Вербніца ў Полацкай парафіі

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Полацкая парафія св. Язафата з'яўляецца адзінай супольнасцю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якая мае асаблівы каляндар. Нерухомыя святы вернікі тут святкуюць паводле грыгарыянскага календара, а Вялікдзень і ўсе святы, якія адлічваюцца ў залежнасці ад даты Вялікадня - паводле юліянскага. Менавіта таму 25 красавіка 2021 г. парафія адзначала свята Уваходу Госпада нашага Ісуса Хрыста ў Ерусалім.

У гэтым часе для вернікаў адбыліся духоўныя навукі, якія правёў а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст. Лазарава субота і Вербная нядзеля сталі падставай для разважанняў над тэмамі ўдзячнасці і міласэрнасці. Айцец згадаў парады Папы Францішка, які шырока апісвае, як мы павінны рэалізоўваць міласэрнасць да іншых у нашым жыцці. Папа жадае звярнуць увагу на тры рэчы.

Першая - гэта найбольш рэалістычнае сцвярджэнне: каб быць здольнымі да міласэрнасці, мы павінны спачатку ўслухацца ў Божае Слова [слова Міласэрнага Бога]. Гэта значыць, мы павінны адкрыць нанова каштоўнасць цішыні, каб мець магчымасць разважаць над скіраванымі да нас словамі. Дзякуючы гэтаму стане магчымым сузіранне міласэрнасці Бога і прыняцце яе як уласнага стылю жыцця.

Па-другое, Папа піша: "Я горача жадаю, каб хрысціяне задумаліся над учынкамі міласэрнасці адносна цела і душы. Адкрыем нанова ўчынкі міласэрнасці адносна цела: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых, суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. Не будзем забываць таксама пра ўчынкі міласэрнасці адносна душы: раіць тым, хто сумняваецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, дараваць ахвотна крыўду, зносіць цярпліва знявагу, маліцца за жывых і памерлых". 

У якасці трэцяй рэчы сярод розных спосабаў рэалізацыі міласэрнасці Святы Айцец падкрэслівае: "З перакананнем зноў паставім у цэнтры таінства споведзі, бо яно дапамагае нам рэальна пераканацца ў велічы міласэрнасці”. 

Неаднаразова мы маем справу з фальшывай міласэрнасцю, псеўдаміласэрнасцю. Гэта адбываецца тады, калі спрыянне камусьці адарвана ад сапраўднага дабра ці ад праўды. Міласэрнасць павінна быць накіравана на адорванне сапраўдным дабром. Дзеля гэтага ў нашым жыцці ўсе рэчы павінны быць на сваім месцы: слуханне Божага Слова дазваляе чалавеку пазнаць праўду, каб у сваіх учынках кіравацца сапраўдным дабром. Бо праўда і дабро цесна злучаныя паміж сабой. Праўда з'яўляецца крытэрыем дабра. Уся чалавечая дзейнасць, у тым ліку рэалізацыя намі міласэрнасці, павінна быць укаранёна ў праўдзе. Таму што любоў, як адзначае св. Павел, "радуецца разам з праўдай" (1 Кар. 13, 6).

Сувязь любові з праўдай падкрэсліваў таксама Папа Бенядыкт ХVІ, які піша ў энцыкліцы "Caritas in veritate": "Без праўды любоў заканчваецца сентыментальнасцю, становіцца пустой абалонкай, якую можна адвольна напоўніць. [...] Яна становіцца ахвярай эмоцый і выпадковых меркаванняў адзінак, словам злоўжываным і перакручаным да таго, што набывае супрацьлеглае значэнне”. Гэты ж Папа падкрэсліваў, што "любоў у праўдзе [...] з'яўляецца асноўнай вядучай сілай сапраўднага развіцця кожнай асобы і ўсяго чалавецтва". Таксама Папа Францішак заклікаў, каб ніколі не раздзяляць праўды і міласэрнасці, бо любоў без праўды вядзе да "пустой скрыні, якую кожны напаўняе паводле свайго меркавання".

Каментары: