Насілу да веры ніхто не прыводзіць

Аўтар: а.Зміцер - .

Пра супольнасці беларускіх грэка-каталікоў і асаблівасці душпастырскай працы сярод іх — размова ў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандра Амяльчэні з айцом Антонам Нікалаевым CSsR, душпастырам грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску.

— Ойча, грэка-католікі ў Менску для многіх – з'ява новая або незнаёмая. Чым яны займаюцца, у чым вашая місія, спецыфіка і асаблівасці душпастырства?

— Слава Іусу Хрысту! Так, для многіх грэка-каталікі здаюцца чымсьці новым, але на самой справе мы прысутныя ў Беларусі і ў прыватнасці ў Менску больш за 20 гадоў. Грэка-каталікі адрадзіліся на пачатку 1990-х і сёння іх становіцца ўсё больш і больш. Хоць іх колькасць павялічваецца, можа, не вельмі хуткімі тэмпамі, але Царква развіваецца, выхоўваюцца новыя святары, адчыняюцца новыя парафіі або абслугоўваюцца тыя, якія ўжо існуюць. Яны ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах і найбольшых раённых, такіх як Орша, Баранавічы, Івацэвічы, Ліда, Пінск.

Нашая Царква — спадкаеміца візантыйскага хросту Кіеўскай Русі. Гісторыя цягнецца яшчэ з часоў князя Ўладзіміра, калі адбыўся хрост Кіеўскай Русі. Хрысціянства, з большага, прыйшло ў Беларусь у візантыйскім абрадзе, потым, як ведаем, адбыўся Вялікі раскол Царквы. Але ў Беларусі праз некалькі стагоддзяў Царква зноў аб’ядналася з Сусветнай Царквой — Каталіцкай. Ведаем з гісторыі, што ў 1596 годзе адбылося паяднанне, была падпісана Унія ў Берасці. З тых часоў нашая Царква ўмоўна называецца грэка-каталіцкай, але фактычна можна сказаць, што гэта — Беларуская Царква, якая знаходзіцца ў еднасці з Рымам і належыць да візантыйскага абраду.

— Якая спецыфіка вашых парафіяў? Яны шматлікія ці гэта парафіі сямейнага тыпу, 10-15-30 асобаў? Які кантынгент вернікаў: гэта простыя людзі ці гэта інтэлігенцыя?

— Мне здаецца, што гэта мнагаслойная супольнасць, бо цяжка вылучыць нейкую адну катэгорыю людзей. Ёсць і сем’і, і дзеці, і інтэлігенцыя, і людзі старэйшага ўзросту, якія прыйшлі ў Царкву ад самага пачатку ў 1990-х гадах. Заўсёды Бог прыводзіць новых людзей, якія ў розны спосаб даведваюцца пра Царкву.

— А хто гэтыя новыя вернікі — тыя, якія былі забыліся пра свае грэка-каталіцкія (уніяцкія) карані, ці гэта цалкам “новыя” людзі, якія не мелі раней сувязі з верай і рэлігіяй нават у папярэдніх пакаленнях, ці гэта тыя, хто належаў або належыць да нейкай канфесіі? Справа ў тым, што ў апошнія гады ў бок Каталіцкай Царквы раздаваліся абвінавачваньні ў празелітызме. Для многіх сымбалем празелітызму з'яўляецца Грэка-Каталіцкая Царква. Гэта, маўляў, “спосаб” католікаў прыцягнуць у свае шэрагі вернікаў, перш за ўсё праваслаўнага веравызнання. Ці гэта сапраўды так, ці так гэта адбываецца? Ці такога тыпу душпастырствам вы займаецеся?

— Вядома, не. Я сустракаю вельмі шмат людзей (ды і сам паходжу з такой сям’і), якія ўвогуле не мелі або мелі мінімальнае дачыненне да веры, да хрысціянства. І часта Бог прыводзіць менавіта такіх людзей, якія толькі дзесьці даведаліся ці сустрэлі Бога і па нейкіх прычынах ім падабаецца менавіта Грэка-Каталіцкая Царква. Вось нядаўна прыйшоў чалавек і сказаў, што хоча атрымаць хрост. Сам знайшоў дзесьці адрас і проста прыйшоў па адрасе, нават без папярэдняга тэлефанавання.

Ёсць такія людзі, якія дзесьці адчулі сябе няўтульна і прыйшлі да нас, пабылі на службе, памаліліся і сказалі, што ім тут добра і яны хочуць тут застацца. Я лічу, што ніякага празелітызму тут няма, таму што насілу да веры ці якой-небудзь канфесіі ніхто не прыводзіць. Але, калі чалавек прыходзіць і кажа, што я ахрышчаны, але мне падабаецца тут, мы яго праганяць не будзем. Чалавека ж нельга адкінуць ці выгнаць з Царквы. Калі ты ўжо ў дарослым узросце асэнсаваў сябе, вырашыў жыць па-хрысціянску і прыйшоў да нашай Царквы, то мы не можам яго не прыняць, будзем з ім маліцца.

Ёсьць сапраўды цікавыя выпадкі: людзі ня ведалі, што ў нас, у Беларусі, ёсць Царква, і ездзілі хрысціць дзіця ажно ва Украіну. Бо яны хацелі менавіта ў Грэка-Каталіцкай Царкве ахрысьціць. А потым ужо даведаліся, што ёсць і ў Менску грэка-каталіцкая царква, і ўжо другое дзіця пахрысцілі ў нас.

Як Вы лічыце: будучыня Грэка-Каталіцкай Царквы — якая? На што больш звяртае ўвагу Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі: на выпрацоўку пазітыўнага іміджу, як гэта модна сёння, ці на руплівую штодзённую працу? Якой павінна быць Царква ў будучым, каб добра выконваць сваю місію?

— Мне здаецца, што трэба проста жыць Евангеллем і выконваць тое, пра што прасіў нас Хрыстос — сведчыць пра сваю веру добрымі ўчынкамі, і праз гэта людзі будуць пазнаваць Бога, а разам з тым пазнаваць і Царкву. Даведаюцца, напрыклад, што я — хрысціянін, і пажадаюць маліцца разам, спытаюць, з якой я Царквы. Вядома ж, я раскажу, хто я і з якой Царквы.

Кожнаму грэка-каталіку ў Беларусі і ўвогуле кожнаму хрысціяніну трэба быць больш актыўным у сваёй веры і ў штодзённым жыцьці не хаваць яе, намагацца сведчыць пра сваю веру. Бо Хрыстос кажа, хай людзі бачаць вашыя добрыя ўчынкі, каб яны пазналі Айца нябеснага. Калі б кожны хрысціянін задумаўся над гэтым і рабіў бы так – гэта было б сведчаннем не толькі веры, але і кожнай канкрэтнай Царквы.

Каментары: