Крыжапаклонная нядзеля (Мр. 8,34-9,1)

Аўтар: а.Зміцер - .

Пасля таго, як Ісус паведаміў сваім вучням, што “Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэці дзень уваскрэснуць” (Мр. 8, 31), апостал Пётр паспрабаваў адгаварыць Настаўніка ад агучанага плану. Як тады апосталам, так і сёння людзям цяжка прыняць такога Бога. У чаканнях народу Месія павінен быў стаць лідэрам і пераможцам, які вырашыць усе праблемы і забяспечыць спакой і дабрабыт. Але Ісус у адказ ушчувае Пятра і, звяртаючыся да людзей, кажа: “Хто хоча ісці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною следам; бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яе” (Мр. 8, 34-35). 

Хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе. Катэхізм Каталіцкай Царквы адзначае, што “тэрмін душа ў Святым Пісанні азначае чалавечае жыццё або ўсю чалавечую асобу” (ККЦ, 363). Душа як асоба чалавека праяўляецца праз наш розум, волю і эмоцыі (пар. ККЦ, 1704). Жаданне “ўратаваць сваю душу” такім чынам на практыцы будзе азначаць намаганне чалавека рэалізаваць у жыцці тое, што падказваюць яму ўласныя розум, жаданні і пачуцці. Хрыстос папярэджвае, што гэты шлях вядзе да страты ўласнай асобы і ўласнага жыцця. Намагаючыся абсалютызаваць сябе, чалавек на самай справе губляе сябе.

Для кожнага з нас знаёмыя падобныя звароты: “я так хачу”, “я сам ведаю”, “мне падабаецца так” або “мне гэта не падабаецца”. Нашыя веды, жаданні, схільнасці і звычкі становяцца вызначальнымі для нашых выбараў і рашэнняў. Але мы забываемся, што ўсё нашае, чалавечае, заўсёды застаецца абмежаваным і недасканалым. Ідучы за ўласным недасканалым, ігнаруючы волю і думку Айца, мы знішчаем тое, кім мы маглі б стаць.

Ужо з першых гадоў жыцця мы намагаемся “ўратаваць сваю душу”: не хочам есці кашу, бо чыпсы і цукеркі нам падабаюцца больш, не хочам ісці спаць, бо па тэлевізару яшчэ паказваюць мульцікі, падаем у істэрыку, калі бацькі не купляюць нам цацку, якую мы захацелі, не хочам апранацца, бо лічым, што лепш ведаем, што для нас добра. З узростам змяняюцца толькі аб’екты нашых жаданняў і ўзровень ведаў, а падыход да іх часта застаецца такім самым.

Ісус запрашае нас з гэтай дарогі за Сабою, каб уратаваць нашу душу: “Вазьмі крыж свой і ідзі за Мною следам”. Для гэтага трэба “страціць душу сваю” дзеля Хрыста і Евангелля, г. зн. адмовіцца ад абсалютызавання ўласнага розуму і жаданняў і пачаць наследаваць у сваім жыцці Збавіцеля, нават болей - з’яднацца з Хрыстом так, каб ужо “жыў не я, а жыў ува мне Хрыстос” (Гал. 2, 20), Які таксама “зышоў з нябёсаў не на тое, каб чыніць волю Сваю, а волю Айца, Які паслаў Яго” (Ян. 6, 38). “Хоць Ён і Сын, аднак праз цярпенні навучыўся паслушэнству; і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збаўлення ўсіх, паслухмяных Яму” (Габр. 5, 8-9).

“Дык вы, дарагія, аб гэтым папярэджаныя, сцеражыцеся, каб не ўблытацца ў аблуду і не адпасці ад свайго умацавання. Дык узрастайце ў ласцы і пазнанні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста” (2 Пт. 3, 17-18). “Няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысце Ісусе” (Флп. 2, 5).

а. Зміцер Чарнель, CSsR

Каментары: