Раство Найсвятой Багародзіцы

Аўтар: а.Зміцер - .

“Прыйдзіце, верныя, пойдзем да Дзевы, бо вось родзіцца прадказаная Маці Бога нашага з кораня Ясеевага, скарбніца дзявоцтва, жэзл Аарона, прароцкае прапаведаванне, парастак Якіма і Ганны. Ейным нараджэннем свет абнаўляецца і Царква красуецца. Яна – хорам святы і скарбніца Боства, дзявочы посуд, палата Уладара, у якой здзейснілася невыказная тайна злучэння аб'яднаных у Хрысце дзвюх прыродаў”, - такімі словамі Царква аспеўвае падзею Нараджэння Божай Маці. Гэтае свята, якое стаіць на пачатку царкоўнага года, сваім зместам і сутнасцю ўводзіць нас у таямніцу нашага жыцця і Збаўлення.

Раство Багародзіцы стала важнай радаснай падзеяй у гісторыі дачыненняў Бога з чалавецтвам, бо яно прадвяшчала найвялікшую і найбольш радасную падзею - хуткі прыход Месіі, ажыццяўленне старазапаветных прароцтваў. Раство Марыі называюць променем надзеі для людства, якім паведамлялася пра прыход вялікага святла для свету - Ісуса Хрыста. Менавіта Раство Багародзіцы было важным крокам Бога па ажыццяўленні ​​плану адкуплення чалавечага роду.

Царква звычайна адмаўляецца святкаваць нараджэнне нават найвялікшых святых, якія ў хвіліне нараджэння яшчэ застаюцца забруджанымі першародным грахом. Адзінае выключэнне складае Хрыстовы Прадвеснік Ян, які, за вучэннем святых Айцоў Царквы, быў вызвалены ад першароднага граху дзеля заступніцтва Маці Божай, калі яна наведала яго маці Елізавету, пакуль Ян яшчэ не нарадзіўся (Лк. 1, 41). Робіць Царква так таму, што ніхто не ведае, што будзе з нованароджанага дзіцяці, пакуль яно не падрасце і ўласным жыццё не дакажа, чаго яно вартае ў вачах Бога. З Усячыстай Дзевай Марыяй было інакш, яна з'явілася на свет цалкам беззаганнай, таму што была вызваленая ад першароднага граху ў момант свайго зачацця, паколькі Бог абраў яе на Маці Свайго Сына Ісуса.

Нараджэнне Марыі называецца “дзіўным цудам”, таму што “Марыя Божым хараством заззяла больш за ўсіх людзей”. Гэты цуд падвойны, таму што нарадзіла тая, якая была бясплодная - святая Ганна, - а таксама споўнілася даўняе абяцанне Госпада ў раі - з'явілася на свет жанчына, Сын якой раздавіць галаву змею, г.зн. д'яблу (пар. Быц. 3, 15).

З Раства Усячыстай Дзевы Марыі найперш радуюцца яе бацькі, да якіх Царква ўсклікае: “Радуйцеся, Якім і Ганна, радуйцеся, таму што ад бясплоднай родзіцца Прычына нашай радасці і збаўлення”. Радуюцца анёлы і людзі: “Усяслаўнае тваё Раство, Найсвяцейшая Дзева чыстая, мноства анёлаў на небе і чалавечы род на зямлі славіць, бо ты стала Маці Творцы ўсіх, Хрыста Бога”. У гэтай радасці ўдзельнічаюць усе святыя Старога і Новага Запаветаў: “Абнавіся, Адам, весяліся, Ева, радуйцеся прарокі з апосталамі і праведнымі, таму што сёння агульная радасць анёлаў і людзей заззяла ад праведных Якіма і Ганны: Багародзіца Марыя”.

Найсвятая Багародзіца нарадзілася не толькі для таго, каб стаць маці Збавіцеля чалавецтва, але і каб стаць маці ўсяму Божаму стварэнню. Нявіннае дзіця прыйшло ў свет, дзе святое апаганьвалася, храмы напаўняліся бязглуздымі ідаламі, пекла было населенае чалавечымі душамі, у свеце панавала пакланенне д'яблу, так што можна было сказаць, што пекла зрабілася месцазнаходжаннем людзей, а зямля ператварылася ў царства дэманаў. Законам зрабілася свавольства кожнага, і богам - чэрава; свет страціў ранейшую прыгажосць і стаў сумным відовішчам, відовішчам, дзе распарадчыкам быў д'ябал, гледачом - Бог, прадметам ганьбы - род чалавечы. У такую ​​цёмную ноч граху былі пагружаныя людзі, настолькі ж аддаленыя ад святла, наколькі пазбаўленыя Боскай ласкі.

У гэты свет Божым Провідам прыходзіць Дзева, якая ззяе, нібы заранка, пры светлым з'яўленні Якой знікаюць сені старадаўняга закону, вусны святых настаўнікаў пачынаюць спяваць няспынныя славаслоўі, чалавечы род, пагружаны ў грахоўны сон, абуджаецца да хрысціянскага жыцця ў праўдзівай веры. Заранка, перад якой рассейваецца цемра няведання, становіцца святлом ласкі, хлусня знішчаецца, наступае ісціна, адкрываецца пачатак нашага збаўлення, прыходзіць канец нашых пакутаў.

“Кожнаму з абраных ласка дадзеная часткова, Марыі ж - уся паўната ласкі”, - кажа святы Еранім. Яна ўдастоілася абнаўлення і ўсынаўлення Богу; і сама яна па сваёй бязмернай пакоры і найвялікшай чысціні і святасці стала годнай быць Маці Богачалавека! Яна заўсёды застаецца самай моцнай хадайніцай і заступніцай хрысціянскага роду перад сваім Сынам і Богам! Яна - наша бездакорная надзея. Яна адводзіць ад нас хмары праведнага Божага гневу, адчыняе нам старажытны рай сваім магутным хадайніцтвам.

Мы ж, прыймаючы гэты дар ад Бога-Айца, возмем сабе яе за галоўную дарадчыцу як у цяжкіх абставінах так, і ў хвілінах радасці - тады мы адчуем, як у нашым жыцці ўсё пачынае наладжвацца, мы пачуем голас з нябесных вышыняў: «Ты не адзін, не адна - вось Маці твая...»

Каментары: