Пасланне генеральнага настаяцеля з нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця

Рым, 2 лютага 2026 г. Свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста
Місіянеры надзеі па слядах Адкупіцеля
ГОД, ПРЫСВЕЧАНЫ МІСІІ
Госпад пасылае нас як місіянераў і пілігрымаў надзеі ў паранены свет
Лк 4:16-19, Мк 6:7-12, Лк 9:2-6, Пс 130:7; Канст. 1-20, Статуты 01-020
Дарагія субраты!
2 лютага мы адзначаем літургічнае свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста (пар. Лк 2:22-38), вядомае ў народзе як Грамніцы або свята Маці Божай Грамнічнай. У гэты дзень Царква асаблівым чынам адзначае Дзень, прысвечаны кансэкраванаму жыццю. У нашай Кангрэгацыі многія субраты менавіта ў гэты дзень склалі свае манаскія зарокі, і ў розных супольнасцях гэтае святкаванне з’яўляецца нагодай для іх аднаўлення.
Свята Сустрэчы Госпада ў святыні адрозніваецца вялікай прастатой і глыбокай прыгажосцю. Гэта асабліва яскравы ключ да разумення дынамікі кансэкрацыі і місіі. Той самы Госпад, Які быў пакорна ахвяраваны Айцу на выкананне Закону, — гэта Той, Хто пасылае нас сёння не як уладальнікаў Яго Валадарства, але як сваіх слугаў і сведкаў. Пасланыя як місіянеры і пілігрымы, мы пакліканы ісці разам з параненым светам, несучы не простыя рашэнні, а прысутнасць Святла, якое Сямён пазнаў у сваіх абдымках. Падобна таму, як Марыя і Язэп ахвяравалі Ісуса Айцу і свету, так і мы пасланыя ахвяраваць нашае кансэкраванае жыццё як знак надзеі ў дарозе: надзеі, якая не ігнаруе раны гісторыі, а хутчэй праходзіць праз іх з міласэрнасцю, вернасцю і даверам да Таго, Хто з’яўляецца збаўленнем, падрыхтаваным для ўсіх народаў.
Ахвяраванне Госпада адзначаецца сустрэчай запаветаў паміж чалавечым і боскім, у якой абяцанне знаходзіць сваё спаўненне ў прастаце. Сямён і Ганна — дзве постаці, пазначаныя крохкасцю (старасцю і ўдаўством) і вытрываласцю, — увасабляюць веру, якая ўмее чакаць, надзею, якая трывае, мудрасць, якая распазнае, сведчанне, якое абвяшчае, і памяць, якая сузірае і прымае навізну Бога.
Учынак Марыі і Язэпа глыбока парадаксальны і тэалагічна красамоўны: ахвяруючы толькі пару галубоў — несумненны знак іх беднасці згодна з Законам (пар. Лк 2, 24; Ляв 12, 8), — яны прадстаўляюць у святыні Дзіцятка Ісуса, найвышэйшую ахвяру, Таго, Хто належыць Богу ад усёй вечнасці. У крайняй прастаце ахвяры, дазволенай для бедных, адкрываецца бязмежнасць боскага дару: Адвечны Сын аддаецца Айцу і свету без астатку. У гэтым маўклівым жэсце Ісус прадстаўлены як святло для прасвятлення народаў, што запачаткоўвае эканомію збаўлення, у якой веліч Бога пазнаецца ў пакоры малых і ў радыкальным дары самога сябе.
Гэтае святкаванне нагадвае нам праз памяць і сэрца, што прысвячэнне — гэта дар, атрыманы ад Госпада. Аднойчы мы былі прадстаўлены Яму ў нашым Хросце, а ў дзень нашых зарокаў мы свабодна сказалі: «Вось я» (пар. Іс 6, 8; 1 Сам 3, 4-10; Быц 22, 1. 11; Зых 3, 4; Пс 40(39), 8-9; Гбр 10, 5-7). У гэтым сэнсе нашая пасвячанасць — гэта не падзея мінулага, а ахвяра, якая аднаўляецца кожны дзень. Яна рэалізуецца вельмі канкрэтным чынам у нашай сустрэчы з Богам, у супольным жыцці, у місіі сярод найбяднейшых і найбольш пакінутых, у нашых чалавечых слабасцях, у вытрывалай вернасці праз гады, у пастаянстве ў малітве і ў нашай місіянерскай гатоўнасці (пар. Лк 2, 36-38).
Сямён абвяшчае Ісуса Святлом для прасвятлення народаў. З гэтай перспектывы, і ўзгадваючы Communicanda 1/2024 «Вы — святло свету» (Мц 5, 14), рэдэмптарысцкае кансэкраванае жыццё, пастаўленае на служэнне місіі Адкупіцеля, паклікана адлюстроўваць гэтае святло, а не зацямняць ці пакідаць яго толькі для саміх сябе. Сёння, больш чым калі-небудзь, гэтае святло павінна ззяць. У кантэксце, пазначаным войнамі, нянавісцю да іншых, глыбокім індывідуалізмам, апарафобіяй (нянавісцю да бедных), стомленасцю і старэннем самога кансэкраванага жыцця, недахопам пакліканняў і страхам, мы пакліканы і далей ззяць надзеяй, бо нашае святло паходзіць ад Святла, якое ніколі не гасне…
Я лічу, што пастава Сямёна рэзануе сёння як моцны і патрабавальны выклік нашаму кансэкраванаму жыццю. Ён заклікае нас адважна ўваходзіць у тыя кантэксты крызісу веры, дзе маўклівы ці адкрыта дэклараваны атэізм перажываецца ad intra і ad extra, і дзе прысвячэнне рызыкуе ператварыцца ў чыста функцыянальную ролю, якую немагчыма адрозніць ад дзейнасці сацыяльнай арганізацыі. Перад абліччам гэтых сцэнарыяў мы можам спытаць сябе: якое сведчанне мы даем сучаснаму свету? Які Божы знак застаецца бачным у нашым жыцці?
Сцэна Сустрэчы Госпада не дазваляе нам заставацца нейтральнымі. Яна ставіць нас непасрэдна перад двума вырашальнымі аспектамі нашага пасвячэння: па-першае: што менавіта мы ахвяруем Госпаду сёння — наш выбар, нашы структуры, наш лад жыцця, нашу місію. Па-другое: што мы здольныя бачыць і сузіраць у рэчаіснасці, якая нас акружае. Больш за тое, яна задае нам пытанне: як мы рэагуем на тое, што бачым? Праз прыстасаванства ці праз прароцтва? Са страхам ці з надзеяй? Праз закрытасць ці праз адноўленую адданасць справе? Адказ Сямёна гучыць вельмі красамоўна: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народу Твайго Ізраіля» (Лк 2, 29-32).
Рэдэмптарысцкае кансэкраванае жыццё паклікана быць знакам надзеі там, дзе яна здаецца вычарпанай; заставацца верным там, дзе мала плёну; і распазнаваць Божае дзеянне ў канкрэтнай гісторыі, асабліва там, дзе жыццё параненае, забытае і адрынутае. Менавіта ў гэтых месцах вымяраецца сапраўднасць нашага пасвячэння, бо менавіта да гэтых рэалій мы былі пасланыя ў імя Адкупіцеля. У гэтым сэнсе няма пасвячэння без місіі. Калі пасвячэнне не кранае нас, не непакоіць і не пасылае наперад, яно рызыкуе стаць бясплодным, ператварыўшыся ў звычайную задачу, якую трэба проста выканаць. Таму мы як місіянеры-рэдэмптарысты былі пасвячаныя для таго, каб абвяшчаць шчодрае адкупленне — не як абстрактную тэорыю, а як ахвяраванае жыццё, салідарную прысутнасць і слова, якое вызваляе, праз харызму, якая аднаўляецца, не губляючы сваёй сутнасці.
Вернасць харызме не варта блытаць з простай кансервацыяй формаў ці структур. Яна патрабуе адвагі, каб пакінуць тое, што больш не нараджае жыцця; свабоды, каб пераўтвараць структуры, метады і мову; а таксама евангельскай смеласці, каб адказваць на знакі часу, застаючыся пры гэтым трывала ўкаранёнымі ў Евангеллі. Толькі так нашае пасвячэнне будзе заставацца жывым прароцтвам і канкрэтнай надзеяй у сэрцы свету. Сямён, сузіраючы перад сабой навізну збаўлення, адыходзіць у бок, каб яна магла здзейсніцца.
У гэты дзень я выказваю сваю глыбокую ўдзячнасць кожнаму субрату за ягонае «вось я», якое прамаўляецца і аднаўляецца штодзень у розных месцах, дзе прысутнічае Кангрэгацыя, а таксама за ўсё велікадушнае служэнне найбяднейшым і найбольш пакінутым, праз што Госпад становіцца бачным у шматлікіх «святынях свету». Я заклікаю кожнага з удзячнасцю ўзгадаць свой уласны шлях паклікання, прызнаць каштоўнасць штодзённага «вось я» і падзякаваць Госпаду за пройдзены да сённяшняга дня шлях з усім, што ён у сябе ўключаў: радасцямі, выклікамі, крыжамі і місіянерскай плённасцю. Жадаю ўсім вам адноўленай адвагі, вернай вытрываласці, а таксама спакойнага і поўнага даверу сэрца, каб несці далей місію Адкупіцеля. Асаблівым чынам я заахвочваю нашых юнакоў у фармацыі не баяцца казаць сваё «вось я» дзень за днём і з евангельскай смеласцю пасвячаць сваё жыццё Госпаду ў Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
Няхай праз нашае кансэкраванае рэдэмптарысцкае жыццё мы сапраўды будзем апосталамі моцнай веры, падтрыманай радаснай надзеяй, ажыўленай палкай любоўю і нязгаснай руплівасцю, што вынікае з асабістай сустрэчы з Адкупіцелем. Вольныя ад усялякай самаўпэўненасці і ўкаранёныя ў няспыннай малітве, няхай мы будзем апостальскімі мужамі, сапраўднымі сынамі святога Альфонса, якія з радасцю ідуць за Хрыстом Збаўцам, глыбока ўдзельнічаюць у Яго таямніцы і абвяшчаюць Яго праз евангельскую прастату жыцця і слова. Праз самаадрачэнне будзем заўсёды гатовымі да цяжкай працы, прымаючы нашую місію без астатку, каб праз нашае кансэкраванае жыццё шчодрае адкупленне Хрыста магло дасягнуць кожнага, асабліва найбяднейшых і найбольш пакінутых (пар. Канст. 20). І, падмацаваныя Духам Святым, будзем заўсёды пераплываць на другі бераг… (пар. Мк 4, 35; Communicanda 2/25).
Няхай Марыя, Маці Божая Нястомнай Дапамогі, цалкам пасвячаная Богу, разам з нашымі святымі, мучанікамі і блаславёнымі заахвочвае нас у нашым пасвячэнні, падтрымлівае нас у штодзённай вернасці і дапамагае нам вытрываць да канца. Амін.
Айцец Ражэрыё Гомес, C.Ss.R. Генеральны настаяцель
Каментары:
