Пастырскае слова апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі на Нядзелю праваслаўя 2015 г.
Пачэсныя айцы святаслужыцелі!
Дарагія манахі, манахіні і браты-семінарысты!
Любыя ў Госпадзе браты і сёстры! Паважаныя сябры!
1. Вялікі пост – гэта час, калі Святая Царква заклікае нас увайсці на шлях больш цеснай сувязі з Ісусам Хрыстом, наблізіцца да таямніцы Яго пакут і Уваскрасення.
На пачатку Вялікага посту ў гэтым годзе Яго Святасць Папа Рымскі Францішак нагадаў нам, што чалавек – стварэнне абмежаванае, грэшнае, якое патрабуе пакаяння і навяртання да Бога. Навярнуцца да Бога «ўсім сэрцам» значыць, па словах Папы, «ступіць на шлях не павярхоўнага перамянення, а на духоўны шлях, пракладзены ў сэрцы чалавека, там, дзе засяроджаны яго пачуцці і адносіны, там, дзе ён робіць выбар».
Таму Папа Францішак запрасіў усіх хаця б на хвіліну спыніцца і прымірыцца з Богам, звярнуцца да Яго з новым сэрцам, ачышчаным ад зла. Святы Айцец заклікаў усіх пражыць Вялікі пост з «надзеяй і радасцю», так, каб «яго вонкаваму выкананню адпавядала глыбокае духоўнае абнаўленне».
Духоўнае абнаўленне азначае нанова асэнсаваць крыніцы нашага паклікання да Святой Царквы, асэнсаваць духовую спадчыну ды новыя заданні.
2. Першая нядзеля Вялікага посту ў нашай царкоўнай традыцыі называецца Нядзеляй Праваслаўя. Праваслаўе, якое святкуем у гэтую нядзелю, – гэта праўдзівая вера і праўдзівае пакланенне Богу, праўдзівае праслаўленне Бога, што напрацягу стагоддзяў вызнавала і абараняла ўся Хрыстовая Паўсюдная – значыць Каталіцкая – Царква.
Таму Нядзеля Праваслаўя – гэта ўрачыстасць усёй Царквы, Усходняй і Заходняй. Гэтую ўрачыстасць усталяваў Усяленскі Сабор у Канстантынопалі ў 842 годзе, пасля перамогі над ерассю іканаборства, калі стала магчыма прылюдна і ўрачыста аддаваць пашану і пакланяцца святым іконам Ісуса Хрыста, Багародзіцы і Святых.
У Нядзелю Праваслаўя 2015 году мы хочам узгадаць той час, калі 25 гадоў таму ў Беларусі стала магчыма адкрыта і прылюдна пакланяцца Богу, і калі беларускія грэка-католікі змаглі аднавіць душпастырскую дзейнасць.
3. Нам трэба узгадаць, што канец 80-х гадоў ХХ-га стагоддзя ў Беларусі вызначаўся ростам зацікаўленасці Уніяцкай Царквой сярод студэнтаў і інтэлігенцыі Мінска і іншых гарадоў Беларусі.
Крыху больш за 25 гадоў таму – 12 лістапада 1989 году – група моладзі ды інтэлігэнцыі з Мінска прыехала ў Баруны, дзе тады ў былым базыліянскім храме, яшчэ на рыма-каталіцкай парафіі, служыў айцец Ян Матусевіч. Яны прасілі яго атуліць іх сваёй духоўнай апекай. Пазней ён ахрысціў шмат маладых людзей. Вось чаму мы лічым гэты дзень датай аднаўлення адкрытага, публічнага душпастырскага служэння нашай Царквы.
Мы не лічым, што наша Беларуская Уніяцкая Царква была ліквідавана, проста яе дзейнасць у час пераследу была прыпынена і душпастырства вялося ў падполлі.
Браты і Сёстры! 19 лістапада 2014 г. я меў магчымасць сустрэцца з Яго Святасцю Папам Францішкам. Гэтая сустрэча з Папам, у тыя юбілейныя дні , калі адзначалася 25-годдзе выхаду з падполля нашай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, мела асаблівае і сімвалічнае значэнне. Я, канешне, з гэтай нагоды прасіў у Святога Айца асаблівага блаславення.
Блаславенне Святога Айца для нас і Яго словы, каб мы “з адвагай асэнсавалі спадчыну мінулых дзесяцігоддзяў, асабліва апошніх 25-ці гадоў”, – гэта вялікая ласка, вялікая радасць але і вялікае заданне.
Асэнсаваць духовую спадчыну мінулых 25-ці гадоў – значыць дзякаваць Госпаду за нястомныя высілкі і за верную любоў святароў і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы да Беларусі.
4. Рух за адраджэнне Уніяцкай Царквы ўзмацніўся ў 1990 годзе, пасля візіту ў Мінск Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана.
Дзень 11 сакавіка 1990 году, калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Мінску Боскую Літургію па-беларуску, можа быць прызнаны за дату аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі. У бліжэйшыя дні спаўняецца 25 гадоў ад гэтай даты. На працягу гэтых 25-ці гадоў, дзякуючы нястомнай перакладчыцкай працы а. Аляксандра Надсана, мы атрымалі беларускамоўныя тэксты багаслужбаў візантыйскай традыцыі і можам шчодра карміцца духовым багаццем нашай літургічнай спадчыны.
Адпраўленне багаслуслужбаў па-беларуску з’яўляецца ўвасабленнем неабходнага для евангелізацыі сімбіёзу паміж Евангеллем і культурай. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква – верная сваёй традыцыі – бачыць сваю важную місію ў пашырэнні беларускай хрысціянскай культуры. Інкультурацыя Евангелля і евангелізацыя культуры адбываецца ў шматлікіх сферах душпастырскага служэння Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і ў замежжы.
5. Блаславёны час Вялікага посту ў нашай літургічнай традыцыі – гэта і час малітвы за нашых памерлых продкаў, якія былі сведкамі жывой праўдзівай веры, вернасці Хрысту і еднасці Царквы. Асаблівым чынам падчас малітваў за памёрлых у суботы Вялікага посту ўзгадаем усіх тых, хто служыў Хрысту ва ўніяцкіх манастырах на нашай зямлі: Быценскім, Жыровіцкім, Мінскім, Барунскім, Браслаўскім і іншых. Такая малітва няхай дапаможа нам увайсці ў глыбіню праўды пра “Сулучнасць святых”, якой ёсць Паўсюдная Хрыстовая Царква ў яе як гістарычным, так і геаграфічным вымярэнні. Тады зможам лепш асэнсаваць каштоўнасць нашай духовай спадчыны, якую подзвігам нашага хрысціянскага жыцця маем працягваць сёння ў нашай Бацькаўшчыне.
Усім святарам, дыяканам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам нашай Царквы ды ўсім нашым сябрам жадаем пражыць Вялікі пост з «надзеяй і радасцю», каб «яго вонкаваму выкананню адпавядала глыбокае духоўнае абнаўленне».
Даручаем вас малітвам Багародзіцы ды ўсіх Святых Беларускага народу.
Мінск, Нядзеля Праваслаўя 2015 г.
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі
Каментары: