Блаславёныя іспанскія мучанікі
13 кастрычніка 2013 года ў горадзе Тарагона, Іспанія, адбылася беатыфікацыя шасці іспанскіх мучанікаў рэдэмптарыстаў: а. Хаўера Гарастэрацы Хаўнарэны і пяці яго субратоў. 20 снежня 2012 г. Папа Бенядыкт XVI падпісаў дэкрэт аб іх мучаніцтве. Свята беатыфікацыі вялікай групы больш за 500 іспанскіх мучанікаў правёў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах святых і дэлегат Папы Францішка.
Новыя блаславёныя рэдэмптарысты належалі да супольнасці св. Піліпа ў горадзе Квенка ў Іспаніі. Загінулі мучаніцкай смерцю ў часе іспанскай грамадзянскай вайны, якая доўжылася ад ліпені 1936 года да красавіка 1939 г. Сярод іх пяць святароў і адзін брат: а. Хаўер Гарастэрацу Хаўнарэна (1877-1936), а. Сірыяк Аляртэ Перэс дэ Мендыгурэн (1893-1936), а. Міхал Гані Арыс (1902-1936), а. Юліян Поза Руіс дэ Саманіега (1903-1936), а. Пётр Рамэра Эспеха (1871-1938) і брат Вікторыян Кальва Лазана (1896-1936).
Шэсць новых мучанікаў за веру былі дададзеныя да групы мучанікаў-рэдэмптарыстаў, якіх у апошнія гады Царква абвясціла блаславёнымі. Усе яны з'яўляюцца манахамі, якія ў цяжкія часы ХХ стагоддзя далі найвышэйшае сведчанне веры. Яны сталі ахвярамі таталітарызму і нянавісці да духоўных асобаў, гэтага новага паганства пачатку мінулага стагоддзя. Іспанскія мучанікі-рэдэмптарысты былі паднесены да годнасці блаславёных у Царкве як выдатны прыклад вернасці і адвагі. Іх смерць, прынятая Богам і Царквою, з'яўляецца красамоўным сведчаннем таго, што яны аддалі сваё жыццё за свабоду сумлення і веру ў Евангелле.
Новыя блаславёныя належалі да адной супольнасці рэдэмптарыстаў у Квенка, якая вызначылася гераічнай адвагай і апостальскім запалам аж да аддання жыцця ў цяжкія часы, адзначаныя ілюзіямі ўсемагутнасці буйных таталітарных сістэм. Новыя мучанікі сталі іконай манаскай супольнасці, згуртаванай вакол Хрыста Адкупіцеля, якая з запалам прапаведуе Евангелле, праўдзівай рэдэмптарысцкай супольнасці, якая з'яўляецца адданай справе Адкуплення. На прыклад першых мучанікаў хрысціянства шэсць рэдэмптарыстаў паказалі сваім мучыцелям і ўсім вучням Хрыстовым выразнае сведчанне поўнага аддання сябе Богу і Царкве. Іх евангельская лагоднасьць з'яўляецца ціхай, але дзейснай абаронай перад гвалтам і пераследам, наглядным прыкладам паслядоўнасці і вернасці да канца. У гэты Год Веры іспанскія мучанікі для ўсіх рэдэмптарыстаў сталі прыкладам святасці і заахвотаю да жыцця ў поўным адданні сябе Богу і місійнай справе Кангрэгацыі.
Днём іх літургічнай памяці было вызначана 6 лістапада.
Айцец Хаўер Гарастэрацу Хаўнарэна
Нарадзіўся 7 жніўня 1877 года ва Уррос дэ Сантыстэбан (правінцыя Навара). У 16 гадоў уступіў у Кангрэгацыю. 8 верасня 1896 года склаў манаскія зарокі. Высвечаны на святара ў Асторга (правінцыя Леон) ў 1903 г. Жыў у Эспіна (правінцыя Бургас) i ў Асторга, дзе быў выкладчыкам філасофіі і дакладных навук. Як місіянер працаваў у Памплоне (правінцыя Навара), пры папскай базыліцы св. Міхаіла ў Мадрыдзе, а пазней у Квенка, дзе аддаў сваё жыццё дзеля Вялікага Адкуплення.
Быў таленавітым чалавекам, мысляром і навукоўцам. Ён быў не толькі выдатным місіянерам, але таксама дасведчаным спаведніком і духоўным правадніком. Акрамя місіі на мове баскаў і кастылійцаў, ён праводзіў таксама рэкалекцыі, выдаў дзве гістарычныя працы і апрацаваў падручнік па філасофіі. Перад смерцю працаваў над гістарычным даследаваннем пра аднаго іспанскага кардынала.
Рэлігійнае пераследаванне заспела яго ў Квенка. Спачатку з-за свайго неспакойнага характару пакінуў манастыр св. Піліпа і схаваўся ў доме аднаго сябра мясцовай супольнасці. Пазней перайшоў у семінарыю, думаючы, што гэта будзе больш бяспечнае месца. Там працягваў выконваць сваё святарскае служэнне сярод бежанцаў і заклікаў у выпадку неабходнасці аддаць сваё жыццё, у поўнай меры ўсведамляючы магчымасць непазбежнага мучаніцтва.
А 2 гадзіне раніцы 10 жніўня 1936 г. яго арыштавалі салдаты Народнага фронту і павялі з семінарыі на расстрэл. Яго прывязалі да брата Вікторыяна. Разам з ім а. Хаўер аддаў сваё жыццё побач з могілкамі ў Квенка. Перад смерцю ён прабачыў сваім мучыцелям.
Айцец Сірыяк Аляртэ Перэс дэ Мендыгурэн
Нарадзіўся 8 лютага 1893 г. у Гомеча (правінцыя Алава) у вельмі рэлігійнай сям'і. З дзяцінства марыў пра святарства. У 1904 годзе паступіў у ювенат рэдэмптарыстаў ў Eспіна, манаскія зарокі склаў 8 верасня 1911 г., а 29 ліпеня 1917 г. быў высвечаны на святара ў Асторга. 1920-1926 г. правёў на місіях у Мексіцы. Рэлігійныя пераследаванні, а таксама масонскі і антыклерыкальны клімат, які склаўся ў Мексіцы, прымусіў яго вярнуцца ў Іспанію. З 1926 году праводзіў місіянерскую дзейнасць у супольнасцях у Карунні i ў Мадрыдзе, у царкве Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Ад траўня 1935 г. жыў у супольнасці ў Квенка, дзе працягваў інтэнсіўнае служэнне
місіянера і рэкалекцыяніста для манахінь. Тут заспелі яго рэлігійныя пераследаванні.
Пакінуўшы манастыр 20 ліпеня 1936 г., схаваўся разам з а. Міхалам Гані ў доме знаёмага святара. У тым часе сказаў прарочыя словы: «Дзень святога Альфонса (1 жніўня) адсвяткуем ў небе...».
31 ліпені пасля Святой Літургіі абодва былі арыштаваныя. Пасля абеду на вачах многіх людзей шалёная група міліцыянтаў вяла іх па вуліцах горада. Не было ні суда, ні прысуду. На ўзгорку побач з электрычнай станцыяй Батан у іх бок прагучалі стрэлы, і абодва ўпалі на зямлю. Айцец Сірыяк памёр пасля некалькіх гадзін агоніі. А 22:00 прыйшлі прадстаўнікі суду, каб забраць целы, якія паклалі ў адну труну і пахавалі ў агульнай яме. Гэтыя два рэдэмптарысты былі першымі, якія адкрылі вялікі спіс мучанікаў гэтага маленькага горада.
Айцец Міхал Гані Арыс
Нарадзіўся 27 красавіка 1902 года ў Імаркаайне (правінцыя Навара). З дзяцінства хацеў стаць сьвятаром. У 1913 г. паступіў у ювенат рэдэмптарыстаў у Eспіна. 26 жніўня 1920 года склаў манаскія зарокі, а свячанні атрымаў у 1925 г. у Aсторга.
Хоць меў слабое здароўе і прыроджаную нясмеласць, аднак праявіў сябе добрым і нястомным місіянерам. Правёў шмат місій у Кантабрыі, Андалузіі i Галіцыі. Служыў у супольнасцях ў Нава дэль Рэй (правінцыя Ваядолід), Гранадзе, Барселоне, Сантандэр i Віга. Яго вясёлы і таварыскі характар і апостальская руплівасць і энтузіязм рабілі адкрытымі чалавечыя сэрцы да ўспрымання Евангелля.
У 1935 г. пераехаў у Квенка, дзе быў раней як семінарыст. З-за хваробы лёгкіх праводзіў апостальскую дзейнасць на месцы ў царкве св. Піліпа Неры, перш за ўсё служачы Літургіі і спавядаючы людзей. Тут яго заспелі рэлігійныя пераследаванні. Ужо ў траўні яго пераследавала група асобаў, якія нападалі на кожнага манаха.
31 ліпеня 1936 г. а. Міхал Гані быў затрыманы міліцыяй разам з а. Сірыякам Аляртэ. Пасля стрэлаў міліцыянты пакінулі іх, пакуль тыя не сцяклі крывёю. Кажуць, што пасля ранення а. Міхал падпоўз да а. Сірыяка, каб адзін аднаго падтрымаць і паспавядацца перад адданнем жыцця Збавіцелю. Здаецца, што яго агонія доўжылася некалькі гадзін. Абодва рэдэмптарысты былі першымі мучанікамі ў горадзе Квенка.
Айцец Юліян Поза Руіс дэ Саманіега
Нарадзіўся 7 студзеня 1903 г. у Паета (правінцыя Алава). У 1913 г. паступіў у ювенат рэдэмптарыстаў ў Eспіна, дзе адзначылі яго вялікая старанне ў духоўным жыцці. Як разважлівы чалавек, развіў у сваім жыцці дар парады і проваду. У 1920 г. склаў зарокі, а свячанні атрымаў 27 верасня 1925 года ў Aсторга. Падчас фармацыі ў 1921 г. захварэў на сухоты, а ў 1923 годзе адбыўся рэцыдыў з моцным крывахарканнем.
Улетку 1926 г. пераехаў у Гранаду, дзе пазнаёміўся са слугамі Божымі Канчыта i Францыскам Барачэгурэн. Усе лічылі яго за чалавека з дзіцячым тварам, далікатнага, знаходлівага і разумнага. Яго ўсмешка адкрывала яму ўсе сэрцы. Змірыўшыся з хваробай, прысвяціў сваё жыццё малітве, споведзі і служэнню хворым. Быў добрым спаведніком і духоўнікам, якога паважалі. У 1928 г. пераехаў у Квенка, дзе яго заспела рэлігійнае пераследаванне.
Пакінуў манастыр св. Піліпа 20 ліпеня і схаваўся ў доме знаёмых людзей разам з братам Вікторыянам. Калі яго спыталі, што сказаў бы, калі б за імі прыйшлі, то ён адказаў: «Мы б прадставілі сябе як манахі рэдэмптарысты. Не маем мучанікаў... таму, можа будзем першымі!" Паколькі пераследаванні зацягнуліся, схаваўся ў семінарыі. Але 9 жніўня падчас малітвы на ружанцы быў арыштаваны і разам са святаром Эскрыбана яго павялі на мучаніцтва. Абодва былі застрэленыя на дарозе з Квенка да Tрагасэта. Айцец Поза меў 33 гады і стаў мучанікам, калі маліўся на каленях, трымаючы ў адной руцэ крыж, а ў другой ружанец, і з усмешкай на твары.
Айцец Пётр Рамэра Эспеха
Нарадзіўся 28 красавіка 1872 г. у Панкорба (правінцыя Бургас). Паступіў у ювенат рэдэмптарыстаў ў Eспіна. Зарокі склаў 24 верасня 1890 г., а свячанні атрымаў 29 лютага 1896 г. Пасля другога навіцыяту быў прызначаны прапаведаваць на місіях. Служыў у супольнасцях ў Aсторга, Мадрыдзе i Гранадзе, а ў 1921 г. пераехаў у Квенка.
Улічваючы прыроджаную нясмеласць і недахоп таленту да прапаведніцтва, праз пэўны час быў вымушаны пакінуць місіі і прысвяціць сябе служэнню ў спавядальні, малітве і аскетычным практыкаванням. Таксама праводзіў рэкалекцыі для сясцёр. Як манах быў вельмі паслухмяны і даваў прыклад вялікага духу ўбоства.
Пасля выбуху грамадзянскай вайны 23 ліпеня 1936 года на загад настаяцеля схаваўся ў адным жаночым манастыры, дзе размяшчаўся прытулак для старых. Быў як бы адным з тых старых, служыў Літургію і нёс іншыя святарскія паслугі. У жніўні 1937 г. схаваўся ў адной сям'і. Калі нехта данёс на яго, яго выклікалі ў грамадзянскі суд. Спакойна пацвердзіў, што з'яўляецца рэдэмптарыстам. Быў інтэрнаваны ў "дом міласэрнасці", але насмешкі і пагарда, якія там былі, прымусілі яго сысці адтуль і жыць на вуліцы як жабраку. Не хацеў ісці да людзей, каб не падвяргаць іх небяспецы, але заўсёды, калі яго прасілі ўдзяліць Таінства, без прамаруджання прыходзіў. З ружанцам і крыжам у руках выпрошваў на вуліцах хлеб. Жыў, як праўдзівы місіянер, клапоцячыся пра хворых, спавядаючыся і служачы Літургіі па дамах. Але яго здароўе паступова пагаршалася.
Некалькі разоў баевікі арыштоўвалі яго, у траўні 1938 г. быў заключаны ў вязьніцу "за абразу ўрада". Захварэў на дызентэрыю, даглядалі за ім іншыя святары-зняволеныя. Памёр 4 ліпеня 1938 года. Ніколі не адмаўляў, што ён манах, святар. Хоць не быў забіты, канец яго жыцця Царква вызнала за мучаніцкі.
Брат Вікторыян Кальва Лазана
Нарадзіўся 23 снежня 1896 г. у Орчэ (правінцыя Гвадалахара) . Любіў чытаць духоўныя кнігі, гэта заахвоціла яго думаць пра навучанне, каб стаць святаром або братам. Але ўзрост, неразуменне сям'і і матэрыяльная беднасць не дазволілі яму пачаць вучобу.
31 сакавіка 1919 г., ні з кім не развітаўшыся, Вікторыян пакінуў свой дом і сям'ю. На ложку пакінуў ліст, у якім патлумачыў, што пакінуў сям'ю, каб стаць рэдэмптарыстам. 13 лістапада 1920 г. склаў зарокі як брат у Нава дэль Рэй, прыняўшы імя Вікторыян. У 1921 годзе яго накіравалі ў супольнасць у Квенка, дзе працаваў на агародзе, у захрыстыі і на фірце. У 1928 г. пагадзіўся на місіі ў Кітай. Быў чалавекам ціхім, але глыбокім. Хоць не скончыў ніякай школы, але меў добры культурны грунт, асабліва ў веданні аскетыкі. Настаяцелі дазволілі яму быць духоўнікам для адной маладой жанчыны, для якой напісаў рэкалекцыйныя навукі і іншыя тэксты. Яны захаваліся як сведчанне яго выключнай харызмы.
26 ліпеня 1936 года схаваўся разам з а. Юліянам Поза ў доме знаёмых. 31 ліпеня абодва перахаваліся ў семінарыі. 10 жніўня бр. Вікторыяна вывелі з семінарыі са звязанымі рукамі. Разам з а. Хаўерам Гарастэрацу Хаўнарэнам завялі іх на могілкі у Квенка, дзе жорстка забілі. Там у цішыні аддалі сваё жыццё Хрысту Адкупіцелю, не адрокшыся сваёй веры і свайго манаскага паклікання.
Малітва:
Божа, Ойча наш, за крыж і самааданасць Ты далучыў блаславёнага Хаўера і яго субратоў (Сірыяка, Міхала, Юліяна, Вікторыяна і Пятра) у таямніцу Вялікага Адкуплення Сына Твайго і зрабіў іх праз мучаніцтва вернымі Сваімі сведкамі. Просім Цябе за іх заступніцтвам, каб мы былі адважныя ў вызнанні веры і шчодрымі ў любові. Амін.
Болей інфармацыі пра блаславёных мучанікаў.
Каментары: