Біскуп Мікалай Чарнецкі - блаславёны мучанік

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Уніяцкая Царква, якая была ліквідаваная расійскім урадам у Беларусі ў 1839 г., а пазней на Холмшчыне і Падляшшы ў 1874-75 гадах, працягвала існаваць і дзейнічаць на землях Галічыны, што адышлі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі. Пасля завяршэння савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў паводле ўмоў Рыжскага міру ў склад Польскай дзяржавы ўвайшлі землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

З пачатку ХХ стагоддзя на чале Грэка-Каталіцкай Царквы ў Галічыне быў мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, які праводзіў мэтанакіраваную дзейнасць па адраджэнні уніі на тэрыторыі Валыні і Беларусі. Каталіцкая Царква разглядала некалькі варыянтаў адраджэння уніі на гэтых землях. У той жа час польскія дзяржаўныя ўлады негатыўна ставіліся да ідэі адраджэння самастойнай Грэка-Каталіцкай Царквы за межамі Галічыны. У такіх умовах Святы Пасад быў вымушаны разгледзець іншыя варыянты.

З 1923 г. пад кіраўніцтвам рыма-каталіцкіх біскупаў у Заходняй Беларусі і на Падляшшы пачалася дзейнасць, накіраваная на адраджэнне уніі – у рамках г.зв. неа-уніі. Было арганізавана каля двух дзясяткаў парафій, якія заставаліся ў падпарадкванні (юрысдыкцыі) рыма-каталіцкай іерархіі. Новаўтвораныя парафіі ў касцёльных і дзяржаўных дакументах міжваеннай Польшчы называліся "парафіямі Каталіцкай Царквы візантыйска-славянскага абраду". Арганізацыйна Каталіцкая Царква візантыйска-славянскага абраду не мела ўласнай грэка-каталіцкай іерархіі. Папа Пій XI у 1930 г. звярнуўся да польскіх уладаў з прапановай устанаўлення асобнай іерархіі для гэтага абраду, але польскія ўлады не далі згоды.

Рымскі Апостальскі Пасад усё ж у межах сваіх магчымасцяў падбаў пра задавальненне патрэб усходніх католікаў і прызначыў у 1930 г. апостальскім візітатарам парафій Каталіцкай Царквы візантыйска-славянскага абраду літоўскага марыяніна - біскупа Пётра Францішка Бучыса. Грэка-каталіцкія біскупы Галічыны выказалі пратэст супраць гэтага прызначэння. Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі дамагаўся прызначэння на гэтую пасаду а. Мікалая Чарнецкага, манаха Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў. У 1931 годзе яму ўдалося дасягнуць гэтага. Папа Пій XI у 1931 г. прызначыў а. Мікалая біскупам тытулярным Лебеда і Апостальскім візытатарам для вернікаў Каталіцкай Царквы візантыйска-славянскага абраду (па-за межамі Галіцкай мітраполіі). Яго архірэйская хіратонія адбылася 2 лютага 1931 у Рыме. Сядзібай Апостальскага візытатара была спачатку Варшава (манастыр рэдэмптарыстаў ), а потым манастыр у Ковелі.

Уладыка Мікалай Чарнецкі быў знаёмы з сітуацыяй на беларускіх землях. 23-24 красавіка 1930 г. у Пінску адбылася канферэнцыя, якая з'яўляецца гістарычнай і пераломнай у гісторыі неа-уніі. На гэтай канферэнцыі быў і айцец Мікалай Чарнецкі. Ён таксама ўдзельнічаў у наступных чатырох канферэнцыях у Пінску, але ўжо як біскуп. Знакавы артыкул пра ролю і памкненні біскупа Мікалая Чарнецкага быў апублікаваны ў беларускім каталіцка-нацыянальным штотыднёвіку "Хрысціянская думка", ва ўступе якога было сказана: "Біскуп Чарнецкі свае біскупскія абавязкі над беларускімі і ўкраінскімі ўніятамі будзе выконваць як апостальскі візітатар. Аднак трэба спадзявацца, што гэта будзе часова, і ў хуткім часе біскуп Чарнецкі арганізуе пастаянную епархію на нашых землях”. Часопіс рускіх усходніх католікаў "Кіцеж" так ацаніў Мікалая Чарнецкага: "Далёкі ад палітычных рознагалоссяў, а. Чарнецкі прасякнуты наднацыянальным духам Паўсюднай Царквы і дбайным выкананнем прыпісаў Святога Пасаду пра захаванне грэка-славянскага абраду".

Мікалай Чарнецкі нарадзіўся 14 снежня 1884 г. у заходнеўкраінскім сяле Семакоўцы. Бацькі яго, Аляксандр і Параскева, былі простымі сялянамі. Малы Мікалай рос у духоўнай атмасферы і быў старэйшым дзіцём у сям'і, дзе, акрамя яго, было яшчэ восем дзяцей. Пачатковую адукацыю і сярэднія класы скончыў у вёсцы Тлумач і паступіў у гімназію св. Мікалая ў Станіславове (сёння Івана-Франкоўск). У гімназіі Мікалай вызначаўся вялікай пільнасцю і дабрынёй - Святы Дух дзейнічаў у душы, якая заўсёды была адкрытая на Яго натхненне і Яму паслухмяная.

Таварыш Мікалая Чарнецкага а. Афанасій Тымкіў так характарызуе яго з часоў сумеснай вучобы ў гімназіі: "Перш за ўсё вылучаўся пабожнасцю: шмат маліўся, часта хадзіў да споведзі і Св. Прычасця. Шмат чытаў рэлігійных кніг. Я ніколі не бачыў яго гнеўным - заўсёды быў лагодны ў словах і паводзінах. Нядзіўна, што мы, таварышы, яго паважалі і любілі. Ды не толькі таварышы, але таксама прафесары. Можна сказаць, што ён быў упрыгожваннем бурсы".

Пакліканне Мікалая Чарнецкага да духоўнага стану выспявала ўжо ў юнацкім узросце. Неўзабаве ён заявіў пра сваё жаданне прысвяціць сябе Богу як святар і паступіў у духоўную семінарыю ў Станіславове. Пры падтрымцы біскупа Рыгора Хамішына (які таксама прылічаны да ліку блаславёных мучанікаў і вызнаўцаў веры) у 1903 г. Мікалай едзе на вучобу ў Рым, дзе на працягу шасці гадоў вывучае філасофію і багаслоўе ў Папскай Калегіі св. Язафата.

2 кастрычніка 1909 г. біскуп Рыгор Хамішын высвеціў Мікалая ў святары. Скончыўшы адукацыю ў Рыме, а. Чарнецкі атрымаў ступень доктара багаслоўя.

Увосень 1910 г. а. Мікалай Чарнецкі вяртаецца ў Станіславоў і становіцца прафесарам філасофіі і фундаментальнай дагматыкі. Адначасова выконвае функцыі духоўніка семінарыі, рупліва працуючы над асвячэннем сваім і давераных яго апецы душ. У семінарыі ён з'яўляецца ўзорам пакоры і аскезы, а таксама вялікай ахвярнай любові да семінарыстаў і выкладчыкаў.

Свае словы а. Мікалай змацоўваў прыкладам уласнага жыцця. Нядзіўна, што ўсе лічылі яго "божым чалавекам". Як успамінае а. Афанасій Тымкіў, а. Чарнецкі вылучаўся глыбокай эўхарыстычнай пабожнасцю, "доўга рабіў падзяку пасля Прычасця, адбываў адарацыйныя гадзіны, жыў Найсвяцейшай Эўхарыстыяй".

У пачатку 1918 г. два бельгійскія іераманахі Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў наведалі семінарыю. Айцец Мікалай Чарнецкі раней ужо чуў пра рэдэмптарыстаў, але не меў магчымасці бліжэй з імі пазнаёміцца. Даведаўшыся пра іхнюю харызму, ён вырашае ўступіць у гэтую Кагрэгацыю, якая толькі разгортвала сваю дзейнасць у Галічыне. Біскуп Хамішын з цяжкім сэрцам адпускаў а. Мікалая, кажучы: "Так лепшыя мяне пакідаюць!" У кастрычніку 1919 г. а. Чарнецкі ўступае ў навіцыят айцоў-рэдэмптарыстаў паблізу Львова, а праз год складае свае першыя манаскія абеты. Айцец Сцяпан Бахталоўскі ўспамінае: "Новікаў было шмат. Усіх іх будаваў і падбадзёрваў сваім прыкладам а. Чарнецкі. Ён радасна выконваў усе абавязкі, нават такія, якія не меў абавязку выконваць. Усё тое выконваў цалкам прыродна, без найменшага следу самахвальства. Нічым не адрозніваўся ад іншых, хіба большай рэўнасцю і пакорай".

Імкнучыся працаваць для аб’яднання хрысціянаў і духоўна занядбаных людзей, у 1926 г. айцы-рэдэмптарысты Львоўскай правінцыі адкрываюць у горадзе Ковелі на Валыні свой місіянерскі цэнтр. Як дбайны місіянер, туды быў дасланы а. Мікалай Чарнецкі. Неўзабаве ён здабыў вялікую павагу сярод мясцовых людзей, нават сярод праваслаўнага духавенства. Сваёй эрудыцыяй, а разам з гэтым прастатой прыцягваў да сябе народ, а праз сябе - да Хрыста і Паўсюднай Царквы.

За руплівую працу Папа Пій XI ў 1931 г. прызначае яго біскупам і апостальскім візітатарам для католікаў візантыйска-славянскага абраду Валыні, Палесся, Падляшша і ўсёй Заходняй Беларусі. На гэтай тэрыторыі біскуп Мікалай служыў амаль 14 гадоў як архіпастыр.

Выдатны беларускі грэка-каталіцкі публіцыст і паэт айцец Язэп Германовіч (марыянін), які пісаў пад псеўданімам Вінцук Адважны, у сваім творы "Унія на Палессі" прысвяціў такія радкі блаславёнаму Мікалаю Чарнецкаму:

На Палессі святым, у куточку глухім,

Дужа радасны госць быў чаканы:

Мікалай Архірэй, праз Айца да дзяцей,

Візітатар быў з Рыму пасланы.

«Едзь жа, едзь, чым скарэй, мілы наш Архірэй!

Дзеці родныя вельмі чакаюць»!

Дзён і ночанькаў пяць людзі нашы не спяць:

Строяць брамы, Гасця спатыкаюць.

Вот сабраўся народ, на чале крэсны ход —

Акалічна усё духавенства;

Як бы хвалі плывуць, так ідуць ды ідуць —

Спатыкаюць Яго Прасвяшчэнства.

У Палескім куце ўся прырода цвіце

I лугі прад гасцём расцвітаюць:

Птушкі рэзва пяюць, у паветра снуюць —

Як умеюць, Гасця так вітаюць.

Народ цэлы пяе, сэрца радасцяй б'е,

Голас нейкі ў грудзёх замірае,

А ўладыка да ўсіх, да чужых, да сваіх,

Як Айцец да дзяцей, прамаўляе.

Як прамовіць хацеў, на ўсіх паглядзеў,

Пасля рукі злажыў, як патрэба:

А тагды як пачаў, доўга так навучаў,

Голас плыў далей, далей, да неба.

Ён прысланы знарок, так як Божы Прарок,

Вучыў смела, а навет сварыўся:

За грахі тож карыў, ад душы гаварыў,

Аж на твары ўвесь запаліўся.

Народ жаль як пачуў, як бы вецер дыхнуў,

Так, як збожжа, схіляе галовы:

Толькі рукі шчапіў, твар слязою скрапіў

I пакутаваць быў ужо гатовы.

Дзе скачуць, пяюць; званы радасна б'юць,

Тут сабралась аўчарня Хрыстова;

Праваслаўны також тут сабраліся тож,

Каб пачуць архірэйскае слова.

Як калісьці Хрыстос людзям радасць прынёс

I братамі людзей называе:

Так Уладыка для ўсіх, як для родных сваіх,

Сваё сэрца, душу адчыняе.

Кажа: «Дзеці! для вас прыйшоў-выбіў той час,

Каб злучыцца ў лодцы Пятровай;

Бо, з Пятром плывучы, праз Пятровы ключы

Вы дазнаеце ласкі Хрыстовай».

Так жадае Хрыстос, гэта воля нябёс —

«Аднавіць трэба праўду старую:

Дык пазнайце ізноў, як за нашых дзядоў,

Каталіцкую Цэркву святую».

У 1924 г. у Альбярціне (непадалёк Слоніма) айцы езуіты візантыйскага абраду арганізавалі Ўсходнюю місію, якая служыла як духовы цэнтр неа-уніі. Яны таксама абслугоўвалі парафію ў Сынкавічах. У 1931 г. езуіты заснавалі Папскую неа-унійную семінарыю ў г. Дубна (Украіна). Сфармаваўся місіянерскі апарат.

Уладыка Мікалай Чарнецкі з радасцю наведваў іхнія абіцелі. Як апостальскі візітатар ён ездзіў па ўсіх парафіях і калоніях, аб’язджаў станіцы на Валыні, Падляшшы, Холмшчыне, Палессі і Заходняй Беларусі.

Згодна волі Святога Айца Пія ХІ, уладыка Мікалай стаў архіпастырам і апекуном разлеглай тэрыторыі ад сакальскай мяжы да Вільні і ад падляшскіх лясоў да савецкай мяжы. Гэта тэрыторыя, асвячаная жыццёвай дарогай св. Язафата. “Біскупства для беларусаў і ўкраінцаў у адной асобе” - пакуль што было няздзейсненым жаданнем Папы Пія ХІ. У той час біскуп Мікалай быў ціхім затворнікам у манаскай келіі, які вызначаную яму зямлю абдымаў сваёй нястомнай малітвай.

У 1939 годзе, падчас першай савецкай акупацыі, рэдэмптарыстаў выгналі з Валыні, а разам з імі і ўладыку Мікалая. Таму ён быў вымушаны пасяліцца ў Львове, у манастыры рэдэмптарыстаў. Пасля аднаўлення дзейнасці Львоўскай Багаслоўскай Акадэміі ў 1941 годзе ўладыка Мікалай стаў адным з яе прафесараў: ён выкладаў некаторыя філасофскія дысцыпліны, псіхалогію і маральнае багаслоўе. Дзякуючы ўнутранаму спакою, трывалай і непахіснай веры ў Божы Провід, глыбокай пакоры і малітоўнаму духу, студэнты лічылі біскупа святым. Як яны самі сцвярджалі, Чарнецкі быў для іх лепшым узорам манаха і чалавека наогул.

Калі савецкія войскі другі раз занялі Галічыну ў 1944 г., пачаўся доўгі і цяжкі Крыжовы шлях уладыкі Мікалая Чарнецкага. 11 красавіка 1945 года яго арыштавалі і трымалі ў турме НКУС, дзе жудасна над ім здзекаваліся. Пасля перавялі ў Кіеў, дзе трымалі цэлы год, пакуль справу разгледзелі ў судзе. Нарэшце абвясцілі прысуд: як "агенту Ватыкана" - 10 гадоў у зоне ўзмоцненага рэжыму. Спачатку ўладыку Чарнецкага разам з мітрапалітам Іосіфам Сліпым адправілі ў сібірскі гарадок Марыінская Кемераўскай вобласці, а пазней яго часта пераводзілі з адной зоны ў іншую.

За час свайго зняволення (ад арышту ў Львове ў красавіку 1945 года да вызвалення ў 1956 годзе) біскуп Мікалай адбыў 600 гадзін допытаў і катаванняў, пабываў у 30 розных турмах і лагерах. Нягледзячы на фізічныя і душэўныя пакуты, уладыка заўсёды знаходзіў слова суцяшэння для сукамернікаў, духоўна падтрымліваў іх, кожнага ведаў па імені. Нядзіўна, што да яго заўсёды цягнуліся няшчасныя, бо ў яго знаходзілі суцяшэнне.

Апошнія гады свайго зняволення Кір Мікалай правёў у турэмным шпіталі ў Мардовіі. У 1956 г. стан здароўя яго настолькі пагоршыўся, што лекары нават не пакідалі надзеі на выжыванне, яму ўжо нават пашылі вопратку, у якой хавалі вязняў. Лагернае кіраўніцтва лічыла яго безнадзейна хворым, таму вырашыла адправіць уладыку ў Львоў, каб ніхто не змог абвінаваціць савецкую ўладу ў смерці біскупа.

У 1956 годзе ўладыка Мікалай (Чарнецкі) вярнуўся ў Львоў. Сёстры міласэрнасці св. Вікенція – с. Анісіма Рымык і с. Мікалая Пандрак, якія былі сведкамі яго вяртання, успамінаюць: "Нашы святары прывялі яго з вакзала да нас. Як увайшоў, настала маўчанне. Страшна было глядзець: худы, скура і косці. Калі сёстры ўбачылі ўладыку такім знясіленым, вельмі благім, з палкай, яны расплакаліся. Праз хвіліну маўчання Чарнецкі звярнуўся да іх: "Дарагія дзеці, не плачце, а хутчэй пойдзем у капліцу і разам праспяваем "Цябе Бога хвалім".

Уладыка тройчы хварэў на жаўтуху, было шмат іншых хваробаў, а таму адразу прыйшлося легчы ў бальніцу. Усе думалі, што Кір Мікалай ужо шмат не пражыве, але Госпад працягнуў яго жыццё, бо гэты духоўны бацька быў патрэбны Царкве. Праз некаторы час ўладыка ачуняў, што здавалася цудам. Кір Мікалай працягваў сваё апостальства малітвы і цярпенні. У адасобленым пакоі, як у келлі, маліўся і чытаў. Тыя, хто наведваў яго, распавядалі, што часам бачылі ўладыку ў стане духоўнага захаплення. Нават калі быў цяжка хворы, прападобны Мікалай заставаўся верным сваёй місіі Добрага Пастыра: духоўна падтрымліваў сваіх субратоў, рыхтаваў кандыдатаў да святарства, тайна высвеціў больш за дзесяць святароў.

Паляпшэнне стану здароўя не было доўгім. 2 красавіка 1959 года Кір Мікалай адышоў да свайго Госпада. Яго апошнімі словамі быў цёплы зварот да Маці Божай Нястомнай Дапамогі, да якой заўсёды меў вялікі сыноўні давер. Пахаванне ўладыкі Мікалая (Чарнецкага) адбылося 4 красавіка 1959 г. Апісанне пахавання, якое захавалася ў архіве рэдэмптарыстаў, заканчваецца такімі словамі: "Мы думаем, што прыйдзе дзень, калі ён будзе кананізаваны, таму што ён быў сапраўды святым біскупам".

Улічваючы сведчанне праведнага жыцця светлай памяці Уладыкі Мікалая, у прыватнасці яго вынослівасць, мужнасць і вернасць Хрыстовай Царкве, выяўленыя ў часы пераследванняў, у 1960 годзе быў распачаты працэс беатыфікацыі. 6 красавіка 2001 г. рымская багаслоўская камісія пацвердзіла мучаніцтва “ex aerumnis carceris” (вычарпанне ў варунках турмы) Кір Мікалая Чарнецкага, а 24 красавіка 2001 года Папа Ян Павел II падпісаў дэкрэт аб беатыфікацыі біскупа Мікалая Чарнецкага як блаславёнага мучаніка за Хрыстовую Веру.

+++

Падчас святой Архірэйскай Літургіі 27 чэрвеня 2001 г. у Львове Святы Айцец Ян Павел II абвясціў біскупа Мікалая Чарнецкага блаславёным. Літургічны ўспамін адбываецца 27 чэрвеня.

Каментары: