Кіраўнік беларускіх грэка-католікаў: дыялог не можа адбывацца праз выключэнне аднаго з партнёраў

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Экуменічны дыялог сёння ставіцца на адно з першых месцаў у місіі Царквы. Пра яго шмат гаворыцца і ў рамках яго шмат робіцца. Прыкладам таму нядаўні міжнародны каталіцка-праваслаўны форум, які праходзіў у Менску 2-6 чэрвеня 2014 г. У яго кулуарах гаварылася ў тым ліку і пра праблемы і перашкоды на шляху да адзінства паміж праваслаўнымі і католікамі. Апошнія гады не раз агучвалася меркаванне, што гэтаму працэсу перашкаджае фактар існавання і дзейнасць Грэка-каталіцкай Царквы. Што аб гэтым думаюць самі грэка-католікі, якія душпастырскія мэты яны ставяць перад сабой, як сябе адчуваюць на полі экуменічных працэсаў – аб гэтым мы паразмаўлялі з апостальскім візітатарам для грэка-каталікоў Беларусі айцом Сяргеем Гаекам.

— Ойча, давайце пачнем з радаснага. Сёлета Грэка-Каталіцкую Царкву ў Беларусі чакаюць юбілеі, звязаныя з вашымі папярэднікамі...

— Сёлета мы адзначаем 55-годдзе з дня смерці апостальскага візітатара для беларускіх грэка-каталікоў у міжваенны час блаславёнага біскупа Мікалая Чарнецкага. Ён памёр ў 1959 г., і ўжо ў наступным годзе Папа Ян ХХІІІ прызначыў біскупам на гэтую пасаду Часлава Сіповіча. Канешне, гэта было магчыма толькі ў эміграцыі. У гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння біскупа Часлава Сіповіча. Мы падзялілі святкаванне на дзве часткі. У дзень літургічнага ўспаміну блаславёнага біскупа Мікалая - 27 чэрвеня - мы адзначым 55-годдзе з дня яго смерці. У канцы жніўня будзем святкаваць 100-годдзе з дня нараджэння ўладыкі Часлава Сіповіча. Мы зробім гэта разам з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам у Друі. На самой справе, гэта быў першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп з часу ліквідацыі Уніі ў 1839 г. Канешне, святкаванне азначае асэнсаванне іх вялікай спадчыны, подзвігу веры, надзеі і любові.

— Фактар прысутнасці грэка-католікаў у Беларусі гэта на сённяшні дзень заканамернасць ці з’ява, да якой многія яшчэ не прызвычаіліся?

— Мы жывем у Беларусі постсавецкай, і ёсць шмат людзей, якія нічога не ведалі пра Цэрквы яшчэ 20-30 гадоў таму. Тым больш, назва “грэка-католікі” была прынята ў часы перабудовы. Да вайны мы насілі імя “ўніяты” або “католікі ўсходняга абраду”. Таму, магчыма, шмат хто яшчэ не ведае пра нас. Але мы заўсёды былі прысутная ў гісторыі хрысціянства ў Беларусі, асабліва пачынаючы ад Берсцейскай уніі 1596 году да яе ліквідацыі ў 1839 годзе. Але міжваенны час быў часам прабуджэння “з нізоў”, прыходу людзей з уніяцкімі каранямі, якія доўгі час не мелі магчымасці нармальнага літургічнага жыцця. Хтосьці быў у праваслаўных прыходах, сілай туды загнаны, хтосьці наведваў рыма-каталіцкія храмы. Таму ў міжваенны час адбывалася аднаўленне нашых структур, але гэта быў толькі першы крок. Пасля прыйшоў час савецкі. І толькі 25 гадоў таму мы маглі адкрыта пачаць нашу душпастырскую працу. Магчыма, яна яшчэ не надта дынамічная, таму хтосьці можа пра нас не ведаць.

— Для некаторых фактар існавання грэка-католікаў з’яўляецца перашкодай не толькі для адзінства, але нават для кантактаў паміж праваслаўнымі і католікамі. Аб гэтым заяўляецца шмат, асабліва апошнім часам. Што можна адказаць на такія прэтэнзіі, на такога роду меркаванне?

— Перш за ўсё, калі мы хочам дыялогу, цяжка думаць пра яго метадам выключэння аднаго з партнёраў. І, канешне, ёсць такія заявы нават некаторых высокапастаўленых асоб. Але, дзякуй Богу, ёсць праваслаўныя, і я іх часта сустракаю і ў Беларусі, і ў Маскве, якія разумеюць шматвекавую прысутнасць грэка-католікаў. І яны больш схільныя да таго, каб знайсці спосабы сумеснага суіснавання або супрацоўніцтва, калі не ў рэлігійнай сферы, то ў сацыяльнай. Таму кожны можа мець свае думкі, але мы ў Беларусі знаходзім дастаткова месца для нашай працы, у тым ліку калі можна штосьці зрабіць разам з праваслаўнымі, напрыклад, паехаць у Тэзэ з моладдзю. Гэта ўжо не дрэнна. Існуюць факты, калі так званая праваслаўная моладзь, зусім не ацаркоўленая, паехала з нашай групай туды, вярнулася і пайшла ўпершыню да споведзі... у праваслаўны храм, не да нас. Бо мы не займаемся неякай “агітацыяй”, проста шукаем супрацоўніцтва.

Гэта вельмі добра разумеў мітрапаліт Філарэт, з якім я сустракаўся шматразова, і афіцыйна, і неафіцыйна. На прыёме на заканчэнне нядаўняга каталіцка-праваслаўнага форуму ў Менску, у якім я не ўдзельнічаў, бо быў за мяжой, у мяне была магчымасць сустрэць мітрапаліта Паўла. Мы абмяняліся дастаткова цёплымі думкамі і ўзгадалі яго служэнне і маю прысутнасць у 1980-х гадах у Ерусаліме. Заўсёды можна знайсці нейкія кропкі судотыку.

— Гэта значыць, Вы лічыце, што сумесныя кантакты, узаемаразуменне пачынаюцца з нейкіх асабістых рэчаў, стаўлення, і наадварот, калі існуе непрыязнь або незразуменне, то гэта таксама асабісты аспект?

— Вельмі часта гэты асабісты аспект лічыцца. На самой справе каталіцка-праваслаўны форум не быў нейкім спатканнем для багаслоўскіх дыскусій. Гэта была сяброўская сустрэча на тэму як мы – хрысціяне – можам разам сведчыць пра каштоўнасці і Хрыста ў секулярнай Еўропе. І гэта вельмі важная рэч. Канешне, на такіх спатканнях гучаць розныя думкі, але гэта якраз матэрыял для непрадузятага абмеркавання ў пошуку сяброўства. Ужо само сяброўства шмат хто лічыць экуменічнай каштоўнасцю.

— Давайце паглядзім з іншага боку, зададзім пытанне ў адваротным напрамку: як грэка-католікі могуць прычыніцца да экуменічнага дыялогу, да асягнення адзінства паміж католікамі і праваслаўнымі?

— Гэта вельмі шырокая тэматыка, але я згодны з духам досведу Тэзэ, дзе гаворыцца не столькі пра адзінства, колькі пра прымірэнне. Напэўна, таму, што мы розныя, маем задачу прымірыцца ў Хрысце, і гэта прымірэнне або паяднанне прапанаваць хрысціянам розных напрамкаў. З другога боку, мы, як католікі ўсходняга абраду, з’яўляемся часткай Паўсюднай Царквы, побач з нашымі рыма-каталіцкімі братамі. І з імі мы можам мець поўны саўдзел у сакраментах. Для рыма-католікаў, якія часам наведваюць нашы богаслужэнні, гэта магчымасць поўнага ўдзелу ў духоўнай спадчыне. І гэта тое, што мы робім на дадзены момант. Напэўна, прыдуць новыя крокі, чарговыя праграмы, але зараз важна прымірэнне і стварэнне духа ўзаемаразумення, а таксама прысутнасць усходняй традыцыі ў рамках Паўсюднай Царквы.

— Вы некалькі дзён таму сустракаліся з кардыналам Леанарда Сандры, прэфектам Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў. Аб чым ішла размова, ці не плануе ён наведаць Беларусь як ваш вярхоўны іерарх?

— Кардынал Сандры ўжо некалькі разоў гаварыў, што хацеў бы наведаць Беларусь. Гэта не плануецца ў бліжэйшыя тыдні, але мы за гэта молімся, размаўляем пра праблематыку, якой мы жывем сёння. Вялікае значэнне для нас мае яго прывітанне да нашых святароў, што змагаюцца “на першай лініі фронту” душпастырства, змагаюцца не з кімсьці, а за Евангелле ў жыцці грамадства, за больш рэгулярную працу нашых парафій. Яго зацікаўленасць нашай працай вельмі каштоўная. Спадзяемся, што гэты візіт набліжаецца.

— Ойча, жадаю поспехаў у вашай працы і, што для вас грае не апошнюю ролю, зразумення з боку іншых вашай місіі па будаванні Царквы і асягненні адзінства паміж хрысціянамі.

Гутарыў кс. А. Амяльчэня, be.radiovaticana.va

 

Каментары: