Беларускія вернікі здзейснілі пілігрымку да блаславёнага Мікалая

Аўтар: а.Зміцер - .

Трыццаць адзін вернік з грэка-каталіцкіх парафій Менску, Баранавічаў, Маладзечна і Івацэвічаў на чале з а. Зміцерам Чарнялём, рэдэмптарыстам, узялі ўдзел у пілігрымцы да блаславёнага Мікалая Чарнецкага ў Львоў (Украіна), якая адбылася з 27 да 29 чэрвеня 2014 г. Пілігрымка адбылася з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння і 55-годдзя з дня смерці блаславёнага святамучаніка, дзейнасць якога як апостальскага візітатара для грэка-каталікоў была звязаная і з беларускімі землямі.

Спыніліся паломнікі ў манастыры св. Альфонса, дзе сёння знаходзіцца студэнтат Львоўскай правінцыі Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў, да якой належаў таксама блаславёны Мікалай Чарнецкі. Духоўная праграма ў Львове распачалася Святой Літургіяй у храме, пасвячаным у гонар святамучаніка. Для многіх вялікім цудам было ўбачыць сотні дзяцей на тэрыторыі манастыра, для якіх тут на працягу тыдня праходзілі “Канікулы з Богам” – своеасаблівы забаўляльна-катэхетычны летнік. Як заўважылі самі вернікі, нічога падобнага яны ніколі не бачылі.

Ахвотныя наведалі таксама музей блаславёнага Мікалая, які знаходзіцца ў манастыры, дзе прадстаўленыя асабістыя рэчы ўладыкі Чарнецкага, а таксама экспанаты з гісторыі Львоўскай правінцыі рэдэмптарыстаў і падполля УГКЦ савецкага часу.

Пасля госці з Беларусі вырушылі на экскурсію па горадзе, якую для нашых вернікаў правяла прадстаўніца парафіяльнай маладзёжнай супольнасці. Пачаўшы знаёмства з горадам ад сабору св. Юрыя, старажытнага духоўнага цэнтра грэка-каталіцтва ва Украіне, у якім захоўваецца копія Турынскай плашчаніца, а таксама спачываць целы памерлых кіраўнікоў УГКЦ к. ХІХ – ХХ ст., беларускія вернікі прайшлі праз увесь гістарычны цэнтр, атрымаўшы вялікае ўражанне ад колькасці старажытных будынкаў і храмаў. Найбольш вынослівыя завершылі экскурсію, падняўшыся на Высокі Замак, вядомую львоўскую гару, з якой адкрываецца цудоўная панарама з выглядам зверху на ўвесь горад.

Пасля Вячэрні ў царкве св. Язафата паломнікі прыступілі да мошчаў блаславёнага Мікалая Чарнецкага, якія захоўваюцца ў гэтым храме з 2002 г., і памаліліся перад імі аб нябесным заступніцтве для сябе, сваіх блізкіх і сваёй краіны.

Апошнім пунктам пілігрымкі стала нядзельная Святая Літургія. Бачыць тысячы грэка-каталікоў у перапоўненым вялікім храме для беларускіх вернікаў стала вялікім натхненнем і радасцю. А словы прывітання ў адрас беларусаў, якія прагучалі з царкоўнага амбону, былі прыемным сведчаннем адзінства і духоўнай блізкасці нашых народаў. Вяртаючысь на Радзіму, усе ўдзельнікі пілігрымкі дзякавалі блаславёнаму Мікалаю, праз якога яны атрымалі цудоўную нагоду сустрэцца са сваімі сябрамі і ўбачыць прыклад веры і жывой Царквы.

 

Каментары: