Мучанікі за царкоўную еднасць

Аўтар: а.Зміцер - .

Кожны год з 18 да 25 студзеня ва ўсім свеце праходзіць Тыдзень малітваў за еднасць хрысціянаў. На гэты час сімвалічна прыпадае ўшанаванне Каталіцкай Царквой блаславёных Падляшскіх мучанікаў, памяць якіх адзначаецца 23 студзеня.

Падляшскія мучанікі гэта 13 сялянаў з уніяцкай парафіі ў в. Пратулін, якія загінулі падчас абароны сваёй царквы ад расійскіх войскаў. Іх ахвяра за вернасць царкоўнай еднасці прамаўляе і сёння да іх нашчадкаў, паказваючы, да якіх трагедый можа прывесці людское свавольства і амбіцыі.

Пасля ліквідацыі Уніяцкай Царквы на тэрыторыі Беларусі ў 1839 г. у Расійскай імперыі заставалася апошняя ўніяцкая Холмская епархія, якая ахоплівала тэрыторыю Холмшчыны і Падляшша. Расійскі ўрад праводзіў захады па ліквідацыі і гэтай епархіі. Уніяцкіх святароў прымушалі пераходзіць у праваслаўе, уводзіць праваслаўныя абрады, а тых, хто на гэта не пагаджаўся, замянялі прысланымі святарамі. Пратэсты вернікаў падаўляліся сілаю. У студзені 1874 г. сутыкненні войска і сялянаў адбыліся ў вёсках Дралёва, Палубічы і Пратулін.

bl.uniciЗа адмову служыць па сінадальнаму абраду пратулінскі святар а. Язэп Курмановіч быў увязнены, а яго месца павінен быў заняць іншы, лаяльны да ўлады. Аднак сяляне 23 студзеня сабраліся вакол храму і адмовіліся пускаць прысланага святара ў царкву. Праз некалькі дзён на дапамогу праваслаўнаму святару прыбылі сто салдат пад камандаваннем палкоўніка Штайна. На абарону царквы сабралася каля 500 вернікаў. Спробы перамоваў закончыліся безвынікова, палкоўнік Штайн адклікаў салдат і загадаў зараджаць зброю. Бачачы такое развіццё падзей, Даніла Кармаш як кіраўнік царкоўнага брацтва ўстаў на чале з крыжам, падняў над галовамі распяцце, якое трымаў, і заклікаў усіх выкінуць камяні і палкі паколькі «гэта не бойка за царкву, але вайна за Хрыста і веру». Расстрэл спыніўся пасля выпадковага патрапляння кулі ў аднаго салдата адным са страляючых. На месцы загінулі 9 абаронцаў царквы. Першым быў Вікенцій Леванюк. За ім загінулі Ігнат Франчук, які пасля смерці Данілы Кармаша ўзяў крыж, Лукаш Бойка, які падчас абароны біў у звон, Канстанцін Бойка, Канстанцін Лукашук, Аніцэт Грыцюк, Піліп Герылюк, Анупрэй Васілюк. Ад атрыманых ранаў памерлі Максім Гаўрылюк, Ян Андраюк, Міхал Ваўрынюк, Барталамей Асіпюк. Параненых было больш за 180 сялянаў.

Вікенцій Леванюк і яго 12 паплечнікаў былі мужчынамі ва ўзросце ад 19 да 50 гадоў. Яны былі простымі людзьмі, і мы не маем шмат звестак пра іх жыццё. Тым не менш, у святле паказанняў сведкаў і гістарычных дакументаў яны паўстаюць перад намі як людзі цвёрдай веры. Абарона храма, акружанага ўзброенымі войскамі, была не вынікам ўсплёску эмоцый ці безадказнай дзёрзкасцю, але сведчаннем іх глыбокай веры і пераканання, што аддаць сваё жыццё за Хрыста гэта здабыць яго.

Целы мучанікаў былі пахаваныя расійскім войскам без пашаны, а магіла была цалкам зраўняная з зямлёй і аддадзеная забыццю. Але памяць пра магілу захавалі пратулінскія вернікі, і пасля здабыцця Польшчай незалежнасці ў 1918 годзе яна была належным чынам адзначана.

Мучаніцтва ў Пратуліне было не адзінкавым фактам. Ад студзеня 1874 г. кожная ўніяцкая парафія на Падляшшы пісала ўласную гісторыю мучаніцтва. Цар афіцыйна ліквідаваў уніяцкую Холмскую епархію ў 1875 годзе, а ўніятаў запісаў супраць іх волі да Праваслаўнай Царквы.

У траўні 1874 года Папа Пій ІХ пісаў у энцыкліцы “Omnem sollicitudinem”, што Пратулінскія мучанікі выявілі “гераічную адвагу і цвёрдасць духу перад Богам, анёламі і людзьмі”.
Паказальныя словы Папы Пія XII пра мучанікаў Пратуліна з энцыклікі "Orientales omnes Ecclesias" ад 23 снежня 1945 г: "Жыхары Пратуліна, калі войска прыйшло, каб заняць храм і перадаць праваслаўным, не адказалі сілай на сілу, але сталі жывым мурам; адны, забітыя кулямі, пралілі сваю кроў за Хрыста, іншых паранілі і жорстка катавалі, яшчэ іншых кінулі на многія гады ў турмы або дэпартаваныя ў Сібір”.

У 1918 г. пачаўся беатыфікацыйны працэс. Урачыстая беатыфікацыя Пратулінскіх мучанікаў адбылася ў саборы святога Пятра 6 студзеня 1996 г. Іх памяць Царква ўшаноўвае 23 студзеня.

Каментары: