Пропаведзь на 2 нядзелю Вялікага посту

Аўтар: а.Зміцер - .

Шматлікія прыклады цудаў аздараўлення, якія здзяйсняў Хрыстос, маюць падабенства ў тым, што ў хворых людзей, якія апынуліся ў безнадзейнай сітуацыі, з’явілася апошняя надзея на Ісуса, але кожны выпадак, запісаны ў Евангеллях, мае асаблівыя абставіны і розныя дыягназы. Мэта збаўлення, прыходу ў свет Божага Сына і Яго пропаведзі было не аздараўленне хворых, не павышэнне якасці цяллеснага быцця, не вызваленне чалавека ад цялесных пакутаў. Усё, што робіць Хрыстос, накіраванае на вяртанне чалавека на Божы шлях, у Божы свет.

Сённяшні прыклад аздараўлення спаралізаванага, якога прынеслі чацвёра людзей, вельмі добра адлюстроўвае прыярытэты Хрыстовай дзейнасці. Найперш Ён кажа да хворага: “Сыне, адпускаюцца табе грахі твае” (Мк. 2, 5), і толькі потым дадае: “Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, Табе кажу: Устань, вазьмі насілкі твае і вяртайся ў дом твой” (Мк. 2, 10-11). Памятаем таксама словы, з якіх Хрыстос пачаў Сваю пропаведзь: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!” (Мк. 1, 15).

Першая справа, якая стаіць у прыярытэтах нашага збаўлення, гэта вызваленне ад грахоў. Грэх выступае такой сілай, ілюстрацыяй якой з’яўляецца спаралізаваны з евангельскага ўрыўку. Найбольшая бяда спаралізаванага чалавека з’яўляецца яго бездапаможнасць. Спаралізаваны цалкам залежны ад дапамогі іншых, яго воля мала ўплывае на яго жыццё, і само жыццё вызначаецца тымі людзьмі, якія будуць гатовыя дапамагчы яму. Гэта дзеянне граху над душою чалавека. Пра гэта казаў Хрыстос: “Сапраўды, сапраўды кажу вам, што кожны, хто грашыць, ёсць нявольнік граху” (Ян. 8,34). Пазней падобнае пісаў і ап. Павел: “Ці ж не ведаеце, што каму аддаеце сябе на службу, становіцеся таго слугамі, каму паслухмяныя: ці грэху на смерць, ці паслухмянасці на справядлівасць” (Рым. 6, 16). Падобна, як спаралізаваны чалавек, скуты сваёй хваробай, няздольны нічога рабіць, так і чалавек, зняволены грахом.

Каб зразумець гэта, дастаткова згадаць сваё мінулае або сучаснасць. Калі мы адчувалі цягу да чагосьці грэшнага, калі нас адольвала пэўная спакуса, гэты грэх захопліваў думкі, затым узбуджаў жаданне, а зроблены неаднаразова ўчынак паступова ўстанаўляў уладу граху над воляй. Душа такім чынам становіцца спаралізаванай.

Але ў адрозненне ад цялеснай нерухомасці, нерухомасць душы не ўспрымаецца чалавекам так трагічна. Душа, існуючы ў расслабленні ад застарэлага звыклага граху, нерухомая ў дабрадзейнасці, неадчувальная да Божай ласкі, душа, якой пагражае небяспека памерці вечнай смерцю, у такім стане можа знаходзіцца даволі доўга.

Спаралізаваны з Евангелля прыносіцца да Хрыста чатырма людзьмі для аздараўлення ад немачы. Аднак Ісус найперш адпускае грахі. Безумоўна, гэтае адпушчэнне было вынікам раскаяння і навяртання гэтага чалавека. Хрыстос адпусціў яму грахі, таму што спаралізаваны пакаяўся. Мы не ведаем, якімі былі гэтыя грахі. Не ведаем, ці грахі спрычынілі тое, што ён стаў спаралізаваным. Але можам упэўнена сказаць, што яго фізічная немач паслужыла яго сустрэчы з Хрыстом.

Адна жанчына паспавядалася і прызналася святару, што адзін грэх яе пастаянна пераследуе: ёй вельмі цяжка прабачаць. Яна вельмі часта паўтарае яго, вызнае на кожнай споведзі і, шчыра кажучы, ужо надакучыла пастаянна з яго спавядацца. Яна старалася з усіх сіл пазбавіцца ад яго, але нічога не атрымлівалася. Святар ціха сказаў: “Ідзі з мірам, адпускаюцца табе грахі твае, за пакуту памолішся 100 разоў "Госпадзе, змілуйся”.

Жанчына здзіўлена паглядзела. "А што далей? - Збянтэжана сказала яна. - Можа дасце нейкія парады, як пазбавіцца ад гэтага граху?"

Тут старац падняў вочы і працягнуў: "Пакаянне - гэта не паншчына, не пакаранне, якое трэба адбыць і ўсё. Пакаянне - гэта духоўны лек. Вось калі табе забаліць, калі не зможаш каму дараваць, то ты прымі гэтыя "лекі" - пакаянне. Будзеш часцей яго ўжываць, будзе больш у табе сілы Божай. Дух Божы будзе ў табе і будзе змагацца з грахом, які ўкараніўся ў табе. Людзі памыляюцца, калі думаюць, што яны зло перамогуць толькі сваёй сілай. Толькі Бог можа канчаткова знішчыць зло ці яго змяніць. Твае старанні ў барацьбе з грахом паказалі, што табе патрэбны Божы Дух. Маліся, напаўняйся Духам Божым. Памятай пра пакаянне! Асабліва ў часе спакусы..."

Душа і цела не павінны быць ворагамі. Наш душэўны ці цялесны стан гэта месца сустрэчы з Божай воляй. Ад нас залежыць, ці здольныя мы будзем распазнаць дотык Бога да нас, каб ацаліцца і стаць свабоднымі. Госпад заўсёды гатовы дапамагчы, але нам трэба прыйсці да яго – не столькі фізічна прыйсці, колькі ўнутрана, у сваёй душы і волі. Нашыя хваробы, якія прымушаюць шукаць сэнс пакутаў, нашыя блізкія, якія нясуць нас да Бога, калі нашая духоўная спаралізаванасць не дазваляе нам прыйсці самім, гэтыя і іншыя рэчы, якія адбываюцца з намі ў жыцці, заўсёды маюць у сабе голас нашага Айца, Які намагаецца вярнуць кожнага з нас да Сваёй Любові і Свайго Жыцця. “Бо супольнікамі Хрыста сталіся мы, калі толькі пачатае жыццё аж да канца захаваем, бо кажа: “Сёння, калі пачуеце голас Ягоны, не рабіце цвёрдымі сэрцаў вашых, як у час узбунтавання” (Гбр. 3, 14-15).

а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст

Каментары: