Пратулінскія мучанікі

- . Апублікавана ў Святыя

Пратулінскія мучанікі — 13 грэка-каталіцкіх вернікаў вёскі Пратулін, расстраляных 24 студзеня 1874 года сотняй царскіх салдат за адмову перадаць вясковую царкву праваслаўнаму святару. Дзень іх памяці БГКЦ адзначае 23 студзеня.

Холмшчына і Падляшша былі адзінымі тэрыторыямі Расійскай імперыі, дзе ў другой палове XIX стагоддзя легальна дзейнічала Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква. На рэшце тэрыторыі Беларусі ліквідацыя ГКЦ была завершаная ў 30-х гг. XIX ст. Расійская ўлада, прытрымліваючыся курсу на ўніфікацыю імперыі, намагалася знішчыць і гэты «аплот уніяцтва» на крайнезаходніх тэрыторыях. У другой палове XIX стагоддзя пачасціўся ціск на грэка-каталіцкіх святароў на Холмшчыне: іх высялялі з родных мясцін, а на іх месца накіроўвалі праваслаўны клір.

Напрыканцы 1873 года пратулінскі святар а. Іосіф Курмановіч, баючыся арышту за непрыняцце ім праваслаўя, адслужыў літургію на Раство, пакінуў вёску і, перайшоўшы мяжу з Аўстрыяй, перасяліўся ў Галічыну. Парафіянам ён сказаў, што хутка ўлада забароніць Грэка-Каталіцкую Царкву.

А ўжо ў студзені 1874 г. у вёску быў накіраваны а. Леанцін Урбін, які толькі нядаўна перайшоў у праваслаўе. Але сяляне, замкнуўшы храм, не дазволілі святару зайсці туды. Пасля гэтага, па скарзе а. Леанціна, у Пратулін прыбывае царскі паліцэйскі выканаўца Катунін. Вернікі зноў адказалі адмовай на патрабаванне аддаць храм. Праз некалькі дзён, 24 студзеня, у вёску вярнуліся а. Леанцін і Катунін разам з салдатамі.

Каля царквы сабраліся каля паўтысячы вернікаў. Яны адмаўляліся аддаваць царкву праваслаўным. Пачаліся перамовы, і сяляне нагадалі пра ранейшыя абяцанні ўлады не чапаць царквы, пра забарону збіцця мірнага насельніцтва і пра тое, што яны будуць абараняць сваю веру. Калі салдаты паспрабавалі падысці да дзвярэй храма, сяляне сустрэлі іх камянямі. Пасля гэтага пачаўся расстрэл, было забіта 13 сялян, якія абаранялі сваё права на веру.

mczennicy-obraz-Праз 12 гадоў пасля расстрэлу царкву разабралі, людзі на працягу гэтага часу туды так і не хадзілі. Аднак захавалася распяцце, якое падчас абстрэлу трымаў Даніла Кармаш, а потым — Ігнат Франчук. Зараз яно знаходзіцца ў грэка-каталіцкай царкве вёскі Кастамлоты ў Польшчы.

У 1996 годзе, у 400-ю гадавіну Берасцейскай уніі, Папа Ян Павел II абвясціў блаславёнымі гэтых 13 мучанікаў за веру: Даніла Кармаш, Вінцэнт Леванюк, Ян Андрэюк, Канстанцін Лукашук, Максім Гаўрылюк, Міхал Ваўрышчук, Лукаш Бойка, Ігнат Франчук, Мікіта Грыцюк, Канстанцін Бойка, Піліп Герылюк, Анупрэй Васілюк, Баўтрамей Асіпюк.

Першым, хто аддаў сваё жыцьцё пры абароне сваёй веры, быў Вінцэнт ЛЕВАНЮК, сын Васіля. Нарадзіўся ён у 1849 г. у в. Крычаў, у мясцовай парафіяльнай царкве быў ахрышчаны. Жыў і працаваў ён у маёнтку Вараблін, які належаў роду Брынзаў. Меў жонку Марыяну. Быў чалавекам пабожным і карыстаўся павагаю людзей.

Даніла КАРМАШ (у пасведчанні аб нараджэнні ён i ягоныя бацькі запісаныя пад прозвішчам Кармашук) нарадзіўся 22 снежня 1826 г. (ст. ст.) у в. Прадмесце Пратулiн. Ягонымі бацькамі былі селянін Конрад i Анастасія з роду Грыцюкоў. Быў ахрышчаны ва ўніяцкай царкве 23.12.1826 г. (ст. ст.). Меў жонку Ганну, утрымліваў гаспадарку ў в. Лугі. Ягоны сын сцвярджаў, што бацька быў чалавекам вельмі рэлігійным. Як старшыня царкоўнага брацтва падчас абароны царквы ён стаяў на чале грамады вернікаў, трымаючы ў руках крыж, які i сёння захоўваецца ў якасці святыні ў Пратуліне.

Лукаш БОЙКА нарадзіўся 29 кастрычніка 1852 г. (ст. ст.) у в. Зачопкi ў сям’і сялянаў Дзмітрыя i Анастасii з роду Войдаў. Быў ахрышчаны ў парафіяльнай царкве ў Пратулiне 30.10.1852 г. (ст. ст.) святаром Янам Жыпоўскiм, пробашчам парафii ў Крычаве, адміністратарам парафii ў Пратулiне ў 1850-1866 гадах. Бацька i хросныя бацькі — Конрад Паляшук i Пелагея Хiтайлiха — як непісьменныя, акт аб нараджэннi не падпісалі. Быў нежанаты, жыў у в. Лугі. Ягоны брат сведчыў, што Лукаш быў чалавекам шляхетным, рэлігійным i карыстаўся павагай у вяскоўцаў. У час абароны святыні ён біў у званы, склікаючы вернікаў.

Канстанцін БОЙКА (на палях акту аб нараджэнні — Байчук) нарадзіўся 25 жніўня 1826 г. (ст. ст) у в. Дэрла ў сям’і Рамана i Хвядоры з роду Кананюкоў. Меў жонку Ганну, жыў у Зачопках. Быў бедным земляробам i справядлівым чалавекам. Загінуў ля царквы.

Канстанцін ЛУКАШУК, 45 гадоў, жанаты, з в. Зачопкі. Ягонымі бацькамі былі сяляне Тадэй і Франка. Як і большасць з забітых, ён быў ахрышчаны шматгадовым пратулінскім парахам Міхаілам Мазаноўскім. Бацька і сведкі (хросныя бацькі – Лукавіян Гаўрылюк і Марыяна Ахрымукова) акт аб нараджэнні не падпісалі, бо былі непісьменныя. Меў жонку Грыпу. Быў справядлівым і пачцівым чалавекам, якога паважалі людзі. У выніку атрыманых ранаў памёр на наступны дзень пасля расстрэлу, пакінуўшы жонку ды сямёра дзетак.

Баўтрамей АСІПЮК нарадзіўся 3 верасня 1843 г. (ст. ст.) у сям‘і сялянаў Васіля і Матроны з роду Кандрасюкоў. Паходзіў з в. Багукалы. Меў жонку Наталлю і дваіх дзяцей. Валодаў маленькай гаспадаркай, але, нягледзячы на гэта, карыстаўся павагай у вяскоўцаў. Быў пачцівым, кемлівым і пабожным чалавекам. Смяротна параненага яго прывезлі дадому, дзе ён і памёр, молячыся за сваіх пераследнікаў.

Аніцэт (Мікіта) ГРЫЦЮК быў сынам селяніна Язэпа і Юльяны, нарадзіўся ў 1855 г. Ахрышчаны ў Пратуліне. Быў нежанаты, жыў у в. Зачопкі. Гэты 19-гадовы юнак быў добрым і пабожным вернікам, вельмі любіў сваю Царкву. Ідучы ў Пратулін з ежаю для абаронцаў святыні, сказаў сваёй маці: "Можа, і я буду годным, каб мяне забілі за веру". Загінуў пры абароне святыні каля апоўдня.

Піліп ГЕРЫЛЮК (у акце аб нараджэнні – Кірылюк) нарадзіўся 26 лістапада 1830 г. (ст. ст.) у в. Зачопкі ў сям‘і Васіля і Дамінікі з роду Каралюкоў. Ахрышчаны 28.11.1830 г. (ст. ст.) пробашчам Міхаілам Мазаноўскім. Меў жонку Еўфрасінню. Ягоны ўнук сведчыў, што ён быў клапатлівым бацькам, добрым і пабожным чалавекам. Заклікаў вернікаў да стойкасці і мужнасці пры абароне царквы і сам аддаў сваё жыццё за веру.

Ігнат ФРАНЧУК меў 50 гадоў, паходзіў з в. Дэрла. Ягонымі бацькамі былі сяляне Даніла і Ахацыя. Ахрышчаны ў парафіяльнай царкве ў Пратуліне. Меў жонку Гэлену і сямёра дзяцей. Сын сведчыў, што бацька імкнуўся выхоўваць сваіх дзяцей у любові да Бога. Вернасць Богу ён ставіў вышэй за ўсё. Ідучы ў Пратулін, апрануўся ўва ўсё святочнае і развітаўся з усёй сям’ёй, як быццам адчуваў, што ўжо не вернецца. Пасля смерці Данілы Кармаша ён падняў крыж і стаў на чале вернікаў, што баранілі святыню.

Ян АНДРЭЮК нарадзіўся ў в. Дэрла ў сям'і Стэфана і Ёанны з роду Тамашукоў 8 красавіка 1848 г. (ст. ст.). Жыў у в. Дэрла. Меў жонку Марыну. Як сцвярджала ягоная сястра, меў сына Нестара. Умеў пісаць і чытаць. У парафіі выконваў функцыі скарбніка. Быў вельмі добрым і кемлівым чалавекам. Цяжка паранены пры абароне свайго храму, памёр дома ва ўзросце 25 гадоў.

Максім ГАЎРЫЛЮК нарадзіўся ў в. Багукалы 2 траўня 1840 г. (ст. ст.) у сям'і Паўла і Барбары з роду Васілюкоў. Быў жанаты на Дамініцы. Меў рэпутацыю добрага, пачцівага чалавека. Быў цяжка паранены ля царквы. Памёр ва ўласным доме ў в. Дэрла на наступны дзень пасля расстрэлу ва ўзросце 33 гадоў.

Анупрэй ВАСІЛЮК (Тамашук), меў 21 год, нарадзіўся і жыў у в. Зачопкі. Ягонымі бацькамі былі Ігнат і Юльяна. Быў ахрышчаны ў Пратуліне святаром Янам Жыпоўскім. Меў жонку Цэцылію. Быў добрым вернікам і карыстаўся павагаю людзей. Забіты казакамі пры абароне ўласнай святыні.

Міхал ВАЎРЫШЧУК меў 21 год. Нарадзіўся ён у сялянскай сям‘і Мікіты і Агнешкі ў в. Ольшын. Ахрышчаны ў Пратуліне. Жыў у в. Дэрла. Памёр ад ранаў ва ўласным доме на наступны дзень пасля расстрэлу ў Пратуліне.

Пратулінскія мучанікі былі простымі сялянамі, але ўсе дакументы і апытаныя сведкі адназначна гавораць пра тое, што ўсе яны былі людзьмі шчырай веры. Мучанікі з Пратуліна вельмі падобныя да мучанікаў з першых стагоддзяў хрысціянства, якія гінулі толькі за тое, што адважна вызнавалі веру ў Хрыста. У дзень беатыфікацыі Падляшскіх мучанікаў (6 кастрычніка 1996 году) Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас свайго казання адзначыў: «“Вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, каго пабілі, каго забілі, а каго каменнем закідалі” (Мц 21.35). Ці ж не той самы лёс стаўся ўдзелам Вінцэнта Леванюка і ягоных паплечнікаў, мучанікаў з Падляшша? Як верныя слугі Госпада, поўныя надзеі ў моц Ягонае ласкі, яны далі сведчанне сваёй прыналежнасці да Каталіцкай Царквы, верныя ўласнай усходняй традыцыі. Яны зрабілі гэта цалкам свядома і не завагаліся, калі давялося прынесці ў ахвяру жыццё ў пацвярджэнне сваёй адданасці Хрысту.

Не думаючы пра сябе, мучанікі з Пратуліна баранілі не толькі святыню, перад якой прынялі смерць, але таксама і Царкву, якую Хрыстос даручыў апосталу Пятру. Тую Царкву, часткай якой пачуваліся, як жывыя камяні. Яны пралілі сваю кроў, будучы з’яднаныя з Сынам Божым, які быў выкінуты з вінаградніка і забіты (Мц 21.39) для збаўлення і паядання чалавека з Богам. Узнесеныя сёння на алтар Вінцэнт Леванюк і ягоныя дванаццаць паплечнікаў сваім прыкладам і заступніцтвам запрашаюць усіх нас, каб мы мужна ішлі па шляху да поўнай еднасці ўсёй сям'і вучняў Хрыстовых».

Каментары: