Памятаць пра свае вытокі

Аўтар: а.Зміцер - .

Сустрэча з доктарам гістарычных навук, дэканам гуманітарнага факультэта Украінскага Каталіцкага Універсітэта прафесарам Ігарам Скачылясам адбылася ў сераду, 4 чэрвеня 2014 г. на грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Сп. Ігар з'яўляецца членам Рабочай даследчай групы аўстрыйскага фонду Pro Oriente па вывучэнні Берасцейскай уніі, Украінскага Багаслоўскага навуковага таварыства, Украінскага геральдычнага таварыства, Украінскай камісіі параўнальнай царкоўнай гісторыі. З 2012 г. з'яўляецца кіраўніком вучэбна-даследчай праграмы «Кіеўскае хрысціянства і ўніяцкая традыцыя», аўтар і распрацоўшчык канцэптаў «кіеўскае хрысціянства», «другое культурна-рэлігійнае адраджэнне», «Slavia Unita».

Распачаў сустрэчу сп. Ігар сваім сведчаннем і роздумамі пра сучасныя падзеі ва Украіне. Як гісторык, адміністратар і грамадзянін, ён назваў іх агульнанацыянальным рэферэндумам пра будучыню краіны. Тое, што зараз адбываецца ў нашых паўднёвых суседзяў, гэта заканамерны вынік гістарычнага працэсу, вынік прыроднай памяці народа, якая прарываецца на свет з глыбіні забыцця і прыдушэння.

Прафесар зрабіў кароткі экскурс у нашае супольнае мінулае, у мінулае нашай Царквы кіеўскага хрышчэння. Паводле яго словаў, царкоўная унія, ідэя якой зарадзілася ў візантыйскім схаластычным багаслоўі, знайшла практычную рэалізацыю менавіта на беларускіх землях, і ўжо адсюль хваляй прайшла па іншых еўрапейскіх краінах. Уніяцтва на тэрыторыі Кіеўскай метраполіі практычна цэлае стагоддзе існавала толькі ў Беларусі. Пасля далучэння ўкраінскіх епархій Царква стала перад фактам рознасці звычаяў і традыцый. У выніку гэтага адбыўся культурны ўзаемаабмен і пераход да чарговага этапу царкоўнага развіцця.

Гэты прыватны прыклад гістарычнага развіцця паказвае звязанасць і пераемнасць гісторыі і сучаснасці, таму там трэба шукаць адказы на многія пытанні, у тым ліку на такія, як хто мы і куды мы ідзем. Сп. Ігар адзначыў, што ва Украіне асэнсаванне ўласнай гісторыі, у прыватнасці царкоўнай, прайшло ўжо вялікі шлях. У Беларусі ж на гэтай ніве працы “для тысячаў чалавек на многія гады”.

Як адзначыў прысутны беларускі гісторык Дзяніс Лісейчыкаў, асоба сп. Ігара з’яўляецца знакавай і для беларускай навукі. Бо менавіта ён стаў тым, хто ўвёў у даследніцкі працэс многія гістарычныя крыніцы, а таксама стаў для многіх беларускіх гісторыкаў прыкладам таго, як гэтыя даследаванні праводзіць. Таму для ўсіх нас была вялікая радасць сустрэцца з гэтым чалавекам і яго паслухаць.

Каментары: