Гісторыя Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля

Аўтар: а.Зміцер - .

 1. Перадумовы заснавання рэдэмптарыстаў


У 1732 г. у Царкве з'явілася новая мужчынская Кангрэгацыя – Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля. XVIII ст. гэта стагоддзе вялікіх палітычных зменаў як у Еўропе, так і ва ўсім свеце. Усе змены адбываліся праз радыкальныя і нечаканыя рэвалюцыйныя хваляванні. Характэрнаю рысаю тых часоў была вайна, якая дзяліла свет паміж «вялікімі гэтага свету» вельмі хуткімі тэмпамі. Царква таксама была ўцягнутая ў вайну - у вайну са свецкай уладай. Тады ж узнікла масонская ложа (1717 г.), мэтай якой было разбурыць Царкву зсярэдзіны, а таксама метадысты (1738 г.), якія аддзяліліся ад Англіканскай Царквы і прапаведавалі метадычнае выкананне рэлігійных прадпісанняў. Гэта таксама быў час інтэлектуальнага развіцця Еўропы: час Джона Лока, Вільгельма Лейбніца, Вальтэра, час вольнага мыслення, час навуковага атэізму.

Napoli1727Неапалітанскае каралеўства. На 300 тыс. жыхароў - толькі 50 тыс. працавалі, а звыш 20 тыс. былі жабракамі. Аднак большасць насельніцтва каралеўства пражывала ў закінутых вёсках. Вось як апісвалі сялян-земляробаў сучаснікі: сялян трактавалі «ўжо не як людзей, роўных іншым людзям, а як жывёл, падобных на людзей». Сяляне жылі на мяжы выжывання, таму вельмі вялікая іх колькасць накіроўвалася ў вялікія гарады ў пошуках працы - менавіта яны ў XVIII ст. былі найбольш занядбанымі людзьмі паўднёвай Італіі.

Каралеўства было перапоўнена духавенствам. На 1734 г. у каралеўстве 12 тыс. чалавек, г. зн. 4% усяго насельніцтва, былі духоўныя асобы. У гарадах рэлігійнасць была нашмат большая, чым у вёсках. Многія заможныя людзі мелі нават свайго святара, які пражываў разам з гэтымі людзьмі ў адным доме. Найгоршая сітуацыя была з сялянамі і пастухамі, што і натхніла Альфонса заснаваць новую Кангрэгацыя для таго, каб абвяшчаць Добрую Навіну найбольш пакінутым.


2. Святы Альфонс - заснавальнік рэдэмптарыстаў

Alfonsiana001Альфонс Марыя дэ Лігуоры нарадзіўся 27 верасня 1696 г. у мястэчку Марыянеллі недалёка ад Неапаля (Італія). Ён быў першым дзіцём даволі вялікай арыстакратычнай сям'і. Хлопец быў надзвычайна інтэлектуальна адораным.

У доме Лігуоры першапачатковае выхаванне дзяцей праводзіла маці. Кожную раніцу ўсіх бласлаўляла і загадвала звяртацца да Бога ў малітве, а кожны вечар збірала вакол сябе і вучыла галоўных праўдаў веры. Дбала, каб зашмат часу не праводзілі з аднагодкамі; каб ласка апярэджвала зло, і каб дзеці ад ранніх гадоў ненавідзелі грэх. Штотыдзень вадзіла іх у царкву, дзе яны прыступалі да споведзі.

У 12-гадовым узросце Альфонс абараніў матуру (атрымаў сярэднюю адукацыю). Ва ўзросце 16 гадоў Альфонс атрымаў двайны дактарат з царкоўнага і свецкага права, а ў 18 гадоў стаў практыкуючым адвакатам. За восем гадоў ён не прайграў ніводнай справы. Усё ішло выдатна, менавіта так, як пра гэта марыў бацька Альфонса: суды былі для юнака яго жыццём, а ён - гонарам і захапленнем суддзяў. Але аднойчы ён узяўся за маёмасную справа паміж двума графамі, і з прычыны карумпаванасці суда прайграў гэтую справу. Усе мары Альфонса маментальна развеяліся. Вось што св. Альфонс напісаў пасля гэтай падзеі:

AlfonsoMMercedeДай мне ўсё, што можаш, свет,

Толькі сэрца майго табе не крануцца,

І сваіх скарбаў шматлікія тоны

Ахвяруй тым, хто за імі гоніцца.

Заможных павагі мяне не сягаюць,

І раскошы зямныя мяне не радуюць,

Іншае Дабро душа вось каштуе,

У ім маё шчасце навекі пануе!

Менавіта тады здарылася дзіўнае з'ява: Альфонс ўбачыў раптам дзіўнае святло, усё задрыжала, а ў сэрцы пачуў выразны голас: "Кінь свет і аддайся Мне!" А калі выходзіў з бальніцы, дзе пастаянна наведваў бедных і хворых людзей, пачуў зноў: "Пакінь свет і аддайся Мне!" - "Божа, - сказаў са слязамі, - так доўга я супраціўляўся Тваёй ласцы. Зараз са мной зрабі ўсё, што хочаш".

Alfonsiana011Пайшоў дарогай да Царквы, прыпаў да Божай Маці, маліўся, пасля чаго паклаў сваю шпагу да ног Прачыстай і Дзіцятка Ісуса. Дзень 29 жніўня 1723 г. стаў для яго днём навяртання.

Атрымаўшы свячанні ў 1726 годзе, Альфонс вырашыў прысвяціць сваё служэнне найперш нізам неапальскага грамадства - людзям, якія апынуліся на абочыне як сацыяльнага, так і царкоўнага жыцця. Менавіта дзеля іх ён арганізаваў так званыя "вячэрнія капліцы". У 1732 г. Альфонс прыцягнуў да евангелізацыі найбольш занядбаных людзей групу святароў. Так 9 лістапада 1732 г. з'явіліся рэдэмптарысты. Наша Кангрэгацыя бярэ сваё імя ад Хрыста Адкупіцеля, таму што ў лацінскай мове Redemptor азначае Адкупіцель. І таму дэвізам нашай Кангрэгацыі ёсць словы, узятыя са 129-га псальма: «Шчодрае ў Яго Адкупленне».


3. Узнікненне рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду і перадумовы заснавання іх супольнасці ва Ўкраіне

Рэдэмптарысты ўсходняга, візантыйскага абраду Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы абавязаныя сваім існаваннем нястомнаму бельгійскаму місіянеру а. Ахілю Дэлярэ,а. Ахіль Дэлярэ які ў 1906 годзе прыняў усходні абрад, каб працаваць сярод украінскіх эмігрантаў у Канадзе (пасля выезду з Украіны ў кан. ХІХ - пач. ХХ ст. яны доўгі час не мелі ніякай духоўнай апекі). У 1910 годзе мітрапаліт Галічыны Андрэй Шаптыцкі прымаў удзел у Эўхарыстычным Кангрэсе, што адбываўся ў Манрэалі. Мітрапаліт выкарыстаў гэтую нагоду, каб ажыццявіць першую візітацыю ўкраінцаў грэка-каталікоў у Канадзе.

Шаптыцкі наведаў украінскія селішчы, дзе працавалі а. Дэлярэ і яго субраты. Мітрапаліт быў здзіўлены іх самаахвяраваннем дзеля духоўна занядбаных украінцаў у Канадзе і вырашыў запрасіць бельгійскіх айцоў распачаць падобную місіянерскую працу і ў Заходняй Украіне (тады часткі Аўстра-Вугорскай імперыі). Па дарозе з Канады Андрэй Шаптыцкі наведаў протаігумена Бельгійскай правінцыі Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля і прапанаваў яму даслаць рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду да Заходняй Украіны. Пазней мітрапаліт абгаварыў гэтае пытанне з архімандрытам КНА Патрыкам Муррэем. У траўні 1913 года ў Рыме адбылася нарада, дзе павінны былі прыняць канчатковае рашэнне, і 27 траўня мітрапаліт Шаптыцкі і Генеральная ўправа КНА падпісалі дамову аб заснаванні манастыра рэдэмптарыстаў у Галічыне. 11 чэрвеня гэтую дамову зацвердзіла Апостальская Сталіца.


4. Заснаванне і развіццё супольнасці рэдэмптарыстаў ва Ўкраіне

Uniu

21 жніўня 1913 года да Заходняй Украіны прыбылі а. Ёзэф Схрэйверс (настаяцель місіянерскай супольнасці) ды яшчэ 5 айцоў і 1 брат. Яны пасяліліся ў маленькай вёсцы Уніў, за 50 км ад сталіцы Заходняй Украіны горада Львова. Мітрапаліт Шаптыцкі падараваў ім у гэтай вёсцы сваю маёмасць са старым будынкам, які айцы ператварылі ў першы ўкраінскі манастыр рэдэмптарыстаў.

Спачатку асноўным заняткам рэдэмптарыстаў было вывучэнне ўкраінскай мовы і ментальнасці мясцовага насельніцтва, але ўжо праз некалькі месяцаў а. Схрэйверс, які вельмі хутка авалодаў украінскай, праводзіў рэкалекцыі для манахінь і стаў іх духоўным правадніком.

ZboiskaПадчас аўстра-расейскай вайны айцы зведалі шмат уціскаў ад расейскіх грамадзянскіх і царкоўных уладаў, якія спрабавалі далучыць украінскае насельніцтва да расейскага праваслаўя. Рэдэмптарысты знаходзіліся ў той час у вельмі няпэўным становішчы: Бельгійская правінцыя не мела магчымасці аказваць дапамогу, а мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага арыштавалі і заслалі ў глыб Расеі. Айцы змаглі дыхнуць больш вольна толькі пасля таго, як увесну 1915 года аб'яднаныя аўстра-нямецкія войскі выгналі расейцаў. Вярнуўшыся з высылкі, мітрапаліт прыклаў усе намаганні для далейшага развіцця маладой супольнасці. У 1918 годзе ён купіў для рэдэмптарыстаў зямлю і будынак у Збоісках, а пазней яшчэ два будынкі ў Галоска (1923) і ў Львове (1937).

Дзякуючы хадайніцтвам Шаптыцкага, рэдэмптарысты атрымалі царкву ў Цярнопалі, якая стала месцам шматлікіх паломніцтваў. На просьбу ўладыкі Рыгора Хамішына ў 1920 годзе айцы заснавалі яшчэ адзін манастыр у Станіслававе. Спачатку яны толькі абслугоўвалі парафію, але пасля купілі будынак і пабудавалі ўласную капліцу ў цэнтры горада. Гэты будынак стаў важным асяродкам місіянерскай дзейнасці і рэзідэнцыяй Архібрацтва Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якое ў 1938 годзе налічвала каля 100 тыс. чальцоў.

Поле дзейнасці рэдэмптарыстаў ва Ўкраіне не абмяжоўвалася тэрыторыяй Галіцкай мітраполіі. 19 кастрычніка 1926 года айцы заснавалі станіцу ў Кастопалі на Валыні. Адтуль яны выходзілі да розных месцаў Валынскага краю, каб аказваць верным духоўную апеку, праводзіць рэкалекцыі і засноўваць новыя парафіі. У 1927 годзе станіцу перанеслі ў Ковель, пасля чаго айцы разгарнулі яшчэ больш актыўную дзейнасць на Валыні, Холмшчыні і Палессі. Менавіта ў Ковельскай станіцы з 1931 года знаходзілася рэзідэнцыя ўладыкі Мікалая Чарнецкага, Апостальскага візітатара для каталікоў візантыйскага абраду за межамі Галіцкай мітраполіі.

Бельгійскія настаяцелі разумелі, што для паспяховай місіянерскай працы сярод украінскага насельніцтва ім варта далучаць да працы ўкраінскіх святароў. JuvenatУ 1922 годзе яны адкрылі "малую семінарыю" (ювенат) для ўкраінскіх юнакоў, якія хацелі б у будучыні стаць рэдэмптарысцкімі місіянерамі. Семінарыя была размешчаная ў Збоісках - пасёлку паблізу Львова, дзе Мітрапаліт Шаптыцкі падарыў рэдэмптарыстам яшчэ адзін маёнтак, куды яны пераехалі з Унева ў 1919 г. У гэты час у Збоісках быў таксама навіцыят для тых, хто жадаў стаць рэдэмптарысцкім святаром або братам. Для працягу навучання пасля навіцыяту ўкраінскія рэдэмптарысты ехалі за мяжу, да Баплата або Лювену (Бельгія), аднак распрацоўвалі праект і свайго ўласнага студэнтату. Студэнтат адкрылі ў Збоісках у 1934 годзе. У 1936 годзе ён пераехаў да манастыра св. Альфонса ў Галоску Вялікім, каля 2 км ад Збоіскаў (гэта яшчэ адзін шчодры падарунак мітрапаліта Андрэя, які ён зрабіў рэдэмптарыстам у 1926 годзе). Там семінарыя паспяхова дзейнічала і развівалася яшчэ пяць гадоў - аж да пачатку Другой сусветнай вайны.

Як вынік росту колькасці пакліканняў да Кангрэгацыі і пашырэння сеткі манастыроў ва Ўкраіне была створаная віцэправінцыя рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду. Спачатку яе называлі па-рознаму: Русінскай, Бельгійска-русінскай, Галіцкай. У 1931 годзе, калі на зварот настаяцеляў і са згоды Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў да супольнасці рэдэмптарыстаў ва Ўкраіне далучылі таксама канадскія манастыры, з'явілася пытанне пра сталую назву для віцэправінцыі. На Генеральнай Капітуле ў 1936 годзе для віцэправінцыі прынялі назву "Львоўская". У 1938 годзе - годзе "срэбнага юбілею" рэдэмптарыстаў ва Ўкраіне - Львоўская віцэправінцыя налічвала 6 манастыроў, 51 святара, 20 студэнтаў, 34 браты, 12 новікаў, 2 кандыдаты і 115 студэнтаў ювенату.


5. Перыяд пераследаванняў і падполля

У 1939 годзе Заходнюю Ўкраіну акупавала Чырвоная армія, і пачаліся пераследаванні Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Многіх свецкіх і царкоўных дзеячаў (сярод іх было і нямала рэдэмптарыстаў) арыштавалі і выслалі ў Сібір або замучылі. Семінарысты Львоўскай правінцыі КНА выехалі да Тухава (Польшча) і там працягвалі вучобу, аж пакуль Чырвоная армія, адступаючы перад нямецкаю навалаю, не пакінула Заходнюю Ўкраіну ў 1941 годзе. Становішча Царквы і рэдэмптарыстаў трохі палепшылася ў перыяд нямецкай акупацыі (айцам вярнулі канфіскаваныя манастыры, і яны нават ізноў пачалі праводзіць місіі), аднак калі Чырвоная армія вярнулася ў 1944 годзе, пакуты Царквы аднавіліся з новай сілай.

Камуністычныя спецслужбы спрабавалі прымусіць рэдэмптарыстаў перайсці да Расейскай Праваслаўнай Царквы, але тыя цвёрда стаялі на сваім. Як вынік, усіх рэдэмптарыстаў арыштавалі, некаторых з іх кінулі ў турму, а іншых выслалі ў Сібір. Там яны адбывалі доўгія тэрміны зняволення як ворагі савецкай дзяржавы. Пасля вызвалення са зняволення большасці з іх дазволілі вярнуцца ў Заходнюю Ўкраіну, але забаранілі займацца любой апостальскай дзейнасцю.

У гады пераследавання рэдэмптарысты разам з іншым духавенствам УГКЦ далей неслі людзям святло Хрыстовай навукі і не давалі атэістычнай цемры ўзяць верх у іх душах. Субраты пераважна жылі па дваіх. Яны дакладна прытрымваліся Канстытуцый Кангрэгацыі і праводзілі свае духоўныя практыкі ў прыватных дамах. Айцы нястомна і дбайна працавалі з вернымі: арганізоўвалі богаслужэнні ў зачыненых храмах, лясах і прыватных капліцах. У Правінцыі дзейнічала падпольная духоўная семінарыя, выкладчыкамі якой былі айцы Р. Бахталоўскі, П. Маік, Е. Пелех, П. Дмухоўскі, В. Міхайлюк і іншыя. Доўгі час абавязкі прэфекта студэнтаў і магістра навіцыяту выконвалі а. М. Лемішка, а. Е. Смаль, а. М. Вінніцкі. Уладыкі М. Чарнецкі, В. Велічкоўскі, Ф. Курчаба, В. Стэрнюк удзялялі падрыхтаваным і рэкамендаваным семінарыстам святарскія свячанні.

З 1947 да 1990 гады протаігуменам Львоўскай правінцыі КНА быў айцец (пазней біскуп) Філімон Курчаба; ён мае вялікія заслугі перад Кангрэгацыяй і Царквой. Правінцыя ўкраінскіх рэдэмптарыстаў мае чатырох блаславёных: святамучанікі Мікалай Чарнецкі і Васіль Велічкоўскі, а таксама мучанікі Зянон Кавалык і Іван Зятык. Пра многіх іншых яшчэ павінна сказаць гісторыя.


6. Львоўская правінцыя сёння


Пасля таго, як Госпад падарыў украінскаму народу волю, Львоўская правінцыя КНА разам з іншымі манаскімі супольнасцямі пачала дамагацца вяртання ўласнасці, якой яна валодала да ўстанаўлення камуністычнага рэжыму. Гэтыя патрабаванні часткова задаволілі: рэдэмптарыстам былі вернутыя некаторыя з іх манастыроў і цэркваў. Сярод вернутых быў і манастыр св. Альфонса ў Галоска.

Аднак рэдэмптарысты Львоўскай правінцыі разумелі, што нашмат важнейшым за аднаўленне матэрыяльных дабротаў Кангрэгацыі з'яўляецца фармаванне новага пакалення рэдэмптарыстаў - высокаадукаванага, добра навучанага і гатовага да самаадданай працы. Менавіта таму, працягваючы амаль векавую традыцыю, рэдэмптарысты вырашылі аднавіць манастыр у Галоска перадусім як дом фармавання. Спачатку гэтае пачынанне выявілася вельмі цяжкім. Акрамя таго, што манастыр у Галоска, які ў камуністычныя часы быў інфекцыйнай лякарняй, патрабаваў поўнага рамонту, рэдэмптарыстам проста бракавала людзей. У першыя гады незалежнасці Ўкраіны многім грэка-каталіцкім парафіям Львова і рэгіёна не хапала духоўных праваднікоў, і гэты прагал запаўнялі рэдэмптарысты, спалучаючы працу на парафіях з намаганнямі па аднаўленні сваёй адукацыйнай сістэмы. З-за гэтых цяжкасцяў, хоць афіцыйна студэнтат і навіцыят у Галоска адкрылі адразу пасля вяртання манастыра, мінула досыць шмат часу, пакуль ідэя ўласнага дому фармавання стала хоць бы часткова рэальнасцю.

У 1992 годзе навіцыят перанеслі да горада Самбара на Львоўшчыне, а пазней да мястэчка Гняздзічаў, дзе ён знаходзіцца і дагэтуль. Адносна студэнтату, то ў выніку нездавальняльнага стану будынка і недахопу выкладчыкаў многія студэнты ў першыя гады былі вымушаныя вучыцца за мяжой (пераважна ў Польшчы, у семінарыі Варшаўскай правінцыі). Становішча змянілася ў 1997 годзе. З аднаго боку, патрэба ўласнага студэнтату стала асабліва неадкладнай, таму што менавіта ў тым годзе завяршыла вучобу ў навіцыяце вялікая група студэнтаў: паслаць іх усіх за мяжу было немагчыма. З іншага боку, пасля рамонту старога манастыра ў Галоска і будаўніцтва новага корпуса (праект ажыццёўлены пры шчодрым садзейнічанні заходніх дабрачынцаў) адкрыліся новыя магчымасці. 1-га верасня 1997 года быў адчынены Вышэйшы духоўны інстытут Львоўскай правінцыі КНА. 17 студэнтаў пачало вучобу па трохгадовай праграме філасофіі на базе ўласнай адукацыйнай установы Правінцыі - упершыню пасля больш як паўсотгадовага перапынку. Да 2000 года колькасць студэнтаў у семінарыі перавысіла 40. Навучанне багаслоўскім прадметам адбывалася ў семінарыі рэдэмптарыстаў Варшаўскай правінцыі ў Тухаве (Польшча). IMGP6730З 2005 года студэнты Львоўскай правінцыі пачалі праходзіць філасофскае і багаслоўскае навучанне ў епархіяльнай Львоўскай духоўнай семінарыі Святога Духа.

Да праграмы вучобы ў семінарыі ўваходзяць філасофскія і іншыя гуманітарныя дысцыпліны, а таксама класічныя і сучасныя мовы. Неад'емнай часткай фармавання будучых місіянераў з'яўляецца іх духоўны рост, паглыбленне перажывання і разумення імі рэдэмптарысцкай харызмы. Ужо падчас вучобы студэнты здабываюць місіянерскі досвед, прымаючы ўдзел у духоўным провадзе парафій і працуючы з моладдзю. Прысутнасць у доме фармавання старэйшых рэдэмптарыстаў дае магчымасць лепш перадаць новаму пакаленню веды па гісторыі, каштоўнасцях і багатых традыцыях візантыйскага адгалінавання КНА.

Львоўская правінцыя КНА імкнецца абнавіць сваё жыццё. Практычным ажыццяўленнем гэтага аднаўлення з'яўляецца праца для Царквы: духоўная апека найболей пакінутых душ, апасталат у духу новай евангелізацыі - новай у сваім дбайным прысвячэнні, у спосабе выказвання і данясення да іншых таго, што прапаведнік сам "перажыў" з Хрыстом. Правінцыя намерваецца з Божым блаславеннем умацоўваць і навуковы грунт сваёй апостальскай працы.


7. Рэдэмптарысты ў Беларусі

Уніяцкая Царква, як сталі гістарычна называць Кіеўскую праваслаўную мітраполію пасля падпісання Берасцейскай уніі 1596 г., пакінула глыбокі след у гісторыі Беларусі. Прайшоўшы перыяд нявызначанасці і барацьбы за існаванне, пасля яна аб'яднала ў сабе каля 75% насельніцтва тагачаснай Літвы-Беларусі. Аднак на землях, дзе яна нарадзілася і расцвіла, ёй было наканавана памерці. Пасля прымусовага далучэння беларускіх уніятаў да Расейскай Праваслаўнай Царквы ў 1839 г. больш чым на 150 гадоў «народная вера» пакінула землі Радзімы.

На хвалі нацыянальнага адраджэння канца ХХ ст. у Беларусі абуджаецца і цікавасць да нацыянальнай Царквы, інтэлігенцыя сярод іншага ініцыюе аднаўленне Ўніяцкай Царквы ў Беларусі практычна з нуля. Маючы толькі некалькіх святароў, без храмаў і без жывой традыцыі з руін крок за крокам пачынаюць узнікаць грэка-каталіцкія суполкі. І сёння, праз дваццаць гадоў, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква налічвае каля трыццаці парафій. Безумоўна, для паўнавартаснага функцыянавання царкоўнага арганізма патрабуюцца разнастайныя інстытуты, сярод якіх - супольнасці манаскага жыцця.

Першымі манахамі ў адроджанай БГКЦ сталі студыты, якія яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў адкрылі манастыр у Полацку. mienskАмаль праз 10 гадоў, у верасні 2012 г. пастырскае служэнне на парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску распачынае рэдэмптарыст а. Антоній Нікалаеў, а 25 снежня 2012 г., у свята Нараджэння Хрыстова, тут ўрачыста адкрываецца супольнасць рэдэмптарыстаў, якую складаюць двое беларусаў, што прайшлі святарскую фармацыю ва Ўкраіне: айцы Антон Нікалаеў і Зміцер Чарнель. Рэдэмптарысты візантыйскага абраду зноў прыйшлі ў Беларусь. Духоўныя паслядоўнікі блаславёнага Мікалая Чарнецкага, які ў 1930-х гг. быў апостальскім візітатарам таксама на беларускіх землях, пачынаюць служэнне сярод народу, які больш за ўсё пацярпеў ад палітыкі савецкага атэізму, каб прапаведаваць тут «вялікае Адкупленне» і ідэал адзінства Царквы Хрыстовай.

Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Каментары: