Блаславёны Васіль Велічкоўскі ў Беларусі

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Адным з кіраўнікоў пераследаванай Грэка-Каталіцкай Царквы ў савецкія часы быў біскуп-рэдэмптарыст Васіль Велічкоўскі, які стаў месцаблюсціцелем мітрапаліта пасля выезду за межы Савецкага Саюза Іосіфа Сліпога ў 1963 г. За сваю вернасць Хрысту і Царкве гэты вызнаўца веры нашых дзён адбыў 10-гадовую катаргу ў Сібіры і 3-гадовае катаванне ў псіхічнай лякарні ў турме строгага рэжыму на Данбасе. У 2001 г. падчас візіту ва Украіну Папа Ян Павел ІІ абвесціў яго блаславёным мучанікам.

2-3 траўня 2015 г. беларускія вернікі атрымалі магчымасць пазнаёміцца бліжэй з жыццём гэтага праведніка, а таксама прыступіць да яго нятленных мошчаў. У суботу прэзентацыі пра жыццё блаславёнага Васіля Велічкоўскага адбыліся на парафіях св. апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце і Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах, у нядзелю яго мошчы ўшанавалі на парафіях Маці Божай Нястомнай Дапамогі і Праведнага Язэпа ў Менску, а таксама Хрыста Чалавекалюбца ў Маладзечне, якая ў гэты дзень адзначала парафіяльнае свята.

Кожная парафія атрымала ў падарунак абраз і рэліквіі блаславёнага, а таксама яго кнігу “Гісторыя іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі”, за рукапіс якой ён быў асуджаны другі раз.

Каментары: