Беларуская Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква

spiritЦарква Хрыстовая, ажыўленая Святым Духам, прагне, каб чалавек быў вызвалены і адноўлены на ўзор свайго Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста. Добрая навіна аб Уваскрасенні і перамозе над грахом дае надзею людскому роду вось ужо дзве тысячы год. Увесь гэты час Царква Хрыстовая не перастае абвяшчаць яе ўсім людзям згодна з найглыбейшай патрэбай уласнай паўсюднасці, а таксама згодна волі свайго Заснавальніка (Mк. 16, 15). Даванне такога сведчання Царква Хрыстовая абапірае на падкрэсленні годнасці чалавечай асобы. 

У Ісусе Хрысце Бог палюбіў чалавека ўва ўсёй яго паўнаце. Гэтая любоў абдымае не толькі кажнага асабіста, але і супольнасці сям’і, народу, дзяржавы. Таму Царква, збіраючы вернікаў, у іх і праз іх закарэньваецца ў жыцці канкрэтнага народу праз дастасаванне да мясцовай культуры.

charch-of-saint-NikolaiБеларуская Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква адраджаецца напрыканцы ХХ ст. як Царква з вялікай гісторыяй, якая бярэ пачатак ад з’яўленьня на тэрыторыі старажытнага Полацкага княства першых місіянераў з Візантыі і закладання першых епархій, праз часы росквіту Вялікага Княства Літоўскага аж да Берасцейскай уніі 1596 г., якая з’яднала падзеленую на той час Царкву візантыйскай і лацінскай традыцыі ў адно цела з вызнаннем аўтарытэту наступніка апостала Пятра — рымскага біскупа, ды вызнаннем адзінай веры пры захаванні ўласных традыцый, абраду і царкоўнага календара. Спадкаеміцай гэтай жа ўніі з’яўляецца таксама Украінская Грэка-Каталіцкая Царква, бо на той час як беларускія, так і ўкраінскія епархіі ўвыходзілі ў адну Кіеўскую мітраполію, цэнтр якой, між іншым, знаходзіўся ў Вільні, а пазней у Наваградку. Назва „уніяцкая”, атрыманая ў той час, азначае злучаная, з’яднаная.

pratulinКалі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь апынулася ў складзе Расійскай імперыі, адразу пачаліся захады, скіраваныя да ліквідацыі Ўніяцкай Царквы. Літоўскі біскуп Іосіф Сямашка ў 1839 годзе давёў да яе скасавання і далучэння да Расійскай Праваслаўнай Царквы на так званым полацкім „сінодзе”. Тады пачаўся крыжовы шлях нашай Царквы. Сотні мучанікаў і вызнаўцаў, якія заплацілі сваім жыццём за вернасць царкоўнаму адзінству, тысячы спаленых уніяцкіх кніжак, службоўнікаў і беларускіх першадрукаў, пра якія піша сам Сямашка ў сваіх дзённіках — найлепшыя таму сведчанні. Але Царква не знікла. Яна ўваскрасала ў кажную спрыяльную пару.

Першае яе адраджэнне адбывалася на Заходняй Беларусі, якая апынулася ў складзе Польшчы, у 1920-х гадах як так званая неаунія. З 17 веранся 1939 г. з прыходам савецкай улады НКВД пачаў раз’юшаныя рэпрэсіі святароў. На пачатак 1941 году засталося толькі 3 парафіі. 17 верасня 1940 г. мітрапаліт Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэй Шаптыцкі сілаю спецыяльных паўнамоцтваў, нададзеных яму Папам Піем Х у 1908 годзе, утварыў Экзархат для беларусаў-каталікоў візантыйскага абраду з цэнтрам у Менску і менаваў першым экзархам айца Антонія Неманцэвіча. Гэтае рашэнне і намінацыю а. А. Неманцэвіча пацвердзіў прэфэкт Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў кард. Тысэрана ў сваім лісце ад 22 снежня 1941 г. Айцец-экзарх А. Неманцэвіч загінуў мучаніцкай смерцю падчас акупацыі Менску фашыстымі ў 1942 годзе.

Пасля ІІ сусветнай вайны Грэка-Каталіцкая Царква не існавала афіцыйна, але існавала ў сэрцах і думках людзей. Душпастырскую службу ў падполлі выконвалі ўкраінскія святары. З 1976 г. сістэматычную апостальскую працу ў Беларусі падпольна праводзіў былы вязень сталінскіх лагераў айцец Віктар Данілаў, высвечаны на святара ў 1976 г. у Львове мітрапалітам Уладзімерам Старнюком. Цэнтрам дзейнасці айца Данілава была Гародня.

matuseviczПачынаючы з 1989 г. — ва ўмовах пэўнай лібералізацыі грамадскага і рэлігійнага жыцця — групы студэнцкай моладзі і беларускай інтэлігенцыі, зацікаўленыя ідэяй уніі, пачалі адраджэнне БГКЦ. Першая пасля вайны грэка-каталіцкая парафія ў Менску была ўтвораная ў верасні 1990 г. Знакавай асобай у працэсе адраджэння стаў а. Ян Матусевіч, родам з в. Коменка Менскай вобласці. Яго сям'я – беларуская, праваслаўная з уніяцкімі каранямі. У 1974-1979 г. а. Ян служыў як праваслаўны святар у Смаленску, а потым у мясцовасці Маркава каля Маладзечна. У 1979 г. далучыўся да Каталіцкай Царквы. На працягу наступных адзінаццаці гадоў быў пробашчам у Барунах (1979-1990). З 1988 году пачынае адпраўляць па-беларуску, і Баруны становяцца месцам паломніцтваў інтэлігенцыі з усёй Беларусі. Маладыя людзі, якія не былі ахрышчаныя ў дзяцінстве, жадаюць прыняць хрост менавіта ў айца Яна Матусевіча, і менавіта тады, з 1988 па 1990 г., у Барунах адбываюцца хросты ва ўсходнім абрадзе.

12 лістапада 1989 году ўніяцкая моладзь і інтэлігенцыя прысутнічаюць на свяце св. Язафата ў Барунах. Хоць службу а. Ян адпраўляў у лацінскім абрадзе, можна лічыць гэтую падзею першай акцыяй уніятаў Менску. Ад 1990 г. а. Ян стаў пробашчам першай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску. Ён асвяціў крыж у Курапатах, пастаўлены на месцы масавых расстрэлаў НКВД. Стаў адным з сузаснавальнікаў Біблейскага Таварыства Рэспублікі Беларусь. Памёр пасля цяжкай хваробы 2 верасня 1998 г. ў Менску.

Рух за адраджэнне Уніяцкай Царквы ўзмацніўся ў 1990 годзе, пасля візіту ў Менск апостальскага візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана. Дзень 11 сакавіка 1990 году, калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Менску Боскую Літургію па-беларуску, можа быць прызнаны за дату аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі.

Гэтак запачаткавалася цяперашняе адраджэнне нашай Царквы, якая да канца падзяліла пакутніцкі лёс свайго народу і паўстае з небыцця, каб зноў стаць сумленнем, душою нацыі. Вядома, на гэта спатрэбіцца шмат малітвы, часу, высілку і ахвярнасці многіх.