Берасцейская унія
18 (8) кастрычніка 1596 г., у Берасці ў катэдральнай царкве св. Мікалая на Сінодзе біскупаў Кіеўскай мітраполіі адбылася знакавая для гісторыі ўсёй Усходняй Еўропы падзея – Кіеўскім мітрапалітам і біскупамі ў прысутнасці вядомых багасловаў і ярархаў – афіцыйных прадстаўнікоў Рыма-Каталіцкай Царквы ў Рэчы Паспалітай і Папы Рымскага, прадстаўнікоў караля і свецкай улады быў падпісаны акт Берасцейскай царкоўнай уніі.
Сінод біскупаў Кіеўскай мітраполіі, які праходзіў з дазволу каралеўскай улады ў Берасці з 16 па 20 кастрычніка (6-10 паводле старога юліянскага календара) 1596 г. абвясціў пра АДНАЎЛЕННЕ ЕДНАСЦІ Кіеўскай мітраполіі з Біскупам Рыму і Паўсюднай Царквой. Саборную грамату з актам царкоўнай уніі падпісалі і замацавалі сваімі пячаткамі мітрапаліт Кіеўскі Міхаіл Рагоза, біскуп Уладзімерскі і Берасцейскі Іпаці Пацей, біскуп Луцкі і Астрожскі Кірыла Тарлецкі, які да таго ж выступаў пад тытулам патрыяршага экзарха, архібіскуп Полацкі Герман Загорскі, біскуп Холмскі і Белзскі Дыянісі Збіруйскі, менаваны біскуп Пінскі і Тураўскі кобрынскі архімандрыт Ёна Гогаль, а таксама тры архімандрыты – прадстаўнікі манастыроў: Паісі Анікевіч-Сахоўскі з Менскага манастыра, Гедэон Бральніцкі з Лаўрышаўскага манастыра і архімандрыт Браслаўскага і Гарадзенскага манастыроў Клімент (Багдан) Годкінскі.
19 (9) кастрычніка біскупы, што не былі ў Рыме ў Папы, склалі прысягу і ў царкве св. Мікалая перад народам была зачытана падпісаная напярэдадні грамата аб еднасці Кіеўскай мітраполіі з Апостальскім Пасадам у Рыме. Два біскупы Кіеўскай мітраполіі – львоўскі і перамышальскі, – якія раней выказвалі прыхільнасць да Уніі, адмовіліся гэта рабіць.
У нядзелю, 20 кастрычніка (10 кастрычніка паводле старога календара) 1596 г. адбылася ўрачыстая Служба Божая ў катэдральнай царкве св. Мікалая з удзелам лацінскіх біскупаў і святароў, пасля якой урачыстая працэсія ўладык і духавенства абодвух абрадаў прайшла у касцёл Узвышэння Святога Крыжа, дзе адбыўся падзячны малебен.
Фактычна ўрачыстае абвяшчэнне Уніі ў Берасці адбывалася тры дні 18-20 (8-10) кастрычніка, а сам акт Берасцейскай уніі падпісаны 18 (8) кастрычніка 1596 г. Паінфармаваны пра ўрачыстае абвяшчэнне Уніі кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III сваім універсалам ад 15 снежня 1596 г. зацвердзіў правамоцнасць усіх рашэнняў Сінода біскупаў у Берасці 16—20 кастрычніка 1596 г. і заклікаў усіх праваслаўных вернікаў дзяржавы да паслушэнства сваім біскупам, а М. Капысцінскага і Г. Балабана, якія не падпісалі Унію, каб не прызнавалі больш сваімі пастырамі. Афіцыйна праваслаўная Царква ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай надоўга перастала існаваць.
Падпісанне ўладыкамі Кіеўскай мітраполіі акту царкоўнай уніі і царкоўны сабор у Берасці 18-20 кастрычніка 1596 г. – гэта аднаўленне былой еднасці Царквы Хрыстовай, якая была ў апостальскія часы да трагічнага царкоўнага падзелу ў 1054 г. (на нашых землях ён наступіў дэ-факта нашмат пазней). Гэта дзень АДНАЎЛЕННЯ ў Кіеўскай мітраполіі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай ранейшага стану Царквы – стану еднасці гэтай памеснай Царквы з Рымскай Царквой. Безумоўна, гэта было найперш рашэнне ярархіі, якая клапацілася пра захаванне і будучыню сваёй Усходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай у тагачаснай складанай геапалітычнай і царкоўнай сітуацыі. Прымаючы сваё пастырскае рашэнне, ярархі Кіеўскай мітраполіі апелявалі да Хрыстовага запавету «каб усе былі адно», а таксама да неаднаразовых спробаў і памкненняў аднавіць згоду і еднасць хрысціянаў, якія мелі месца на нашых землях у мінулыя часы.
Не ўсе япархіі, манастыры і цэрквы Кіеўскай мітраполіі аднавілі еднасць з Рымам і Паўсюднай Царквой на царкоўным саборы ў Берасці ў 1596 годзе, а толькі пераважна тыя, што ахоплівалі беларускія землі. Дзве япархіі – Львоўская і Перамышальская, уладыкі якіх на пачатку падтрымлівалі ўнійныя захады, але на саборы ў Берасці адмовіліся браць у ім удзел, далучыліся да Уніі на стагоддзе пазней. З цягам часу асобныя манастыры і цэрквы далучаліся да Уніі. Як адзначаюць даследчыкі Уніі, у канцы XVIII ст. у ВКЛ на беларускіх землях уніятамі былі 3/4 насельніцтва, а ў сельскай мясцовасьці – да 85%. Уніяцкая Царква адыграла важную ролю ў фармаванні беларускага народу і ў стварэнні і захаваньні яго культурнай спадчыны.
Каментары: