Сёстры-місіянеркі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысткі)
Кангрэгацыя жыве і служыць згодна духоўнасці св. Альфонса Лігуоры і св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Ісуса, апякункі місій. Гісторыя сёстраў рэдэмптарыстак-місіянерак пачынаецца ў пасляваеннай Германіі, калі святары-рэдэмптарысты Мюнхенскай правінцыі адчулі неабходнасць у дапамозе сёстраў у місіянерскай працы. Першапачаткова гаворка ішла аб стварэнні кангрэгацыі, структура і мэты якой адпавядалі б Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў з супольным жыццём і манаскімі зарокамі.
3 кастрычніцка 1957 г. у Гарсі на Іне быў пачаты першы навіцыят 5-ці сясцёр. Гэты дзень і лічыцца днём заснавання Кангрэгацыі сёстраў-місіянерак Найсвяцейшага Адкупіцеля. Разам з працай у некаторых дамах і ўстановах рэдэмптарыстаў, сёстры таксама пачалі выконваць заданні спачатку ў пастаральнай, а з 1965 года і ў місіянерскай пастырскай дзейнасці разам з рэдэмптарыстамі.
Гісторыя ва Ўкраіне
У 1997 годзе да протаігумена Львоўскай правінцыі рэдэмптарыстаў звярнуліся некалькі маладых украінскіх дзяўчат, выхаваных у парафіі, якою апякуюцца айцы-рэдэмптарысты. Захапіўшыся духоўнасцю св. Альфонса і спосабам пастырскай і місіянерскай дзейнасці рэдэмптарыстаў, дзяўчаты выказалі протаігумену жаданне прысвяціць сваё жыццё Богу ў духу харызмы рэдэмптарыстаў.
На запрашэнне рэдэмптарыстаў 12 ліпеня 1997 г. ва Ўкраіну прыехала генеральная настаяцельніца рэдэмптарыстак з Германіі с. Вэроніка Аймер. Сёстрам з Германіі прапанавалі заняцца духоўнай фармацыяй будучых украінскіх рэдэмптарыстак-місіянерак. 27 красавіка 1998 года пяць дзяўчат пераязджаюць жыць у супольнасці ў Львоў. Пасля да іх пачалі далучацца і іншыя.
У той час, пакуль нямецкія сёстры рыхтавалі да разгляду на Генеральнай Капітуле пытанне аб фармацыі ўкраінскіх сёстраў у візантыйскім абрадзе, кандыдаткамі духоўна і матэрыяльна апекаваліся рэдэмптарысты. У студзені 2000 г. на Генеральнай Капітуле Кангрэгацыі быў дадзены станоўчы адказ на запыт украінскіх рэдэмптарыстаў аб фармацыі сёстраў ва Ўкраіне. Для іх прызначылі двух сясцёр - Маргарэт Аберэдэр і Гільдэгард Данкль. Праз два гады да іх далучылася яшчэ адна нямецкая сястра - Пауля Штрауб. 27 красавіка 2001 г. адбыўся афіцыйны пераезд сясцёр з Германіі, а 3 чэрвеня 2001 г. пачаўся першы навіцыят ўкраінскіх рэдэмптарыстак.
На дадзені момант сёстры займаюцца служэннем у парафіях, працуюць з моладдзю і дзецьмі, ездзяць для катэхізацыі дзяцей па вёсках, арганізоўваюць летнія хрысціянскія лагеры, пілігрымкі, праводзяць моладзевыя рэкалекцыі. У сваёй працы асаблівую ўвагу звяртаюць на адпаведнасць метадаў абвяшчэння Добрай Навіны той узроставай і сацыяльнай катэгорыі людзей, з якімі працуюць. Імкнуцца як мага больш увагі і любові надаць людзям духоўна пакінутым, адкінутым на абочыну грамадства. Сёстры-рэдэмптарысткі цесна супрацоўнічаюць у пастырскай і місіянерскай дзейнасці з айцамі-рэдэмптарыстаў.
На снежань 2010 года ва Ўкраіне было 24 сястры.