Грэка-католікі Менску адзначылі 25-гадовы юбілей адраджэння літургічнага жыцця БГКЦ

Аўтар: а.Зміцер - .

25-годдзе аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі адзначылі вернікі менскіх грэка-каталіцкіх парафій 11 сакавіка 2015 г. Святкаванне адбылося ў капліцы Маці Божай Нястомнай Дапамогі, дзе служаць айцы-рэдэмптарысты. Літургію раней асвячаных Дароў з гэтай нагоды ўзначаліў апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей Гаек. Богаслужэнне сваім спевам суправаджаў міжпарафіяльны грэка-каталіцкі хор "Прасфара".

12 лістапада 1989 года група моладзі і інтэлігэнцыі з Менску прыехала ў Баруны, дзе тады ў былым базыліянскім храме на рыма-каталіцкай парафіі і ў рыма-каталіцкім абрадзе (іншай магчымасці тады не было) служыў айцец Ян Матусевіч. Яны прасілі яго атуліць іх сваёй духоўнай апекай. Пазней ён ахрысціў шмат маладых людзей. Праз некаторы час айцец Ян пераехаў у Менск і тут пачаў душпастырскае служэнне. Той час вызначаўся ростам зацікаўленасці Уніяцкай Царквой сярод студэнтаў і інтэлігенцыі Менску і іншых гарадоў Беларусі.

У сакавіку 1990 г. у Менск з Лондана прыехаў апостальскі візітатар для беларусаў замежжа мітрафорны протаярэй Аляксандр Надсан. Ён прывёз гуманітарную дапамогу для дзяцей – ахвяраў Чарнобыля - і нечакана сустрэў у Менску ўніяцкую моладзь. Дзень 11 сакавіка 1990 г., калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Менску па-беларуску Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе можа быць прызнаны за дату аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця грэка-каталіцкіх парафій у Беларусі. Служба адбылася ў касцёле на Кальварыйскіх могілках.

Каментары: