Папа абвясціў індульгенцыю ў Год св. Язэпа
8 снежня 2020 г. быў апублікаваны Апостальскі ліст Папы Францішка Patris corde («Бацькоўскім сэрцам»), прысвечаны 150-годдзю прызнання святога Язэпа апекуном Каталіцкай Царквы. Пантыфік, ушаноўваючы рашэнне блаславёнага Папы Пія IX, выражанае ў дэкрэце Quemadmodum Deus 1870 г., абвясціў у Царкве адмысловы Год святога Язэпа. Ён будзе працягвацца з 8 снежня 2020 г. да 8 снежня 2021 г.
Таксама з нагоды гэтага Года Папа абвесціў адпуст (індульгенцыю) для ўсіх, хто выканае патрэбныя ўмовы і прыме ўдзел у падзеях Года св. Язэпа вызначаным чынам. Ёсць тры звычайныя умовы, якія неабходна выканаць, каб атрымаць адпуст (індульгенцыю): 1) быць у стане асвячальнай ласкі (г.зн. не мець на сумленні цяжкіх грахоў, калі такія ёсць, неабходна прыступіць да споведзі), 2) прыняць Святое Прычасце, 3) памаліцца ў намеры Святога Айца (“Ойча наш”, “Багародзіца Дзева” і “Слава”). Да гэтых трох умоў неабходна выканаць прынамсі адзін вызначаны учынак з нагоды Года св. Язэпа.
Вызначаныя наступныя ўчынкі для атрымання поўнага адпусту (індульгенцыі) у Год св. Язэпа: 1) на працягу 30 хвілін паразважаць над малітвай “Ойча наш”, 2) прыняць удзел у прынамсі аднадзённых духоўных рэкалекцыях, якія прадугледжваюць разважанне над асобай св. Язэпа, 3) за прыкладам св. Язэпа споўніць учынкі міласэрнасці для цела і душы бліжняга, 4) сумесна памаліцца св. Ружанец ў сям'і або заручаным, 5) штодзённа давяраць сваю дзейнасць заступніцтву св. Язэпа, 6) памаліцца праз заступніцтва Рамесніка з Назарэту, каб тыя, хто шукае працу, маглі знайсці яе, і каб праца ўсіх была больш годнай, 7) памаліцца Літаніяй да св. Язэпа ці Акафістам да св. Язэпа, поўным тэкстам ці прынамсі яго часткай (для візантыйскай традыцыі), або любой малітвай да св. Язэпа, уласцівай іншым літургічным традыцыям, у інтэнцыі Царквы, якая пераследуецца ad intra і ad extra, і аб суцяшэнні душаў усіх хрысціян, якія пакутуюць ад розных формаў пераследу, 8) памаліцца да св. Язэпа ці здзейсніць акт пабожнасці ў яго гонар 19 сакавіка і 1 траўня, у свята Святой Сям’і Ісуса, Марыі і Язэпа, у Нядзелю св. Язэпа (згодна з візантыйскай традыцыяй), а таксама ў 19-ы дзень кожнага месяца і кожную сераду, якая прысвечана святому, згодна з лацінскай традыцыяй.
Дадаткова да гэтых умоў у кантэксце надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі дар “поўнага адпусту асаблівым чынам распаўсюджваецца на пажылых людзей, на хворых і паміраючых, на ўсіх, хто па законных прычынах не мае магчымасці выходзіць з дому”. Для атрымання адпусту ім патрэбна адсутнасць прывязанасці да граху, намер паспавядацца, як толькі гэта стане магчымым, выканаць тры звычайныя ўмовы, а таксама ўчыніць акт пабожнасці ў гонар св. Юзафа, суцяшыцеля хворых і апекуна добрай смерці, з даверам ахвяруючы Богу пакуты і нязручнасці свайго жыцця.
Што такое індульгенцыя (адпуст)
Слова "індульгенцыя" ў перакладзе з лацінскай мовы азначае "літасць" і мае на ўвазе частковую ці поўную адмену пакарання, якое грэшнік павінен будзе панесці, трапіўшы ў чысцец.
У старажытнай Царкве на вернікаў накладаліся, адпаведна да цяжару здзейсненага граху, пакаранні, якія часам даводзілася зносіць шмат гадоў. І толькі пасля такога працяглага пакаяння вернікі дапускаліся да Прычасця. З часам, каб не пазбаўляць вернікаў магчымасці прымірыцца з Богам, такія працяглыя перыяды пакаяння былі адмененыя, і раскаяны грэшнік дапускаўся да таінстваў Царквы. Аднак пакаранне не адмянялася, а заставалася на перыяд знаходжання ў чысцы. Падобныя ўяўленні нарадзілі практыку індульгенцыі, калі Царква даравала чалавеку частку кары за грахі або нават кару цалкам, "палягчаючы" пасмяротную долю.
У XIII ст. французскі багаслоў Гуга Сен-Шэрскі распрацаваў вучэнне пра тое, што Царква валодае скарбніцай, запасам добрых учынкаў, здзейсненых Хрыстом, Багародзіцай, жывымі і спачылымі святымі, і што з гэтага запасу можна "пакрываць" грахі людзей. У 1343 г. спецыяльным дэкрэтам Папы Клімента VI гэта вучэнне было афіцыйна прынята Каталіцкай Царквой. У тым жа стагоддзі вучэнне Гуга Сен-Шэрскага атрымала далейшую дэталёвую распрацоўку ў працах тэолагаў-схаластаў, у тым ліку св. Банавентуры і св. Тамаша Аквінскага.
Гісторыя індульгенцыяў ва ўсходніх праваслаўных цэрквах
Практыка індульгенцый існавала і ва ўсходніх праваслаўных цэрквах. Індульгенцыі, сярод праваслаўных вядомыя як "apheseis" і "sygchorochartia", былі досыць распаўсюджаныя ўжо ў XVI стагоддзі. У пачатку XVIII стагоддзя ерусалімскі патрыярх Дасіфей Нотарас (1641-1707) піша пра індульгенцыі як пра ўсім даўно вядомую і старажытную традыцыю: "Пераважыў звычай і старажытная традыцыя, якая вядомая ўсім, каб свяцейшыя патрыярхі давалі царкоўнаму народу грамату пра адпушчэнне грахоў (sygchorochartion)". У той час, калі ва ўсходніх праваслаўных цэрквах індульгенцыі атрымалі найбольшае распаўсюджванне, Расійская Царква з-за ўмяшання свецкай улады ў царкоўнае кіраванне была пазбаўленая патрыяршаства, а такім чынам і права даваць індульгенцыі, якія ў практыцы Праваслаўнай Царквы дараваліся патрыярхам.
Практыка выдачы індульгенцыяў атрымала афіцыйнае пацверджанне на Канстантынопальскім саборы 1727 года. Гэты сабор быў скліканы ў адказ на ўзмоцненую "лацінскую прапаганду", якая разгарнулася галоўным чынам у Сірыі, Міжрэччы, Палестыне і Егіпце, і стаў працягам Канстантынопальскага сабора 1722 года. Выдача індульгенцыяў звязвалася з уладай праваслаўных патрыярхаў. У сваёй палеміцы з лацінствам грэкі падвяргалі сумневу не саму па сабе з'яву індульгенцыі, але тое, што рымскія папы прыпісвалі выключна сабе права выдаваць іх.
Каталіцкае вучэнне пра індульгенцыі
"Індульгенцыя ёсць дараванне перад Богам часовага пакарання за грахі, віна за якія ўжо прабачана; яго атрымлівае вернік, які мае належны духоўны стан, пры пэўных умовах, дзякуючы дапамозе Царквы, якая размяркоўвае і прымяняе сваёю ўладаю скарбніцу заслугаў Хрыста і святых. Індульгенцыя можа быць частковай ці поўнай у залежнасці ад таго, часткова або цалкам яна здымае пакаранне за грэх. Частковыя і поўныя індульгенцыі могуць давацца таксама і памерлым - праз малітву" (апостальская канстытуцыя Папы Паўла VI "Indulgentiarum doctrina", нормы 1-3). Прыведзенае тлумачэнне было апублікаванае ў 1967 г., тым не менш, яно цалкам грунтуецца на Традыцыі.
Гэтае вучэнне грунтавалася на даўно ўжо існуючых у Царкве ўяўленнях, зыходзячых да старажытнацаркоўнай пакаяннай дысцыпліны, якая склалася пасля вялікіх ганенняў III ст. Большасць каяннікаў складалі адступнікі, якія адракліся ад Хрыста падчас праследаванняў і такім чынам адпалі ад царкоўнай супольнасці, але пасля раскаяліся і прасілі пра ўз'яднанне з Царквой. Устаноўлены тэрмін пакаяння быў, як правіла, доўгім, але ён мог быць скарочаны - праз заступніцтва вызнаўцаў (г.зн. тых, хто падвергся пакутам падчас ганенняў, але не адрокся веры). Вызнаўцы "бралі на парукі" тых, хто каяўся: грахі ўпаўшых "пакрываліся" іх заслугамі.
Святы Тамаш Аквінскі засяроджваў увагу на тым, што дзеянне індульгенцыі не можа быць механічным, а цалкам залежыць ад унутранага стану таго, хто яе атрымлівае. Вядома, што таінства пакаяння дзейснае толькі ў выпадку шчырага раскаяння і рашучасці больш не грашыць. Індульгенцыя, якая не з'яўляецца таінствам, можа быць атрыманая вернікам толькі пасля прыняцця ім таінства пакаяння.
У 1547 г. Папа Пій V катэгарычна забараніў практыку продажу індульгенцый, якая і раней была зусім некананічнай. Асуджэнне Царквой ранейшых злоўжыванняў выказана і ў Апостальскай канстытуцыі Паўла VI "Indulgentiarum doctrina".
Пасля II Ватыканскага Сабору Царква ўнесла некаторыя дадатковыя змены, адпаведныя духу часу, якія спрыяюць сапраўднаму духоўнаму ўзрастанню вернікаў. У прыватнасці, вернікам прадстаўлена больш магчымасцяў самім вырашаць, якія добрыя справы ім варта абраць для атрымання індульгенцыі.
Апостальская канстытуцыя Папы Паўла VI
"Indulgentiarum doctrina"
Навука і практыка адносна індульгенцый, якія існуюць у Каталіцкай Царкве на працягу многіх стагоддзяў, грунтуюцца на трывалым падмурку - на Божым Аб'яўленні. Гэтае Аб'яўленне, дадзенае праз апосталаў, “развіваецца ў Царкве пад апекай Святога Духа”.
З Божага Аб'яўлення мы ведаем, што наступствамі граху з'яўляюцца кары, накладзеныя Божай святасцю і справядлівасцю. Яны павінны быць або адпакутаваныя на гэтым свеце праз цярпенні, пазбаўленні і пакуты гэтага жыцця, і асабліва праз смерць (пар. Быц. 3, 16-19; Лк. 19, 41-44; Рым. 2, 9; 1 Кар. 11, 32), або ў наступным жыцці праз агонь і мукі ў чысцы (Пар. Мц. 25, 41-42; Мк. 9, 42-43; Ян. 5, 28-29; Гал. 6, 6-8).
Кожны грэх на самай справе выклікае парушэнне ва ўніверсальным парадку, устаноўленым Богам у Яго неспасцігальнай мудрасці і бясконцай любові; прыносіць знішчэнне вялізных дабротаў як для самога грэшніка, так і для чалавечай супольнасці. Для поўнага адпушчэння грахоў і выпраўлення неабходна не толькі аднавіць адзінства з Богам праз шчырае духоўнае навяртанне і адпакутаванне крыўды супраць Яго мудрасці і дабра, але таксама поўнае аднаўленне ўсіх дабротаў, зменшаных або знішчаных праз грэх, як асабістых, так і сацыяльных і тых, якія адносяцца да самога ўніверсальнага парадку. Даброты гэтыя павінна быць адноўленыя або шляхам добраахвотнага выпраўлення, што будзе не без цяжкасці, або шляхам знясення караў, якія накладаюцца справядліваю і святою Божаю мудрасцю. З існавання ж і сур'ёзнасці пакарання мы зразумеем глупства і зло граху і яго шкодныя наступствы.
З вялікай і ласкавай таямніцы Божага ўстанаўлення людзі звязаныя адзін з адным надпрыроднымі сувязямі, з-за чаго грэх аднаго шкодзіць іншым, гэтак жа, як святасць аднаго прыносіць карысць іншым. Такім чынам, вернікі дапамагаюць адзін аднаму ў дасягненні надпрыроднай мэты. Вернікі, якія ішлі па слядах Хрыста, заўсёды намагаліся дапамагчы адзін аднаму на шляху да Нябеснага Айца праз малітву, добры прыклад і пакутнае ачышчэнне. Гэта вельмі стары дагмат пра зносіны святых, што жыццё кожнага з дзяцей Божых звязанае цудоўнай сувяззю ў Хрысце з жыццём усіх іншых братоў-хрысціянаў у надпрыродным адзінстве містычнага Цела Хрыстовага як у адзінай містычнай асобе (пар. 1 Кар. 12, 12-13).
Такім чынам паўстала "скарбніца Царквы". Утварае яе сам Хрыстос Адкупіцель, у Якім знаходзяцца і дзейнічаюць заслугі Яго Адкуплення. Акрамя таго да скарбніцы належыць каштоўнасць велізарная, неспасцігальная і заўсёды свежая, якую маюць перад Богам малітвы і добрыя ўчынкі Найсвяцейшай Дзевы Марыі і ўсіх святых, якія, ідучы па слядах Хрыста, дзякуючы Яго ласцы, асвяціліся і выканалі сваю місію, атрыманую ад Айца. Такім чынам, яны дасягнулі свайго ўласнага збаўлення, а таксама зрабілі свой уклад у збаўленне сваіх братоў у адзінстве Містычнага Цела. Таму іх братэрскі клопат істотна падтрымлівае нашу слабасць.
Адсюль паміж вернымі, жыхарамі нябеснай айчыны, тымі, што яшчэ пакутуюць у чысцы за свае правіны, а таксама паломнікамі на зямлi безумоўна існуе трывалы вузел любові і абмен усімі дабротамі.
Царква, свядомая гэтых праўдаў, з першых стагоддзяў ведала і прадпрымала розныя спосабы ўдзялення пладоў адкуплення Гасподняга да асобных вернікаў, каб яны маглі працаваць над збаўленнем сваіх братоў. Самі апосталы заахвочвалі сваіх вучняў маліцца за збаўленне грэшнікаў (Як. 5, 16; 1 Ян. 5,16).
Старажытны звычай Царквы захаваў гэтую практыку. Са старажытных часоў у Царкве Божай у ахвяру за збаўленне грэшнікаў здзяйсняліся таксама добрыя справы, асабліва тыя, што з'яўляюцца цяжкімі для людской слабасці. Пры ўсім пры гэтым жыло перакананне, што не асобныя вернікі ўласнымі толькі сіламі спрычыняюцца да адпушчэння грахоў іншых братоў; але верылі, што сама Царква, злучаная з Хрыстом як адно цела з галавою, адплочвае ў асобных членах.
Перакананне, існуючае ў Царкве, пра тое, што пастыры Гасподняй аўчарні могуць вызваліць вернікаў ад кары, што застаецца пасля граху, праз заслугі Хрыста і святых, паступова ўвяло з цягам часу практыку індульгенцый за натхненнем Святога Духа, Які пастаянна ажыўляе люд Божы.
Практыка індульгенцый паволі ўвайшла ў гісторыю Царквы як значны факт, калі біскупы Рыму пастанавілі, што пэўныя ўчынкі, якія адпавядаюць агульнаму дабру Царквы, "можна лічыць за пакуту".
Вернікі, атрымліваючы індульгенцыі, разумеюць, што уласнымі сіламі не могуць адпакутаваць зло, якое праз грэх нанеслі самі сабе, а таксама супольнасці, і таму пабуджаюцца да збавеннай пакуты.
Каментары: