Каляднае пасланне апостальскага візітатара для беларусаў грэка-каталікоў замежжа а. Аляксандра Надсана

Аўтар: а.Зміцер - .

«Як гляну на неба, твор рук Тваіх, на месяц і зоркі, якія Ты стварыў, дык хто ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты пра яго дбаеш?» (Пс 8:4-5)

Гэтыя словы псалма добра перадаюць пачуцці чалавека, які, узіраючыся на веліч Божага тварэння, стараецца зразумець, чаму Бог прыдае так шмат увагі такой нязначнай істоце, як чалавек. Падсвядома аўтар адчувае, што ў плане Божага тварэння чалавек займае асаблівае, хоць яшчэ не зусім для яго зразумелае месца.

Гэты план Божы знайшоў сваё завяршэнне ў падзеі, памяць якой мы святкуем і пра якую святы Павал сказаў: «Калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, народжанага ад Дзевы, народжанага пад законам, каб мы маглі атрымаць усынаўленне…» (Гал 4:4-5). Іншымі словамі, Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос стаў чалавекам, адным з нас, каб даць нам магчымасць стаць дзецьмі Божымі, удзельнікамі Боскага жыцця.

Нам давялося бачыць і дасведчыць розных людзкіх спробаў зрабіць нас «шчаслівымі», не пытаючыся нашай згоды. Нашыя «дабрачынцы» думаюць, што ведаюць лепш за нас, што нам трэба для шчасця. І калі мы з імі не згаджаемся, яны не супраць ужыць сілу, каб нас, неразумных, ашчаслівіць. Вынікі іх «дабрачыннай» дзейнасці нам добра вядомыя.

Не так Бог. Таму Ён з уласнай волі прыйшоў на свет, як малое бездапаможнае дзіцятка, якое не толькі не пагражала нікому, але мела патрэбу ў нашай дапамозе і спагадзе. Пасля, у дарослым веку, Ён адмовіцца ад ужывання сілы і не будзе абяцаць «неадкладнага шчасця», але скажа: «Прыйдзіце да Мяне, усе струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо я ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супакой для душаў вашых. Бо ярмо маё прыемнае, і цяжар мой лёгкі» (Мц 11:28-30). Іншымі словамі, Ён абяцаў тым, што пайшлі за ім, не вызваленьне ад цяжкасцяў, але даць сілу пераносіць іх.

Вось гэтай сілы духоўнай, каб перанесці цяжкасьці жыццёвыя і не заламацца, хай Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос, чыё нараджэнне ў целе сёння радасна святкуем, дасць нам усім.

а. Аляксандар Надсан
Раство 2013

Каментары: