Адраджэнне мовы: досвед суседзяў

Аўтар: а.Зміцер - .

Прэзентацыя, прысвячаная славянскім мовам, нацыянальна-культурнаму адраджэнню славянскіх краін у XVIII-XIX ст. адбылася ў суботу, 18 кастрычніка 2014 г., на грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. Сустрэча адбылася пасля супольнай малітвы Вячэрні вернікаў і гасцей парафіі.

Аўтар прэзентацыі Максім Маханькоў звярнуў свой погляд на адраджэнне ў Чэхіі, Славакіі і Балгарыі, спрабуючы звязаць прыклад гэтых народаў з моўнай сітуацыяй у нас, у Беларусі, каб кожны мог узяць нешта для сябе з досведу нашых славянскіх братоў і пераканацца ў тым, што за беларускую мову трэба і можна змагацца. Удзельнікі сустрэчы маглі пераканацца на фактах, што іншыя мовы былі ў яшчэ горшых сітуацыях, але яны выжылі, захаваліся, развіваліся і сталі моцным падмуркам гэтых дзяржаў.

З іншага боку, на што звярнуў увагу аўтар, ёсць і адваротны прыклад палабскіх славянаў, якія ў свой час займалі трэць сучаснай Германіі, але з-за асіміляцыі практычна цалкам зніклі так, што сёння ад іх засталося толькі некалькі дзясяткаў тысяч лужыцкіх сербаў.

Прэзентацыя завершылася абмеркаваннем пачутага. Усе прысутныя атрымалі магчымасць выказаць свае меркаванні наконт падабенства і розніцы ў становішчы мовы ў Беларусі і ў разглянутых краінах, а таксама падзяліцца сваім бачаннем перспектываў адраджэння нашай мовы.

 

Каментары: