Хрыстос нараджаецца!

Аўтар: а.Зміцер - .

25 снежня хрысціянскі свет святкуе свята Нараджэння Хрыстовага. У гэты дзень з храмаў усяго свету ліюцца ўдзячныя малітвы і песні, якія ўзвялічваюць народжанага Збаўцу. Сярод гэтай плыні да неба пралуналі таксама і шчырыя маленні вернікаў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. 
 
Напярэдадні свята, 24 снежня, парафіяне сабраліся ў сваёй капліцы на Вячэрню з Літургіяй св. Базыля Вялікага, пасля чаго Святы вечар прадоўжыўся ў парафіяльным доме поснай вячэрай. Айцы дзяліліся з вернікамі прасфорай з мёдам, а парафіяльны хор "Прасфара” ствараў святковую атмасферу калядным спевам. 
 
У сам дзень Раства парафія сустракала гасцей. Святую Літургію ачоліў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі. Разам з ім саслужылі госці з Украіны: айцы-рэдэмптарысты, якія прыехалі прывітаць сваіх беларускіх субратоў, што цяпер служаць тут на парафіі. У сваім слове пачэсны архімандрыт Сяргей адзначыў, што ў Беларусі аднаўляецца служэнне рэдэмптарыстаў, паколькі ў 1930-х гг. Апостальскім візітатарам на беларускіх землях быў блаславёны святамучанік Мікалай Чарнецкі, рэдэмптарыст.
 
Пасля Святой Літургіі ў капліцы пачалася калядная казка для дзяцей. Спачатку да маленькіх завітала самотная Спадарыня Ведзьма, якая, жывучы адна ў лесе, зусім забылася, што такое Раство. Яе сябры – лясныя звяркі – не змаглі растлумачыць і нагадаць ёй, што гэта за свята. Таму гэта прыйшлося зрабіць Гасподняму Анёлачку, які ледзьве знайшоў яе хаціну ў завіруху. Пасля казкі моладзь запытала дзетак, што яны ведаюць пра Нараджэнне Хрыстовае. А за добрыя веды ўсе маленькія вернікі атрымалі падарункі.

Каментары: