Малебен сьвятым айцам нашым, роўным апосталам Кірылу і Мятоду, настаўнікам славянскім
Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава Айца і Сына, і Сьвятога Духа цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Трапар сьвятых (тон 4): Роўныя апосталам настаўнікі славянскія Кірыле і Мятодзе багамудрыя, Уладара ўсіх маліце, каб Ён умацаваў славянскія народы ў веры і згодзе, дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым веліч свайго зьмілаваньня.
Кандак (тон 3). Сьвятая пара асьветнікаў нашых, Кірыле і Мятодзе, вы цераз пераклад Боскіх пісаньняў адчынілі нам богапазнаньня крыніцу, з якое да сёньняшняга дня шчодра чэрпаем, славячы вас; і цяпер, стоячы перад пасадам Усявышняга, безупынна моліцеся за ўсіх нас.
Кандак (тoн 3). Сёньня Дзeва з xoрамi сьвятыx стаiць нябачна ў царквe i мoлiць Бoга за нас; анёлы i пeршасьвятары пакланяюцца Ёй, i апoсталы з прарoкамi радуюцца, бo за нас мoлiць Багарoдзiца спрадвeчнага Бoга.
Узьвялічваньне: Узьвялічваем вас, роўныя апосталам Мятодзе і Кірыле, што прасьвятлілі сваім навучаньнем славянскія краіны і прывялі іх да Хрыста. (Паўтараецца пасьля наступных вершаў)
Верш 1. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.
Верш 2. Ад усходу сонца да захаду праслаўленае імя Гасподняе.
Верш 3. Я распавёў пра Тваю справядлівасьць на вялікім зборы.
Слава... цяпер...:
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Дыякан: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.
Пракімен (Пс 115:6,3). Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.
Верш: Чым адплачу Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго?
Дыякан: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Бо Ты сьвяты, Божа наш, і сярод сьвятых спачываеш, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Дыякан: Хваліце Госпада ў сьвятых Яго, хваліце Яго ў велічы сілы Яго.
Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Дыякан: Усё, што жыве.
Людзі: Хай хваліць Госпада.
Дыякан: І каб нам быць дастойнымі слухаць сьвятое Евангельле, Госпада Бога молім.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Мудрасьць, устаньце. Будзем слухаць сьвятое Евангельле.
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: І твайму духу.
Сьвятар: Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея.
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан: Слухайма ўважліва.
Сказаў Госпад вучням сваім: “Вы - сьвятло сьвету. Ня можа схавацца места, што стаіць на гары. I запаліўшы сьвечку, не стаўляюць яе пад судзінаю, але на падсьвечнік, каб сьвяціла ўсім у доме. Гэтак няхай вашае сьвятло сьвеціць перад людзямі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўславілі вашага Айца, што ў небе. Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта ці рыса не праміне з Закону, пакуль ня спраўдзіцца ўсё. Вось жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць таго людзей, той найменшым будзе названы ў Валадарстве нябесным; а хто споўніць і навучыць, той будзе названы вялікім у Валадарстве нябесным”. (Мц. 5, 14-19)
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Сьвятар: Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, першыя настаўнікі славянскія, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Людзі: Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, маліце Бога за нас. (Так пасьля ўсіх наступных зваротаў)
Сьвятар: Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, Айцы нашай Царквы, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, славянскія апосталы, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, апекуны Еўропы, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, вынаходнікі пісьменства славянскага, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, што вывелі нас з цемры няведаньня, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, што прасьвятлілі нас сьвятлом Евангельля, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, што навучылі нас правай веры, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, узорныя прыклады сьвятасьці, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, узнёслае ўпрыгожаньне сьвятарства, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, руплівыя пашыральнікі Божага Слова, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
Сьвятыя Кірыле і Мятодзе, абаронцы нашага народу, радуйцеся і заступайцеся за нас, якія вас праслаўляюць.
(Тон 4). Багамудрыя Кірыле і Мятодзе, вы пайшлі сьледам за апосталамі, працуючы для збаўленьня людзей, што зблудзілі. Як хуткакрылыя арлы, вы абляцелі славянскія краіны, прасьвятлілі іх сьвятлом богапазнаньня і прывялі да чалавекалюбнага Збаўцы душаў нашых.
Верш: Сьвятары Твае, Госпадзе, апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя Твае ў шчасьці жыць будуць.
Баганосныя айцы, працаўнікі Хрыстовага вінаградніка, сейбіты пабожнасьці! Вы рупліва шукалі згубленую драхму – славянскія народы, – пакуль не знайшлі. Ісус Чалавекалюбец і Збаўца душаў нашых разам з анёламі прыняў яе з радасьцю і паклаў у скарбніцу жыцьця вечнага.
Верш: Вусны праведніка абвяшчаюць мудрасьць, язык яго кажа праўду.
Сьвятыя воі Усесьвятое Тройцы, праваднікі тых, што зблудзілі, вы перамаглі паганскае ганьбаваньне і пасаромілі бязбожнасьць ворагаў Хрыста. Ахоўвайце ад варожых нападкаў Царкву, якую вы набылі вашымі высілкамі, і захавайце яе непашкоджанаю і богапрыемнаю для Ісуса Чалавекалюбца і Збаўцы душаў нашых.
Слава... цяпер…: (тон 6). Сьвяткуем, верныя, пабожна памяць нашых асьветнікаў; усклікнем: Радуйцеся, ясныя сьветачы, што промнямі богапазнаньня прасьвятлілі славянскія народы; радуйцеся, добрыя пастыры, што сабралі ў адно духоўных авечак, расьцярушаных на бездаражы няверства, і прывялі іх да Хрыста, Пастыра пастыраў. Мы ўзьвялічваем Яго і славім вас.
Сьвятар: У пакоры галовы схіліўшы, Госпада Бога молім.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
О, усяслаўныя настаўнікі і асьветнікі славянскіх народаў, сьвятыя роўнаапостальныя Кірыле і Мятодзе, вы, што прасьвятлілі нас сьвятлом вашых пропаведзяў і пісаньняў і навучылі нас веры ў Хрыста; цяпер мы прыбягаем да вас як дзеці да бацькоў і ў скрушанасьці сэрцаў нашых молімся. Хоць мы, як непакорлівыя дзеці, не выконвалі вашых запаведзяў, занядбалі нашыя намаганьні дагадзіць Богу, як вы навучалі, і адпалі ад адзінства і любові, якой вы, як браты па веры і плоці, справядліва настаўлялі славянаў, усё ж не пераставайце цяпер маліцца за сваіх грэшных і нягодных дзяцей, бо вы ніколі ў жыцьці не адкідалі няўдзячных і нягодных. Паколькі вы можаце адважна стаць перад Госпадам, горача маліце Яго, каб Ён навярнуў нас і прывёў на шлях збаўленьня, каб супакоіў спрэчкі і падзелы, якія ўзьнікаюць паміж братамі адной веры, каб тых, хто адпаў, зноў вярнуў да адзінства, і ўсіх нас у адзінстве духа і любові аб’яднаў у адзінай, сьвятой, паўсюднай і апостальскай Царкве. Мы ведаем, ведаем, што шмат можа малітва праведнага перад Госпадам, хоць бы і ўзносілася за грэшных людзей. Таму не пакідайце нас, вашых пакутных і нягодных дзяцей, з-за грахоў якіх зьменшыўся ваш статак, што вы сабралі; разьдзяліла яго варожасьць, зьвялі яго пасткі іншаверцаў, яго расьцярушаных духоўных авечак разьдзіраюць ваўкі. Сваімі малітвамі дайце нам руплівасьць у праўдзівай веры, каб мы добра захоўвалі традыцыі айцоў, імкнуліся прытрымлівацца пастановаў і правілаў Царквы, пазьбягалі чужых ілжэвучэньняў і такім чынам узрасталі ў пабожным жыцьці на зямлі і сталіся годнымі райскага жыцьця на нябёсах, дзе будзем разам з вамі праслаўляць Уладара ўсіх, у Тройцы адзінага Бога, на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся, Госпадзе, зьмілуйся, Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных просьбаў)
Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага … (імя), і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.
– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны.
– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.
– Яшчэ молімся за Тваю сьвятую Царкву: дай ёй супакой і зрабі яе непераможнай на скале Тваёй прававернасьці. Абарані яе ад усялякага гвалту і сьмертаноснага вучэньня, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
– Памятай пра святую Тваю Царкву, умацоўвай яе, пашыр і дай супакой. Навекі захавай яе непашкоджанай брамамі пекла і непераможанай ад нападаў бачных і нябачных ворагаў, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
– Яшчэ молімся, каб Госпад міласьціва глянуў на слугаў сваіх, тут сабраных, і даў у іх сэрцы, думкі і вусны духа мудрасьці, веданьня, пабожнасьці і страху Божага; каб прасьвятліў іх сьвятлом Свайго разуменьня і даў ім моц і сілу, каб яны хутка прынялі і навучыліся Ягонага Божага закону і ўсякага добрага і карыснага вучэньня; каб яны ўзрасталі мудрасьцю і веданьнем і ўсялякай добрай справай на славу імя Ягонага сьвятога; Каб даў ім здароўе і даўгалецьце для будаваньня і славы сваёй Царквы, усклікнем разам: Госпадзе, пачуй нас і зьмілуйся.
– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.
Сьвятар: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.
Сьвятар робіць водпуст:
Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін.
Каментары: