Сустрэча богапасвячаных асобаў

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Сустрэча богапасвячаных асобаў Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі з нагоды Дня богапасвячанага жыцця, які адзначаецца штогод у свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста, адбылася у менскай парафіі св. Яна Хрысціцеля 4 лютага 2014 г. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву на сустрэчы прадстаўлялі апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

На пачатку Эўхарыстыі біскуп Юрый Касабуцкі з нагоды свята Сустрэчы Госпада асвяціў свечкі, якія ўдзельнікі сустрэчы трымалі запаленымі ў руках. Падчас Імшы прысутныя богапасвячаныя асобы аднавілі манаскія зарокі.

У гаміліі біскуп звярнуў увагу, што ў сцэне ахвяравання Ісуса ў святыні, якая прыводзіцца ў чытанні Евангелля на свята Сустрэчы, Марыя “ахвяруе Богу самае каштоўнае, што было ў яе, а таксама ахвяруе Яму сваё жыццё”. Прарочыцу Ганну, якая, як гаворыцца ў Евангеллі, постам і малітвай служыла Богу ў святыні, можна назваць, па словах іерарха, правобразам манаскага жыцця.

“Манаскае жыццё – гэта жыццё, прысвечанае Богу, - адзначыў біскуп. – У гэты дзень, узгадваючы, як Марыя і Язэп прынеслі ў Ерусалімскую святыню Дзіцятка Ісуса, мы асаблівым чынам узгадваем тых, хто ахвяраваў сваё жыццё Госпаду”.

Па словах іерарха, “жыццё ў манаскіх супольнасцях павінна стаць святлом для асвятлення чалавека ўсіх часоў, усіх пакаленняў”. Біскуп назваў манаскае жыццё фактарам, які “ўмацоўвае дзейнасць Царквы як у мінулым, так і сёння”. “Манаскае жыццё знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла, з’яўляецца рухавіком, які выклікае пульсаванне крыві ўсёй Царквы, - падкрэсліў біскуп. – Гэта вельмі важная функцыя, бо Царква павінна быць жывым арганізмам”.

“Кожны з нас павінен быць святлом, якое прынясе сучаснаму чалавеку Бога, - сказаў іерарх, звяртаючыся да богапасвячаных асобаў. – Сёння вы аднаўляеце свае манаскія зарокі. Гэта нагода не толькі ўзгадаць, што вы прысягалі Богу, але і яшчэ раз папрасіць у Яго патрэбныя ласкі. Бо вы сапраўды сталіся падобнымі да Хрыста ва ўсім”. “Сучасны свет не разумее такога жыцця, - дадаў біскуп. – І, можа, сапраўды такая форма жыцця стане для сучасных людзей святлом, якое асветліць іх цемру”.

“Вы прыпадабняецеся да Хрыста ў Яго чысціні, убостве, паслухмянасці. Але гэтага мала. Вы, як Ён, узялі на сябе крыж, - звярнуў увагу іерарх. – Гэта змаганне, каб быць у святле Хрыстовым, але такое змаганне мае сваю прыгажосць, бо яно дае неба”.

“Манаскае жыццё – гэта адказнасць і заданне, яно немагчымае без малітвы, - нагадаў біскуп Юрый сабраным манахам і манахіням. – “Вы – святло свету”. Такія словы Езус кажа вам сёння”. Па словах біскупа, калі сучасны чалавек убачыць шчаслівага манаха ці манахіню, якая падыходзіць да яго і радасна ўсміхаецца, гэтага, напэўна, будзе дастаткова, каб Ісус змог пастукацца ў сэрца гэтага чалавека.

Напрыканцы сустрэчы слова ўзяў віцэ-правінцыял Ордэна капуцынаў у Беларусі а. Андрэй Жылевіч. “Мы ўсе служым дзеля дабра Царквы”, - ад імя сабраных адзначыў святар. Кажучы пра сустрэчу прадстаўнікоў інстытутаў богапасвячанага жыцця ў Беларусі з апостальскім нунцыем арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, якая адбылася 22 кастрычніка 2013 г., віцэ-правінцыял нагадаў, што на ёй было вырашана стварыць структуру, якая падтрымае богапасвячанае жыццё ў Беларусі, дапаможа богапасвячаным асобам нанава адкрыць уласную харызму і рэалізаваць яе ў мясцовай Царкве. У выніку, як паведаміў а. Андрэй Жылевіч, была створана камісія, задача якой – сабраць богапасвячаных асобаў і дапамагчы ім супрацоўнічаць.

Біскуп Юрый Касабуцкі на заканчэнне таксама пажадаў богапасвячаным асобам часцей сустракацца, абмяркоўваць свае справы, утвараючы такім чынам “прыгожы букет Царквы”.

catholic.by

Каментары: