі прапаведавалі, апосталы навучалі, мучанікі вызнавалі, а мы ўверылі, што Ты сапраўды Багародзіца: дзеля гэтага ўзьвялічваем Тваё невыказнае сынараджэньне.
У пятніцу вечарам: Цябе, хадайніцу за збаўленьне наша, славім, Багародзіца Дзева, бо целам, якое Ён узяў ад Цябе, Сын Твой і Бог наш на крыжы пацярпеў і як Чалавекалюбец ад тленнасьці выбавіў нас.
Тон 4
У нядзелю вечарам: Узгадаванай у сьвятыні, у сьвятым сьвятых, апранутай у веру, і мудрасьць, і веліч дзявоцтва арханёл Габрыель з неба прынёс прывітаньне, кажучы: "Радуйся Блаславёная; радуйся, Усяслаўная,Госпад з Табою".
У панядзелак вечарам: Да Багародзіцы сёньня сьпешна пойдзем, грэшныя і пакорныя, і прыпадзем да Яе, каючыся і ўсклікаючы з глыбіні душы: "Уладарка наша, памажы! Пакажы ласку Тваю, сьпяшайся, бо гінем у безьлічы правін. Не пакінь нас з нічым, бо Ты адзіная надзея наша".
У аўторак і чацьвер вечарам: Дзева беззаганная, Маці Хрыста Бога, меч прабіў Тваю найсьвятую душу, калі Ты бачыла дабравольна расьпятага Сына і Бога Твайго, Не пераставай маліць Яго, Блаславёная, каб Ён даў нам адпушчэньне грахоў.
У сераду вечарам: Слова Айца — Хрыста Бога нашага, — ад Цябе ўцелаўлёнага мы пазналі, Багародзіца Дзева, адзіная блаславёная. Дзеля гэтага Цябе няспынна ў песьнях славім.
У пятніцу вечарам: Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
Тон 5
У нядзелю вечарам: З анёламі ў небе і з людзьмі на зямлі радасным голасам, Багародзіца, клічам: "Радуйся, брама больш прасторная за неба! Радуйся, адзінае збаўленьне тых, што на зямлі! Радуйся, Чыстая і Поўная ласкі, што нарадзіла Бога ў целе!"
У панядзелак вечарам: Хуткую абарону і дапамогу, і міласэрнасьць Тваю пакажы, Чыстая, слузе Твайму: суцішы марныя думкі і ўпаўшую душу маю падымі, Багародзіца, бо я ведаю, што можаш усё.
У аўторак і чацьвер вечарам: Крыжом Сына Твайго, Багародзіца ласкі поўная, ідальская мана была зьнішчаная і сіла дэманская пераможаная; дзеля гэтага мы, верныя, Цябе, як належыць, бласлаўляем і, вызнаючы Цябе Маці Божаю, дастойна ўзьвялічваем.
У сераду вечарам: Дзіўная і збавенная тайніца Дзевы аб'явілася сьвету, бо ад Яе нарадзіўся Ты бяз семя і паказаўся нятленным у целе: усіх радасьць, Госпадзе, слава Табе.
У пятніцу вечарам: Радуйся, брама Гасподняя непраходная! Радуйся, ахова і апякунка тых, што прыходзяць да Цябе! Радуйся, ціхае прыстанішча! Радуйся Ты, што без мужа нарадзіла ў целе Тварца і Бога Твайго! Не пераставай маліцца за тых, што славяць Народжанага ад Цябе і пакланяюцца Яму.
Тон 6
У нядзелю вечарам: Пачаткам збаўленьня сталася для нас дабравешчаньне Габрыеля Дзеве: пачуўшы "Радуйся!" ад яго, Яна не адкінула прывітаньня і не ўсумнілася, як некалі Сара, але адказала: "Вось я служка Гасподняя, хай станецца са мною паводле слова твайго".
У панядзелак вечарам: Надзея сьвету, блаславёная Багародзіца Дзева! Просім Твайго адзінага сільнага заступніцтва: зьмілуйся над людзьмі бездапаможнымі і малі міласэрнага Бога выбавіць душы нашы ад усякай пагрозы, адзіная Блаславёная.
У аўторак і чацьвер вечарам: Багародзіца Дзева, малі Сына Твайго, Хрыста Бога нашага, які дабравольна быў расьпяты на крыжы і выбавіў сьвет ад маны, каб Ён зьмілаваўся над душамі нашымі.
У сераду вечарам: Сьвятая Ўладарка, Чыстая Маці Бога нашага, што нарадзіла ў невыказны спосаб Тварца ўсіх, са сьвятымі апосталамі малі безустанку Ягоную дабрату, каб вызваліў нас ад грэшных пажаданьняў і даў прабачэньне грахоў.
У пятніцу вечарам: Ты, што назваў Маці Тваю блаславёнаю, аддаў сябе дабравольна на мукі і зазьзяў на крыжы, каб знайсьці Адама і кажучы анёлам: "Радуйцеся са мною, бо я знайшоў згубленую драхму". Божа, што ўсё мудра ўладкаваў, слава Табе!
Тон 7
У нядзелю вечарам: Багародзіца, Дзева Чыстая! Разам з анёламі малі Сына Твайго, каб, перш чым прыйдзе канец, даў прабачэньне тым, што верна славяць Цябе.
У панядзелак вечарам: "Радуйся!" — кажам Табе, Багародзіца, бо Ты паказалася вышэйшай за анёлаў, нарадзіўшы Бога.
У аўторак і чацьвер вечарам: Расьпятага за нас Хрыста Бога, які зьнічшчыў пекла ўладу, безупынна малі, Багародзіца Дзева, за збаўленьне душаў нашых.
У сераду вечарам: Спаўненьнем прарокаў і закону ёсьць плод улоньня Твайго, Усячыстая. Дзеля гэтага, ведаючы Цябе як Багародзіцу, славім і набожна ўзьвялічваем Цябе.
У пятніцу вечарам: Скарбніца нашага ўваскрасеньня, Усяхвальная, што, нарадзіўшы Збавіцеля, вызваліла падуладных граху, выратуй тых, што спадзяюцца на Цябе, з бяздоннай ямы правінаў — Ты, якая перад родамі была Дзеваю, і падчас родаў Дзеваю, і пасьля родаў засталася Дзеваю.
Тон 8
У нядзелю вечарам: Радуйся, што праз анёла Радасьць сьвету прыняла! Радуйся, што нарадзіла Тварца Твайго і Госпада! Радуйся, што ўдастоілася стаць Маці Божаю!
У панядзелак вечарам: Непарушнае ўмацаваньне веры і пачэсны дар душ нашых, Багародзіцу ў песьнях, верныя, узьвялічым: "Радуйся, што ва ўлоньні Тваім зьмясьціла Камень Жыцьця! Радуйся, надзея ўсіх канцоў сьвету, сумных Заступніца! Радуйся, Дзева-Маці!"
У аўторак і чацьвер вечарам: Убачыўшы на крыжы расьпятага Цябе, Ягнё і Пастыра, і Збавіцеля сьвету, Маці Твая з плачам казала: "Сыне і Божа мой, сьвет радуецца, атрымаўшы вызваленьне, а сэрца маё гарыць, бачачы Тваё распяцьце, якое Ты церпіш за ўсіх".
У сераду вечарам: Духоўная брама жыцьця, Усячыстая Багародзіца! Вызваль ад бедаў верных, што прыбягаюць да Цябе, каб нам славіць Тваё сьвятое сынараджэньне для збаўленьня душ нашых.
У пятніцу вечарам: Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць і паказаўшыся Богам ва ўваскрасеньні, не пагардзі творамі рук Тваіх, пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, якая нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.
Каментары: