Архімандрыт Сяргей Гаек: «Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі — жывая супольнасць, якая стараецца жыць сваёй духоўнай спадчынай»

Аўтар: а.Зміцер - .

25-годдзе аднаўлення адкрытага душпастырства і літургічнага жыцця адзначаюць грэка-католікі Беларусі. 11 сакавіка — угодкі беларускамоўнай службы ў Менску апостальскага візітатара для беларусаў замежжа а. Аляксандра Надсана. Інтэрв’ю з гэтай нагоды даў апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

— З 1993 года Вы з’яўляецеся апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі. Як змянілася Грэка-Каталіцкая Царква за гэты час?

— Ад моманту аднаўлення адкрытага душпастырства і літургічнага жыцця грэка-католікаў Беларусі прайшло 25 гадоў. Нам трэба ўзгадаць, што 12 лістапада 1989 года група моладзі і інтэлігэнцыі з Менску прыехала ў Баруны, дзе тады ў былым базыліянскім храме на рыма-каталіцкай парафіі і ў рыма-каталіцкім абрадзе (іншай магчымасці тады не было) служыў айцец Ян Матусевіч. Яны прасілі яго атуліць іх сваёй духоўнай апекай. Пазней ён ахрысціў шмат маладых людзей. Праз некаторы час айцец Ян пераехаў у Менск і тут пачаў душпастырскае служэнне. Той час вызначаўся ростам зацікаўленасці Уніяцкай Царквой сярод студэнтаў і інтэлігенцыі Менску і іншых гарадоў Беларусі.

У сакавіку 1990 г. у Менск прыехаў з Лондана апостальскі візітатар для беларусаў замежжа мітрафорны протаярэй Аляксандр Надсан. Ён прывёз гуманітарную дапамогу для дзяцей – ахвяраў катастрофы Чарнобыля, і нечакана сустрэў у Менску ўніяцкую моладзь. Дзень 11 сакавіка 1990 г., калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Менску па-беларуску Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе можа быць прызнаны за дату аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця грэка-каталіцкіх парафій у Беларусі.

Мы не лічым, што наша Беларуская Уніяцкая Царква была ліквідавана (гвалт царскай адміністрацыі, а таксама бязбожных савецкіх уладаў не меў ніякай кананічнай вартасці), проста дзейнасць Царквы ў час пераследу была забаронена і душпастырства вялося ў падполлі. У 1990 г. у Менску і іншых гарадах Беларусі было сабрана больш за 2 тысячы подпісаў да Папы з просьбай аднавіць кананічныя структуры Уніяцкай (Грэка-Каталіцкай) Царквы.

— І тады Вы атрымалі прызначэнне апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі?

— Так. У такім кантэксце ў 1993 г. я атрымаў ад Святога Айца Яна Паўла ІІ прызначэнне апостальскім візітатарам (а пазней і сан архімандрыта) дзеля узмацнення і каардынацыі працэсу аднаўлення парафіяльнага жыцця беларускіх грэка-католікаў.

Варта памятаць, што працэс аднаўлення дзейнасці грэка-каталіцкіх парафій і супольнасцяў ініцыявалі і праводзілі самі вернікі. На пачатку гэтага працэсу ў Беларусі было толькі два грэка-каталіцкія святары (а. Ян Матусевіч у Менску і а. Віктар Данілаў у Горадні). Таму вельмі важнай задачай, якая стаяла тады перад намі, было дынамізаваць фармаванне духоўных кадраў. Першыя семінарысты паехалі вучыцца ў Чэхію (дакладней у Аламоўц на Мараве, дзе існавала жывая традыцыя святых Кірыла і Мятода), пазней ва Украіну, Польшчу, Германію, Рым.  Пачало адраджацца і манаскае жыццё.

Сёння Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква налічвае 25 святароў (у тым ліку 5 іераманахаў) і 4 дыяканы. Гэтыя святары атрымалі багаслоўскую адукацыю і духоўную фармацыю на працягу мінулых 25 гадоў. Некаторыя з іх нясуць пастырскае служэнне за межамі Беларусі (некаторыя служаць на рыма-каталіцкіх парафіях) або працягваюць навучанне. У першыя гады адкрытага душпастырства дзяржаўную рэгістрацыю атрымала 15 парафій, наступныя 14 знаходзіцца ў працэсе аднаўлення рэгулярнай пастырскай дзейнасці.

 

Паводле кананічнага права Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі мае статус «Царквы свайго права (sui iuris)», але факт неаднаўлення цэнтральнай адміністрацыйнай структуры (епархіі) не дазваляе нам запрасіць для дапамогі душпастыраў ці манахінь з-за мяжы, напрыклад, са Славакіі або Харватыі. Асабліва адчуваецца адсутнасць жаночых манаскіх супольнасцяў. Таму хачу выказаць вялікую падзяку нашым святарам, якія сапраўды гераічна стараюцца здзяйсняць пастырскую апеку сярод вернікаў, што жывуць у аддаленых рэгіёнах краіны.

У гэтых складаных умовах душпастырскага служэння вялікай дапамогай для нас з’яўляюцца плёны нястомнай перакладчыцкай працы а. Аляксандра Надсана (і яго супрацоўнікаў) у Лондане. Мы атрымалі беларускамоўныя тэксты набажэнстваў візантыйскай традыцыі і можам шчодра карміцца духовым багаццем нашай літургічнай спадчыны, хаця гэты працэс яшчэ не завершаны.

А на пытанне, што змянілася ў жыцці Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі за 25 гадоў, можна адказаць, што, дзякуючы нашай душпастырскай працы, за гэты час грамадства Беларусі змагло даведацца, што Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі існуе і што гэта традыцыйная Царква, якая зрабіла вялікі ўнёсак у жыццё Беларусі ў галіне адукацыі (базыльянскія школы), архітэктуры, культуры. Канешне, мы не з’яўляемся гістарычным запаведнікам — толькі жывой супольнасцю, якая стараецца асэнсаваць каштоўнасць сваёй духоўнай спадчыны і жыць ёю сёння.
   
— Што належыць да прыярытэтных справаў у ажыццяўленні душпастырства і літургічнага жыцця Грэка-Каталіцкай Царквы сёння?

— Грэка-каталіцкае душпастырства ў Беларусі абапіраецца на Катэхізіс Каталіцкай Царквы і на Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў. Катэхізіс традыцыйна вызначае тры асноўныя колы душпастырскай дзейнасці: евагелізацыя, літургія і хрысціянскае жыццё.

У евангелізацыі актыўна супрацоўнічаюць святары і свецкія вернікі, канешне, адпаведна падрыхтаваныя. Евангелізацыя азначае несці Евангелле Ісуса Хрыста жыхарам Беларусі, таму ў гэтым коле душпастырскага служэння вельмі важна вывучаць гісторыю, літаратуру, культуру Беларусі – багатую духоўную спадчыну беларускага хрысціянства. Поле вывучэння вельмі шырокае — ад св. Еўфрасінні Полацкай, св. Кірылы Тураўскага і Францішка Скарыны да святароў, заангажаваных у нацыянальнае адраджэнне ў ХІХ і ХХ стагоддзях. Вялікую актыўнасць у гэтай сферы праяўляюць парафіі ў Гродне, Брэсце, Баранавічах.

Вельмі важным духоўным цэнтрам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з’яўляецца храм св. Параскевы Полацкай і парафія ў Полацку. Вернікі з іншых мясцовасцяў наведваюць яго вельмі часта, туды ж прыходзіць і штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск-Полацк.


Літургія – сэрца жыцця Царквы. Мы стараемся быць вернымі багатай літургічнай усходняй традыцыі. Службы адпраўляем па-беларуску, часам карыстаемся царкоўнаславянскай ці ўкраінскай мовай — залежна ад просьбаў вернікаў.

 

Вялікай цяжкасцю з’яўляецца для нас адсутнасць храмаў з іканастасам. На самой справе маем толькі два храмы (у Полацку і Магілёве) і некалькі душпастырскіх цэнтраў, у некаторых з іх у капліцах ёсць малыя іканастасы. У сувязі з гэтым хачу шчыра падзякаваць іерархам і святарам Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі за шчодрую братэрскую «літургічную гасціну» – гэта значыць магчымасць адпраўляць грэка-каталіцкія набажэнствы ў рыма-каталіцкіх храмах.

Адпраўленне набажэнстваў на беларускай мове з’яўляецца ўвасабленнем неабходнага для евангелізацыі сімбіёзу паміж Евангеллем і культурай. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква – верная сваёй традыцыі – бачыць сваю важную місію ў пашырэнні беларускай хрысціянскай культуры. Інкультурацыя Евангелля і евангелізацыя культуры адбываецца ў шматлікіх сферах душпастырскага служэння Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і ў замежжы.

Душпастырскі клопат аб хрысціянскім жыцці вернікаў азначае пашырэнне евангельскіх прынцыпаў (і стандартаў) жыцця вернікаў, сем’яў, моладзі. Але азначае таксама сацыяльнае служэнне (дыяканію) сярод людзей, якія патрабуць дапамогі. І тут, зразумела, мы не звяртаем увагі на веравызнанне тых, каму дапамагаем.

Вельмі каштоўнае служэнне нясуць у нашых парафіях валанцёры хрысціянскага руху св. Мікалая. У некаторых парафіях святары і вернікі асабліва заангажаваныя ў абарону жыцця ненарожаных дзяцей (напрыклад, у Магілёве ці Віцебску), абарону моладзі ад маральных небяспек і прафілактычную працу з маладымі людзьмі (тут асаблівая заслуга манахаў-рэдэмптарыстаў з Мінска). Важная для нас таксама дапамога сем’ям, якія сустракаюцца з маральнымі праблемамі.

— Якія адносіны склаліся ў грэка-католікаў з прадстаўнікамі іншых канфесій у Беларусі?

— У грэка-каталіцкім душпастырстве мы ахвотна супрацоўнічаем з хрысціянамі іншых канфесіі. На першым плане, канешне, супрацоўніцтва з рыма-католікамі, з якімі мы належым да адной Каталіцкай Царквы, захоўваючы пры гэтым розныя літургічныя абрадя і розную кананічную дысцыпліну.

Мы змаглі наладзіць супрацоўніцтва з праваслаўнымі і з хрысціянамі пратэстанцкіх канфесій у пэўных сферах сацыяльнага служэння, напрыклад у акцыях валанцёраў св. Мікалая.

З радасцю і ахвотай супрацоўнічаем у рамках Біблейскага Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь (калісьці там працаваў а. Ян Матусевіч, зараз а. Андрэй Крот і доктар біблейскага багаслоўя Ірына Дубянецкая).

Сустракаемся і з праваслаўнымі святарамі, часам з іерархамі, у рамках культурных мерапрыемстваў.

Добрай платформай міжканфесійнай сустрэчы з’яўляецца Кансультацыйны савет пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, дзе можам сустрэцца нават з прадстаўнікамі нехрысціянскіх рэлігій – юдэямі і мусульманамі.

Можна сказаць, з людзьмі добрай волі іншых хрысціянскіх канфесій мы маем добрыя адносіны. Канешне, выкарыстаны далёка не ўсе магчымасці развіцця сапраўднага міжканфесійнага дыялогу.

 

— А як складваецца супрацоўніцтва Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі з Усходнімі Каталіцкімі Цэрквамі ў іншых краінах?

— Уніяцкая Кіеўская мітраполія ахоплівала землі сённяшняй Беларусі і Украіны. Праз шмат дзесяцігоддзяў уніяцкі Кіеўскі мітрапаліт меў свой пасад у Беларусі (у Наваградку або ў Вільні). Таму нашыя духоўныя адносіны з Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквой вельмі глыбокія. Адначасова Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі корміцца візантыйска-славянскай духоўнай спадчынай, якая склалася яшчэ ў час да падзелу паміж Рымам і Канстанцінопалем. Асабліва каштоўная для нас духоўная спадчына святых Кірылы і Мятода, апосталаў славянаў.

Гэта дазваляе нам будаваць блізкія адносіны са Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквой, з Мукачаўскай грэка-каталіцкай епархіяй, з апостальскім экзархатам для грэка-католікаў ў Чэхіі, з апостальскім экзархатам для католікаў візантыйскага абраду ў Балгарыі. Блізкія ў нас адносіны і з Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквой.

Вельмі важныя для нас таксама братэрскія кантакты з рускімі грэка-католікамі, што жывуць у Расійскай Федэрацыі, і з грэка-католікамі краін Балтыі, асабліва ў Вільні. Базылянскі храм Святой Тройцы ў Вільні – гэта наша каштоўная духоўная спадчына.


За мінулыя 25 гадоў Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўдзельнічала ў шматлікіх духоўных мерапрыемствах гэтых Цэркваў-сясцёр. Гэта дае нам досвед нашай каталіцкасці (паўсюднасці) і дапамагае цярпліва несці сведчанне Евангелля ў нашай Бацькаўшчыне.

www.catholic.by

Каментары: