Вялікая Вячэрня з Ліцьцёй на сьвята Узвышэньня Пачэснага і Жыватворчага Крыжа, 14 кастрычніка

- . Апублікавана ў Часаслоў

Сьвятар, узяўшы епітрахіль і фелонь, адчыняе райскія дзьверы. Дыякан кадзіць, а сьвятар стаіць перад прастолам. Пасьля каджэньня дыякан выходзіць, становіцца перад райскімі дзьвярыма:  Устаньце! 

Сьвятар: Слава сьвятой і адзінасутнай, і жыватворчай, і неразьдзельнай Тройцы спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік:  Амін. Прыйдзіце, паклонімся… (гл. далей)

Сьвятар зачыняе райскія дзьверы, скідае з сябе фелонь і выходзіць у епітрахілі перад райскімі дзьвярыма. Чытальнік пачынае чытаць уступны псалом 103. Падчас чытаньня сьвятар моліцца сьвяцільныя малітвы (гл. пасьля псалма).

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага. 

Псалом 103

Блаславі, душа мая, Госпада:* Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.

Ты апрануўся ў веліч і красу,* Ты ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом.

Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр,* хорамы Твае над водамі паставіў.

Ты робіш з хмараў калясьніцу сабе,* ходзіш на крылах ветру.

Ты чыніш вятры пасланцамі Тваімі * і слугамі Тваімі – полымя агню.

Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе:* не пахісьнецца павек вякоў.

Безданьню, быццам вопраткаю, пакрыў Ты яе:* воды над гарамі сталі.

Ад пагрозы Тваёй яны ўзад падаліся,* ад грому голасу Твайго задрыжэлі.

Горы ўзьняліся, даліны зышлі ў месцы,якія Ты ім назначыў.

Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці,* каб не пакрыць зноў зямлю.

Ты пасылаеш крыніцы ў рэкі,* што плывуць у далінах між гораў.

З іх п’юць усе зьвяры польныя,* аслы дзікія ў іх смагу сваю гасяць.

Каля іх птушкі нябесныя жывуць:* між скалаў чутны сьпеў іх.

З хорамаў Тваіх навадняеш горы:* зямля поўніцца плодам твораў Тваіх.

Ты вырошчваеш траву для жывёлы,* зельле на пажытак чалавеку, каб ён мог здабыць сабе ежу з зямлі:

Віно, што весяліць сэрца чалавека; аліву, што робіць твар сьветлым;* хлеб, што сэрца чалавека ўмацоўвае.

Дрэвы нізінныя маюць удосталь соку * – кедры лібанскія, што іх насадзіў.

Там птушкі маюць гнёзды свае,* бусьлінае жыльлё ўзвышаецца над імі.

Горы высокія для дзікіх козаў,* шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.

Ты стварыў месяц, каб паказваў поры;сонца знае час захаду свайго.

Пасылаеш цемру і надыходзіць ноч,* падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.

Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы,* просячы ў Бога спажывы сабе.

Як толькі сонца ўзыдзе, яны хаваюцца і кладуцца ў логавах сваіх.

Выходзіць чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе!Ты ўсё мудра стварыў: зямля поўная стварэньняў Тваіх.

Вось мора вялікае і прасторнае:* у ім рухаецца безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.

Караблі плаваюць па ім, і кіт агромністы там,* якога Ты стварыў на пацеху сабе.

Усе яны чакаюць ад Цябе,каб Ты даў ім спажыву ў свой час.

Ты ім даеш, і яны падбіраюць,* расчыняеш руку Тваю, і яны поўняцца ўсякім дабром.

Калі ж Ты адвяртаеш твар Твой ад іх, яны трывожацца;* адымаеш дух ад іх, і яны гібеюць, і ў пыл зноў вяртаюцца.

Пасылаеш Духа Твайго, і яны ажываюць,* і Ты абнаўляеш твар зямлі.

Няхай слава Гасподняя трывае давеку,* хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.

Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць,* дакранецца да гораў, і яны дымяцца.

Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада,* буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.

Няхай прыемнай Яму будзе песьня мая:* я радуюся ў Госпадзе.

Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў.

Блаславі, душа мая, Госпада.

Сонца знае час захаду свайго;* Ты пасылаеш цемру і надыходзіць ноч.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе:* Ты ўсё мудра стварыў.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Сьвяцільныя малітвы 

Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы.

1. Госпадзе шчодры і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку, уваж малітву нашу і пачуй голас маленьня нашага, пакажы нам знак спагадлівасьці Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб мы маглі хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашы, каб нам баяцца імя Твайго сьвятога, бо Ты вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты сільны ў дабрыні і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць тых, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

2. Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі нас і ў гневе Тваім не карай нас, але ўчыні з намі згодна з Тваёй міласэрнасьцю, Лекару і Збавіцелю душ нашых. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы нашы, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўсе дні жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Бо Твая ёсьць дзяржава, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

3. Госпадзе Божа мой, будзь памятлівы нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, што клічуць імя сьвятое Тваё; і не пасаром нас у спадзяваньні Тваёй міласэрнасьці, але дай нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і зрабі нас дастойнымі любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ува ўсім волю Тваю. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і нястомных усхваленьнях славяць сьвятыя сілы, напоўні сэрцы нашы хвалою Тваёю, каб нам аддаваць пашану імю Твайму сьвятому; і дай нам у спадчыне ўдзел з усімі, што пакланяюцца Табе ў праўдзе і захоўваюць Твае прыказаньні. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4*. (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да нас і сумуеш з прычыны нашае нягоднасьці; памятай пра міласьць і ласку Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам правесьці рэшту гэтага дня свабоднымі ад розных падкопаў нячыстага і, сілаю ўсесьвятога Твайго Духа, захавай наша жыцьцё ад усякіх напасьцяў. Міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

6. Божа вялікі і дзіўны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам Тваім кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ў Тваёй дабрыні ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства. Зьбярогшы нас у сёньняшні дзень ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю і ўзьвялічваць Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага. Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

7. Божа вялікі, усявышні, адзіны несьмяротны, што жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё, што існуе, мудра стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую хвіліну стаць перад Тваім абліччам і прыносіць Табе вячэрняе ўсхваленьне. Учыні, чалавекалюбны Ўладару, каб гэтая наша малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як адмысловую духмянасьць. Дай, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі мірнымі; апрані нас у зброю сьвятла, захавай нас ад страху начнога і ад усякай пагрозы, што крыецца ў цемры. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на адпачынак дзеля слабасьці нашай, быў вольным ад д’ябальскіх спакусаў. Так, Уладару, Падаўча ўсяго добрага, дай, каб мы і ўночы, лежачы на ложах нашых, з любоўю ўспаміналі Імя сьвятое Тваё; і, прасьветленыя ўспамінам запаветаў Тваіх, з радаснай душой усталі, каб славіць Тваю дабрыню, ахвяруючы міласэрнасьці Тваёй малітвы і просьбы за нашы правіны і за ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі Багародзіцы, наведай у спагадлівасьці Тваёй. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Екценьня супакою 

Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць екценьню супакою.

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся.

За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя)  Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, за  Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе вёскі, гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, смутку і недастатку Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе. 

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Чытаньне Псалтыра 

У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:

Шчасьлівы той, * хто на раду да нязбожных ня ходзіць. Алілуя, алілуя, алілуя.

Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.

Служыце Госпаду са страхам, * слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.

Шчасьлівыя ўсе, * што на Яго спадзяюцца. Алілуя, алілуя, алілуя.

Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.

У Госпада збаўленьне ёсьць, * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Малая екценьня

Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі:  Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, най­бла­сла­вё­ную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Госпадзе, Цябе клічу...  

Людзі стоячы сьпяваюць першыя два вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву. 

Псалом 140

Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне. * Пачуй мяне, Госпадзе!  Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; * б удзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. Пачуй мяне, Госпадзе!

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. Пачуй мяне, Госпадзе!  

Наступныя вершы аж да “Выведзі з вязьніцы” звычайна чытаюцца:

Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім * і сьцеражы дзьверы губ маіх.

Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, * каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.

З людзямі, якія чыняць бясчынствы: * хай не пакаштую прысмакаў іх.

Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: * алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.

Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. * Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,

Пачуюць, як лагодныя словы мае. * Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.

Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; * да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.

Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі людзей нягодных.

Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, * я ж адзін перайду бясьпечна.

Псалом 141

Голасна клічу Госпада, * голасна да Госпада малюся.

Перад Ім сум мой выліваю, * пра тугу маю Яму распавядаю:

Дух мой зьнемагае ўва мне, * Ты ж ведаеш шляхі мае.

На дарозе, па якой іду, * паставілі пастку на мяне.

Гляджу ўправа, углядаюся: * няма нікога, хто б мне спагадаў;

Ня маю, куды ўцякаць: * няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.

Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: * Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.

Будзь уважлівы да малітвы маёй, * бо я вельмі няшчасны.

Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, * бо яны мацнейшыя за мяне.

Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага:

Выведзі з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.

Праведнікі вакол мяне чакаюць, * калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.

Калі 8 песьняў – тады ад наступнага:

Пс 129. З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой!

Хай вушы Твае будуць уважлівымі * да голасу маленьня майго. 

Калі 6 песьняў – тады ад наступнага:

Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? * Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.

(Тон 6). Узвышэньне Крыжа Гасподняга заахвочвае ўсё стварэньне славіць укрыжаванага Хрыста і сьвятыя мукі Яго. Умярцьвіўшы на ім таго, хто некалі нас умярцьвіў, у бязьмежнай дабрыні сваёй Ён ажывіў памёрлых, вярнуў ім ранейшую красу і зрабіў годнымі жыцьця ў небе. Дзеля гэтага славім радасна Ягонае імя і ўзьвялічваем Ягоную бязьмежную міласэрнасьць.

Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: * душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.

Крыжу сьвяты! Майсей даў нам вобраз твой, калі ў змаганьні з Амалекам рукі падняў да неба. Ты – пахвала верных, умацаваньне мучанікаў, слава апосталаў, перамога праведных і абарона ўсіх сьвятых. Углядаючыся на тваё ўзвышэньне, радуецца ўсё стварэньне, сьвяткуе і славіць Хрыста, які ў вялікай дабрыні сваёй сабраў у адно ўсіх расьцярушаных.

Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, * больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.

 Крыжу слаўны! Цябе з радасьцю акружаюць анельскія хоры, і мы цябе сёньня ўрачыста ўзносім. Ты ж, з волі Божае, узносіш усіх, хто за спажываньне забароненага плоду быў выгнаны з раю і асуджаны на сьмерць. Дзеля гэтага, цалуючы цябе з вераю вуснамі і сэрцам, атрымліваем асьвячэньне і клічам: „Узьвялічвайце Хрыста, усеміласэрнага Бога, і пакланяйцеся Ягонаму Божаму падножжу!“

Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.

Узвышэньне Крыжа Гасподняга заахвочвае ўсё стварэньне славіць укрыжаванага Хрыста і сьвятыя мукі Яго. Умярцьвіўшы на ім таго, хто некалі нас умярцьвіў, у бязьмежнай дабрыні сваёй Ён ажывіў памёрлых, вярнуў ім ранейшую красу і зрабіў годнымі жыцьця ў небе. Дзеля гэтага славім радасна Ягонае імя і ўзьвялічваем Ягоную бязьмежную міласэрнасьць.

Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі.

Крыжу сьвяты! Майсей даў нам вобраз твой, калі ў змаганьні з Амалекам рукі падняў да неба. Ты – пахвала верных, умацаваньне мучанікаў, слава апосталаў, перамога праведных і абарона ўсіх сьвятых. Углядаючыся на тваё ўзвышэньне, радуецца ўсё стварэньне, сьвяткуе і славіць Хрыста, які ў вялікай дабрыні сваёй сабраў у адно ўсіх расьцярушаных.

Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі * і вернасьць Гасподняя трывае давеку.

Крыжу слаўны! Цябе з радасьцю акружаюць анельскія хоры, і мы цябе сёньня ўрачыста ўзносім. Ты ж, з волі Божае, узносіш усіх, хто за спажываньне забароненага плоду быў выгнаны з раю і асуджаны на сьмерць. Дзеля гэтага, цалуючы цябе з вераю вуснамі і сэрцам, атрымліваем асьвячэньне і клічам: „Узьвялічвайце Хрыста, усеміласэрнага Бога, і пакланяйцеся Ягонаму Божаму падножжу!“

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

(Тон 2). Прыйдзіце, людзі, паклонімся блаславёнаму дрэву, праз якое завершанае было наша апраўданьне. Бо вось д'ябал, які праз дрэва ашукаў праайца Адама, быў пераможаны Крыжом, і той, які ў няволі трымаў стварэньне Гасподняе, зазнаў найбольшае паразы. Божаю крывёю абмытая была зьмяіная атрута і, дзякуючы няправеднаму прысуду на Праведніка, адменены быў справядлівага прысуду праклён. Трэба было, каб дрэва дрэвам ацалілася, і каб мукамі Непадуладнага цярпеньням былі адмененыя мукі асуджанага за правіны ля райскага дрэва. Хрысьце Ўладару наш, слава Твайму вялікаму страшнаму для нас провіду, якім Ты збавіў усіх, бо Ты добры і Чалавекалюбец.

Уваход 

Падчас сьпяваньня “ Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фелонь, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма:

Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся.

Сьвятар (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.

Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Дыякан: Амін. 

Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас:

Дыякан: Мудрасьць, устаньце!

На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.

Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.

Пракімен 

У суботу вечарам  (Пс 92:1,5), тон 6. Людзі сьпяваюць пракімен, дыякан, стоячы каля райскіх дзьвярэй, або сьвятар, стоячы за ахвярнікам, чытае вершы. 

Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу. 

Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся. 

Верш 2.  Ён умацаваў сусьвет, * што не зварухнецца. 

Верш 3.  Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, * праз усе дні.

Пасьля пракімена - чытаньні са Сьвятога Пісаньня (парэміі). Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “ Мудрасьць”, - і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “ Будзьма ўважлівыя”, - пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак са Сьвятога Пісаньня (парэмію). Калі чытаюцца ўрыўкі са Старога Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца. Калі чытанні з Новага Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца пасьля чытаньняў.

Чытаньне кнігі Выхаду

Майсей загадаў сыном Ізраіля ісьці ад Чырвонага мора ў напрамку пустыні Шур. Ішлі яны тры дні цераз пустыню і не знайшлі вады. І прыйшлі да месца, якое называлася Мара, і не маглі там піць вады, бо была горкая. Дзеля гэтага і далі гэтаму месцу імя Мара. Людзі пачалі наракаць на Майсея і казалі: „Што будзем піць?“ Майсей паклікаў Госпада, і Госпад паказаў яму кусок дрэва: (Майсей) кінуў яго ў ваду, і яна сталася салодкай. Там Госпад устанавіў для іх законы і парадкі і там іх выпрабоўваў. І казаў: „Калі будзеш верна слухаць голас Госпада Бога твайго і чыніць тое, што справядлівае ў вачох Ягоных, і будзеш захоўваць Ягоныя законы і прыказаньні, дык не пашлю на цябе ніякай кары, якой Я караў Ягіпет, бо Я, Госпад, хачу быць тваім лекарам“. Потым прыйшлі ў Ялім, дзе было дванаццаць крыніцаў і семдзесят пальмаў, і там затрымаліся. Пасьля пайшлі далей з Яліму. І прыйшла ўся грамада сыноў Ізраільскіх у пустыню Сін, што ляжыць між Ялімам і Сынаем. (15:22-16:1)

Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Сыне, не пагарджай пакараньнем Гасподнім і не адкідай напамінаў Ягоных, бо Госпад карае тых, каго любіць, як бацька мілага сына. Шчасьлівы той, хто знайшоў мудрасьць, муж, які прыдбаў разважнасьць; бо лепш мець яе за срэбра, набываць яе лепш як золата. Яна больш каштоўная за пэрлы; ніякія дарагія каменьні ёй не раўняюцца. Даўгалецьце ў правай руцэ яе, а ў левай – багацьце і слава. З вуснаў яе цячэ справядлівасьць, закон і міласэрнасьць на языку ў яе. Дарогі яе добрыя, і сьцежкі яе мірныя. Для тых, хто яе сьцеражэ, яна ёсьць дрэвам жыцьця, і той, хто спадзяецца на яе, не пахісьнецца. (3:11-18)

Чытаньне кнігі Прарока Ісаі

Так кажа Госпад: „Адчыняцца вароты твае, Ерусалім, і будуць адчыненыя заўсёды ўдзень і ўночы, каб прапускаць да цябе сілу народаў, і ўладароў іхніх, што іх вядуць. Бо народы і іхнія ўладары, якія ня будуць служыць табе, згінуць; і пагане зусім будуць зьнішчаныя. Слава Лібану прыйдзе да цябе, а з ёю кіпарысы, вязы і кедры, каб упрыгожыць месца сьвятое тваё. І ўслаўлю месца, дзе стаяць ногі Мае. І пойдуць да цябе з паклонам сыны тваіх перасьледвальнікаў, і ўпадуць да тваіх ног усе, што пагарджалі табою. І назавуць цябе Горадам Гасподнім, Сыёнам Сьвятога Ізраілевага. За тое, што ты быў ненавісны, пагарджаны і пакінуты, зраблю цябе хвалой вечнай, радасьцю для ўсіх пакаленьняў. Будзеш ссаць малако народаў, грудзі каралеўскія ссаць будзеш і зразумееш, што Я, Госпад – твой Збавіцель, Бог Ізраіля – твой Вызваліцель“. (60:11-16)

Екценьня ўзмоцненага маленьня

Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі дзьвярыма, узносіць екценьню. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць екценьню, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя.

Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), за братоў нашых сьвятароў, дыяканаў і манахаў і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.

– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны,  за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі наш народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

– Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх раней адышоўшых айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.

– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.

Сьвятар: Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Малітва ўслаўленьня  (сьпяваецца стоячы) 

Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар * захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, * і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, * бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне Тваіх запаветаў.

Блаславёны Ты, Уладару, * дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, * прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: * не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, * Табе слава належыцца,

Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, * цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Екценьня просьбаў

Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашую Госпаду.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душаў і целаў нашых у Госпада просім.

Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.

Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.

Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.

Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў. 

(Уголас) Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. 

Ліцьця і блаславеньне хлябоў

Пасьля воклічу " Хай будзе ўлада валадарства..." людзі пачынаюць сьпяваць ліційныя песьні; адчыняюцца райскія дзьверы, сьвятар (ці сьвятары) і дыякан ідуць у прытвор; дыякан кадзіць царкву і людзей.

(Тон 1). Сёньня споўнілася сьвятое слова прарока Давіда, бо вось пакланяемся падножжу Твайму, усядобры Госпадзе, і, у спадзяваньні на ахову крылаў Тваіх, клічам: „Шматміласэрны Хрысьце, хай зьявіцца нам сьветласьць аблічча Твайго, узвысі рог верных людзей Тваіх узвышэньнем пачэснага Крыжа Твайго!

“Сёньня ўзвышаецца дрэва праўдзівага жыцьця, пасаджанае на месцы чэрапу, дзе спрадвечны Ўладар учыніў збаўленьне пасярод зямлі. Яно асьвячае ўсе куткі сьвету. І вось абнаўляецца сьвятыня Ўваскрасеньня. Анёлы ў небе радуюцца, і цешацца людзі на зямлі, клічуць і кажуць сьледам за Давідам: „Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і падайце ніцма перад падножжам Ягоным, бо Ён сьвяты і дае сьвету веліч зьмілаваньня!

“Патрыярх Якуб даў вобраз Крыжа Твайго, Хрысьце, калі блаславіў унукаў, усклаўшы на іхнія галовы накрыж рукі свае. Мы ж сёньня, Збавіцелю, узносім крыж і клічам: „Дай перамогу над усімі нягодамі Царкве Тваёй і захавай яе ў супакоі!“

(Тон 2). Быццам шматкаштоўны скарб схаваны ў зямлі, Крыж Жыцьцядаўца зьявіўся на небе Канстанціну цару як знак перамогі над ворагамі. І ён, усьцешаны Божай ласкаю, з вераю і любоўю жадаў бачыць яго ўзвышэньне і з вялікай пашанаю вынес яго з зямлі – для адкупленьня сьвету і збаўленьня душ нашых.

Патрыярх Якуб, склаўшы накрыж рукі, каб блаславіць унукаў сваіх, даў нам вобраз дзяржаўнага Крыжа Твайго. Маючы яго за нашую абарону, адганяем ім дэманаў, нішчым пыху і дзёрзкасьць ворага, перамагаем згубную сілу Амалека. Бачачы яго сёньня ўзвышаным для ачышчэньня грахоў нашых, з набожнасьцю і пашанаю прыбягаем да Тваей дабрыні і міласэрнасьці і клічам: „Добры Госпадзе, які нарадзіўся ад Дзевы, зьмілуйся над творамі рук Тваіх!

“Ты – нашае магутнае покрыва, найсьвяцейшы Крыжу Хрыстовы! Асьвяці нас сілаю тваёю, каб нам з вераю і любоўю пакланіцца табе.

(Тон 4). Пакажам сёньня радасьць урачыстымі песьнямі і, са сьветлымі тварамі, звонкім голасам запяём: „Ты, Хрысьце, дзеля нас прыняў прысуд, апляваньні і раны, быў апрануты ў акрываўленую вопратку і ўзьняты на крыж“. Калі Цябе сонца і месяц пабачылі, яны ня далі сьвятла, і зямля ў жаху скаланулася, і заслона ў сьвятыні разарвалася надвое. Дай нам сёньня Твой сьвяты Крыж, каб ён нам быў абаронаю, што праганяе дэманаў; каб усе мы, цалуючы яго, клікалі: „Збаў нас, Крыжу, сілаю тваёю; асьвяці нас, Крыжу, тваёю сьветласьцю, і умацуй нас тваім узвышэньнем, бо ты дараваў Сьвятло і збаўленьне душам нашым“.

Ты, Крыжу, зьзяеш ясна між зорак. Ты быў знакам перамогі для набожнага цара, маці якога, Алена, знайшоўшы цябе, паказала сьвету ўсяму. Сёньня хоры сьвятых бачаць цябе ўзвышаным і ўсклікаюць: „Крыжу жыцьцядайны, прасьвятлі нас сьветласьцю тваёю, асьвяці нас сілаю тваёю; Крыжу пачэсны, узвышаны на абарону ад ворагаў, умацуй нас узвышэньнем тваім“.

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

(Тон 4). Майсей даў нам правобраз сілы Крыжа Твайго, Хрысьце, перамогшы ў пустыні ворага Амалека. Калі ён крыжом узьнімаў рукі свае, людзі мацнелі духам. Сёньня тое самае спаўняецца на нас: Крыж узвышаецца і дэманы ўцякаюць, і ўсё стварэньне вызваляецца ад тленнасьці, бо дзеля Крыжа ўсе ласкі пацяклі на нас. Дзеля гэтага з радасьцю падаем ніцма перад Табою і клічам: „Якія вялікія творы Твае Госпадзе. Слава Табе!“

Калі скончыцца сьпеў, дыякан пачынае літанію:

Дыякан: Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, наведай сьвет Твой міласьцю і дабротамі, узьнясі рог хрысьціянаў праваслаўных і спашлі на нас Твае багатыя міласьці малітвамі ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам пачэсных нябесных сілаў анёльскіх; пачэснага, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў (альбо: сьвятога апостала і евангеліста … (імя) і іншых сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў); між сьвятымі айцоў нашых і сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, архібіскупа Мірлікійскага; сьвятых і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятых слаўных і пераможных мучанікаў; і сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога патрона царквы); і сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых; просім Цябе, шматміласьцівы Госпадзе, пачуй нас, грэшных, якія молімся Табе, і зьмілуйся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў).

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя)  Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя) і за ўсіх у Хрысьце братоў і сёстраў нашых; і за ўсялякую душу хрысьціянскую, прыгнечаную і сумную, што патрабуе Божае міласьці і дапамогі; за захаваньне ў бясьпечнасьці гэтага горада (гэтай вёскі) і ўсіх яго (яе) жыхароў; за мір і лад на ўсім сьвеце; за добры стан сьвятых Божых Цэркваў; за збаўленьне і дапамогу айцом і братом нашым, якія з руплівасьцю і страхам Божым служаць і працуюць; за адсутных і тых, што знаходзяцца тут; за ацаленьне зьнямоглых; за супакой, палёгку, блаславёную памяць і адпушчэньне грахоў айцоў і братоў нашых і ўсіх праваслаўных хрысьціянаў, якія раней адышлі і спачываюць тут і на кожным іншым месцы; за вызваленьне зьняволеных; за братоў нашых на службе; і за ўсіх, што служылі і служаць у гэтай сьвятой царкве. Скажам усе разам:

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў).

Дыякан: Яшчэ молімся за богам сьцеражоны народ наш, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, каб добры і міласэрны Бог захаваў яе свабоднай і ў супакоі; даў умацавацца ў нашым народзе духу справядлівасьці, згоды, братняй любові і шчырай пабожнасьці, каб ён, прасьветлены ласкаю, разам з іншымі народамі сьвету заўсёды славіў і выхваляў Ягонае пачэснае і велічнае імя. Скажам усе разам:

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы)

Дыякан: Яшчэ молімся, каб гэтаму гораду (або гэтай вёсцы) і гэтай сьвятой царкве, і ўсялякаму гораду і краіне захавацца ад голаду, пошасьці, землятрусу, паводкі, агню, мяча, нападу ворагаў і братабойчай вайны; і каб добры і чалавекалюбны Бог наш быў міласьцівы і спагадлівы да нас, адхіліў ад нас усялякі гнеў, што нам пагражае, вызваліў нас ад пагражаючай нам справядлівай кары Сваёй і зьмілаваўся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы).

Дыякан: Яшчэ молімся, каб Госпад Бог пачуў голас маленьня нас, грэшных, і зьмілаваўся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы).

Сьвятар: Пачуй нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх канцоў зямлі, і тых, што далёка на моры, будзь спагадлівы, Уладару, да грахоў нашых, і зьмілуйся над намі. Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Уладару шматміласьцівы, Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, малітвамі ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анёльскіх; пачэснага, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых – учыні прыемнай Табе малітву нашую, даруй нам адпушчэньне правінаў нашых, пакрый нас покрывам крылаў Тваіх, адгані ад нас усялякага ворага і супраціўніка, уціхамір нашае жыцьцё, Госпадзе, зьмілуйся над намі і над усім сьветам Тваім, і збаў душы нашыя, бо Ты – Добры і Чалавекалюбца.

Людзі: Амін. 

І сьпяваюць вершапесьні. У гэты час усе клірыкі пераходзяць у сярэдзіну храма.  

Вершапесьні   

(Тон 5). Радуйся, жыцьцядайны Крыжу, набожнасьці неадольная сіла, брама райская, верных умацаваньне, Царквы абарона! Табою тленнасьць была зьнішчаная і адмененая, і патаптаная сьмерці ўлада, і мы ўзьняліся ад зямлі да неба. Ты – зброя непераможная, бесаў пераможца, слава мучанікаў, сьвятых сапраўдная краса, прытулак збаўленьня, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.

Верш. Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Радуйся, жыцьцядайны ўсепачэсны Крыжу, якім чалавецтва вызваляецца ад праклёну, існай радасьці знак, узвышаны на выгнаньне ворага. Ты – памочнік нас усіх, уладароў сіла, умацаваньне праведных, сьвятароў слава; знак твой – выбаўленьне ад злога; ты – жэзл сілы, што намі кіруе, зброя міру, якую са страхам акружаюць анёлы; Хрыста Бога слава, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.

Верш. Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Радуйся, сляпых правадыру, нядужых лекару, уваскрасеньне памёрлых. Ты, Крыжу пачэсны, узьняў нас ад тленнасьці, у якую мы ўпалі; табою праклён быў зьнішчаны і закрасавала нятленнасьць, і мы, зямныя, абагавіліся, а д'ябал быў зьвержаны ўніз. Сёньня бачым цябе ўзвышаным рукамі архісьвятара, хвалім Таго, хто быў ўзьнесены на табе, і пакланяемся табе, што даеш нам шчодра веліч зьмілаваньня.

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

(Тон 8). Некалі Майсей ў перамозе над Амалекам даў нам, Хрысьце Божа, вобраз Крыжа Твайго, які мы сёньня славім недастойнымі вуснамі, і якому Давід загадаў пакланяцца як падножжу Твайму, бо на ім Ты захацеў быць расьпятым. Славім Цябе і молімся: „Разам з разбойнікам зрабі нас годнымі валадарства Твайго, Госпадзе!“

Песьня Сімяона Богапрыймальніка (сьпяваецца стоячы) 

Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32).

Чытальнік:  Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. 

 Адпушчальны трапар

(Тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа. (Тройчы)

У гэты час дыякан тройчы кадзіць вакол стала пасярод царквы, на якім прыгатаваныя да асьвячэньня пяць хлябоў, пшаніца і дзьве пасудзіны з віном і алеем, і ў канцы – сьвятара. Сьвятар, узяўшы адзін хлеб, робіць ім знак крыжа над іншымі хлябамі і голасна гаворыць наступную малітву. Калі ж кажа « Сам блаславі...», праваю рукою ўказвае на прыгатаваныя хлябы, пшаніцу, віно і алей.

Дыякан (стаўшы перад сталом, уголас): Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, Які блаславіў пяць хлябоў і пяць тысяч насыціў, Сам блаславі і гэтыя хлябы, пшаніцу, віно, і алей, і памнож іх у горадзе гэтым (або: вёсцы гэтай) і ва ўсім сьвеце Тваім; і ўсіх верных, якія спажываюць іх, асьвяці. Бо Ты, Хрысьце Божа наш, Той, хто бласлаўляе і асьвячае ўсё, і Табе ўзносім славу, разам з беспачатным Тваім Айцом і з Усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. (Тройчы).

Людзі сьпяваюць (альбо чытае чытальнік) Псалом 33:2-11:

Увесь час бласлаўляць буду Госпада: * хвала Яго заўжды на вуснах маіх.

Госпадам будзе хваліцца душа мая: * хай пачуюць лагодныя і ўзрадуюцца.

Узьвялічвайце Госпада са мною, * і будзем разам узносіць імя Яго.

Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, * і ад усіх бедаў выратаваў мяне.

Прыступіце да Яго і прасьвятліцеся, * і твары вашыя ня будуць пасаромленыя.

Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго, * і ад усіх бедаў выбавіў яго.

Анёл Гасподні стане вакол тых, што баяцца Яго, * і выратуе іх.

Пакаштуйце і ўбачыце, што Госпад добры: * шчасьлівы чалавек, які на Яго спадзяецца.

Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Яго, * бо тыя, што Яго баяцца, ня церпяць нястачы.

Багатыя зьбяднелі і згаладаліся, * а тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць пазбаўленыя ніякага дабра.

Сьвятар: Блаславеньне Гасподняе хай будзе на вас, ласкаю Яго і чалавекалюбствам на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. (Бласлаўляе людзей).

Людзі: Амін. 

Калі служыцца ўсяночнае чуваньне, тады тут можна пачынаць ютрань (ад шасьці псалмоў). Калі не, тады:

Дыякан: Мудрасьць!

Людзі: Блаславі!

Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш – на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціянаў на век вякоў.

Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея нашая, слава Табе.

Людзі: Слава... цяпер... Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы). Блаславі.

Сьвятар: робіць водпуст.

Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае Свае Маці, сілаю Пачэснага і Жыватворчага Крыжа, сусьветнае ўзвышэньне якога ўрачыста сьвяткуем, малітвамі сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў; сьвятых і баганосных айцоў нашых і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён – добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.

Каментары: