Пропаведзь на Крыжапаклонную нядзелю

- . Апублікавана ў Пропаведзі

У Трэцюю нядзелю Вялікага посту, у сярэдзіне Чатырохдзясятніцы, Царква ўшаноўвае Крыж Гасподні. Збаўленне чалавека звершылася прыходам у свет Божага Сына, Яго пропаведдзю, пакутамі, смерцю і ўваскрасеннем. Крыж, які з’яўляецца сімвалам пакутаў і смерці Збавіцеля, знаходзіцца ў сярэдзіне збаўчага Божага дзеяння, і ў сярэдзіне нашага духоўнага падарожжа праз час Вялікага посту перад намі таксама паўстае Гасподні Крыж.

Св. Ян Дамаскін у сваім “Дакладным выкладзе праваслаўнай веры” пісаў: “Дрэва жыцця, пасаджанае Богам у раі, стала правобразам гэтага Пачэснага Крыжа. Бо як смерць увайшла праз пасярэдніцтва дрэва, то трэба было, каб праз дрэва былі дараваны Жыццё і Уваскрасенне”. Гэтую праўду мы спасцігаем на ўласным досведзе ў часе Вялікага посту. Як падарожнік, які стаміўся ад доўгай дарогі, адпачывае пад разгалістым дрэвам, так і хрысціяне, здзяйсняючы духоўнае падарожжа ў Нябесны Ерусалім - да Пасхі Гасподняй, знаходзяць у сярэдзіне шляху Дрэва крыжовае, каб пад яго засенню набрацца сілаў для далейшага шляху.

Час посту гэта час адмаўлення, кароткі прамежак у нашым жыцці, калі нам прапануецца дабравольна абмежаваць сябе ў дазволеных і прыемных рэчах, а разам з тым больш увагі прысвяціць свайму духоўнаму жыццю. У сённяшнім евангельскім урыўку Хрыстос запрашае нас: “Калі хто хоча ісці за Мною, хай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой ды ідзе за Мною” (Мк. 8, 34). Нашае прагненне жыцця і шчасця мае адзіны шлях – следаванне за Хрыстом. Хрыстос жа сцвярджае, што для следавання за Ім чалавеку патрэбна адрачыся сябе і ўзяць свой крыж. Тамаш Кемпійскі ў сваёй кнізе “Пра наследаванне Ісуса Хрыста” заахвочвае нас: “Што ж баішся ты ўзяць крыж, калі крыжам уваходзяць у Валадарства Нябеснае? У крыжы збаўленне, у крыжы жыццё, у крыжы абарона ад ворагаў, у крыжы невычэрпнае сыходжанне слодычы нябеснай, у крыжы ўмацаванне думкі, у крыжы радасць духоўная, у крыжы найвышэйшая дабрадзейнасць, у крыжы здзяйсненне святасці. Акрамя крыжа няма для душы збаўлення, няма надзеі на вечнае жыццё. Вазьмі ж крыж свой і ідзі следам за Ісусам, і ўвойдзеш ў жыццё вечнае”.

Для многіх з нас можа быць незразумелым значэнне гэтых слоў. Які крыж мае на ўвазе Хрыстос, як можна ўзяць яго і навошта адракацца сябе? Ці павінны мы мэтанакіравана пакутаваць і пазбягаць задавальнення? Ці трэба пазбавіцца ад сваіх поглядаў і жаданняў і аддацца цалкам выкананню жаданняў навакольных?

Значэнне гэтага патрабавання лягчэй зразумець, калі чытаць Хрыстовыя словы проста і літаральна. "Скажы сабе не". Чалавек, які хоча пайсці за Хрыстом, павінен заўсёды казаць "не" сабе і "так" Ісусу. Ён павінен казаць "не" сваёй прыроднай схільнасці да зручнасці і камфорту. Чалавек павінен адмовіцца ад паводзінаў, угрунтаваных на свавольстве і карысталюбстве; яму трэба адмовіцца ад нашэптвання інстынктаў і жадання паспрабаваць забароненае; ён павінен, не вагаючыся, адказваць "так" на голас і заклік Ісуса Хрыста. Чалавек калісьці павінен паўтарыць услед за ап. Паўлам, што цяпер жыве не ён, а Ісус у ім, што ён цяпер жыве не для таго, каб следаваць за сваімі жаданнямі, а каб следаваць за воляй Хрыстовай і праз гэта здабываць дасканалую свабоду.

Тамаш Кемпійскі дадае: “Часам будзеш пакідаемы Богам, часам ад бліжняга будзеш у збянтэжанні, і больш за тое, - самому сабе часта будзеш цяжарам. І пры ўсім гэтым не будзе ў цябе ні сродку вызваліцца, ні суцяшэння аблегчыць сябе. Думаеш ты пазбегнуць таго, чаго ніхто са смяротных не мог абмінуць? Хто са святых жыў у свеце без крыжа і без смутку? Калі па добрай волі скараецца чалавек крыжу, то ўвесь час смутку ператвараецца ў моцную надзею на боскае суцяшэнне. Не людская гэта дабрадзейнасць; але ласка Хрыстовая так дзейнічае ў тленнай плоці, што ў запале духу прымае яна і любіць тое, чаго па прыродзе заўсёды палохаецца і пазбягае”.

“Не ўласціва чалавеку насіць крыж, любіць крыж, утаймоўваць і апаноўваюць цела, пазбягаць пашаны, ахвотна пераносіць крыўды. Але ты стань добрым і верным слугой Хрыстовым, каб у духу мужнасці насіць крыж, бо на ім Госпад твой дзеля любові да цябе быў распяты. Прыгатуйся да перанясення многіх бедаў і ўсялякіх цяжкасцяў у гэтым жыцці, бо ўсё гэта з табою адбывацца будзе паўсюль, куды б ты ні схаваўся. І калі б было для людзей нешта лепшае і больш збаўчае, чым пакута, абавязкова паказаў бы гэта Хрыстос Сваім словам і прыкладам. Такім чынам, усё даследаваўшы, прыйдзем да такой высновы: “Каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба прайсці праз многа мукаў” (Дз. 14, 22).

“Гэта Я вам сказаў, каб вы мелі супакой ува Мне; на свеце будзеце мець прыгнёт, але спадзявайцеся, Я перамог свет” (Ян. 16, 33).

а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст

Каментары: