Год блаславёнага Мікалая Чарнецкага
У гэтым годзе адзначаем 55 гадоў з дня смерці і 130 гадоў з дня нараджэння ўладыкі Мікалая Чарнецкага, апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Валыні і Палесся (1931 - 1945), украінскага рэдэмптарыста, жыццё якога было звязанае непасрэдна з беларускімі землямі і нашай Царквой.
Праваслаўная Царква Кіеўскай мітраполіі, якая бярэ свой пачатак у Беларусі ад з’яўлення на тэрыторыі старажытнага Полацкага княства першых місіянераў з Візантыі і закладання першых епархій, праз часы росквіту Вялікага Княства Літоўскага і пасля Берасцейскай уніі 1596 г., у якой наша Царква аднавіла еднасць з рымскім біскупам, заўсёды ўяўляла сабой адметны шлях нашага народу да хрысціянскай духоўнасці і тоеснасці. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь апынулася ў складзе Расійскай імперыі, адразу пачаліся захады, скіраваныя да ліквідацыі Уніяцкай Царквы. Сотні мучанікаў і вызнаўцаў, якія заплацілі сваім жыццём за вернасць царкоўнаму адзінству, тысячы спаленых уніяцкіх кніжак, службоўнікаў і беларускіх першадрукаў - такою была новая рэальнасць. Але Царква не знікла. Яна ўваскрасала ў кажную спрыяльную пару.
Першае яе адраджэнне адбывалася у 1920-х гадах у Заходняй Беларусі, якая апынулася ў складзе Польшчы, як так званая неаунія. Цэнтрам адраджэння Уніі стаў Альбярцін (каля Слоніма), дзе была створаная Усходняя місія айцоў-езуітаў. У Заходняй Беларусі было створана каля двух дзясяткаў парафій славяна-візантыйскага абраду. Апекавацца парафіямі славяна-бізантыйскага абраду на тэрыторыі Валыні, Падляшша і Палесся было даручана апостальскаму візітатару біскупу Мікалаю Чарнецкаму, CSsR.
Нарадзіўся Мікалай Чарнецкі 14 снежня 1884 г. у заходнеўкраінскай вёсцы Семакіўцы. Пакліканне Чарнецкага да духоўнага стану выспявала ўжо ў юнацкім узросце. Неўзабаве ён заявіў пра сваё жаданне прысвяціць сябе Богу як святар і паступіў у духоўную семінарыю ў Станіславове. Пры падтрымцы біскупа блаславёнага Рыгора Хамішына у 1903 г. Мікалай едзе на навучанне ў Рым. Падчас візіту ва Украіну 2 кастрычніка 1909 г. Кір Рыгор Хамішын высвеціў Мікалая ў святары. Скончыўшы сваё навучанне ў Рыме, Чарнецкі атрымаў ступень доктара багаслоўя. Увосень 1910 г. Чарнецкі вяртаецца ў Станіславіў і становіцца прафесарам філасофіі і фундаментальнай дагматыкі. Адначасова выконвае функцыі духоўніка семінарыі, рупліва працуючы над асвячэннем сваім і давераных яго апецы душ. У семінарыі ён з'яўляецца ўзорам пакоры і аскетызму, а таксама вялікай ахвярнай любові.
Аднак сэрца а. Мікалая ірвалася да манаскага жыцця. У пачатку 1918 г. два айцы Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў Іосіф Схрэйверс і Іосіф Бала наведалі семінарыю. Чарнецкі раней ужо чуў пра рэдэмптарыстаў, але не меў нагоды бліжэй з імі пазнаёміцца. Пасля гэтай сустрэчы ён вырашае ўступіць у Кангрэгацыю, якая толькі разгортвала сваю дзейнасць у Галічыне. У кастрычніку 1919 г. а. Чарнецкі ўступае ў навіцыят рэдэмптарыстаў, а праз год, 16 кастрычніка 1920 г., складае свае першыя манаскія зарокі.
Імкнучыся працаваць для аб'яднання хрысціянаў і навяртання духоўна занядбаных людзей, ў 1926 г. айцы-рэдэмптарысты Львоўскай правінцыі адкрываюць у горадзе Ковелі на Валыні свой місіянерскі цэнтр. Як руплівага місіянера, туды пасылаюць а. Мікалая Чарнецкага. Заўважыўшы старанную працу іераманаха Мікалая Чарнецкага, Папа Пій XI ў 1931 г. прызначыў яго тытулярным біскупам Лябедскім і апостальскім візітатарам для каталікоў усходняга абраду Валыні і Палесся.
У 1939 г., падчас першай савецкай акупацыі, рэдэмптарыстаў выгналі з Валыні, а разам з імі і Кір Мікалая. Таму ён быў вымушаны пасяліцца ў Львове. Калі савецкія войскі другі раз занялі Галічыну ў 1944 г., пачаўся доўгі і цяжкі крыжовы шлях уладыкі Чарнецкага. 11 красавіка 1945 года яго арыштавалі. Як "агенту Ватыкана" яму абвясцілі прысуд: 10 гадоў у зоне ўзмоцненага рэжыму. Спачатку Чарнецкага адправілі ў сібірскае мястэчка Марыінская Кемераўскай вобласці, а пазней яго часта пераводзілі з адной зоны ў іншую.
За час свайго зняволення (ад арышту ў Львове ў красавіку 1945 года да вызвалення ў 1956 годзе) біскуп Чарнецкі адбыў 600 гадзін допытаў і катаванняў, пабываў у 30-ці розных турмах і лагерах. Нягледзячы на фізічныя і душэўныя пакуты, уладыка заўсёды знаходзіў слова суцяшэння для сукамернікаў, духоўна падтрымліваў іх, кожнага ведаў па імені. Нядзіўна, што да яго заўсёды цягнуліся няшчасныя. У 1956 г. стан здароўя ўладыкі настолькі пагоршыўся, што лекары нават не пакідалі надзеі на жыццё. Лагернае кіраўніцтва лічыла яго безнадзейна хворым, таму вырашыла адправіць у Львоў, каб ніхто не змог абвінаваціць савецкую ўладу ў смерці біскупа.
2 красавік 1959 года Мікалай Чарнецкі адышоў па вечную ўзнагароду да свайго Госпада. Яго апошнімі словамі быў цёплы зварот да Маці Божай Нястомнай Дапамогі, да якой ён заўсёды меў вялікі сыноўні давер. 24 красавіка 2001 года Святы Айцец Ян Павел II падпісаў дэкрэт аб беатыфікацыі біскупа Мікалая Чарнецкага як блаславёнага мучаніка за Хрыстовую Веру. Падчас святой Архіерэйскай Літургіі 27 чэрвеня 2001 г. у Львове Святы Айцец Ян Павел II абвясціў Мікалая Чарнецкага блаславёным.
Выдатны беларускі грэка-каталіцкі публіцыст і паэт айцец Язэп Германовіч, які пісаў пад псеўданімам Вінцук Адважны, у сваім творы "Унія на Палессі" прысвяціў такія радкі блаславёнаму Мікалаю Чарнецкаму:
На Палессі святым, у куточку глухім,
Дужа радасны госць быў чаканы:
Мікалай Архірэй, праз Айца да дзяцей,
Візітатар быў з Рыму пасланы.
«Едзь жа, едзь, чым скарэй, мілы наш Архірэй!
Дзеці родныя вельмі чакаюць»!
Дзён і ночанькаў пяць людзі нашы не спяць:
Строяць брамы, Гасця спатыкаюць.
Вот сабраўся народ, на чале крэсны ход —
Акалічна усё духавенства;
Як бы хвалі плывуць, так ідуць ды ідуць —
Спатыкаюць Яго Прасвяшчэнства.
У Палескім куце ўся прырода цвіце
I лугі прад гасцём расцвітаюць:
Птушкі рэзва пяюць, у паветра снуюць —
Як умеюць, Гасця так вітаюць.
Народ цэлы пяе, сэрца радасцяй б'е,
Голас нейкі ў грудзёх замірае,
А ўладыка да ўсіх, да чужых, да сваіх,
Як Айцец да дзяцей, прамаўляе.
Як прамовіць хацеў, на ўсіх паглядзеў,
Пасля рукі злажыў, як патрэба:
А тагды як пачаў, доўга так навучаў,
Голас плыў далей, далей, да неба.
Ён прысланы знарок, так як Божы Прарок,
Вучыў смела, а навет сварыўся:
За грахі тож карыў, ад душы гаварыў,
Аж на твары ўвесь запаліўся.
Народ жаль як пачуў, як бы вецер дыхнуў,
Так, як збожжа, схіляе галовы:
Толькі рукі шчапіў, твар слязою скрапіў
I пакутаваць быў ужо гатовы.
Дзе скачуць, пяюць; званы радасна б'юць,
Тут сабралась аўчарня Хрыстова;
Праваслаўны також тут сабраліся тож,
Каб пачуць архірэйскае слова.
Як калісьці Хрыстос людзям радасць прынёс
I братамі людзей называе:
Так Уладыка для ўсіх, як для родных сваіх,
Сваё сэрца, душу адчыняе.
Кажа: «Дзеці! дпя вас прыйшоў-выбіў той час,
Каб злучыцца ў лодцы Пятровай;
Бо, з Пятром плывучы, праз Пятровы ключы
Вы дазнаеце ласкі Хрыстовай».
Так жадае Хрыстос, гэта воля нябёс —
«Аднавіць трэба праўду старую:
Дык пазнайце ізноў, як за нашых дзядоў,
Каталіцкую Цэркву святую».
Каментары: