Свята Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску

Аўтар: а.Зміцер - .

Храмавае свята святкавала 26 чэрвеня 2016 г. менская грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Напярэдадні ўвечары была адслужаная Вялікая Вячэрня з Ліццёй.

Урачыстую Святую Літургію ў дзень свята ўзначаліў апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Разам з ім саслужылі настаяцель парафіі а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст, а. Андрэй Буйніч з Ліды, а. Аляксей Філіпенка з Менску, а таксама новавысвечаныя айцы-рэдэмптарысты Уладзімір Барэйка і Дзмітрый Кіт. Дыяканскае служэнне выконваў дыякан Алесь Хахлоў.

Айцец Андрэй Буйніч у сваім слове да вернікаў распавёў пра ўшанаванне Багародзіцы. «Усе марыйныя дагматы з'яўляюцца хрысталагічнымі», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што праз ушанаванне Маці Божай мы ўшаноўваем яе Сына.

На завяршэнне Літургіі па традыцыі адбылося асвяченне вады, а новавысвечнаныя святары ўдзялілі парафіянам і гасцям свята прыміцыйнае блаславенне. Святкаванне працягнулася на двары, дзе школа танцаў «Капітэль» зладзіла танцавальную праграму. На свяце развучвалі і танчылі некалькі сярэднявечных і ампірных танцаў.

Каментары: