Памятаем пра памерлых

Аўтар: а.Зміцер - .

Па традыцыі ў суботу перад святам св. Змітра (26 кастрычніка) Царква асаблівым чынам моліцца за ўсіх памерлых. Святая Літургія за супакой адбылася на грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску ў Змітраўскую бацькоўскую суботу 24 кастрычніка 2015 г.

Пасля богаслужэння ў парафіяльнай капліцы вернікі накіраваліся на Кальварыйскія могілкі, дзе пахаваны першы протапрэсвітар БГКЦ а. Ян Матусевіч. На яго магіле айцы Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст і Аляксей Філіпенка адслужілі Паніхіду.

Малітва за памерлых кожны раз ставіць нас перад абліччам незразумелай з'явы нашага жыцця - смерці. Памяць пра тое, што мы смяротныя, у той час, як сутнасць наша імкнецца да жыцця, служыць нагадваннем, што мы валодаем толькі абмежаваным часам. Смерць ёсць канец зямнога паломніцтва чалавека, часу ласкі і міласэрнасці, падараваных Богам, каб ажыццявіць зямное жыццё ў згодзе з задумам Божым і вызначыць свой канчатковую лёс.

Пакінуўшы гэты свет, душа чалавека пазбаўленая магчымасці што-небудзь дадаць ці адняць да свайго стану. Калі ў ёй засталася пэўная недасканаласць, душа зведвае ачышчэнне, каб здабыць святасць, неабходную для ўваходжання ў радасць нябесную. Па вялікай Божай міласэрнасці і мудрасці справа збаўлення адбываецца ў супольнасці, якая яднае таксама жывых і памерлых.

Жывыя могуць дапамагчы памерлым малітвай і справамі міласэрнасці. Такая памяць пра тых, хто адышоў з гэтага свету, з аднаго боку будуе салідарнасць, якая сягае нават за межы смерці, прыгадваючы праўду, што "Бог не ёсць Бог памёршых, але жывых: бо для Яго ўсе жывуць" (Лк. 20,38), а з іншага звяртае наш погляд на канец нашага ўласнага жыцця.

Каментары: